Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
У цёмным вагоне заварушылася на сваiм матрацы мацi, потым адкiнула коўдру i паднялася. Праз расчыненыя дзверы ў вагон слаба цадзiлася шараватае святло зорак. Мацi падышла да дзвярэй, спынiлася ў праёме i абвяла позiркам наваколле. На ўсходзе зоркi пачалi ўжо бляднець. Слабы ветрык шастаў у густым вербалоззi, цiхi гоман вады даносiўся з рэчкi. Амаль увесь лагер спаў, толькi каля адной палаткi разгаралася невялiкае вогнiшча, i вакол яго стаялi людзi. Мацi бачыла iх твары, асветленыя слабым яшчэ, няроўным полымем. Людзi пацiралi азяблыя рукi, потым павярнулiся спiнай да вогнiшча i выставiлi рукi назад, да цяпла. Вецер раз-пораз налятаў парывамi, у паветры адчувалася наблiжэнне першых замаразкаў. Мацi зябка пакурчылася i таксама пацерла рукi. Яна цiхенька вярнулася ў вагон i каля лiхтара намацала запалкi. Вiскнуў шчыток. Мацi запалiла кнот i, калi разгарэўся сiнi агеньчык, крыху падкруцiла кнот, i ў лiхтары засвяцiўся жоўты круглаваты язычок агню. Мацi панесла лiхтар да печкi, паставiла на плiту i, наламаўшы сухiх вярбовых галiнак, усунула iх у топку. Праз момант гучна загуў у трубе агонь.
Ружа Сарона цяжка перавярнулася на бок i села на матрацы.
– Зараз я ўстану, - сказала яна.
– Паляжала б яшчэ крышачку, пакуль не сагрэецца, - параiла мацi.
– Не, я ўстану.
Мацi налiла з вядра вады ў кафейнiк i паставiла яго на плiту, потым паставiла на агонь патэльню, шчодра змазаную салам, каб яна добра нагрэлася пад цеста для кукурузных праснакоў.
– Што з табой?
– цiха запыталася мацi.
– Я пайду, - сказала Ружа Сарона.
– Куды?
– Бавоўну збiраць.
– Нельга. Табе ўжо хутка раджаць.
– Яшчэ можна. Я пайду.
Мацi ўсыпала каву ў ваду.
– Разашарна, ты ўчора не ела з намi аладак.
– Ружа Сарона маўчала.
– I чаго табе ў голаў прыйшло збiраць бавоўну?
– Зноў маўчанне.
– Гэта праз Эла i Эгi?
– Мацi пiльна паглядзела на дачку.
– Ды што ты, Разашарна! Табе хадзiць у поле няма нiякай патрэбы.
– Я пайду.
– Што ж, добра. Толькi не ператамляйся. Уставай, бацька! Прачнiся, падымайся!
Бацька залыпаў вачамi i пазяхнуў.
– Не выспаўся, - прастагнаў ён.
– Учора ў гадзiн адзiнаццаць леглi.
– Давайце, хутчэй падымайцеся, усе ўставайце, iдзiце мыцца.
Жыхары вагона мала-памалу ажывалi, вылазiлi з-пад коўдраў i, пацепваючыся ад холаду, нацягвалi адзежу. Мацi наразала скрылiкамi саланiну на другую патэльню.
– Iдзiце мыйцеся, - падганяла яна.
У другой палове вагона ўспыхнула святло, пачуўся трэск сучча.
– Мiсiс Джоўд!
– данёсся голас мiсiс Уэйнрайт.
– Мы ўжо збiраемся. Хутка будзем гатовыя.
Эл прабурчаў:
– I нашто ў гэткую рань падымацца?
– Там усяго дваццаць акраў, - сказала мацi.
– Трэба прыехаць як найраней. Бавоўны мала. Трэба паспець, а то без нас збяруць.
– Мацi прыспешвала iх адзявацца, старалася, каб хутчэй паснедалi.
– Ну, пiце каву, пара ехаць.
– У цемры ж бавоўну не збiраюць, ма.
– Раней свiтання мы туды i не дабяромся.
– Там, пэўна, мокра.
– Дожджык быў дробны. Хутчэй пiце каву. Эл, паснедаеш, рыхтуй машыну, сказала мацi i крыкнула: - Мiсiс Уэйнрайт, вы гатовыя?
– Канчаем снедаць. Праз хвiлiнку выходзiм.
Лагер прачнуўся, ажывiўся. Каля палатак гарэлi вогнiшчы. Над вагонамi клубiўся дым з труб.
Эл залпам выпiў каву i набраў поўны рот гушчы. Ён збег па сходках, адплёўваючыся на хаду.
– Мiсiс Уэйнрайт, мы ўжо гатовыя!
– крыкнула мацi. Яна павярнулася да Ружы Сарона: - Ты тут заставайся.
Ружа Сарона сцяла зубы.
– Я паеду таксама, - сказала яна.
– Мне трэба ехаць, ма.
– У цябе ж мяшка няма. Ды i цягаць яго табе нельга.
– У твой буду класцi.
– Паслухай мяне.
– Паеду.
Мацi ўздыхнула:
– Што ж, буду за табой наглядаць. Добра было б доктару цябе паказаць.
Ружа Сарона ўсхвалявана захадзiла па вагоне. Надзела свой лёгкi жакет, зняла яго.
– Коўдру вазьмi, - параiла мацi.
– Захочаш адпачыць, не азябнеш.
– За задняй сценкай вагона пачуўся гул матора.
– Мы першыя паедзем, - зарадавалася мацi.
– Ну, бярыце свае мяшкi. Руцi, не забудзься на кашулi, я iх зашыла, будзеце збiраць у iх.
У змроку Ўэйнрайты i Джоўды забралiся на грузавiк. Пачаў марудна займацца бледны золак.
– Паварочвай налева, - сказала мацi Элу.
– А там будзе аб'ява.
Яны паволi ехалi па цёмнай дарозе. За iмi iшлi iншыя машыны, а там, у лагеры, заводзiлiся новыя маторы, людзi сем'ямi садзiлiся ў кузавы, i машыны выязджалi на шашу i паварочвалi налева.
Да паштовай скрынкi з правага боку дарогi быў прымацаваны кавалак кардону з надпiсам сiнiм алоўкам: "Патрабуюцца зборшчыкi бавоўны". Эл збочыў у вароты i пад'ехаў да гаспадарчага двара. На iм было ўжо шмат машын. Круглы электрычны лiхтар з краю белай адрыны асвятляў групу людзей - мужчын i жанчын, якiя чакалi каля вагаў сваёй чаргi, трымаючы пад пахай скручаныя мяшкi. Некаторыя жанчыны накiнулi мяшкi на плечы, прыкрываючы канцамi грудзi.
– Аказваецца, не так ужо мы i рана прыехалi, - сказаў Эл. Ён падвёў грузавiк да агароджы i спынiў яго там. Абедзве сям'i злезлi на зямлю i далучылiся да людзей, што стаялi каля вагаў, а машыны ўсё зварочвалi з дарогi i спынялiся каля адрыны, i людзей усё прыбывала i прыбывала. Седзячы пад лiхтаром, гаспадар запiсваў зборшчыкаў.
– Хоўлi?
– перапытаў ён.
– Х-о-ў-л-i? Колькi?
– Чацвёра. Уiл...
– Уiл.
– Бентан...
– Бентан.
– Эмiлiя...
– Эмiлiя.
– Клэр...
– Клэр. Хто наступны? Карпентэр? Колькi?
– Шасцёра.
Ён запiсваў прозвiшчы ў канторскую кнiгу насупраць графы, у якой адзначалася вага сабранай бавоўны.
– Мяшкi ёсць? У мяне толькi некалькi штук. З вас будзе даляр.
– А машыны адна за адной заязджалi ў двор. Гаспадар наставiў каўнер скураной курткi на аўчыне i закрыў iм горла. Ён заклапочана паглядзеў на пад'язную дарогу.
– Мае дваццаць акраў нядоўга прастаяць пры такiм наплыве народу, - сказаў ён.
Дзецi караскалiся на вялiкi прычэп для перавозкi бавоўны, чапляючыся наскамi чаравiкаў за абцягнутыя дробнай сеткай барты.
– Прэч адтуль!
– крыкнуў гаспадар.
– Злазьце! Яшчэ дрот парвяце.
– I дзецi нехаця злазiлi з прычэпа, маўклiвыя, засаромленыя. Настала шэрае свiтанне. Давядзецца збаўляць на расу, - сказаў гаспадар.
– Калi ўзыдзе сонца, буду прымаць поўнай вагой. Зрэшты, калi хочаце, тады i пачынайце. Ужо досыць развiднела.
Зборшчыкi паспяшалiся на баваўнянае поле i разабралi рады. Яны прывязалi мяшкi да пояса i паляпвалi рукамi, каб разагрэць скарчанелыя пальцы, ад якiх патрабавалася спрытнасць. На ўсходзе неба над узгоркамi паружавела. Зборшчыкi доўгiм ланцугом пайшлi па радах. А машыны ўсё зварочвалi з шашы i заязджалi на двор, пакуль ён зусiм не перапоўнiўся, i новыя машыны спынялiся ўжо за варотамi, выстройваючыся абапал шашы. У полi гуляў свежы вецер.