ЖАНРЫ

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:

— Ну што вы заўважаеце ў каханай?

— Усё.

— Не. Нічога, Зусім нічога. Калі пачынаеце заўважаць нешта — гэта ўжо канец.

Яна спынілася ля вялізнага шэрага будынка. Стаў і ён.

— Вы не заўважаеце нi майго вялiкага рота, нi худых плячэй — нiчога. Вы загiпнатызавалi сябе, Андрэй.

Ён стаяў, упарта, па-бугаінаму, нахіліўшы галаву:

— Напляваць. Я ведаю толькі, што для мяне ўсё гэта падстава, каб захапляцца.

У яе вачах зноў быў той разгублены выраз боязі чагосьці і цягі. Але яна хутка справілася.

— Проста вы там у сябе рэдка бачыце такіх жанчын. Вы ведаеце толькі мяне і таму перабольшваеце мае сціплыя добрыя якасці. А такіх, як я, — тысячы. I калі вы зведаеце гэта асяроддзе — я паблякну сярод іншых і застануся звычайнай шэранькай жанчынай… Замужняй… Чужой… I вы забудзеце мяне.

"Вось яно, — штурхнулася ў галаве Андрэя, — падрыхтаванае".

— Зойдзем, — сказала яна.

— Не пайду… — змрочна сказаў Андрэй,

— Але я зайду з вамi, хоць буду нядоўга.

— Вы абяцалі аддаць тэты вечар мне.

— Нечакана з'явіліся справы. А я не хачу, каб па маёй правіне вы сумавалі цэлы вечар.

— Не.

— Ну… я вас прашу.

Андрэй акінуў яе постаць і цяжка ўздыхнуў:

— Добра. Толькі… ведайце, я знаю, нашто вы гэта робіце. I не ўхваляю.

Яна ўздыхнула нават з нейкай палёгкаю. Абое зайшлі ў пад'езд, падняліся на трэці паверх. Аксамітна праспяваў званок.

За дзвярыма чуліся мяккія спевы. Потым крокі. Потым ляснуў замок.

— Арынушка, — сказаў незвычайна пявучы голас. — Бог мой, заходзь. Заходзьце.

У прыхожай было цёмна, відаць, назнарок, і Андрэй не бачыў той, што адчыніла дзверы. У паўцемры ён адчуваў толькі шолах убору і гаркаваты пах нейкай невядомай парфумы, чуў толькі, як сяброўкі пацалаваліся.

— Андрэй, — сказала Горава, — гэта Ганна. Я яе выдам: яна мне ўсе вушы пратрубіла: «пазнаём» ды «пазнаём». Знаёмцеся.

У поўнай цемры Андрэй працягнуў руку, i тут раптам, быццам сам сабой, пачаў налiвацца вадкiм святлом матавы шар пад столлю.

Але перш чым убачыць, ён адчуў у сваёй руцэ моцную і вузкую руку гаспадыні, асабліва цёплую пасля знадворнага холаду. А калі ўбачыў — веі яго здрыгануліся. Перад ім стаяла нешта такое, што можна пабачыць… ды не, бадай, нідзе і нельга было такога пабачыць.

Валасы гаспадыні былі заплецены ў касу таўшчынёю з руку. Залацістыя, з адлівам у пшанічны колас, яны высокай каронай ляжалі на галаве. I амаль неверагодным пры такіх валасах быў янтарны румянец скуры, смаляныя бровы і чорныя вочы пад доўгімі, як стрэлы, веямі, такія чорныя вочы, што зрэнкі амаль зліваліся з райком.

"Напэўна, дурніца, — груба падумаў Андрэй. — Такая прыгажосць не можа быць разумнай".

— Мастак, — сказала Ірына.

"I тут пэўна нічога не разумее, — быццам назнарок падумаў Андрэй. — Жыве каля мастацтва ўвесь век, як кот з Трацякоўкі".

А на вуснах гаспадыні — ах, як яны былі абрысаваны! — з'явілася нечакана ласкавая, пры такіх жорсткіх зрэнках, усмешка.

— Распранайцеся, Андруша… Дапамажыце Ірыне. Ах, як добра, што зайшлі, госцейкі вы мае.

— Я не магу, — сказала Горава, — я павiнна бегчы.

Так, поруч з гаспадыняй яна здавалася чымсьці накшталт Золушкі Але Андрэй усё адно зірнуў у яе адразу паспакайнелыя вочы з выразам чалавека, якога пакінулі ў палонцы.

"Завабілі, - сказаў яго позірк, — кінулі, падманулі".

"Ну і добра", — адказаў яе позірк.

I тады Грынкевіч з невыразным пачуццём крыўды пачаў скідадь паліто.

— Бывайце, — сказаў ён.

Ляснулі за Ірынаю дзверы. А шчокі Андрэя гарэлі, ці то з марозу, ці то ад сораму. I адначасова нараджаўся недзе гнеў.

— Які вы румяны, — сказала Ганна. — Проста як макаўка.

— Я правiнцыял. Мне належыць быць румяным i немудрашчым, як калатоўка. Або як граблi.

Зрэнкі яе пашырыліся:

— Прычэсвайцеся. Хадзем.

— Я правінцыял. Мне. належыць быць бахматым, як стог.

— Які вы правінцыял, — усміхнулася яна. — Вы проста акварэльны хлопец…

Яна разумела яго стан. Андрэй ведаў гэта, — але гэта яму не падабалася.

— Гэта звонку, — казаў ён дзёрзкасці далей, — а ў душы я лубачны… Такі сабе купідон з латкамі ніжэй спіны.

Ганна ўзяла яго пад руку:

— А ў душы вы разбойнік. I з'явіліся сюды з набегам. I таму вам нельга пайсці адсюль, не пашарпаўшы нашых душ, без здабычы. Вы ўшкуйнік і вараг, а таму вам належыць ваяваць з разумнымі мужчынамі, а не з паненкай, якая з першага ж погляду здалася вам дурной, аж круціцца.

Андрэй сумеўся.

— Ну пакіньце, — весела і лёгка сказала яна, — я ж ведаю, што вы гэта ў мэтах самаабароны."…вяршка не аддамо".

Андрэй сумеўся яшчэ больш:

— Ды я ўласна нікому нічога.

— Ну вось і добра.

Яна расчыніла дзверы ў вялікі пакой, і адтуль адразу лінуў шум, галасы, музыка вялікай спрэчкі. Акно на ўсю сцяну глядзела ў ноч, ледзь завешанае збітай шторай колеру асенніх лісцяў.

Усё здавалася трохі пабляклым: і штора, і кілім, і стары вельмі добры раяль ля акна. Усё, акрамя пагрозліва яркіх карцін і малюнкаў на сценах, акрамя груба засунутага ў кут мальберта і гранітнай няскончанай статуі чалавека, які імпэтна крочыў проста на Андрэя. Як жывыя, пераліваліся мускулы на нагах, а галава была толькі намечана, быццам сякерай, і гэта надавала чалавеку нейкую пагрозлівую магутную сілу.

— Бацька не скончыў, - сказала Ганна. — Ён памёр год таму. Была б зусім адна, каб не сябры. Лаюцца вось… Кожны вечар за кулакамі свету не бачыш.

На руцэ ў чалавека, як плашч Апалона Бельвядэрскага, вісела чыёсьці паліто. А ля самых ног статуі мірна спаў мармурова-бледны юнак. Спаў, паклаўшы галаву на пальцы гранітнага ступака.

— Бачыце, які Марфей, — усміхнулася гаспадыня. — Гэта Аленін, бадай, лепшы з маладых мастакоў. Горачка маё! Узяў ды падпіты прыцёгся. Няхай праспіцца, не выганяць жа на холад.

Андрэй быў здзіўлены. На стале з ножкамі ў выглядзе гермаў стаяла толькі некалькі бутэлек сухога віна, але застолле выглядала ці то на парах, ці як злёгку ашалелае.

Мужчына артадаксальнага выгляду грузна сядзеў у крэсле, паклаўшы на падлакотнікі страшэнныя рукі. У жорсткіх, як дзікова шчэць, валасах першым снегам легла сівізна.

— Сюррэалізм, ташызм, — басіў ён. — Сорак год падыходзіць ваша новае цеста. А калі ж вы пекчы будзеце? Вы пакуль што толькі і дбаеце пра тое, каб не перабухаць солі або цукру.

Поделиться с друзьями: