Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Шрифт:
– Bonjour, monsieur.
Бацька бачыць усё гэта аж занадта добра. У самай спіне хлопчыка невыказная пакута. Але ён усміхаецца і шэпча маці:
– Глядзі, што ён вытварае... Les merweilles gymnas tiques [26] .
Падыходзіць пан Мнішак... Гэтага шкада... Такі стрыманы гонар y вачах, і такі змучаны твар... Кажа нешта па-польску... Зразумець нельга, хаця гукі і некаторыя словы падобныя...
A вось гарматы грымнулі тройчы. Лёкай абвяшчае недзе пад тэрасай:
26
Дзівосы гімнастыкі (франц.).
– Віцэ-губернатар, іх яснавяльможнасць граф Ісленьеў.
На тэрасу падымаецца гнуткі і станісты стары ў мундзіры палкоўніка. У старога сівыя бакенбарды і зусім малады, без ніводнай зморшчынкі, румяны твар з яснымі вачыма.
Пра гэтага Алесь ведае. Выпадкова чуў размову бацькоў.
Граф не зробіць кар’еры. У яго занадта многа сваякоў, замешаных y той няшчаснай гісторыі, – пра яе ніхто толкам не ведае, яна адбылася год за трынаццаць да Алесевага нараджэння, – калі “ныне здраўствуючы” цар страляў з гармат па людзях. Невядома, што хацелі рабіць тыя людзі. Але стары прыемны. I ён не мучыць яго, Алеся. Ён ласкава, са старамоднай галантнасцю ківае яму галавой і адразу праходзіць да бацькоў.
Голас маці, y якім, як заўсёды, гучаць бездапаможныя інтанацыі. Яна пытае графа... Нешта аб пераводзе ў Вільню... Граф стрымана смяецца:
– Мне добра ў вашым доме... Рыцарства заняпала. Яго няма. Мы з вамі, як дрэвы на лядзе. Іх пакінулі выпадкова побач, і яны радуюцца гэтаму. Чаго яшчэ патрабаваць ад жыцця? Спадзяюся, ваш малады князь будзе, як вы.
– Я спадзяюся, што ён будзе лепей за нас, – строга адказвае бацька.
Іх не можа чуць ніхто. Іх не чуў бы і Алесь, каб не яго выключны слых, аб якім яны не ведаюць.
...Ідзе цэлая кампанія: поўны сівы чалавек y бездакорным фраку, старая ў чорных карунках і хлопец, можа, гады на два старэйшы за Алеся.
– Граф Мікіта Хаданскі!.. Графіня Альжбета Хаданская... Граф Ілья Хаданскі.
У старога графа паблажлівы, – бо не прыродны, a прыдбаны выхаваннем, – выраз на поўным, сінім ад брытвы абліччы, такі выраз можна бачыць на старых партрэтах. Ён ні да чаго не абавязвае, гэты выраз. Румяныя вусны завучана ўсміхаюцца, – нават ямачка амура на адной шчацэ. Відаць, быў y свой час селадон, ведаў сабе цану.
Калі спытаць аб такіх – добразычлівы чалавек толькі і скажа: “Il a de l’esprit” [27] , таму што больш y заслугу ім сказаць няма чаго.
Графіня пабляклая, з прыпухлымі вачыма. Адразу відаць, што злая румза. Алесь чуў і пра яе. Дворня казала. Казала, што з “людзьмі” капрызная, бо ўсё жыццё плача аб першым сыне, які памёр немаўляткам.
Затое Ілья Хаданскі нічога сабе. Гэткі звярок, рухавы, спрытны, гарэзлівы. Вочы сінія і дурнаватыя, як y кацяняці, валасы залацістыя. Такім галубоў ганяць.
27
Ён дасціпны (франц.).
Вітаюцца, праходзяць да бацькоў... Цікава было б зараз уцячы з гэтым Іллём і Мсціславам куды-небудзь y лес. Во пашукалі б!
– Пан Таркайла! Панскі брат, Тодар Таркайла!
Гэтыя былі яшчэ больш дзіўныя. Абодва ў дыхтоўных, на сто год, сурдутах шэрага колеру, абодва трошкі занураныя, абодва пышнавусыя, яны чымсьці нагадвалі камічных шляхцюкоў з карціны “Бітва пад Оршай”. Праўдзівей, нагадвалі б, бо ні ў аднаго з ix не было ў вачах дабрадушнасці. Насцярожаныя шэрыя вочы, жорсткі прыкус вуснаў. Старэйшы, Іван, той хаця намагаўся ўсміхацца краёчкам вуснаў, ды і наогул быў больш тоўсты і гладкі. Затое Тодар, худы, згорблены нейкай невядомай сілай, глядзеў падазрона і холадна.
Стоячы поруч, яны нагадвалі лічбу “20”. Лічбу “20” in fiocchi [28] , якая павольна рухалася да дзвярэй y дом.
...Бацька глядзеў на іх. Потым перавёў позірк на спіну сына. Яна была занадта выразная, гэтая спіна. I таму ён усміхнуўся і адшукаў вачыма маладога Маеўскага.
– Мсціслаў, ідзі да Алеся... Пастой з ім трошкі, сынок... Цяпер ужо нядоўга.
Алесю адразу стала лягчэй, калі ён пачуў крокі Мсціслава, a потым дотык яго рукі. Цяпер яны стаялі поруч, два юнакі. A сa сходаў, што вялі на тэрасу, плыў і плыў, насустрач ім і абцякаючы іх, стракаты людскі паток, y якім ужо бадай нельга было адрозніць твараў.
28
У парадным касцюме (іт).
– Пакінь, – казаў Маеўскі. – Ты ўсміхайся, a яны няхай сабе ідуць. Chacun son m'etier. З якой табе прычыны сіліцца ды ножкай дыгаць? 'A propos de vieilles ganaches? [29]
Вочы Мсціслава смяяліся.
– Такая пані, як простасардэчнасць, сёння пакуль што na point paru [30] . Нават прызнала лішнім de faire acte de pr'esence ici [31] . Няма чаго ёй тут рабіць.
– Слухай, – ціха спытаў Алесь, – чаму гэта ўсе яны тут гавораць не так?
29
Кожнаму сваё... З прычыны (з’яўлення) гэтых старых тупіц? (франц.).
30
Зусім не з’яўлялася... (франц.).
31
З’явіцца тут на кароткі час (франц.).
– Прыкідваюцца ўсё... Строяць з сябе больш годных, чым на самае справе.
– Не, я не ў тым сэнсе. Чуеш, французская мова... Яна заглушае ўсё. Напэўна таму, што вельмі-вельмі прыгожая. Але ж яны не французы, гэтыя Хаданскія і іншыя. A вось гучыць польская – даволі моцны паток. A вось руская... I ніхто пакуль што словам не абмовіўся на мужыцкай, акрамя цябе...
– A мне ўсё адно... Бацькі ў мяне няма. Маці заўсёды на водах, хворая. Ніхто не прымушае.
– ...Ды яшчэ Басак стары і бацькі, калі гавораць са мной, то гавораць па-мужыцку. У чым тут справа?
– A хіба гэта мова для князя? – усміхнуўся Мсціслаў. – Гэта, брат, так... Мужыкі гавораць, бо іх ніхто не вучыў. Хіба іх мову параўнаеш з французскай? Яна бедная і грубая.
– Бадай што, і так, – сказаў Алесь. – Але ж чаму яны не саромеюцца гаварыць на гэтай грубай мове, калі загадваюць мужыкам: “Дашлі сёння сыноў з крыгай. Паны юшку будуць есці, дык, можа, якая рыбіна ўблытаецца?” I тут ужо не саромеюцца такіх грубых слоў, як “крыга”, “ублытаецца”. Нешта тут не да ладу. Табе што, таксама не падабаецца?
– Мне падабаецца, – пасля доўгай паўзы сказаў Мсціслаў. – Мне нават здаецца, што яна мяккая, толькі іхняе вуха не чуе... Тут, разумееш, нешта накшталт спеву рагоў на псовым паляванні. Італьянец ад яго вушы зацісне, гэта для яго, як Бетховен пасля Беліні, a між тым няма для вуха сапраўднага паляўнічага музыкі, саладзейшай за гэту.
Памаўчаў.
– Толькі... не нашага розуму гэта справа. Потым дадумаю.
У гэты момант y круг гонару ўз’ехала старадаўняя карэта шасцерыком. Спынілася перад сходамі.