ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Памыліўся, – вочы Мсціслава смяяліся, – з’явілася нарэшце і добрасардэчнасць. Во, брат, весялосці будзе.

Лёкай абвясціў нейкім асабліва высокім голасам:

– Высакародная пані Надзея Клейна з дачкой.

Сажэннага росту лёкай скочыў з запятак і з ляскам адкінуў падножку, расчыніў дзверы.

– Проша...

У карэце нешта варушылася, не хочучы вылазіць.

Другі лёкай паспеў за гэты час памагчы фурману прыўзняць гальму [32] (пані, відаць, увесь час загадвала трымаць яе на коле, баялася хуткай язды) і зняў з галоўнага каня хлапчыну-фарэйтара, y якога замлелі ногі, a з карэты ўсё яшчэ ніхто не выходзіў.

32

Гальма – своеасаблівы тормаз.

– Зараз будзе смех, – паўтарыў Мсціслаў.

З карэты пачулася бурчанне. Потым нехта перадаў на рукі першаму лёкаю моську, вельмі тлустую і азызлую, але – дзіва! – зусім не агідную. Потым яшчэ адну. Лёкай дарэмна спрабаваў прытуліць іх да грудзей адной рукою, каб падаць другую камусьці, хто сядзеў унутры.

– Сабакам нязручна, – сказала з карэты буркатлівае старэчае кантральта. – Трымай Кадошку лепей, чорт бязглузды. A Віялету апусці... Ты што, не бачыш, што яна патрэбу справіць хоча?.. Ды не сунь ты мне сваю руку. Што мне, сто год?

Зноў дзіва: міма Алеся паспяшаў да сходаў бацька. Весела падміргнуў сыну. Збег уніз і, падышоўшы да дзверцаў, галантна падставіў руку.

– I ты яшчэ тут, бацечка... Не рассыплюся, пэўна, неяк.

I тут, нарэшце, з’явілася з карэты і стала павольна апускацца ўніз постаць старой жанчыны, такая незвычайная, што Алесь вылупіў вочы.

Старая была апранута ў карычневы строй з карункамі, такі шырокі, што ўся яе нізенькая постаць здавалася падобнай на невялікі стажок сена. На сівых буклях непрыступна ўзвышаўся беласнежны высокі чапец. Твар старой выглядаў асабліва цёмным пад гэтым чапцом, пергаментна-карычневым. Але цемната гэтая не была безжыццёвай, надта ўжо здаровы буры румянец выступаў на шчоках.

– Ну-к, – прагучала кантральта, – давай пацалуемся хіба, ці што... Пастарэў ты, лэйбус, пастарэў... Спакайната стала ў вачах.

– Якая тут спакайната, – усміхнуўся бацька.

– Я і не кажу, што зусім спакайната. Проста больш чым трэба яе стала. A малайчына быў. Памятаеш, мужа-нябожчыка як з вады выхапіў? Зух быў, зух.

Яна глянула на лёкая з іранічнай ухмылкай, бо той непаразумела глядзеў на Віялету, відавочна не ведаючы, што яму цяпер рабіць. Віялета ляжала, растапырыўшы ўсе чатыры лапы.

– Вазьмі ўжо яе. Аддай Янку. Няхай ляжыць y карэце, калі пераела. Стрымацца не магла, тэльбушына прагная... A сам ідзі ў людскую... Выпі...

Дапытліва зірнула на бацьку:

– Спадзяюся, не паскупіўся ты на гарэлку для людзей?

– Не паскупіўся.

– Ну-ну. Тады ўжо як струбіш багацце – прыходзь да мяне. Хлігер адвяду для цябе дый для сабак тваіх.

I гукнула ў карэту:

– Вылазь, Ядзя. Не бойся, не пакрыўдзяць.

З карэты другі лёкай дастаў маленькую і зграбную, як ляльку, дзяўчынку год дзевяці. Дзяўчынка была, таксама як лялька, апранута ў блакітную шаўковую сукенку, высока, амаль пад пахамі, перахопленую танюткім паяском. Валасы дзяўчынкі, попельныя, бязважкія, ляжалі ў доўгай – на грэчаскі манер – прычосцы.

– Во пакутніца малая, – сказаў пяшчотна Мсціслаў.

Алесь не смяяўся. Клейна не была яму смешная. Занадта добра, працягла, зусім як нейкая вясковая бабуля, гаварыла яна па-мужыцку. I было ў яе мове тое, чаго не бывае не ў вясковых людзей: закончаная меладычнасць кожнага сказа, уласцівая для мужыцкай мовы. Як удых і выдых. Колькі набрала паветра ў грудзі – столькі і аддала ім і праспявала сказ, шчодра, не пакінуўшы для сябе ні драбніцы паветра, каб вымавіць яшчэ адно слова.

A малая Ядвіга і наогул кранала яго. Такая маленькая, як лялька. I раток лялечны. I вялізныя сінія вочы глядзяць з такой нявіннасцю і дабрынёй.

A старая ўжо скардзілася бацьку:

– Што гэта за час пайшоў? Што ўжо за долечка такая ліхая, апошняя? Гасцінец каменем забрукавалі ірады гэтыя дурныя. Грукоча і грукоча пад коламі. Раней дык як добра было! Пыл мякенькі, як той дзьмухавец, рысораў табе гэтых ніякіх. A цяпер! I брук, і рысоры. Быццам каменнямі мяне ўсю дарогу білі, як першапакутніка Стафана, бог яму няхай за ўсё адплаціць дабром... Рысораў напрыдумвалі... Гэта ўжо горш за карабель, на якім да мужа на Каўказ ехала, – так закалыхвала. Пасля іх гэта ўжо апошнія часіны нашы настаюць. Апошняя гадзіначка наша. Мудруюць людзі!

Ядзя прыціснулася лялечным тварыкам да яе рукі, і яшчэ больш пяшчотнай і свежай здавалася скура на шчоках дзяўчынкі ў параўнанні з цёмнымі пальцамі старой.

– Глядзі, – шапнуў Алесю Мсціслаў. – Гэта яшчэ што?

У карэце яшчэ нешта заварушылася, a потым з яе вылез нехта такі дзіўны, што Алесь уздыхнуў. У гэтага дзесяцігадовага чалавека зусім не відаць было носа. Скура чорная, як вакса, і таму нос нельга было адразу заўважыць. Чорны, як сажа, стаяў ля карэты хлопец y блакітным курціку, і толькі вільготна блішчалі яго белыя зубы.

– Гэта мой мурын, – з некаторым гонарам растлумачыла старая пані. – Саслужывец мужа-нябожчыка прывёз падарунак. Вымяняў аж y Турэччыне, калі хлот туды хадзіў...

Мсціслаў падштурхнуў Алеся:

– Пра гэтага і я чуў. Таркайлаў брат плётку пусціў, што гэта яна звычайнага хлапчука сажай вымазала... для пыхі. Дык яна яго набіла. Проста так і набіла старэчым сваім кіем. Каб не плявузгаў.

– A нашы і не ведалі...

– Вашы мала з кім сустракаюцца. Шляхта кажа: грэбуюць, заганарыліся... Ды і я толькі што чуў пра яго. Але ж які чорны! Я і не думаў, што можна быць такім чорным.

Старая з дзяўчынкай і пан Юры ішлі ўжо да сходаў.

– Ды нашто ён вам? – спытаў пан Юры.

– A я і сама не ведаю нашто. Але ж павагу аказаў чалавек, нельга не ўзяць.

Старая ўсміхнулася:

– Мурын... Розныя дзівы бываюць... ой, розныя!

I занепакоена спытала ў бацькі:

– Быў жа, здаецца, святы з мурынаў? Ці, можа, не?

– Быў, – сказаў бацька. – Здаецца, Хведар-мурын.

– Ну вось, – уздыхнула з палёгкаю Клейна. – A я ж і спрачалася, што быў. Таксама, значыць, божыя душы. З сабак, скажам, a ці то з малпаў святых не бывае, не папусціць бог.

– A людзі папусцяць?

– Людзі, брат, за грошы ўсё што хочаш папусцяць. Люцыпару псалмы складаць будуць, бацькаўшчынай гандляваць, ды яшчэ і ў Бібліі адпаведнае месца адшукаюць, што бог, маўляў, і гэта ім дазволіў.

– Святых жа, здаецца, на ўсяленскіх саборах зацвярджалі? – блюзнерыў бацька.

– A там што, не людзі? Таксама, брат, людзі. Не серафімскімі ж крыламі яны ў Нікеі Арыя завушалі. Звычайнымі кулакамі... Біліся, як мой Марка ў карчме.

– Які гэта Марка?

– Быццам і не ведаеш? Таго, што на аброку? A божа ж мой, Марку майго ён не ведае! Ды той самы, што ў Сухадоле па вулках хлеб без скарынкі возіць...

Поделиться с друзьями: