Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Казкі Янтарнай краіны

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Гнеў загараецца ў яго вачах, і ён пачынае ўтрапёна і безнадзейна рвацца да яе.

I тады на моры ўзнімаецца бура. Маланкі б'юць у высокія, амаль да неба, хвалі, і караблі стаюць не мацнейшыя за яечную шкарлупіну. Бізунамі б'юць канаты, і ветразі чайкамі ляцяць у чорны змрок, а людзі ў адчаі ўзнімаюць рукі.

Тады юнак бачыць цені маракоў, што апускаюцца на дно, і сціхае.

Яму шкада людзей. I што, што зменіш, прыціснуўшы да сэрца мёртвую?

Не вернеш! Не вернеш!

А мора, супакойваючыся, нясе і нясе на бераг кавалачкі сонечнага святла, асколкі палаца — янтар.

Што ж зробіш, дружа. Сапраўднае заўсёды канчаецца мукамі. У гэтым ёсць нейкая горкая мудрасць. I яна дае нам мужнасць жыць.

Дзякуй табе, мора. Пойдзем зараз туды, дзе святлом канчаецца простае шчасце, дзе нараджаюць яснавокіх дзяцей. Пакаленне за пакаленнем, пакаленне за пакаленнем. I зноў у чаргаванні іх народзіцца няпростая пакута з яе мужнасцю і подзвігамі. Гэта абавязкова было, ёсць або яшчэ будзе. У кожным доме. У кожнай простай дынастыі. Дзеля гэтага жывём.

Паедзем зараз да іх. Гэта ж цябе запрасілі ў наваколле Ляўдоны кумам на простыя хрэсьбіны. Забяры мяне з сабою. Ага, ты так і думаў! Што ж, дзякуй табе…

…У Крустпілсе, дзе трэба знайсці машыну аж да Ляўдоны, кідаем на волю лёсу цягнік. Бедныя людзі! Яны не едуць на хрэсьбіны ў Ляўдону. Ад усяе душы шкада іх. Так ім і галець без хрэсьбін у Ляўдоне.

Крустпілс азначае — Замак крыжа. Крыжа я не бачыў. Замка таксама. Бачыў толькі аўтобусны вакзал, таму што мы ўпарта і гераічна чакалі таксі аж тры гадзіны. Толькі тут я зразумеў сэнс старога латышскага анекдота, і паколькі ён пашырыць нашы веды пра латышскі нацыянальны характар, перакажу яго вам.

Пасажыр едзе цягніком Даўгаўпілс — Крустпілс — Рыга. Ён трохі падвыпіў і просіць правадніка-латыша, каб той разбудзіў яго ў Крустпілсе.

— Бачыце, які я? Гулялі два дні, магу праспаць. Дык вы ўжо, калі ласка, разбудзіце.

— Я, — кажа праваднік. — Лабі. (Так… Добра.)

— Я сплю моцна. Магу ў сне лаяцца, можа, нават адбівацца, дык вы ўжо, будзьце ласкавенькі, калі трэба — і сілаю не бойцеся будзіць.

— Я… Зробім…

— Вось мой чамадан, дык вы і яго…

— Я… Абслужым.

Пасажыр кладзецца спаць і… прачынаецца ў Рызе. У адчаі пачынае лаяць правадніка. Праваднік маўчыць. Абураныя пасажыры спачуваюць правадніку.

— Дробязь, — нарэшце не ўтрываў праваднік. — Хіба гэта лаянка? Чулі б вы, як лаяўся і адбіваўся той пасажыр, якога я высадзіў у Крустпілсе… О-о…

Маючы на ўвазе гэты анекдот, я стараўся быць вытрыманы і спакойны, пакурваў і на гарачыя тырады Героніма адказваў:

— О-о…

Відаць, я сваю ролю выконваў так добра, што нейкая дзяўчынка падышла да мяне і спытала пра нешта па-латышску.

— Я, — адказаў я. — Лабі.

Геронім усё растлумачыў за мяне, і мой прэстыж астаўся на вышыні. Я ганаруся тым, што мяне палічылі за латыша. I мне сапраўды ўдаецца быць латышом. Напрыклад, магу згуляць з латышскім дзіцянём у цікавую гульню, не ўжыўшы пры гэтым ніводнага беларускага слова, а толькі латышскія. Робіцца гэта так.

Дзіця выходзіць за дзверы, марудзіць там і потым стукане ў філёнгу.

— Кас тур нац? — трэба спытаць тады, і гэта азначае: "Хто там ідзе?"

— Гаў-гаў! — чуваць з-за дзвярэй.

— Кас тур нац? — гэта трэба спытаць ужо трывожна.

Дзверы адчыняюцца, выглядае мілы дзіцячы тварык, няхітра насуплены ад лютай злосці.

— Вілкс, — на цябе строга глядзяць сінія вочкі. Вы самі здагадаліся, што гэта азначае "воўк".

— Вілкс, вілкс! — у жаху крычыцё вы.

"Вілкс" набліжаецца, страшна заграбаючы лапкамі паветра. I тут ужо трэба падаць на канапу ці нават проста на падлогу і адчайна крычаць на чыстай латышскай мове:

— А-ай! А-а-а-й!

…Ф-фу-у! Вось нарэшце мы едзем у Ляўдону.

Ляўдона здалёк нагадвае цукатны торт, такая яна чысценькая і прывабная. Мураванкі, хутары. А вакол сады і лясы. Часам цукаты будынкаў быццам пашчыкалі дзіцячыя пальцы: стаіць у гушчары здзічэлых сліў каробка колішняга хутара ці, пустая ўсярэдзіне, ідылічна-дзікенсаўская цэркаўка. I толькі потым здагадваешся, што не дзіцячыя, ліпкія ад ласункаў, пальцы зрабілі гэта, а кашчавая рука вайны. Бо на гэтую блаславёную зямлю, на гэты ціхі гарадок падалі бомбы, і нехта меў нахабства страляць па ім з гармат.

Я чалавек сціплы і, пакуль не давёў адваротнага, мяркую, нават трошкі баязлівы. Мне не падабаюцца бомбы і вельмі падабаюцца тутэйшыя дамы. Яны мураваныя, з камення. Сцены знадворку ў іх адпаліраваны, як у метро. Сам дом двухпавярховы, з зялёным ад старасці чарапічным дахам, вокны невялікія — не дом, а цытадэль даброт, шчасця, няспыннай працы і дастатку. Упрытык да яго, часам пад адным дахам, дваровыя будынкі. I ўсё гэта ў вянку яблынь, ігруш, ліп.

Я ж вам кажу, я не помслівы і зусім не крыважэрны чалавек. Я не люблю кулявых шрамаў на такіх мурах. I ўсё ж мне хацелася б, каб сцены аднаго вось такога дома, у якім я буду жыць у апошнія свае гады, былі спаласаваны і знявечаны шрамамі і выбоінамі, бо я хацеў бы, каб усіх каралёў вайны, усіх, хто робіць барабаны, а не скрыпкі, прывялі ў адзін добры дзень да муроў майго дома і тут расстралялі ўсім наяўным запасам патронаў. Гэтыя залпы я слухаў бы як бахаўскія "Страсці", з тым прыемным хваляваннем, што памагае пісаць вялікія вершы.

…Дзень цудоўны, блакітны, як крыло сіваваронкі. Даўно ўжо з'ехаліся на хутары кумы, якіх запрашаюць на хрэсьбіны здалёк, часта аж з самае Рыгі. Гэта розныя людзі, сярод іх можна сустрэць і рабочага і пісьменніка. Кумы чысцяцца, прыхарошваюцца. Дзіця ўбіраюць у лялечны народны касцюмчык або ў пухавое "медзведзяня". Потым ідуць у сельсавет.

Так зрабілі і мы. Маці трохі затрымалася, і таму малога Айвара панеслі толькі мужчыны: кум Геронім, бацька, сусед і я. Пакуль тое, дзіця нясу я.

Дарога мяккая, паабапал яе глыбокія, аксамітна-зялёныя канавы, а далей сады ў квецені і раскошныя купы ліп.

Насустрач нам едзе фурманка. З воза пажылы фурман крычыць нешта. Усе рагочуць. Даведваюся, што нас як кумоў пасадзілі ў лужыну:

— Во, мужыкі хлапчынку нарадзілі. Раней дык з гэтым неяк бабы спраўляліся.

На ганку ў сельсавеце нас сустракаюць дзяўчаты ў народных уборах і праводзяць у пакой, дзе на стале ляжыць вялікая кніга ў ціснёнай вокладцы. На кожнай старонцы — фота дзіцяці. Тут жа напісана: "кум" і "кума". Кумы распісваюцца. Грае музыка. Поўна людзей з дзецьмі на руках. Дзеці ўсе у карунках, атласе, самаробных стракатых коўдрачках. Малыя сядзяць паважна, як маленькія шчаслівыя прынцы. Толькі часам нехта з іх салідна выкажа сваё абурэнне і пратэст. Але паколькі іх многа — уся далейшая цырымонія праходзіць пад акампанемент:

Поделиться с друзьями: