— Бачу, — ціха сказаў Яніс. — За месяц, пэўна, і шчасця і гора набраў поўную торбу. Бачу, апавяданне будзе доўгае… Таму давай возьмем па адзінай… Кажы, браце.
— Ты ведаеш, што я сказаў ёй аб усім?
— Так. Бо я паехаў на другі дзень.
Яніс бачыў перад сабою змарнелы твар Андрэя. Нейкі зусім новы, амаль непазнавальны твар, а на ім выраз той мужнасці, якую можыа назваць хіба толькі мужнасцю адчаю.
— Я так і не дачакаўся цвёрдага адказу, — сказаў Андрэй. — Яна кажа, што я неразважлівы, размаўляе са мною пра ўсё, абы не ўспамінаць таго, што было.
Ён усміхнуўся сумнай з'едлівай усмешкай:
— Шырокі дыяпазон. Ад канкрэтнай музыкі да Фрэйда. Ад антыматэрыі да лётаючых талерак.
Яніс сказаў са звычайнай разважлівай самаўпэўненасцю селяніна:
— Канкрэтная музыка — лухта: няма элемента адбору з усіх гукаў свету. I Фрэйд — лухта: іначай Буало не быў бы паэтам. А вось наконт лётаючых талерак — не ведаю.
— Табе гэта ўсё лёгка. А як быць мне, калі я чую такія размовы?
Яніс глядзеў у кут:
— Яна баіцца цябе. Баіцца даць сабе волю.
— Чаму?
— Не ведаю. Магчыма, шкада ламаць уладкаванае жыццё?.
— Хіба гэта сумленна, калі кахаеш?
— А ты менш пытай аб сумленні.
За акном гусцеў прыцемак. Андрэй устаў і рэзка адчыніў акно.
Адразу туман, што грувасціўся на ўзроўні шостых паверхаў, пацёк у пакой. Гэта быў такі туман — падстаў крысо пінжака і пабачыш сотні мікраскапічных крапінак вады.
— Мне дзіўна жыць, — сказаў Андрэй. — Дагэтуль усё было проста. Просты свет. Простая мэта. Простыя жанчыны і вершы. I сам я просты. А тут… Я не ведаю, чытаў я аб гэтым або сасніў у адну з прамінулых начэй… Тут так дзіўна, як у гэтым сне, быццам у Егіпце, у пясках Старажытнага царства адшукалі часткі механізмаў, нават кола дыяметрам у адзінаццаць метраў з незямных элементаў. Значыцца, прыляталі, пабачылі, што няма нічога цікавага — і паляцелі… Вось так і з ёю. Быццам зусім іншая, быццам з іншых светаў… Уся блакітная. А я, як той карычневы егіпецкі дзікун…
— Я разумею, — ціха сказаў Яніс. — Так і патрэбна быць. Але да дабра гэта не давядзе.
— Сказаў ёй рэзкасць. Доўга думаў, на каго падобны партрэт зялёнай жанчыны, што вісіць у яе пакоі… Потым зразумеў — яна.
— Зялёная Ірына і фіялетавы Андрэй, — сказаў Яніс. — Ну і што?
— Яна сказала, што такой думкі аб ёй быў мастак.
— А ты?
— Я сказаў, што не дазволю нікому мець аб ёй зялёную думку.
— А яна?
— А яна сказала, што мужу падабаецца. Што гэта ён заказаў партрэт.
— Бачыце, якая неверагодная адчувальнасць?
Андрэй з сілаю згінаў і разгінаў ключ ад пісьмовага стала.
— Я сказаў, што прыхiльна стаўлюся да эксперыментаў, - жорстка вымавiў ён, — але за такi даў бы мастаку, хай сабе ён i iтальянец, па мордзе… Малюйце ў гэтым стылi каго хочаце, нават мяне. Але так маляваць нельга двух чалавек: мацi i каханую… Нiколi мастак, калi ён сумленны, не намалюе партрэт мацi з аранжавых i сiнiх трохкутнiкаў або як там яшчэ. I гэта сведчыць…
Вайвадс перабіў:
— Гэта сведчыць супрапь усіх тэорый… Але ты дарэмна сказаў ёй аб гэтым. Не ўсё можна казаць каханай. А лаяць тое, што ёй даспадобы, — вельмі дрэнны метад спадабацца ёй.
— Гэта яшчэ не горшае… Яна запрасіла мяне на аўторак паехаць з ёю ў Кітай-горад на рэстаўрацыю храмаў. Я згадзіўся, паехаў і…
— I не застаў яе дома. Таму што прыйшоў нечакана муж, або маці мужа, або яе маці… I ты сустрэў там кагосьці іншага. I той іншы сказаў табе, што яна паехала. А ты ўзяў таксі…
— Так, — сумна сказаў Андрэй. — А я ўзяў таксі і паехаў у Кітай-горад, думаючы, што яна не дачакалася. Абышоў увесь раён — нікога… У царкве Анны — нейкая ўстанова. Царква Варвары… ат, ды што там!
— Закуры, — сказаў Яніс. — Я ведаю, табе было цяжка. Хадзіў, пэўна, як ашалелы.
— Так ашалеў, што ў Крывым завулку ледзь пад аўто не падляцеў.
Рука Яніса лягла на Андрэева плячо:
— Глядзі ты прасцей на справу. Яна баіцца, унікае цябе, і гэта дрэнна. Гэта можа не скончыцца дабром… Не прапаноўвай ёй пакуль што пайсці з табою ад мужа.
Андрэй маўчаў. I тады Яніс сціснуў далонямі яго скроні:
— Ты толькі не нарабі глупства, Андрэйка.
— Я кахаю яе, — сказаў Андрэй. — А яна… Я ледзь не памёр у гэтыя дні, Янка. Добра, што ты тут. Мне не так страшна.
Р а з д з е л XVI
ГРУБАЕ I ЛАСКАВАЕ
I. РОЗДУМ
Расплата за ўсё:За чырвоныя макі,За світанне жыцця,За блізкі канец,За тое, што быў,Што смяяўся і плакаў,За тое, што ўсе любілі мяне.За Сірына, што заліваўся ў маі,За лістападаўскі крык крумкача —За ўсё, расплата, цябе прымаюI, сціснуўшы зубы, буду маўчаць.Нішто не суцешыць,Не дапаможа,Таму, што не быў я спакойнай травой,А быў удалым,Як Ян Прыгожы:Ў стрэмя нагой ці аб пень галавой,Аб пень галавой!З парванай папругайКонь самотны тоне ў траве.Спускаецца ноч.I голас другаНе заплача, не крыкне, не пазаве.Я многія вочы і сэрцы трывожыўI толькі перад каханай аднойБляяў рахмана, як агнец божы,Піў з капытка і цягнуўся струной.Я ведаў, што трэба кахаць бязмерна,Што не бiць, а песцiць павiнна рука,Што лепей ягня, чым тхор крыважэрны,Лепей юродзiвы, чымсьцi кат.А яна мне на шыю стужку ўзвязала,Як ягня, барола мяне галавой,I ў кучаравы лоб цалавала,I гадавала зялёнай травой.
II. КАЗКА
Ну сядай, сядай са мной, калi ласка.Навальнiцы песня старая-старая.Слухай казку. Апошнюю казку.Яна на тваiх вачах памiрае.Ў гэтай казцы ялiны лапы схiлiлi.Вiзантыйскi захад у алым дыме…"Зялёная сарока кашку варыла,Зялёная сарока з дурнымi вачыма…"У кулiнарную кнiгу глядзела,Чухала патылiцу драўлянаю лыжкай,I дзеткi кашку да лыжкi з'елi,А нам з табой не далi анi крышкi.Ты смяешся? Такога няма на свеце?Не смейся, любая, свет шырокi.Мы з табою толькi дурныя дзецi.Нам добра з гэтай чубатай сарокай.Сарокi розныя рэчы крадуць,I, можа, ў гняздзе яе, з золатам поруч,Ляжыць каханне, святло i радасць,Што прынесла сарока з-за сiняга мора.Аддайце, сарока. Няма ўжо сiлы.Яна ж не кахае мяне, хоць зарэжце.. . . . . . . . . . . . . . . .Дай я цябе пацалую, мiлая.А каша?Чорт з гатай кашай, нарэшце.
III. СТРАШНЫ СУД
Якiя страшныя, шэрыя днi!Апоўдзень — вячэрнi змрок.Без цябе, без сонца, без цеплыні.Ў сэрцы — боль, на вуснах — замок.Імжэў у чацвер халодны дождж.Я ў ложак лёг і памёр.Праляцеў праз туман, праляцеў праз буранI пабачыў ільдзінкі зор.Мае павекі цяжкімі быліАд непралітых слёз.За мною былі абшары зямлі.Наперадзе — быў Хрыстос.I д'ябал сядзеў ля ног ягоНа вугалях залатых,I на ляжках калматых ляжала ў ягоКніга грахоў маіх.Уладзiмiр злева стаяў у карзне,Справа — мацi Хрыста,I яны загадалi наблiзiцца мне.I я перад тронам стаў.Памiж богам i мною стаяла сцяна.Я на жанчыну глядзеў,Мне здавалася: гэта стаiць яна,Лепшая з лепшых людзей.— Любая, што вы са мною зрабiлi?Чым асудзiлi на страшны канец?Чым варажылi, чым апаiлi,Чым, дарагая, забiлi мяне?Трызнiцца ўсё мне лiловы вечар,Вашы сляды на лiловым снягу.Нават цяпер я чакаю сустрэчы,Нават мёртвы без вас не магу.Думаў, што ёсць забыццё у смерцi,I зноў папаў у квітучы твой сад.Вазьмі маё сэрца,Вазьмі маё сэрца,Вазьмі майго сэрцаЧырвоны гранат.— Досыць, — з усмешкай сказаў Сатана, —Ты не змянiўся, герой.Замест таго каб малiць i стагнаць,Ты ўпадаеш за жонкай чужой.Занядбаў ён, божа, твае дары,Талент развеяў, як дым,Ён гарэлку піў, ён кахаў і курыў,Брыдка лаяўся ў доме тваiм.Воласа не аддаў за багоў,Нюхаў дно ў бакалах, як Ной,I нават памёр ад кахання свайгоДа зямной жанчыны адной.Ты даў зямлi дзiўных песняў сям'ю,Ты арган стварыў для яе.Ён мог грымець у славу тваю,А славiў адну яе.I ён самачынна арган паламаў,I песня знiкла з мяхоў,I ў кнiзе чыстага месца нямаАд яго бясконцых грахоў.— А ён малайчына, — Ўладзiмiр сказаў, —Любiць песню i сечы дым.Гусляром бы яго я ў дружыну ўзяў, —I стаў бы Царград маім.— Я ведаю, — вымавiў рот Сатаны, —Што ты баранiць яго рад.Ты такi, як ён, ты — певень дурны,Да крыжа меў трыста дзяўчат.— З табой, Сатана, распраўлюся я,Як мой дружыннік ІльяРасправіўся з багамерзкай дачкойРазбойніка Салаўя.Выспятак суну табе пад зад,I будзеш ведаць тады,Што ўзялі маіх цёплых грэшных дзяўчатУ светлага рая сады.— Панове, тут дама, — ўзмаліўся бог, —Бярыце рот на замок.А вы, маман, прыпадаю да ног,Не рэгардэ ў той бок,Як мне з такой камарыльяй жыць?Лаюцца, бы ў піўной.А ты… ты апошняе слова скажы,Апраўдайся перада мной.— Любая, што вы са мною зрабiлi?Чым асудзiлi на страшны канец?Чым варажылi, чым апаiлi,Чым, дарагая, забiлi мяне?Трызнiцца ўсё мне лiловы вечар,Вашы сляды на ліловым снягу,Нават цяпер я чакаю сустрэчы,Нават мёртвы без вас не магу.I адказ. Цішэй скрыпічнай струны.Голас мацi Хрыста i маёй:— Ён кахаў, і за гэта палову віныВыкраслі з кнігі сваёй.I душа яго была, як паліЎ сонечнай майскай расе.Ён кахаў прыгажэйшую на зямлі, —Выкраслі віны усе.Ён так кахаў, як ніхто з мужчын.Свет паклаў на каханай далонь.Жанчына я і стаю за жанчын.Кідай лісты у агонь.А ты, што душы можаш будзіць,Ты, шалёная галава,Уваскрэсні, на людныя вулкі ідзі,Грашы, суцяшай, спявай.Ёсць на свеце гор і лясоў краса,Акіянаў сіняя соль.— Але я не хачу, не хачу ўваскрасаць.Там боль!— I тут будзе боль.Забыцця ў каханні і смерць не дае…— Там змрок!— I тут будзе змрок.— Там яна!— А тут не будзе яе.Ёй горка,Вярнiся, дружок,Помніш?"Што вы са мною зрабiлi?Чым асудзiлi на страшны канец?Чым варажылi, чым апаiлi,Чым, дарагая, забiлi мяне?Трызнiцца ўсё мне лiловы вечар,Вашы сляды на ліловым снягу…"— Досыць!Хоць бы адну сустрэчу!Ўваскрасiце!Вярнiце!Я не магу!
IV. ГОРАД I ЗАВУЛКІ
Зараддзе. Будоўля. Магутныя краны.Электразваркі мёртвы агонь.Звініць у свежых цагляных ранахПерфаратараў гучная звонь.Бураць дамы. Для кіно раскоша:На руіне вісіць чыгунны ліхтар,Пад нагамі разбіты латок кніганошыI сарваная «выбухам» шыльда «Бар».Раяль бутафорскі вісіць ца калоне(Усё зрабілі, як на вайне),I струны, як змеі Мядузы Гаргоны,Свiсцяць на вятры i ловяць мяне.Я ўваскрэс, але я гару, як салома,На якую вецер іскру нагнаў.Пажар у шэрым каменным доме:Дым укрывае пляц Нагіна.Крывы завулак.Царква Варвары,Ліпучы брук і вугальны дым.Ва ўсіх дамоў непакояцца твары:."Чаму ён такі?Што здарылася з ім?"Завулкі, завулкі, завулкі змяяцца,Усе падобныя, шэрыя ўсе,I я падобны на лісцік акацыі,Што вецер цяснінамі вуліц нясе.Я хацеў бы рухаць пачварныя краны,Класці цэглу.А сам не магу стаяць.Закон бы выдаць, каб закаханыхЗа сабатаж — без жалю страляць.Людзі ў завулках, людзі ў кватэрах,Людзі ў вокнах.I ў гэтых людзейШчасце без меры i гора без меры,Змрок безнадзейнасці, сонца надзей.Інвалід бязногі спрытна і ўмела,Падабраўшы раменьчыкам чуб з ілба,Ладзіць абцасікі туфлікаў белых,У якіх дзяўчына пойдзе на баль.Флюгер — леў на баярскіх палатах —У дзённым прысмерку цьмяна згас.Плача дзяўчо за шклом аўтамата,I трубка каркае ёй у адказ.Я б не дазволіў, каб горкія слёзыПроста да трубкі з вачэй цяклі.Яны ж —нават моцныя —трошкі мімозы.Iх трэба любiць на гэтай зямлi.Каб мая жанчына мяне пакахала,Я б не каркаў, як гэты прывык,А здарыцца так, што слова сарвалася, —З коранем выдраў бы свой язык.Не пакахае.Не можа.СвітаннеНе прынясе мне новых надзей.Але ёсць яно,Але ёсць каханне, —I люблю я большЗямлю і людзей.Больш ні ў чым на зямлі мне няма патрэбы:Толькі б шчасця болей яе сынам,Больш любві, пяшчоты, сумленнага хлеба,Менш хлусні, менш свінцу, менш агню палям.Толькі б хлопцы былі да дзяўчат, як ветрык,А дзяўчаты да хлопцаў, як сонца, былі.Толькі б мукі зямлі ў зямныя нетрыРазам з целам маім навек адышлі.Толькi б душы свяшчэнным гарэлi знiчам…I яшчэ адно,I гэта канец:Калі ты мяне ў бой за сябе паклічашI заглянеш пажарамі ў вочы мне, —Я пайду на гэта з такім жаданнемI з такою гарачаю верай зямной,Як ляцеў у асенні дзень на спатканнеЗ жорсткай, светлай, добрай, харошай маёй.Ўсіх Святых на Кулішках храм занядбаныПоруч з плошчаю і тытунёвым латком.Памалюся ў ім аб смяротнай ранеI аб мужнай славе перад канцом.Аб трывожнай, крывавай, застрашлівай доліПапрашу перад тым, як кiнуцца ў бой,Перад страшным полем, смяротным полем,Куліковым полем любові маёй.