ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– Не хочацца.

Бацька правёў пальцам крывую лiнiю ў паветры.

– Выйсцi б нам усiм сюды з рыдлёўкамi i насыпаць плацiну. Ручаюся, усю ваду затрымалi б. Толькi трэба вунь адтуль i дагэтуль.

– Ага, - пагадзiўся дзядзька Джон.
– Можна было б. Але не ведаю, цi пойдзе хто. Хутчэй захочуць выбiрацца адсюль.

– Але ж тут у вагонах суха, - стаяў на сваiм бацька.
– Сушэйшае месца наўрад цi дзе знойдзем. Пачакай.
– Ён выцягнуў з кучы ламачча пруток, збег па сходках унiз, заплюхаў па гразi да берага рэчкi i ўваткнуў пруток у зямлю каля самага краю бурлiвай вады. Паспешлiва вярнуўся ў вагон, сказаў: - Во каб яго, наскрозь прамок.

Абодва сачылi за тонкай галiнкай, якая тырчала каля самай вады. Яны бачылi, як вада паволi акружала яе i папаўзла яшчэ вышэй па беразе. Бацька сеў на кукiшкi ў дзвярах.

– Хутка прыбывае, - сказаў ён.
– Па-мойму, трэба пагаварыць. Можа, згодзяцца вал насыпаць. А не, дык давядзецца ехаць.
– Бацька кiнуў позiрк на другi канец вагона, дзе мясцiлiся Ўэйнрайты. Эл быў у iх - сядзеў побач з Эгi. Бацька пайшоў на тую палову.
– Вада падымаецца, - сказаў ён.
– А што, калi насыпаць плацiну? Толькi трэба, каб усе ўзялiся.

Уэйнрайт сказаў:

– А мы тут якраз раiмся. Бадай што, лепш выбiрацца адсюль.

Бацька не здаваўся:

– Вы тут шмат дзе пабылi. Самi ведаеце, якi ёсць шанц знайсцi сухое месца для жылля.

– Яно так. А ўсё ж такi...

Загаварыў Эл:

– Калi яны паедуць, я з iмi, та.

Бацька атарапеў.

– Табе нельга, Эл. А грузавiк?.. Нiхто з нас не ўмее яго вадзiць.

– А мне што? Мы з Эгi павiнны быць разам.

– Не, пачакай. Вось хадзiце сюды, - сказаў бацька. Уэйнрайт з Элам паднялiся з матраца, i ўсе трое падышлi да дзвярэй.
– Бачыце?
– Бацька паказаў рукой: - Мы зробiм насып ад таго вунь месца i дасюль.
– Ён глянуў на сваю вешку. Вада бурлiла вакол яе, падкрадаючыся да краю берага.

– Тут працы шмат, а вада, можа, усё роўна перальецца, - не згаджаўся Ўэйнрайт.

– Чаму ж не папрацаваць, усё роўна сядзiм склаўшы рукi. А такога добрага прыстанiшча больш нiдзе цяпер не знойдзем. Пайшлi. Пагаворым з суседзямi. Калi ўсе возьмемся, справiмся.

Эл сказаў:

– Калi Эгi паедзе, я з ёю.

– Паслухай, Эл, - сказаў бацька.
– Калi нiхто не згодзiцца, усiм давядзецца ехаць. Ну, пайшлi пагаворым.
– Яны ўцягнулi галовы ў плечы i хуценька спусцiлiся па сходках, падышлi да суседняга вагона i паднялiся да адчыненых дзвярэй.

Мацi сядзела каля печкi, падкладаючы сучча ў слабы агонь. Падышла Руцi, прыцiснулася да яе.

– Хачу есцi, - заныла Руцi.

– Ты не галодная, - сказала мацi.
– Толькi што добра паела кашы.

– Я хачу яшчэ такога печыва. Гуляць нi ў што нельга. Мне сумна.

– Хутка будзе весела, - сказала мацi.
– Пачакай крышку. Цяпер ужо зусiм хутка. У нас будзе домiк i ферма, ужо хутка.

– Я хачу сабаку.

– Будзе ў нас i сабака i кошка.

– Рыжая?

– Не прыставай, - узмалiлася мацi.
– Перастань мяне мучыць, Руцi. Бачыш, Разашарна хворая. Пасядзi смiрна хоць хвiлiнку. Хутка зноў будзе весела.

Руцi нездаволена адышла ад яе.

З таго кута, дзе на матрацы ляжала ўхутаная ў коўдры Ружа Сарона, данёсся рэзкi крык, якi раптоўна абарваўся. Мацi ўскочыла i падышла да яе. Ружа Сарона стаiла дыханне, у вачах у яе стаяў жах.

– Што з табой?
– трывожна запыталася мацi. Ружа Сарона перадыхнула i зноў стрымала дыханне. Мацi раптоўна засунула руку пад коўдры i выпрасталася. Мiсiс Уэйнрайт!
– крыкнула яна.
– Даражэнькая мiсiс Уэйнрайт!

Маленькая тоўстая жанчына пайшла па вагоне да iх.

– Вы клiкалi?

– Гляньце!
– Мацi паказала на твар дачкi. Ружа Сарона прыкусiла нiжнюю губу, на лбе ў яе выступiлi кропелькi поту, вочы блiшчалi ад жаху.

– Вiдаць, пачынаецца, - сказала мацi.
– Раней часу.

Ружа Сарона глыбока ўздыхнула i расслабiлася. Яна расцiснула зубы i заплюшчыла вочы. Мiсiс Уэйнрайт нахiлiлася над ёю.

– Цябе ўсю схапiла - адразу? Глядзi на мяне, адказвай.
– Ружа Сарона квола кiўнула галавой. Мiсiс Уэйнрайт павярнулася да мацi.
– Так i ёсць, - сказала яна.
– Пачалося. Раней часу, кажаце?

– Можа, гэта ад гарачкi.

Ёй трэба ўстаць. Няхай трохi паходзiць.

– Яна не зможа. У яе сiлы няма.

– Але ж трэба, трэба.
– Мiсiс Уэйнрайт паспакайнела, трымалася строга i дзелавiта.
– Я не ў адной прыняла, - сказала яна.
– Ну так, давайце прыкрыем дзверы. Каб не было скразняку.
– Абедзве жанчыны налеглi на цяжкiя дзверы i засунулi iх, пакiнуўшы нешырокую шчылiну.
– Зараз прынясу i нашу лямпу, сказала мiсiс Уэйнрайт. Твар у яе гарэў ад узбуджэння.
– Эгi!
– крыкнула яна.
– Адвядзi адсюль малых, займiся iмi.

Мацi згодна кiўнула галавой.

– Правiльна. Руцi! Пайдзiце з Уiнфiлдам да Эгi. Ну, хуценька!

– А чаму?
– запыталiся дзецi.

– Таму што так трэба. У Разашарны будзе дзiця.

– Я хачу паглядзець, ма. Ну дазволь.

– Руцi! Iдзi зараз жа. Хутчэй!
– Калi гавораць такiм тонам, спрачацца не даводзiцца. Руцi i Ўiнфiлд нехаця паплялiся ў другi канец вагона. Мацi запалiла лiхтар. Мiсiс Уэйнрайт прынесла сваю лямпу-"маланку", паставiла яе на падлогу, i круглы язычок полымя ярка асвятлiў вагон. Руцi i Ўiнфiлд прытаiлiся за кучай сухога галля i асцярожна вызiралi адтуль.

– У яе дзiця народзiцца, i мы ўсё ўбачым, - шапнула Руцi Ўiнфiлду.
– Ты стой цiха, а то ма не дасць нам глядзець. Калi яна гляне ў наш бок, ты затаiся за суччам. Мы ўсё ўбачым.

– Мала хто з дзяцей гэта бачыў, - сказаў Уiнфiлд.

– З дзяцей нiхто не бачыў, - з гордасцю заявiла Руцi.
– Толькi мы ўбачым.

А каля ярка асветленага лямпай матраца мацi раiлася з мiсiс Уэйнрайт. Даводзiлася гаварыць голасна, бо па даху гулка барабанiў дождж. Мiсiс Уэйнрайт выняла з кiшэнi фартуха кухонны сякач i засунула яго пад матрац.

– Можа, i дарэмна гэта, - прабачлiвым тонам сказала яна.
– У нас заўсёды так рабiлi. Але шкоды таксама нiякай.

Мацi кiўнула галавой у знак згоды.

– А мы клалi лямеш. Але гэта ўсё роўна, абы востра было, каб схваткi абрэзала. Дай бог, не доўга будзе мучыцца. Ну як, крыху палягчэла?

Ружа Сарона нервова кiўнула галавой.

– Пачынаецца?

– Канешне, - адказала мацi.
– Народзiш добрае дзiця. Ты толькi нам памажы. Можаш падняцца i трохi пахадзiць?

– Паспрабую.

Поделиться с друзьями: