Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Казкі Янтарнай краіны

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Ах, як ты падманула тады жаўтадзюбага вершаплёта, мора! I як гэта ты магло падкінуць яму замест мяча шкляны паплавок рыбацкага нерата?

…Да саракавога года рыбакі жылі горш за ўсіх у Латвіі. Цяпер рыбакі жывуць, бадай, лепей за ўсіх, і пра іх столькі ўжо гаварылі ў друку, што следам за Жанам Лабруерам я пераканаўся: усё ўжо сказана, і не варта псаваць паперу.

Ужо гаварылі пра чысцюткія фіранкі, пра тэлевізары ў кожнай хаце, пра надзейныя матаботы, пра тралы, якімі ловяць рыбу ў паўднёвай частцы Янтарнага мора, дзе роўнае дно, і пра нераты, якімі ловяць у паўночнай частцы, дзе архангелы варылі суп, ужываючы замест фрыкадэлек такі маласпажыўны матэрыял, як скалы і валуны, і вымасцілі імі дно.

…Такія ўжо нашы журналісты. Няма на іх упыну.

Іхняе начальства, відаць, цвёрда пераканана, што журналісты дзейсна памагаюць там, дзе прарыў, дзе гарачая пара. I вось сотні дзядзькоў з фотаапаратамі блытаюцца ў нагах людзей, якія працуюць, і бадзёра кідаюцца туды, дзе і без іх шмат лайдакоў, ледзь толькі пачуюць аптымістычны прызыў: "Журналістаў — на палі! Журналістаў — у мора!"

Э-э, гэта я ўжо нешта не тое сказаў. У мора іх нельга, ні ў прамым, ні ў пераносным сэнсе. У прамым — бесчалавечна, і наогул шкада. А ў пераносным нельга таму, што бедны Нептун атрымае такую даніну, што яму давядзецца ўцякаць у самыя глыбіні Атлантыкі.

Балтыка не глыбей за сотню метраў. Тут не схаваешся.

I вось я гляджу на бераг са зламанымі соснамі, на хвалі, што павольна бягуць на яго, на неба з рэдкімі аблокамі.

Мора! Вецер перапаўняе цябе, і вочы, каб не слязіцца, самі прымаюць той прыжмур, які ўласцівы какеткам і прасоленым "марскім ваўкам".

I цяпер я разумею, чаму грэчаскія гапліты, прыйшоўшы з пяскоў Азіі да марскіх хваль, падалі на калені і цалавалі пясок, разумеючы, што яны ўратаваны.

Таласа! О Таласа!

Бо гэта ж тут я на спадзе дня ўбачыў у хвалях марскую царэўну. Тую самую, што калісьці задыхалася ў бочцы з зялёнай вадою. Тую, якую вызваліў і выпусціў у мора прыслужнік пры балагане, хлопец, што пайшоў у Рыгу ў заробкі.

Я сказаў пра гэта Героніму. Але той быў у празаічным настроі, і таму азваўся змрочна:

— Не быў бы ты пісьменнікам, каб не ўмеў маніць.

Я засмуткаваў быў, але потым змірыўся.

I ўсё ж неспакой жыў у маёй душы, а разам з ім вырастала трэцяя янтарная казка.

…Казка пра янтарны палац

Шшш… усхліп… усхліп… шшш… Што азначае: "Набягала мора на янтарны бераг, які тады яшчэ не быў янтарны…" Хвалі паміралі на пяску, пакідаючы пасля сябе хлапякі пены…Шшш… шшш… шшш… А на беразе, між зламанымі соснамі, стаяла хата. Жыў у той хаце малады і гожы рыбак з янтарнымі валасамі…

Я не ведаю яго імя, і не ведаюць другія людзі — надта ўжо даўно, вельмі-вельмі даўно гэта было. Да рымлян, да егіпцян… Адкуль я ведаю гэта? Вельмі проста: рымляне насілі янтарныя бранзалеты, егіпцяне рабілі з янтару вочы для сваіх мумій. А янтару яшчэ не было ў той час, калі жыў наш рыбак, — дык, значыць, гэта было раней.

Але ўжо тады на берагах Юры жылі латы: вось якое гэта даўняе племя. Нездарма ж нейкі вучоны гаварыў з жыхарамі глухіх латышскіх і літоўскіх вёсак на старажытным індыйскім санскрыце і ледзь не звар'яцеў, адкрыўшы, што сяляне яго разумеюць.

Але наш рыбак анічога, вядома, не ведаў пра гэта і не ганарыўся. Ён ведаў толькі сонца, што ўставала з зямлі і сядала ў мора, толькі свае нераты і свае цудоўныя песні, бо ён быў бесклапотны і нежанаты.

Можа, таму і ўпадабала яго марская царэўна. А панаваў у той час над зямлёю бог грымотаў, дымна-чырвоны Пярун. Пабраўся ён з Зямлёй, і нарадзілася ў іх дачка, прыгажэй за якую не бачыла і ніколі не будзе бачыць сонца. Была яна як сонечны прамень, і як морская хваля, і як каханне, і як прыгажосць усіх жанчын, увасобленая ў адной. I, як гэта часта здараецца з прыгожымі, была яна зусім без сэрца.

Пярун любіў сваю дачку і аддаў ёй ва ўладу мора. А каб было ёй дзе жыць, збудаваў пад вадою з сонечнага святла самы гожы з усіх палацаў, якія толькі бачылі людзі і багі.

I вось адтуль, з гэтага палаца, яна і выплывала на хвалі. I дзівіліся з яе прыгажосці рыбакі, мужныя воіны, што плылі ў сваіх ладдзях рабаваць чужыя берагі, і гусляры, якія прыходзілі да мора па натхненне.

А на каго гляне яна — той робіцца слабы, як сітняг, і пакутуе, і нясе ёй найлепшыя песні і кроў сэрца, а потым, звар'яцеўшы, кідаецца ў хвалі, а яна бярэ яго да сябе ў палац і там, змучыўшы пагардаю, навек аддае ў абдымкі чорнай нечысці падводных глыбінь.

Так яна хацела зрабіць і з нашым рыбаком, але ён, хоць і вельмі закахаўся ў яе, не кінуўся ў глыбіні. Ён быў узвейвецер.

Яна не раз клікала яго да сябе, але ён адказваў толькі песнямі.

Гані каханне — яно пабяжыць за табой.

Царэўна сама не заўважыла, як знікла яе злосць на гэтага непакорнага хлопца. Кожны вечар яна гайдалася на хвалях і слухала песні, і, урэшце, слёзы пачалі падаць з яе вачэй.

Тады яна не ўтрывала і сама выйшла на бераг, апусцілася на калені перад рыбаком:

— Вось я перад табою. Але ці кахаеш ты мяне?

А ён стаў на калені і ўзняў яе, бо цяпер, калі яна сама кінула дзеля яго мора, ён стаў яе рабом.

Песня змоўкла. I над морам стала цішыня…

…Цяпер часта, кожны вечар, яны сустракаліся на скале, што абрывалася над морам. Яна прыходзіла са свайго палаца, ён — са сваёй хаты, і яны доўга сядзелі разам на сухіх водарасцях, і ён цалаваў яе косы, яшчэ вільготныя і трошкі салоныя ад хваль, з якіх яна выйшла. Вочы яе цяпер былі добрыя, як мора ў штыль, і ён спяваў песню пра гэтыя вочы, і нават сонца спынялася, слухаючы яе.

Стаміўшыся, яны елі рыбу, разрываючы яе рукамі. Часам палавіна рыбы падала ў хвалі (калі іхнія вусны былі заняты іншым) і, ажываючы ў роднай стыхіі, плыла ў мора пад вясёлы лямант чаек.

Так з'явілася ў моры камбала.

Яны кахаліся доўга і аддана. Але вось дымна-чырвоны Пярун даведаўся пра ўсё. У гневе на дачку і на род людскі ён, дачакаўшыся, калі дачка зноў пачне збірацца на спатканне, кінуў у мора небывала-магутную грамавую стралу. I тая прабіла паветра і мора і ў дробныя кавалкі разбіла сонечны падводны палац, забіўшы дачку. Забіла ў імгненне вышэйшага шчасця, бо Пярун шкадаваў дачку.

Мора рынула на бераг, выносячы на пясок сонечныя асколкі палаца, і рыбак зразумеў, што здарылася бяда, і кінуўся ў хвалі — ратаваць. А там яго схапіла варта, закавала ў кайданы і намёртва прывязала да адзінай калоны, што дзівам асталася цэлая. Да адзінай калоны былога палаца.

Мiрыяды асколкаў на дне. Ляжыць на iх жанчына. А непадалёк ад яе стаiць сонечная калона, да якой прыкуты юнак. Схiлiў галаву, заплюшчыў вочы. Ён цяжка дрэмле, але часам паднiмае павекi…

…Вось яна перад ім. Тут. Побач. I, здаецца, жывая. Здаецца, трапечуцца яе вейкі. Ледзь прыкметна. Ці гэта сонца трапечацца на іх?

Поделиться с друзьями: