Казкі Янтарнай краіны
Шрифт:
I вось лётае і спявае, бо заслужыў у сваёй зямлі права на палёт і на спеў.
Ён дрыжыць нясцерпна-высока, гэты жаўранак. А пад ім, у сіняй глыбіні стаўка, трапеча яго двайнік.
I мы ідзём па беразе якраз паміж двума жаўранкамі. I ўвесь свет спявае вялізным жаўранкам, радасны і празрысты, як ён.
Дарога вядзе ад хутара да хутара, мяккая, як аксаміт, расквечаная блакітнымі лужынкамі, звілістая і няпэўная, як палёт матыля.
Яна віецца ля рэчак і маленькіх гаёў, перавальвае цераз былыя ледавіковыя грывы, нырае ў крывавыя канюшыннікі.
Дыхайце, грудзі, спявайце, вусны, спяшайцеся ў дарогу, ногі!
I няхай трапеча над галавою жаўранак, няхай ляціць у твар вецер з не ходжаных яшчэ палёў.
Дай руку, друг! Чуеш, певень заве нас! I ва ўсім свеце мы адны. Толькі мы і жаўранак у далёкай вышыні… Вось сіняе вока возера, вось ліпы над ім.
Над возерам рута на луках, I лiпы, i чмель на ляту. Сваю невялiкую муку Ўсю зможаш ты выплакадь тут.Нашто мне выплакваць муку, дружа? У мяне ж няма яе, праўда? Адкуль бы ёй быць? Проста мы разам ідзём з табою ў краіну казкі, і на яе межах сустракаюць нас мудрыя калматыя сабакі. Такія белыя, як быццам гэта малюсенькія кавалачкі воблака ўпалі на зямлю.
— Ці добрыя вы людзі? — пытаюць у нас яны. — Ці наступалі вы сабакам на лапы, ці бралі іх з сабою на рэчку, ці дзяліліся з імі апошнім кавалкам?
— Так, мы добрыя, — кажам мы.
— Тады ідзіце налева ад вялікай дарогі, - кажуць сабакі. — Там чароўныя маленькія хутары, там квітнеюць сады, там жыве Ганна. Там і казка, якую вы шукаеце.
Мы ідзём туды, дзе — далёка-далёка — узносяцца раскошныя шаты дрэў.
…Імкне ручаінамі празрыстая вада, калыша ў сабе срэбнае цельца маленькай вясёлай міроны. I, каб міроне было добра жыць, цягнуцца з неба да ручаін і палёў празрыста-дымныя фіранкі далёкіх дажджоў.
Стань ціха! Чуеш? Гэта мірона кажа журліва-салодкім, нячутным галаском:
— Дзякуй вам, добрыя дажджы! Дзякуй табе, дарагая зямля! Дзякуй і вам, добрыя людзі, за тое, што ідзяце берагамі і не хочаце злавіць мяне!
Хутары высокія, з шэрага і ружовага каменю, які ляжыць у мурах такімі прыгожымі няроўнымі брыламі. Брылы гэтыя знадворку роўна і гладка адпаліраваны. А да вялікіх дамоў квадратамі прымыкаюць дворныя будынкі.
Канавы, пазарастаныя густой травой, струменяць кудысьці ясную, добрую ваду. Над імі непралазным гушчаром растуць вялізныя, як коўдра, лопухі. Пад іх навіссю цырымонна вітаюцца агністы Шантэклер-певень і мініяцюрная Юнгфрау — вадзяная курачка.
— Як сп-р-равы, о мая цудоўная, мая ясная, мая невер-рагодная, мая маладая каралева к-канаў?
— Вы ўсё жартуеце з беднай пасялянкі, месьё, — апускае яна вочы. — А справы нічога… Рэвень урадзіў такі густы — хаваешся з галавой.
Певень скоса паглядае на свой адбітак у вадзе. I раптам заўважае нас.
— Кур? Кур? — пытае ён па-латышску. — Куд-куды ідуць гэтыя цыбатыя?
— Кракс, — гэта качка вядзе ў лапуховыя нетры сваю пушыстую флатылію. — Кракс. Гэта два паэты, Паэты сярод людзей — усё адно што індыкі сярод птушак… Шабалды-балды-балды… I так усё жыццё… Смехата! Гэта яны ідуць да добрай Ганны, што не шкадуе мне слімакоў.
I качка заплывае недзе пад бераг. Толькі вялікія лопухі варушацца над ёю.
— Перагарае, як у качкі, - здзекліва кажа Шантэклер. — Глытае гэтых слімакоў разам з панцырам.
Але качка не чуе. Яна далёка. I стаяць, не варухнуцца над канавай вялізныя, як коўдра, лопухі. Дзе ты, дом добрай Ганны? Ага, напэўна, вунь там, дзе квітнеюць дрэвы ля агароджы, дзе вада з канавы разлілася маленькім азярком. Над азярком пунька — зусім як у музеі пад Рыгай, і жорны пакладзены замест прыступкі пад яе дзвярыма. А над азярком, над коўдрамі лопухаў стаіць на дрэве бусел.
— Ганна! Ганна! Ідуць два цыбатыя. Ідуць два бясперыя. Хутчэй кажы хохлікам-гномам, каб канчалі рыхліць грады пад бабы.
Ах, бусел, бусел, што ж ты нарабіў! Як жа нам цяпер паглядзець казку?!
А вось і яна. Ганна выходзіць нам насустрач і запрашае ў дом.
— Піенс, — кажа яна, і я разумею: малако.
— Майзе, — кажа яна, і я разумею: хлеб.
Будзьце блаславёныя, малако і хлеб Відземе! Будзьце блаславёныя, добрыя зморшчынкі гаспадыні.
Тут усё адвечнае і цяжкаватае. Вялізная дубовая шафа, у якой начамі сама па сабе пахрумствае чысцюткая, як снег, накрухмаленая бялізна. Пліта, пафарбаваная, як усюды ў Латвіі, у чырвоны колер. А на сценах доўгі і шырокі фрыз, на якім намаляваны высокія, у рост дзіцяці, казачна-бардовыя мухаморы.
Дзе ж яшчэ жыць казкам, як не тут? Тут, дзе ўсе рэчы дзесяцігоддзямі стаяць на сваім месцы. Тут, дзе нават святло прабіваецца ў пакой праз выразаныя сэрцайкі ў аканіцах. Тут, дзе бабуля, бабульчына маці і яе бабка — усе сядзелі на тым жа крэсле і ставілі ногі на той жа зэдлічак.
А дзеткі-малалеткі, гуляючы ў хованкі, часам, як у самае надзейнае месца, хаваліся пад шырокую — у восем пол — клятчастую бабуліну сукенку.
Казка надзейна затаілася ў гэтым доме. Гэта добры дамавік звівае з гарохавіння мяккі цяўнік пад нагамі ў кароў. Гэта добрая жонка Бая пахрумствае ўначы бялізнай, пераглядаючы яе.
I гэта хохлікі сядзяць ноччу ў цёплым попеле ля пліты, гуляючы ў карты чалавечымі снамі.
— Што ты мне торкаеш гэты сон? Хіба гэта бітка? Клопат адзін: гаспадар сніць пра капу канюшыны, што забыўся ў полі… Пхе!
— Замірыў, ды пад цябе чырвовага туза… Гэта Ганна сніць пра ўнукаў… Ну, чым будзеш біць? З'еў? Прыпёр я цябе? Гуляць трэба ўмець, маладыя людзі. Але "прыпёрты да сцяны" самы малады хохлік усміхаецца:
– І паб'ю. Казырным званковым. Сном малодшай дачкі. Сёння суседскі сын… Як бо яго?.. Здаецца, Гунар… Дык вось, сёння ён сказаў ёй нешта пад буслянкай…
Дай бог, каб споўніліся вашы харошыя сны, добрая Ганна!
Мы выходзім з хаты і зноў ідзём у вільготныя палі. Згасае над срэбным лугам далёкая вясёлка. Вялізныя, як коўдра, лопухі варушацца над канавамі.
Вакол казка. Вакол спакой і мір, і твая рука на маім плячы, дружа. Але, відаць, дарэмна я ўцякаў у казку і спакой, бо трывога расце ў маёй душы.
Чаму? Можа, таму, што тут, зусім непадалёку, латышскія, як на карцінах Разенталя, ціхія могілкі, апетыя Паэгле, тыя, дзе калісь стралялі ў народ і дзе кроў тры дні, не засыхаючы, стаяла на камянях?
Не, не таму. Не таму штосьці бурнае імкне з мае душы. Але чаму, чаму я не знайшоў міру нават тут, чаму звініць трава на паплавах? Чаму дыхае такім сумам туга палёў?
— Дружа мой, дружа! Што ж мне рабіць? Што мне рабіць, калі я кахаю яе?!
Мора, супакой нашы душы! Даволі зялёных дарог, закалышы наш смутак блакітнымі дарогамі, на якіх не астаецца слядоў.
Сёння мы пойдзем з рыбакамі ў твае далечы і вырвем у цябе адказ. Досыць з нас ідылій! Досыць буслаў над хатамі і казак! I на гэты раз ты не падманеш свайго пакорнага слугу, не пасмяешся з яго недасведчанасці, як тады — памятаеш? — калі ён знайшоў на беразе празрысты вясёлкавы шар і ў дзіцячым захапленні крычаў на ўвесь свет, думаючы, што гэта сігнал няшчасця часоў князя Вячка або мяч, якім гуляюць на хвалях спакуслівыя дочкі Нептуна, блакітнакосыя Нераіды.