ЖАНРЫ

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:

— Гэтага мала. Я нават і як жанчына старая для вас.

— Вы — дзяўчынка. Божа, каб толькі ў гэтым была справа. Я б вас пераканаў.

— Андруша, мілы, не трэба. Вы паэт, і будучыня ў вас вялікая. Нашто гібець вашаму жыццю з-за паміраючай?

— Гэта даўно ў мяне, — быццам не пачуўшы яе слоў, сказаў Андрэй. — Я імкнуўся адужаць гэта, але забыць не мог, не магу, не хачу. Што мне да ўсіх гэтых слоў і прычын, калі мне нельга… без вас.

— Пачакайце, — сказала яна i задумалася.

У мёртвай цішыні кватэры чуўся толькі мяккі стук гадзінніка.

Сабака лашчыўся да ног Андрэя. I мужчына закрыў яму вочы калматымi вушамi, каб ён нават позiркам не парушыў цiшынi.

— Я не скажу вам "не", — сказала нарэшце жанчына. — Пачакайце. Я павінна многа думаць. А як я да вас стаўлюся — пра гэта няма чаго і казаць.

Яна ўстала, даючы зразумець, што ёй трэба застацца адной. Андрэй устаў таксама. Яна ўзяла далонямі яго галаву і з дзіўным, нейкім пакутліва-лікуючым, засмучаным выразам пацалавала яго ў лоб. А ён узняў рукі і абняў яе, пяшчотна і амаль бязважка, адчуваючы пад далонямі ласкавую мяккасць тканіны і пад ёй нясмелую цеплыню спіны.

— Я не думаў, што змагу, як хлапчына, насіць вершы, мерзнуць на тратуарах, з трапятаннем чакаць серады і суботы, паміраць у астатнія дні. Не думаў, што ў мяне будзе падаць сэрца, калі ўбачу на вуліцы кагосьці падобнага, убачу падобнае паліто, падобны вузел валасоў. О-ох!

Нахіліўшыся, ён цалаваў яе вочы, адчуваючы, як уздрыгваюць веі пад яго губамі. А яго вялікія далоні трымалі і лашчылі яе кволыя і моцныя плечы, рукі, запясці рук.

— Будзьце лепшай са мной, — прасіў ён. — Кожны дзень — першая думка мая пра тое, што жыццё гожае, таму што ёсць вы.

Нясмела адрываючыся ад яго, яна нарэшце сказала перарывістым голасам:

— Iдзiце, iдзiце адсюль… Вашым каханнем прашу.

З цяжкім уздыхам ён апусціў рукі, зняў паліто з вешалкі, апрануў яго і раптам цалкам лагічна сказаў:

— Чорт, забыў… Гэта вам.

I, засунуўшы руку ў кiшэнь, дастаў адтуль i падаў жанчыне вялiзны барвяны гранат, велiчынёю з дзiцячую галаву.

— Сімвал?

— Н-не ведаю… Які?

— Мадонна на старых карцінах заўжды трымала гранат у руцэ. Сімвал улады.

— Трымайце, — сказаў ён. — Як сімвал улады нада мной.

Р а з д з е л XV

Яніса амаль цэлы месяц не было ў Маскве. Быў у Рызе. Сам зняволіў сябе ў Доме творчасці і пісаў там новую паэму. Яму лепей за ўсё пісалася позняй восенню, у лістападзе, калі над зямлёю нізкае шэрае неба, туман ляжыць на верхавінах дрэў і нават апалая лістота паспела згубіць свой залаты колер і стаць грыфельна-шэрай.

Ён проста быў моцны і жыццярадасны чалавек. А такія любяць восень. I любяць працаваць увосень, таму што ў астатнія поры года жыць хочацца больш, чым пісаць.

I вось у гэты дзень ён уварваўся ў пакой Андрэя, не пастукаўшы, і яшчэ з парога загарлаў:

— Здароў, самотны рымлянiн.

Андрэй скочыў, як бы яго шылам парнулі. Так яны і стаялі, абняўшыся: Яніс у мокрым ад лістападаўскага дажджу плашчы, а Андрэй — у трусах і майцы.

— Дружа мой. Сядай. Як пісалася?

— Геніяльна.

— Што напісаў?

— Напiсаў, брат, сумную рэч. Паэму аб мацi.

Яніс сеў:

— Быццам зноў прайшоў шлях. Уся гэтая гарота, нястача, слёзы… I тут яшчэ яе смерць… Цяжка было… I ў тон настрою Дзінтара юра [Янтарнае мора] за акном шуміць-шуміць. Кожную ноч.

Ён выцягнуў руку з кішэыі, расціснуў пальцы. I ў пакоі быццам адразу стала святлей.

На далоні ляжала некалькі янтарных кавалкаў: іржава-карычневых, шакаладных, празрыста-залатых — быццам ззяючых цеплынёй.

— Поўзаў, брат, па беразе для цябе. Хацеў табе Балтыку прывезці.

— А я што табе прывязу?

— Прывязi кавалачак Нарачы, — Янiс пачынаў дурэць. — Прывязi Белавеж або лепей бутэльку «Белавежскай».

— Зубра нованароджанага табе не прывезцi?

— Прывязі зубрыху… Буду вадзіць яе на пашу ў Астанкіна. Выпушчу на партэр і — "гуцю-гуцю, падласая!".

Андрэй палез у шафку.

— Белавеж самому патрэбна… А «Белавежскай» бутэльку разап'ём. Прыслалі.

— Братка ты мой. Ашчаслівіў ты мяне, ашчаслівіў. Цяпер я і ад тэрытарыяльных дамаганняў адмаўляюся. Месяц у рот не браў. Вось так працуеш, як дурань, а п'янка запушчаная.

Андрэй, сабіраючы на стол, усміхнуўся.

— Дрэнны з цябе патрыёт. Во Баранаўскас патрыёт дык патрыёт. Надоечы напіўся і раптам успомніў, што ён літовец. Спрадвеку з ім такога дзіва не было. Пачаў да мяне тэрытарыяльныя прэтэнзіі прад'яўляць. Кажа: аддавайце нам Гродна, Ліду, Ашмяны і Навагрудак. Я кажу: родненькі, бяры, бяры, калі ласка. Мне што, мяне не абыходзіць. Бачыць: вайны не будзе. Дзе, крычыць, Вайвадс? Давайце яго сюды. Чаму забраў у нас Даўгаўпілс?.. Тут я з лёту эпіграму:

Хотел дойти до Даугавпилса,

Но вместо этого напился.

Мы паклалі яго на ложак, укрылі абрусам, і ён захроп.

— Салодкае жыццё, — сказаў Яніс.

— Сядай за стол, падонак, — сказаў Андрэй. — Сядай, лэйбус.

За акном ляжаў пахмура-шэры свет. Нiзкiя, пашкуматаныя кiмсьцi хмары беглi над дахамi дамоў.

Ледзь праглядваўся недзе далёка паміж дамамі шпіль высотнага будынка, напалову схаваны ці то ў хмарах, ці то ў дыме.

Выпілі.

— Як лекцыі? — спытаў Яніс. — Як Горава?

— На нашым курсе ў яе добра. На другім — справа дрэнь.

— У нас хлопцы надзіва памяркоўныя, сумленныя і цікавыя, — сказаў Яніс. — Акрамя Стаўрова з Ліпскім, дрэнных і не ведаю.

— А чым яны табе назалілі?

— У мяне нюх на людзей. Стаўроў — прэтэнцыёзны невук, а Ліпскі наогул дробная дрэнь… Чакай, яны яшчэ нам дадуцца ў знакі, каб іх долечка ліхая судасіла, каб іх…

— Я Ліпскага не разумею. Яму б год на дзесяць раней жыць.

— Ён і жыў… А што на другім курсе?

— А там проста Ліпскіх больш. Рагочуць з голых багоў. Адзін сказаў, што Афрадыта, якая ўстае з пены, наводзіць яго на думкі аб мацярынстве.

Яніс усміхнуўся:

— Таямніцы ўспрымання. У яго продка, відаць, гэтае ўспрыманне было яшчэ больш агрэсіўным. Нездарма Пётр, паставіўшы ў грамадскім садзе Венеру Таўрычаскую, поруч паставіў вартавога, "дабы оную не лапалі".

— I яшчэ адно. Нейкі псіхоз. Усе выказваюць ёй павышаную ўвагу.

— Гэта добры псіхоз.

— Чаму?

— Таму, што ты зачынальнік гэтага прагрэсіўнага руху.

— Свіння.

Андрэй раптам спахмурнеў. Ссунуліся доўгія цёмныя бровы.

— Што з табою, Андрэйка?

Поделиться с друзьями: