Казкі Янтарнай краіны
Шрифт:
— А-а… О-о-о… Крэх-крэх.
Кумы нясуць дзяцей у другую залу. За імі ідуць астатнія.
Зала — як суцэльны грот з кветак. На спінках крэслаў гірлянды незабудак, у насценных вазах букеты нарцысаў і цюльпанаў. Столь — як кветкавы шацёр. I ля сцен — маладыя бярозкі.
А на сцэне — дзявочы хор. Ніжэй — вясковы аркестр.
Кумы з дзецьмі садзяцца парамі, ля праходу. І хор пачынае спяваць. Песні яго — тыя песні, што спявае народ пра дзяцінства, пра маці, пра будучы лёс немаўлятка. Музыка, водар кветак. Усе сядзяць трошкі расчуленыя.
Потым пачынаюць выклікаць на сцэну кумоў. Яны ідуць з малымі на руках. Адна пара… Першая…
Там, на сцэне, іх шэптам пытаюць, як яны хацелі б назваць дзіця (гэта, вядома, рытуал, бо некаторым дзецям амаль год, але так прыгажэй). I вось гучаць са сцэны пявучыя словы:
— Наракаю табе імя Гунар… Наракаю табе імя Айвар…
Кожнаму дзіцяці даюць каробку з пасагам, а кумам і бацькам па букету кветак. Пасаг розны, але харошы. У дадатак дзіцяці: падносяць прыгожы вялікі кубак для малака.
— Пі. Расці харошы.
Калі кумы ідуць са сцэны, услед ім адна з гожых дзяўчат кажа — кожнаму іншая — народныя выслоўі пра маці, пра тое, як трэба шанаваць дзецям бацькоў, а бацькам дзяцей. Потым хор спявае песню.
Кожны павінен памятаць гэты дзень як найлепшае свята, пра якое маці з захапленнем раскажа сыну, калі той пачне разумець, а сам ён, ужо старым дзедам, раскажа ўнукам, як яго "хрысцілі" ў гроце з кветак.
Падарункі для дзяцей купляе саўгас. I гэта абыходзіцца не вельмі дорага. Затое колькі святла і колькі ўспамінаў!
I гэта не толькі ў дзень хрэсьбін. Часта спаборнічаюць хоры суседніх вёсак, часта ставяць спектаклі. Напрыклад, у той самы дзень у Крустпілсе самадзейная трупа ставіла "Вей, ветрык" Райніса на беразе возера. Гледачы сядзелі проста на траве, а дэкарацыямі былі купы дрэў і вада.
Так маленькі народ будуе сваю вялікую культуру, так ён умее рабіць гожым кожны дзень свайго жыцця. I, паверце мне, ляўдонскія хрэсьбіны адвучаць людзей ад царквы хутчэй, чым нецікавая лекцыя пра рэакцыйную сутнасць хрышчэння.
I я падумаў: чаму ж мы не ўмеем спраўляць вось гэтакія хрэсьбіны, вось гэтакія святы?
А мы ж не горшыя. Няма бесталанных народаў. Няма народаў без цягі да прыгажосці. Кожная выцінанка на шыбе сялянскай хаты неабвержна сведчыдь пра гэта.
А чалавеку патрэбна радасць. Ён жыве дзеля яе.
…Пасля хрэсьбін хор спяваў яшчэ, а потым кумоў з дзецьмі развезлі на саўгасных і асабістых машынах па хутарах. Астатнія пайшлі пехатою, бо паветра было ласкавае, а неба — празрыстае.
Потым гулялі дома. Былі музыка, спевы, танцы. I ўсе былі трошкі на падпітку, але за два дні я не бачыў ніводнага п'янага.
Чорт ведае які моцны народ жыве там! На хрэсьбінах я пазнаёміўся з тамтэйшым кавалём, якому даў пяцьдзесят — пяцьдзесят пяць год. На самай справе яму было восемдзесят, і ён грукаў молатам з пятнаццаці год, толькі летась кінуўшы працу, ды і то, бадай, таму, што саўгас пабудаваў новую майстэрню, а старэнькая кузня, дзе падкоўвалі коней ды рабілі нарогі, стала непатрэбная. Так яна і стаяла зачыненая — аж шкада было яе, як жывога чалавека.
Каваль гэты быў жывой рэліквіяй наваколля, бо кожны вечар пасля працы выпіваў бутэльку "крышталю", а яго біяграфія магла б паслужыць сюжэтам для рэнесанскага рамана. Слухаць, як ён падмайстрам абдурваў "шэрых баронаў", была чыстая асалода.
На гулянцы пасля хрэсьбін ён піў цёмнага латышскага піва больш за ўсіх і быў самы цвярозы.
А пілі ўсе, бо гаспадар і гаспадыня ўмелі так ласкава прымусіць, што адмовіцца было нельга. Дый наогул, за сталом панавала атмасфера шчырасці і сардэчнасці.
Ці быў хто з вас у Сігулдзе? Ці бачыў імкліва-празрыстую раку, пячоры, равы, вежы замкаў і неверагодна раскошныя, як на палотнах ілжэрамантыкаў, лясы на схілах гор?
Калі мы спускаліся па волатавых уступах на дно Крумкачовага рова, з-пад нашых ног неахвотна адпаўзло маленькае вужаня з залатымі рыгсдалерамі на галоўцы. Яго прашчур, напэўна, бачыў таго цівуна, якога за жорсткасць кінулі на дно рова сяляне.
Сігулда выгодная ва ўсіх адносінах тым, што тут шмат равоў, і калі прыйдзе вораг, месца хопіць. Узяць хоць бы Кацёл Ведзьмаў — яму, у якой бруіць вада, а над ёю звісаюць брылы скамянелай гліны крывава-чырвонага колеру. Зручнае месца!
Відаць, разумеючы гэтую акалічнасць, ворагі і набудавалі тут калісь замкаў. У адзін з іх, Турайдскі, я і Геронім лезлі па адхоне ў сорак дзевяць градусаў ледзь не тры гадзіны. Для тых, хто штурмаваў замак, гэта была сапраўдная фіззарадка, асабліва калі ўлічыць, што даспехі важылі сама меней тры пуды.
— Як цяжка было штурмаваць крэпасці, - сказаў Геронім, трымаючыся за траву.
Я, аддыхаўшыся, апрытомнеўшы, дзве гадзіны лаяў шведаў, якія апошнімі сядзелі ў Турайдскім замку і, адступаючы, не ўзнялі яго ў паветра.
Потым я яшчэ гадзіну лаяў руплівых да старажытнасці латышоў, якія дбайна рэстаўрыравалі Турайдскую вежу і цяпер аднаўляюць палац каля яе. А чаму б не павучыцца ў нас і не забыць гэтыя помнікі, як забыліся мы пра Мірскі замак і Віцебскае Благавешчанне, якое за апошнія дзесяць год разбурылася больш, чым за ўсе папярэднія восем вякоў свайго існавання?
Прынамсі, турыстам было б спакойней.
Не тое, што ў Сігулдзе.
…Тут калісь было, кажучы словамі Эрскіна Калдуэла, "зашмат шведаў". Аж тры замкі на сігулдскую даліну: у Сігулдзе, на Турайдскай гары і яшчэ на нейкім узгорку, назву якога я забыў.
Я лазіў на самы верх Турайдскай вежы і быў да інфаркту так блізка, як гэта толькі магчыма. У вежы ёсць гарматы, рыцарскі камін, а з верхняй галерэі адкрываецца вачам цудоўны краявід. Толькі на ёй страшна дзьме. Нездарма шведы былі такія панурыя, не разумелі жартаў і пісалі змрочныя сагі.
Словам, шведы, пакідаючы гэтыя замкі, радаваліся, напэўна, не менш, чым латышы.
Вайна, наогул, не дае людзям радасці і ўзрошчвае ў душах самыя скажоныя і перакручаныя меркаванні аб тым, што такое гонар, правільнае асвятленне падзеі.
Дык вось… Шведы, напэўна, рады былі адпачыць ад перамог і стаць, нарэшце, звычайнымі людзьмі, якія не ўвесь час б'юць другіх.
Кажуць, у многіх шведскіх дамах вісіць на сцяне партрэт Пятра Першага. Турысты, асабліва нашы, здзіўляюцца:
— Вы што, любіце яго?