Казкі Янтарнай краіны
Шрифт:
— За што? За тое, што ён біў нас?
— Дык нашто ж вісіць партрэт?
— Ды ён, ці ведаеце, адвучыў нас хадзіць на чужыя землі.
Што ж, тут ёсць нейкае рацыянальнае зерне. Хадзіць на чужыя землі не вельмі лёгка. Гэта азначае несці ўсялякі цяжар чалавека, падвышаць падаткі, выдаткоўваць порах, прыдатны на феерверкі, выхоўваць язычнікаў у духу братняй любві — аж да апошняга чалавека, ды яшчэ кожныя дзесяць год нанава перакрываць дах на сваім доме.
Дорага. Дрэнна. Значна лепей, калі чарапіца на даху ляжыць сто год. I таму з-пад майго пяра выходзіць апошняя янтарная казка…
…Казка пра чалавека, які ішоў у пекла
Тэн-турэнь… тэ-рэ-нэні… турэнь… Што азначае: "Спявала кокле [1] пад старымі вязамі…" Не якое-небудзь там неадгабляванае кокле, а сапраўднае даўняе кокле, упрыгожанае янтаром, як звонкае, як бор на дзюнах і як морскія хвалі… I спявала яно сумна, бо толькі што пракацілася па зямлі вялікая вайна, і нават муры дамоў не астылі ад агню і, распаленыя, свяцілі ў цемры трывожным вішнёвым агнём.
1
Латышскі музычны інструмент. Род гусляў або цымбал.
Нікога не асталося на Янтарнай зямлі.
…Чалавек выйшаў з лесу, падышоў да папялішча, уторкнуў у зямлю вілы і закалаціўся… Слёз у яго не было… Ён вярнуўся з вайны. Даўно не быў дома. А за гэты час — дрэвы расказалі яму пра гэта — вайна спустошыла ўсё, а жонку яго спалілі з домам. Таму чалавек маўчаў і калаціўся, а над яго галавою павольна кацілася ноч.
— Неба, як жа гэта ты? — моўчкі спытаў ён. Але неба не адказала.
— Зямля, як жа гэта ты?
Але маўчала і зямля. Зямля не можа абараніць сябе. Яе заўсёды абароняць яе сыны. Таму яна і маўчала.
I толькі першыя промні сонца, як суцяшэнне, пырснулі з-за лясоў на янтарныя палі… А як толькі прамень упаў на папялішча — там нешта радасна азвалася:
— Гулі-гулі-гулі.
I чалавек убачыў на горбачцы цёплага попелу замурзаную дзяўчынку з янтарнымі валасамі, сапраўдную Папялушку. Дзяўчынка радасна гулькала і трымала ў жменьцы верабейчыка.
Напэўна, маці, калі яе забіралі, схавала дзіця ў бур'ян і дала яму птушку, каб не плакала. А дзяўчынка, мусіць, прыпаўзла сама і пераначавала ў цёплым попеле.
— Што ж ты, гулюшка? — спытаў чалавек. Але дзяўчынка не адказала, не ўмела яшчэ гаварыць, затое адказаў верабей:
— Выпусці мяне, добры чалавек. Мне тут, вядома, добра, цёпла, але ж з голаду заходжуся. Адпусціш — сам пад'ем і дзяўчынку пакармлю.
Чалавек расшчапіў у дзяўчынкі руку, і верабей пырхнуў на галіну абпаленага дрэва.
— Дзякуй, — сказаў ён. — Век не забуду.
— Верабей, — сказаў чалавек, — зямля не адказала мне, неба не адказала мне, як жа гэта?
— А пра што ты пытаў? — легкадумна азваўся верабей.
— А ці астаўся яшчэ хто жывы?
— Мала, — сказаў верабей. — А тых, што пабілі, не вернеш.
— Як, не вернеш? А калі сярод іх мая жонка? Як жа мне без яе? — I твар ягоны быў такі, што нават верабей задумаўся.
— Я нешта чуў, - нарэшце сказаў ён. — Старыя вераб'і ціўкалі, што там, куды цяпер пайшла Вайна, ёсць у зямлі правал. Гэта ўваход у пекла. Напэўна, і твая жонка там. Вось калі б ты змог спусціцца туды і вывесці душы нябожчыкаў зноў на зямлю… Але гэтага не рабіў яшчэ ніхто жывы.
— Усё роўна некаму трэба быць першым. Пайду я.
— А што табе дае сілу? — здзівіўся верабей.
— Там мая жонка. Я іду да яе. Паглядзі за дзіцем.
I чалавек пайшоў. Дарогу яму паказвалі сляды Вайны. Усюды чарнелі папялішчы. Усюды было нямое гора.
Ішоў ён вельмі доўга. Яшчэ здалёк убачыў чорны правал у зямлі, але раптам спыніўся.
На дарозе спала Вайна.
I чалавек падумаў, што дарэмна ён пойдзе ў пекла, пакуль яна жыве. Бо яна зноў прачнецца і зноў зжарэ ўсіх, і не будзе на зямлі спакою, пакуль яна тут.
Чалавек падняў самы цяжкі камень і апусціў яго на галаву пачвары. Аглушаная, яна ўсё ж усхапілася, і рык яе падобны быў на рык усіх гармат зямлі, вочы кідалі бліскавіцы, а з пашчы несла магілай.
Нарэшце яна ўпала ў крапіву, і чалавек, убачыўшы, што яго пакідаюць сілы, папрасіў:
— Крапіва, крапіва, памажы!
I крапіва — бо гэта была зямная крапіва — пачала звязваць пачвару. Калі Вайна была скручана моцнымі крапіўнымі вяроўкамі, чалавек узваліў яе на плечы і панёс у падземнае царства.
Гэта быў страшны шлях. Сэрца яго ледзянела, калі ён спускаўся ўсё ніжэй і ніжэй. Бачыў ён, як пакутавалі тыя, хто з-за грошай або велічы памагаў Вайне.
I раптам нечы голас:
— Глядзiце, глядзiце, гэта наш Жоўтавалосы.
А потым другі:
— Глядзіце, гэта Жоўтавалосы. Ён нясе скручаную Вайну.
Гэта гаварылі душы янтарных людзей.
Але вось нечы подых, пяшчотны, як ранішні ветрык, крануў яго вочы.
— Гэта ты. Чаго ты тут?
— Я пазнаў цябе, — сказаў чалавек. — Я пазнаў бы цябе нават мёртвы.
— Куды ж ты?
— Я іду ў самае страшнае пекла. На самае дно. Ідзіце за мной.
Ён пайшоў, і ўсе галасы ляцелі за ім. I толькі адзін бязважка сядзеў на яго плячы і раз-пораз дакранаўся да яго валасоў.
I чалавек прыйшоў на самае дно, дзе холад і лёд; і там зваліў з плячэй сваю ношу.
На дне пекла тырчаў востры ледзяны слуп, і чалавек пасадзіў на яго Вайну, і слуп працяў яе навылёт; а потым чалавек прыкуў Вайну да сцяны жалезнымі ланцугамі. Яна ў адчаі грызла іх, пускаючы крывавую пену.
Чалавек ударыў яе нагою ў твар і сказаў усім душам нябожчыкаў:
— Вы вольныя, хадзем.
Але яны маўчалі. I толькі адзін голас, той, што быў на плячы, ціха азваўся:
— Не, мой любы, мы астанемся.
— Чаму?
— Ты бачыш, яна жывучая, як гад. Яна грызе. Калі ніхто не накіне на яе новых ланцугоў — яна вырвецца. Хто ж будзе пільнаваць Вайну, як не мы, бяссонныя, як не мы, забітыя ёю? У магілах мы праклінаем яе. На дне пекла мы праклінаем яе… I таму мы астанемся тут дзеля тых, што на зямлі.