Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хатынская аповесць

АлесьАдамовіч Алесь

Шрифт:

— Вось-вось, калега! А далей пачынаецца «другая прырода» — культура. I пытанне цяпер — якая яна. Наколькі гуманная, чалавечная i чалавечая. Ну, а фашызм — гэта паклёп на прыроду чалавечую i на культуру яго. Самы злосны ў гісторыі паклёп!

— А сама гісторыя — таксама паклёп? Войны, інквізіцыі, крыжовыя паходы, варфаламееўскія i ўсякія іншыя «ночы», смярдзючыя «розы», незлічоныя ацілы, тамерланы, багдыханы, што натхнёна ўпрыгожваюць планету манументамі з мільёнаў чалавечых чарапоў?!

— I ўсё ж фашызм — гэта паклёп на чалавека. Нават дагістарычны наш «прашчур» у звярынай скуры, Нават ён не заслугоўвае такой абразы — быць продкам фашыста. Не, вы добра ўявіце яго сабе, нашага беднага «прашчура»: без клыкоў i хуткіх ног, i зусім не асілак сярод звяроў, аблыселы ад намаганняў выжыць! Адзіная смяротная істота, такая адзінокая ў свеце: ніхто ж, акрамя яе, не ўсведамляе, не ведае, што ёсць смерць! Добра, калі ад звера памёр, на паляванні загінуў. А калі без прычыны, гэта значыць ад хваробы? Як тут не жахнуцца, не ўбачыць у гэтым чараўніцтва? Жывёльнае пачуццё бессмяротнасці сутыкалася з чалавечым вопытам, усведамленнем, што смерць можа цябе дастаць. Дастаць бессмяротнага? Не інакш, як чараўніцтва нечае! Памёр «наш» — шукай суседа-«чараўніка» i забі! I не помста гэта нават, a прафілактыка — тагачасная медыцына. Ён не люты, не злы, ён расчульвае, гэты наш продак, сваёй дзіцячай бездапаможнасцю перад клыкастым i незразумелым светам…

— Ну вось бачыце, ужо тады чалавечая свядомасць разышлася, як нажніцы, з інстынктам захавання віду. Свядомасць абмежавала гэты інстынкт, звузіла да маштабу племені: іншае племя — ужо не «мы», можаш забіць, можаш зжэрці! Ну, а калі чужога «чараўніка» можна забіць, чаму ж, калі да яго далёка, но пашукаць бліжэй, сярод суродзічаў? Так нават хутчэй i зручней. «Шукай чараўніка! Шукай не нашага!» — хіба не гэтым просценькім спосабам, Фларыян Пятровіч, дзейнічалі маніпулятары ўсіх часоў i народаў? I атрымлівалася, заўважце, спраўна. «Мы» — арыйцы, «мы» — белыя, «мы» — каляровыя, у «нас» — самы-самы, «мы», «мы», «мы!»

— Так, але без «мы» няма i супраціўлення ўсяму гэтаму. «Мы» — рэвалюцыя! «Мы» — людзі працы. «Мы» — чалавецтва! Менавіта такое «мы» ўзмацняе чалавечую здольнасць усведамляць, адчуваць чужыя пакуты, боль як свае ўласныя. I нават вастрэй, чым свае. Што i казаць, пасля ўсяго, што плыло па рацэ гісторыі, нізоўі забруджаны добра, i чым толькі не запаскуджана рэчышча. I ўсё ж выток, першая крынічка заўсёды чыстыя. Толькі трэба, каб як мага больш людзей зразумелі нарэшце смяртэльную пагрозу забруджвання, атручвання не аднаго толькі прыроднага асяроддзя, але таксама i чалавечых душ. Вядома, вельмі ж проста гэта, прывыклі — спускаць атруту, бруд у рэкі i азёры. Хутка i танна! I яшчэ больш звучна мець не грамадзян, не людзей, a налітых фанатычнай бурдою крыжаносцаў, штурмавікоў, хунвэйбінаў, суперменаў. Хутка, найкарацейшым шляхам, танна з ix дапамогай вырашаюцца справы дзяржаўныя i ўсякія іншыя. Ды толькі вельмі дорага можа гэта абысціся чалавецтву, планеце сёння, заўтра. Прыйдзецца зразумець i гэта, калі свет не хоча загінуць. Як там у паэта: «Асцярожна, чалавецтва! Слова «нянавісць» уключана!»

— Хэ, калі не хоча загінуць! Чаго захацелі! Ды ў вашага свету вока, як у курыцы: бачыць толькі зерне i якое бліжэй. I наогул не вельмі спадзявайцеся на маю доўгацярплівасць. Гэта пры цяперашняй Бомбе?! Не сназніцеся, Фларыян Пятровіч!

…Гарэла i выла, як у гарачай трубе. Нас гналі па вуліцы палаючай вёскі, а мы гналі кароў. Дзеля гэтай, відавочна, работы нам дазволілі выратавацца, выбрацца са свірна, пакінулі нас пакуль што жыць. Ці, можа, таму фюрэру з малпай захацелася паглядзець, як людзі палезуць у пакінутую для ix шчыліну?

Кіёў нам не далі, мы рукамі, далоньмі, кулакамі б'ём кароў па баках, па клубах, хапаем за рогі. Штурхаем, прапіхваем ашалелую скаціну скрозь вогненны калідор.

А за намі ідуць карнікі з кіямі i прыкладамі. Некаторыя з ix у дзіўным, незнаёмым адзенні: жоўта-зялёныя мундзіры, а на галовах круглыя зялёныя фуражкі з вельмі доўгімі брылямі. Крычаць на нас i на скаціну не па-нямецку, хаця таксама незразумела.

Цяпер i я пайду па той клятай гравійцы — на яе мы выходзім. Палаючая веска нема i жудасна варушыцца ў нас за спіной, як нешта жывое ў шэрым мяшку дыму, што цягнецца пад неба шырокім слупам.

Я прагна гляджу на лес наперадзе: там гэта здарыцца. Нават дзіўна, што немцы i гэтыя пад доўгімі брылямі ўсё такія ж упэўненыя, злыя, крыклівыя, заклапочаныя тым, каб не адстала якая-небудзь карова i не звалілася з калёс сялянская барана, плуг, мяшок з зернем — гэтым заклапочаны, а не тым, што ў тым вунь лесе яны памруць, захлынуцца сваёю крывёю! Я так добра бачу тое, што робіцца зараз у лесе: як бягуць людзі да гравійкі, як ставяць кулямёты i глядзяць з-за пнёў i дрэваў на лясную паляну, на якую выедуць нямецкія машыны, абоз, выйдуць карнікі. Немцы ўсё не рассаджваюцца па машынах, кожная група, каманда ідзе за сваёй машынай расцягнутым строем. Гэта дрэнна. Але, значыць, баіцёся, ведаеце, што так гэта не абыдзецца вам, ведаеце! Я ўсё азіраюся, гляджу, дзе зараз легкавая машына з маім галоўным ворагам. Я так гэта бачу, усё, што зараз адбудзецца! Нават вочы ix бачу, партызанаў. I я малю ix, я патрабую, каб яны былі, каб з'явіліся. Пасля ўсяго, што здарылася, яны не маюць права не быць, яны павінны быць! Я хаваю вочы ад паліцаяў, каб не выдаць таго, што ведаю, бегаю больш за ўсіх за каровамі, падняў сцябло ад ссечанага сланечніку i ганю кароў на дарогу, моцна крычу на ix. За мной бегае хлопчык, якога жаночыя рукі выпіхнулі ў акенца. Я яму сказаў: «Трымайся за мной!», i ён цяпер, як прывязаны, а сам усё азіраецца на вялізны, шэры, варухлівы, быццам жывое там, дымавы мяшок над вёскай. З намі яшчэ i дзяўчынка, якая тады так падхапіла дзіця са свірна, так не аддавала. Па бледным, строгім твары яе ўсё цякуць слёзы, яна нікога i нічога не заўважае i толькі плача, ідучы сярод статка кароў. І старая тут, аказваецца, тая самая, з якой я ішоў ад хлява да вёскі. Яна ўсё падносіць да рота чорныя, высахлыя рукі, адну, другую па чарзе, ці то кусаючы ix, ці то стараючыся стрымаць, каб не дрыжэлі зморшчаныя вусны.

У мужчын, мужыкоў, якія выратаваліся (ix не больш як пяць-шэсць), у вачах, у руках бяссэнсавая паспешлівасць i нейкае агульнае непаразуменне: навошта яны, куды яны, як апынуліся тут?..

Карнікі раптам занепакоіліся, загучалі нямецкія каманды, ад машын бягуць да нас. Я нават спалохаўся, што здагадаліся, даведаліся пра тое, што вядома мне. Але самую ix трывогу, непакой бачыць хочацца: ага, баіцёся, значыць, гэта сапраўды будзе!

Зараз немцы таксама памагаюць нам i паліцаям збіраць статак на дарогу. Мін баяцца, рашылі нагамі кароў дарогу правяраць? Я непрыкметна азіраюся, шукаю вачамі: дзе там адкрытая легкавушка?

Нарэшце на хаду перастроіліся, як хацелася немцам: наперадзе статак кароў, потым мы, паганятыя, за намі паліцаі i тыя, з доўгімі брылямі, a ўжо за імі немцы — пешыя, потым на машынах, абоз. Паліцаі ўсё азіраюцца на немцаў, як на гаспадара сабака, што пачуў мядзведзя. А, бобікі! Зараз вам, зараз!.. Лес ужо зусім побач. Зноў убачыў маладога паліцая, які так сярдзіта гнаў мяне i старую ў вёску. Я раптам гукнуў яму: «Чаго адстаеш, давай!» Здзівіўся ён да жаху: быццам дрэва на яго гаркнула ці мёртвы. Тут, паблізу лесу, мы непрыкметна мяняемся месцамі, хаця вінтоўка ўсё яшчэ ў руках у яго. Вінтоўка, здаецца, французская, доўгая, як граблі, нязручная. Лепей бы аўтамат. У паліцая толькі боты добрыя: не цвёрдыя i кароткія, як у немцаў, а нашы, армейскія…

Нас зноў бягом даганяюць немцы. Паліцаі адразу пасмялелі, падбадзёрыліся.

Але я ўжо бачу, я ўжо гавару з тымі, хто ix чакае, хто наперадзе — хвілін на дзесяць, на дваццаць наперадзе…

Дарога звузілася, сціснутая з двух бакоў лесам, глыбокія канавы па абодва бакі забіты алешнікам. Каровы надыхаліся дыму, крыві, усё збіваюцца ў кучу, рыкаюць, нюхаюць зямлю, бадуцца. Немцы, падасланыя на падмогу паліцаям, рашылі, здаецца, хавацца ад партызанскіх куль сярод статка, за спіны, бакі кароў. I ix зараз круціць, носіць гэты рыклівы, бадлівы вір кароў.

Нас усіх ён засмактаў, кідае аднаго да другога i адразу раскідвае. Нават весела робіцца ад такой бязглуздай бездапаможнасці. Аднаму немцу мой твар здаўся нейкім абразлівым.

— Бандыт? — пытае ён. Немец вельмі нізенькі, нават гаршчок-каска не дадае яму росту. — Партызан?

— Швайн? — памог яму паліцай. У гэтым каровіным віры яны, здаецца, не заўважылі, як памяняліся языкамі, галовамі, сваімі кароценькімі ідэйкамі.

— Нікс! — крычу я, адцёрты ў другі бок. — Я ёсць шуле. Бандыты — там. (Я паказваю на блізкі алешнік.) Мы ёсць баўэр. Ну, ты, падла, пайшла!.. Шуле, баўэр-калектыў!..

Поделиться с друзьями: