ЖАНРЫ

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:

Некалькі чалавек, седзячы вакол, слухалі шчэцістага, а насупраць яго стаяў на падэсце — на крэсле натуршчыцы — худы юнак з прыгожым нервовым тварам і гарачыўся:

— Не прыпісвай мне ташызм!.. А што да цеста, дык гэта ты, гэта Юпіцеры ад мастацтва перашкаджаюць нам. На дзесяць год замарозілі цеста, а цяпер раз-пораз штурхаеце. А цеста не любіць штуршкоў.

— Гэта ўсё інтэлектуальны снабізм, — басіў грузлы.

— У нас снабізм. А маляваць бяздарныя фотапартрэты — гэта не снабізм? I яшчэ горшы, бо кан'юнктурны снабізм.

— У вас кар'ерызм і зайздрасць да «абоймы».

— Не скажы, — іранізаваў юнак. — Добрую мы кар'еру зрабілі. А зайздросціць няма чаго. Старцам не зайздросцяць.

А ўбаку сядзеў насупраць гожай, зусім маладзенькай дзяўчынкі хлопец у акулярах з сумным прасценькім абліччам і казаў:

— Самае лепшае там — лотас. Гэта трэба самой бачыць. Тоўстая сцябліна, і на ёй, адарваўшыся ад смаляной гразі, вырастае масляністая, ружова-белая раскоша.

Дзяўчынка глядзела на яго спуджанымі спачувальнымі вачыма, раз-пораз кранала яго руку і ўмаўляла:

— Не скручыньвайся ты так. Не вартая яна. Не трэба.

Ганна ўсміхнулася Андрэю.

— Не бойцеся цыганшчыны, — сказала яна. — Гэта ўсе добрыя хлопцы. Проста патроху развіваюць лёгкія… Знаёмцеся, хлопцы, гэта Андрэй Грынкевіч.

Упала цішыня. Потым грузлы падаў Андрэю руку.

— Чулі. Гэта не вам давалі гэткага здаравеннага выспятка ў пяцьдзесят шостым? — I адрэкамендаваўся: — Яхненка.

— Мне, — сказаў Андрэй. — Нічога, і спіна і іншае, усё на месцы.

— Чулі, а зараз бачым і суцяшаемся, — хітравата ўсміхнуўся нервовы юнак. — I яшчэ тое-сёе ад кагосьці чулі… Я Пятроўскі.

Аленін, відаць, пачуў нешта праз сон, адарваў ад п'едэстала шчаку, на якой чырванеў, як поўха, выразны адбітак гранітнага ступака, і сказаў са змрочнай іроніяй:

— Узыходзячы Купала…

— Спі ўжо, узыходзячы Рэпін, — сказала яму Ганна.

— Не абражай, — сказаў ён. — Я позні Рэпін з ліловымі запарожцамі. А спаць — я магу. Хто спіць, той не піша карцін. I вершаў не піша. Не грашыць.

I, апусціўшы галаву, зноў заснуў сном немаўляці.

— Пакіньце спрачацца, хлопцы, — сказала Ганна. — Што, сапраўды? Як сыдуцца, так і за лаянку. Лепей спявайце. Зайграў бы што, Петрык.

Хлопец у акулярах сапраўды сеў за раяль. Пятроўскі, якога, відаць, цягнула да розных нязручных месцаў, сеў на раяль, выцягнуўшы ногі і абапіраючыся рукамі, адведзенымі за спіну!

— Бачыце вы, Іда Рубінштэйн, — кінуў яму Яхненка, усё яшчэ злосны пасля маральнай лазні. — Пачак, і з яго чатыры запалкі тырчаць.

— А ты архiдыякан, — сказаў з кута нехта. — Ты метафiзiк i кiруючы жораў на балоце мастацтва.

Яхненка шчыра і горача зарагатаў.

— Пляханава начытаўся, — са з'едлівай усмешкай сказала ў кут Ганна. — Глядзі, застанешся са сваёй навукай у дзяўкох.

Потым узяла бутэльку віна, дзве шклянкі і панесла ў кут, да глыбокай канапы.

— Сядайце, — сказала яна Андрэю, — калі хочаце, скідайце туфлі.

I сама скінула туфлі, забілася ў зручны куток. Андрэй з мужнасцю адчаю зрабіў тое самае.

— Піце, — сказала яна. — Расказвайце.

Асветлены толькі ніжнім святлом, спяваў недзе далёка раяль. Скупчыліся вакол яго маўклівыя постаці хлопцаў. Петрык граў Мендэльсона, тую самую яго рэч — Андрэй забыў назву, — дзе музыка быццам гаворыць праз светлы сум: "Нічога не зробіш".

— Ну, — сказала Ганна. — Што там дзеецца?

Непадалёку ён бачыў цяжкую, як золата, карону валасоў і вялікія вочы. Не, ён ніколі яшчэ не бачыў такіх прыгожых жанчын.

— Што расказваць? — сказаў Андрэй. — Я сапраўды правінцыял. Мы дагэтуль ваўчынага хваста баімося.

— А яны? — сказала яна. — Самыя таленавітыя з іх таксама прыйшлі з правінцыі. Лоск набыць лёгка. Вось і вы яго ўжо набылі. Толькі вам патрэбен апошні штрых. Баскскі берэт. З заломам налева. Ці направа? Не, лепей вам направа. Ды гэта глупства… Правінцыя!.. А правінцыя прыносіць сюды свежую кроў. I нейкае асаблівае сумленне, асаблівую цэльнасць мастака. Часта — талент. Сапраўдны талент, а не выкшталцонасць, як кажуць палякі.

Андрэй зірнуў на карціну, што вісела над іх галовамі. На карціне віхура стракатых, чырвоных з золатам лісцяў закруціла жанчыну з закінутым тварам. У гэтым смерчы ледзь вымалёўвалася яе постаць, але вочы глядзелі наўскос, паўзверх галавы гледача, цёмныя, пашыраныя. А павекі былі чорныя, і горка быў сціснуты гожы рот.

— Вы рабілі, - сказаў ён, узрушаны. — А кажаце: "талент правінцыі".

— А хіба гэта можна параўнаць з работамі бацькі? — сказала яна. — Той быў вялікі скульптар. I наогул… нешта робіцца на свеце. Бо сапраўдныя мастакі павінны быць настаўнікамі жыцця, а зараз многія толькі разнастайна «наддаюць». Той малюе блакітных балерын, той — сплаўшчыкаў — ружова так малюе, а той — сцэны ў шахтах, быццам гразёю.

— Ваш бацька быў з правiнцыi?

— Так. А маці ў мяне была полька. Самая прыгожая жанчына ў свеце. Яна памерла, калі мне было сем год.

— Цяпер я ведаю, адкуль вы такая. Мужчыны-палякі рэдка бываюць прыгожымі. У іх проста разумныя,

характэрныя твары. Але жанчын такіх няма нідзе на свеце…

— Кіньце. "Сыны Будрыка" столькі іх панавозілі з Польшчы на сваю радзіму, што зараз, мабыць, шукаць трэба ў вас.

— Значыць, мне не зусiм пашанцавала.

Запанавала маўчанне. Толькі Петрык граў. Цяпер — "Смерць Азэ".

— Маленькія гарадкі, - сказала яна. — Маці ніяк не магла прызвычаіцца да Масквы. I я. У нас быў такі снег у кветніку. Гурба была высокая, закручаная, як жамчужніца. I ў закруце снег быў перламутрава-ружовы. Бо адбіваў агеньчык з акна. Там было добра. А тут увесь час людзі, акрамя тых пяці гадзін, калі працую. Абрыднуць — іду ў пакойчык і замыкаюся.

— Там вы жылі?

— Так. А тут толькі мастацтва. Я і сама апошні час не ведаю, каму яно патрэбна, як ісці, каб быць патрэбнай? Блукаю, як у лесе. Зняверылася. Плюнуць бы на ўсё, знікнуць, жыць у якім гарадку. Падлога дубовая, аж вылізаная… Цёплая. Чыстая.

— Што ж вы, — сказаў Андрэй. — Няўжо толькі мастацтва. Пры вашай прыгажосці вам бы пакахаць трэба. Патрэбен спакой, добры муж. Дзеці.

— Што вы, — усміхнулася яна. — Я для гэтага занадта добра ведаю людзей.

— Гэта праўда. Я павінен прызнацца: вы здагадаліся, што я думаў аб вас.

— Гэта пра мае разумовыя здольнасці? Я не крыўдую. Вы ж, мабыць, ужо трохі пераканаліся ў адваротным?

— Так. Але як вы?..

— Я часта чытаю думкі людзей. Бо ведаю іх.

— I гэта перашкаджае вам у шчасці.

Поделиться с друзьями: