Казкі Янтарнай краіны
Шрифт:
Замак гэты — вялізны квадратны будынак з унутраным дваром. Калісьці тут грукалі падковамі па каменні рыцарскія коні, луналі харугвы і п'яныя воклічы. Тады тут шмат гаварылі пра бога і з бухгалтарскай дакладнасцю падлічвалі, колькі латаў трэба адправіць на той свет, каб астатнія паверылі ў літасць Хрыста і яго слуг і ў тое, што гэтыя слугі нічога не робяць без маральна і юрыдычна абгрунтаванай прычыны.
Цяпер тут Палац піянераў і Літаратурны музей імя Райніса.
Дзіўна, але ніякая гістарычная з'ява не знікае, не пакінуўшы слядоў і моцнага, часцей за ўсё жыццяздольнага, насення. Вы можаце знішчаць народ, прышчапляць яму чужыя вераванні і чужую мову, і ўсё ж насенне, наканавана і ўпарта, дасць свой парастак, ды яшчэ часам і на вашым трупе.
Ці думалі божыя служкі, перакладаючы на латышскую мову казані і ўрыўкі з Евангелля, што самі капаюць для сябе яму? Не, яны толькі хацелі, каб прыгнечаныя латышы разумелі слова крыжа, каб яны сталі паслухмянымі рабамі. Дзеля гэтага яны складалі першыя латышскія слоўнікі і вывучалі латышскія язычаскія паданні. Відаць, яны дрэнна верылі ў догмат наканавання божага. I, мусіць, ужо зусім не ведалі пра вынікі сваёй набожнай справы, бо заракліся б яе рабіць.
Бо, самі не ведаючы гэтага, яны паклалі першы камень у падмурак латышскай літаратуры. Бо, самі не ведаючы гэтага, яны зачалі ў сваім чэраве дзіця, якое забіла іх.
I вось, як нейкі сімвал, у даўнім гняздзе цемрашальства і прыгнёту цяпер літаратурны музей, музей той літаратуры, якая жывіць не толькі Латвію, але і ўвесь культурны свет.
Нефы старой замкавай царквы былі для музея занадта няўтульныя. Іх падзялілі на тры паверхі. Кабінет майго сябра на верхнім паверсе, пад самымі гатычнымі скляпеннямі. А сам Геронім сядзіць у высокім крэсле, вывучае новыя дакументы пра фалькларыста Крыш'яна Барона і сустракае мяне шчырай усмешкай:
— Едзем!!!
Я нідзе не бачыў гэтакіх дарог, як у Латвіі. Латышы назнарок падганяюць сваю прыроду пад маляваныя кілімы. Такія прыгожыя замкі, такія затокі, зарослыя лілеямі, такія дэкаратыўныя купы дрэў! Не хапае толькі лебедзяў і дзяўчыны, што купалася б разам з імі. Зрэшты, лебедзі ёсць — у Рыжскім канале, а дзяўчаты, вядома, выбіраюць месца для купання трошкі далей ад дарогі…
У аўтобусе, у якім я ехаў, былі бадай што адны супрацоўнікі літаратурнага музея. Першы прыпынак зрабілі ля так званай "трыццаць восьмай паралелі" (кветкі нявіннага латышскага гумару, бо "трыццаць восьмая паралель" — гэта буфет на трыццаць восьмым кіламетры ад Рыгі), дзе мы накуплялі бутэрбродаў і яшчэ сяго-таго. Гэты легкаважны рэмаркізм прывёў да таго, што пасля "трыццаць восьмай" усім у аўтобусе хацелася абдымаць шырокі свет і складаць вершы ў гонар жанчын. Усе латышы пішуць вершы, гэта іх нацыянальная хвароба, і ў гэтым сэнсе яны падобныя да беларусаў.
Латышы наогул менш адрозніваюцца ад беларусаў, чым прынята думаць. Ды і гэтая розніца такая нязначная, што яе лёгка ліквідаваць. Яны неяк хутка спасцігаюць таямніцы славянскай душы, і ў іхнім характары ёсць лёгкі налёт дастаеўшчыны, як у славяніна.
Аднаму латышскаму сябру я пераказаў некалі апавяданне Ляскова "Чартагон". Вы, вядома, памятаеце гэты твор. Там апісваецца папойка ў "Яры", папойка з цыганамі і біццём люстраў.
— Усё гэта вельмі добра, — сказаў сябар і, задумаўшыся, дадаў: — Але нашто люстры біць? Вось гэтага я ніяк не разумею.
Увесь гэты дзень я заўважаў, што мой сябар нечым заклапочаны. А потым ён раптам зарагатаў:
— А здорава! Дальбог, здорава! Напэўна, гэта і сапраўды добра — біць люстры.
Я ніколі не біў люстраў. Ён, як цывілізаваны чалавек, напэўна, таксама не будзе іх біць, але ж думка — гэта той жа самы ўчынак, і таму мне давядзецца на страшным судзе адказваць і за гэты грэх.
Развіў, называецца, свядомасць сябра…
…Наваколле Відрыджы ўсё блакітнае ад вод, ручаін і ціхіх азёр. Тут жыве харошы народ, мудры і працавіты, як сама Відземская зямля. Жыццё гэтых людзей ідзе ў змене дня і ночы, лета і зімы, працы і адпачынку — і ў гэтым, відаць, і ёсць найвышэйшая мудрасць: есці хлеб з поля, якое ты сам урабіў.
Удзячная, добрая зямля можа заваліць маслам і малаком паўсвету.
Добрая парода жывёлы, сытыя цяляты на адпоі, такія кругленькія і чысценькія, што хоць давай залаты медаль.
Здавалася б, чаго яшчэ?
Як чаго? А дурні, якіх, як вядома, не сеюць і не жнуць? I гэтыя дурні ходзяць у разумных не толькі ў Латвіі, але яшчэ і ў маім Прыдняпроўі, і на Разаншчыне, і шмат у якіх мясцінах.
Ёсць правільная пастанова: заараць лугі з марнай і дзікай травою, выбітыя і здратаваныя жывёлай. Супраць гэтага не будзе пратэставаць ніводзін добры гаспадар.
Але хто, скажыце, даў загад заворваць лепшыя лугі, дзе косяць духмянае, як чай, сена? Ніхто. I, аднак, гэта робіцца праз нядбайных гаспадароў. Нядаўна я быў на Разаншчыне. Там, у наваколлі Салотчы і ясенінскага сяла Канстанцінава, начыста зааралі лепшыя ў Саюзе салотчынскія паплавы, сена з якіх калісь ішло на арлоўскія і пецярбургскія конныя заводы. Як гэта назваць, як не нядбайствам?
Тое ж робяць і ў некаторых другіх мясцінах.
О, каб можна было вымачыць дурняў і засеяць зямлю разумным насеннем! Але дурні, на жаль, вільгацеўстойлівыя і родзяць, як мак-самасейка. I ўсё ж, як ні цяжка, дзяржава павінна зрабіць гэта, бо справа, урэшце, ідзе аб шчасці працаўніка, які сваімі рукамі стварыў усё, што ні ёсць на гэтай зямлі.
Людзi варты шчасця, дзе б яны нi жылi: на Ацэ, у Прыдняпроўi, цi па берагах сiнiх латышскiх азёраў, або ў наваколлi Вiдрыджы.
А людзі ў наваколлі Відрыджы, як і ўсюды, добрыя.
Ці памятаеце вы, Ганна Лестландэ, двух бадзяг, што проста так зайшлі ў вашу хату? Вы паілі нас малаком, не пытаючы, хто мы і што мы, не ведаючы нічога пра нас. Вашы натруджаныя рукі былі цёмныя і шорсткія на далонях, як торф, ледзь цямней за таго цяжкага пульхнага хлеба, які вы кроілі для нас.
Ваш дом з устойлівымі, адвечнымі рэчамі, такімі звыклымі, што аб кожнай можна было б расказаць гісторыю, быў нашым мірным прытулкам толькі на адну гадзіну. Я хачу аддзячыць вам за ўсё, добрая пажылая жанчына. I я не ведаю, як зрабіць гэта. Хіба расказаць пра вас у казцы, з якой вы калісь выйшлі на зямлю.
Або вы, Бірута Бетхерэ, малады і такі прыгожы брыгадзір, царыца відрыджскіх ніў, з глыбокімі, як неба, вачыма, такая непарушна-спакойная на выгляд, што нельга было паверыць у ваш подзвіг, калі — толькі за дзень да нашай сустрэчы — запалаў ад удару маланкі цялятнік. Мы хадзілі з вамі па палях, чулі вясёлы перастук з кузні, бачылі за жывымі агароджамі сытых кароў, пра кожную з якіх вы ведалі ўсё. Гэтыя каровы былі такія паважныя, што чалавек адразу разумеў, чаму ў старажытным Егіпце абагаўлялі карову Хатор і яе багароўнага мужа быка Апіса.
Аставайцеся шчаслівыя, Бірута Бетхерэ і Ганна Лестландэ!
…Дарэчы, я дрэнна аддзячыў за гасціннасць. Даслаў свае кнігі. Такога ўдару яны, вядома, не чакалі.
Вось чаму я хачу хоць трошкі акупіць свой грэх. Пішу —
…Відземскую казку
Ці-лі-ліа-цірр… Што азначае: лётаў жаўранак у паднябессі… Не які-небудзь там безгалосы саліст, не па заслугах увянчаны званнем, а сапраўдны, звонкі відземскі жаўранак, што прыляцеў сюды яшчэ ў марозную ноч, змёрз, згаладнеў, а раніцай паляцеў і аддзюбнуў ад сонца кавалачак, каб закапаць яго ў закалелыя скібы відземскай краіны.