ЖАНРЫ

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:

— Так. Напэўна, у мяне разумовы склад старой дзеўкі.

— Кіньце плявузгаць, — мякка сказаў ён. — Столькі людзей вакол… Не ў лесе жывяце.

— Людзі сталі рацыяналістычнымі. Мала хто можа аддаць сябе. Пажадаць стаць паветрам, якім дыхае другі.

— I каб не хапала паветра — дык Ёй не хапіла б яго апошняй.

— Праўда.

Ад горычы ледзянога віна ў целе разліваўся цёплы сум. Гучала музыка. Быў паўзмрок.

— Вы вельмі харошы і просты, Андрэй, — сказала яна. — Ірына казала праўду.

I, спусціўшы ногі, устала, такая прамая і ўзнесеная ў сваім гранатавым уборы, што Петрык заміргаў і збіўся з такту.

— Хадзем танцаваць, — сказала яна. — Запрасіце, Андрэй, тую, маленькую. Гэткі капрыз жаночай псіхалогіі. Не любіць мяне за Петрыка… А што я магу зрабіць, калі ніхто… ну… ніхто ніколі мне не падабаўся.

Петрык захістаўся, выбіваючы з раяля нешта заліхвацкі-бравурнае. А вочы яго былі сумнымі вачыма.

…Танцавалі за поўнач. I толькі тады зразумелі, што досыць, калі Аленін, устаўшы ад ног гранітнага чалавека, сказаў яму:

— Ну і свіння ж ты! Друг у ножкі яму ўпадае, а ён… Ну хопіць, хопіць паліто трымаць. Заседзеліся. Апранайся і хадзем.

I разрыдаўся, абняўшы граніт.

— Не любяць нас, браце! Не цэняць! Гаі вы мае родныя, бураломчыкі вы мае шышкінскія. Пагляньце, як спіць надзея сусветнага жывапісу.

Р а з д з е л XVIII

Зноў перад будынкам інстытута стаяў аўтобус. Збіраліся ехаць у Загорск. Чакалі толькі Горавай, якая нешта спазнялася.

Дзень выдаўся ясны і празрысты для сярэдзіны лістапада. Сквер, пабіты ранішнікамі, толькі сям-там трапятаў паасобнымі, счарнелымі ўжо, лісцямі. I ўмыта, прасветлена-сумна ляжала над белымі лужынкамі, над пацямнелымі з сонечнага боку храпамі шэрай мёрзлай зямлі, над нежывымі дрэвамі халоднае блакітнае неба.

У Андрэя было нялёгка на душы. Нялёгкай была нядаўняя гісторыя з Ірынай, шкада было Ганны.

— Дзень добры, Андрэй, — нечакана сказаў за спіной яе голас.

Яна стаяла і даволі суха глядзела на яго. А поруч усміхалася з-пад капюшона канадскай блакітнай куртачкі сумнае і вельмі прыгожае аблічча Ганны.

— Вось, — сказала яна, — угаварыла мяне Ірына. I чамусьці мне захацелася кінуць нават тэрміновую работу. Гары яна ясным гарам! Дзень які, Андруша!

Горава глядзела на яе пяшчотна і насцярожана. Злёгку насцярожана і вельмі пяшчотна.

— Я даволі лёгка ўгаварыла яе, — сказала яна.

— Ну і добра, — сказаў Андрэй. — Ах, дзень які!

— Давайце па машынах, — сказала Галіна Іванаўна. Андрэй прапусціў жанчын. Потым, разам з Вайвадсам, палез у аўтобус.

— Браты-разбойнічкі, - прабурчаў за іхняй спіной Стаўроў. — Ушкуйнічкі. "Сарынь на кічку"…

Прабурчаў амаль тыя словы, што сказала Ганна, і гэта было непрыемна. Стаўроў наогул быў непрыемны Андрэю. Дабра складзены, трохі грузлаваты, з сівеючымі ўжо валасамі, з халоднымі вачыма за шклом акуляраў, з неяк непрыстойна, трохі па-бабску, прыгожым абліччам.

I горш за ўсё было тое, што завуч паслала Андрэя ў будынак з нейкімі паперкамі, а калі ён вярнуўся, Горава сядзела ўжо ў атачэнні другіх. Справа ад яе сядзеў Стаўроў, злева — Харунжы, данскі казак з вострымі вачыма і вострым тварам. У гэтага ўсё было вострым, нават характар, неўтаймаваны, шальны, рэзка-разумны. Ён мог цэлую гадзіну гаварыць лухту, а потым кінуць нешта такое, чаго і Саламон не сказаў бы.

Яшчэ ў дзевятым класе, — а было гэта ў канцы трыццатых гадоў, - ён трапіў некуды на Інту: хацеў "адарваць Дон ад Расіі". I вось выстаяў, і быў, нягледзячы на ўсе свае Адысеі, такі гарачы, што ў спрэчках яго з Андрэем ад абодвух ляцела пер'е.

Супраць яго Андрэй нічога не меў, а вось Стаўроў… Той і тут адразу пачаў з удаванай — а можа, і сапраўднай — тупасцю пытаць Ірыну "како веруе", плявузгаў нешта пра хазараў і вялікае перасяленне народаў. Вельмі хацелася надаваць яму каленкай пад зад. Аўтобус бы вельмі здзівіўся. Але цывілізаванасць не дазволіла.

Расчараваны Андрэй сеў поруч з Ганнай, даволі далёка ад Горавай, і стаў глядзець у акно.

Дзень быў цудоўны, а дарога зусім хуткаплынная. Паабапал стаялі пустыя і прасторныя, як храмы, лясы, кранутыя лёгкай сівізной трывалага ранішніка (такога, што і за дзень можа не заплакаць). А пад дрэвамі была прыпудраная срэбрам, хрумсткая на выгляд трава. Усё было добра, нават лёгкі пах гною з раскрытага сілоснага капца ў вёсцы, дзе на хвіліну спыніліся.

Цякла нейкая няспешная, вельмі разумная і цёплая размова з Ганнай. Ён не запамятаў з яе амаль нічога.

Толькі аднойчы яны разам прыпалі да шкла, так блізка галовамі адзін да аднаго, што Андрэй адчуў бязважкі дотык пасмы яе валасоў да сваёй скроні.

— Глядзіце, — чамусьці шэптам сказала яна.

Па залітай халодным сонцам руні, быццам закутай у блакітнае срэбра, раскрыліўшы вушы, гнаў зайца палымяны ірландскі сетэр, палымяны, як стручок чырвонага перцу.

I быў у гэтым такі імпэт, такая першабытна-звярыная сіла і радасць, што аж перахапіла подых.

— Як думаеце, дагонiць? — спытала яна.

Ён ведаў, якога адказу чакае яна:

— Ну вядома, не. Куды там. Яму гэта што — размінка. А таму справа жыцця. Дый, не ягоная, не рыжага гэта справа — ганяць.

А Ірына ўвесь час была спакойнай і халоднай, ані разу не затрымала на ім вачэй. Так, суха прабягала позіркам. I ад срэбнага дня і ад яе халоднасці ў душы нараджаўся нейкі лікуючы адчай.

"Д'ябал з ім!"

Потым з ружовага марознага дыму ўзнік Загорск — барвяны, залаты, стракаты, юонаўскі, глазурны, як пернік. Увесь як цяжкаватая, трохі гнятучая казка.

Так, гэта не Нерль. Там усё было — вясна, біццё, тут — усё ўлада, багатая крывёй.

Ірына старалася трымацца далей ад яго. Увесь час далей і ўвесь час поруч са Стаўровым. I ўрэшце Андрэй нават неяк прымірыўся, што яна далёка, што яна не чуе яго пытанняў або адказвае на іх двума словамі, быццам шэлег старцу кідае. Прымірыўся і стаў хадзіць з Ганнай, перабольшана мяккім тонам размаўляць з ёю. А сам, увесь напружаны, адчуваў, што гэты дзень скончыцца грандыёзным скандалам.

Шкадаваў толькі Ганну. Добрая, ружовая, з марозу, яна ўвесь час казала нешта таксама добрае:

Поделиться с друзьями: