Ля аднаго вогнішча
Шрифт:
У другім зборніку знаходзім парасткі ўмоўна-асацыятыўнага мыслення:
Недапетая песня ляжыць ля магілы Акрываўленым жвірам…Паэт усё часцей звяртаецца да ўмоўнасці. Скажам, у падыходзе да тэмы космасу. Тады чалавек рабіў першыя крокі ў касмічную прастору, пачынаў інакш, чым раней, глядзець на Месяц і зоры. І гэта падзея не магла не адбіцца ў паэзіі: паэты імкнуцца па-новаму ўбачыць свет і асэнсаваць ролю чалавека ў ім. З чым толькі не параўноўваўся Месяц — з шабляю, бубнам, падковай, — Свірка знаходзіць свае словы:
…мне здаецца Месяц Тонкай дужкаю, Якой пабочны выдзяляюць сказ. За гэтай дужкай — Многа тайнаў месціцца, Іх за адно жыццё не разгадаць. І варта жыць, Каб неба ўсё — ад Месяца Да самых дробных зорак — прачытаць.Пазней «касмізм» у яго набудзе нейкія новыя, вельмі зямныя, звычайныя рысы: «Не, зусім мне гэта не здалося: Саўгануўся ў высі Млечны шлях. Нібы лодка на пясчаным плёсе, мякка захісталася Зямля». Паэт раскажа пра сваю «захопленасць зорамі» і неадступную любоў да зямлі:
Перад ёю пакорна схіляюся. Пазычаю святло у бяроз. Я — атожылак долі сялянскай — Ад яе, як ад маці, адрос…«Схіляюся — сялянскі» — у асэнсаванні жыцця прымае ўдзел нават рыфма.
Аднак паэт імкнуўся не толькі «апісаць» свет, зарэгістраваць усё новае. Ён усё больш пераконваўся, што аснову індывідуальнасці складаюць сацыяльныя, маральныя рэсурсы, якія ў яго маюцца і якія неабходна выразіць у непаўторна-асабістай форме.
Трэцяя кніга — «Баравіна» (1967) — паказала, што ён хоча разабрацца ў складаных з’явах сучаснага жыцця, паяднаць у сваім разуменні свету сучаснасць і будучыню. Дзеля гэтага ізноў звяртаецца да ўмоўных сітуацый.
Хачу прачнуцца я Праз сотні год, Паслухаць траў і ветру шапаценне. Хачу я толькі на адно імгненне Паслухаць, Як жывеш ты, мой народ… Калі пачую: Ты жывеш народ (Па голасу пазнаю беларусаў), Тады спакойна на пагост вярнуся І зноў засну — На сотні тысяч год.Я не назваў бы гэты верш удалым: думка выказана наіўна і залішне прамалінейна, хаця і шчыра. Таксама штучна выглядае ўмоўнасць і ў вершы «Вячэрні эскіз»:
У грубцы дровы аж гудуць, гараць. Я вечарам адзін сяджу ля грубкі. Здаецца, Што выходзіць з дроў зара І на мяне глядзіць, як на парубшчыка.Аднак і першы і другі вершы сведчаць, што ў паэта адбываецца працэс удакладнення, так сказаць, маральных каштоўнасцей.
А вось новая для Ю. Свіркі інтанацыя. Новая і, здаецца, адзіна магчымая ў гэтым вершы:
Я ў дарозе не падбіўся, Заскрыпелі палазкі. І адкуль вы узяліся, Падвязіце, леснікі! Можа, годы мы дагонім, Маладзіцца чалавек! Як жывое дзіва — коні У стальны касмічны век.У «Баравіне» ўзрушвае маральная вастрыня паэтычнага ўспрымання рачаіснасці, адчуванне адказнасці за сказанае слова, за «пасаду» паэта. Думка аб тым, што верш паэта — яго грамадзянскі ўчынак, не новая, але заўсёды надзённая. Для Ю. Свіркі яна становіцца прынцыповай і знаходзіць выяўленне ў лірыцы. Гаворачы пра сваю пашану да вёскі, ён знаходзіць тут свой «ракурс». Любоў павінна правярацца справай. Скажам, напіша паэт пра «маляўнічасць родных краявідаў», а нехта з землякоў спытае: «Навошта ж ты ад нас, сынок, паехаў, калі ў нас такая прыгажосць?»
Верш, інакш кажучы, абавязаны пераконваць і духоўна, і эстэтычна. Дзеля гэтага, відаць, павінна ўмацоўвацца філасофская, светапоглядная аснова паэзіі, трэба паглыбляць праўду жыцця.
Да «вясковай» тэмы ў нас звяртаюцца многія, аднак нярэдка яна трактуецца без апоры на агульнаграмадскую аснову. Ю. Свірка, знаўца вясковай рэчаіснасці, меў падставы з гэтай нагоды сказаць, што «часта ў творчай практыцы з сапраўднай баявітасцю і натуральнасцю паэзіі мяжуецца „асцярожненькая гульня ў смеласць“. Гэта нараджае вершы-загадкі са шматзначнымі намёкамі…» Разважаючы пра лёс вёскі, ён сцвярджае чалавека цэласнага, вернага бацькоўскім запаветам, вернага сабе. Сустрэўшы ў горадзе маладых сваіх землякоў — учарашніх школьнікаў, паэт не можа не папракнуць іх, хаця б у думках: «У школе ж на „пяцёркі“ сачынялі: „Люблю цябе, бацькоўская зямля“».
Паэт — за натуральнасць, ён шукае…
У «Баравіне» знаходзім выдатны верш «Маці раніцу будзіць», які перадае паэзію вясковай раніцы з усімі яе бытавымі рэаліямі:
Спатыкаецца ў зрубе Вядзерца заспанае І нырае ў ваду — У крышталь трапяткі…Бытавое не зніжае каэфіцыент абагульнення: дрэва жыцця ўяўляецца яму так: «карэнне жывучае — вёскі, а пышная крона — сталіцы…» («Дрэва жыцця»).
Разам з тым у «Баравіне» трапляюцца і вершы слабыя, малавыразныя на думцы («Ты, сонца…», «Кранеш умела ты струну…», «Жывая пліта»).
Часам асэнсаванню прыродных з’яў не хапае глыбіні і разумення іх натуральнасці. Убачыўшы на абочыне шашы гіпсавых мядзведзяў, што дастаюць з калоды мёд, паэт напісаў верш «Пчаліны гуд у ліпах тоне недзе», у якім абрушыўся на мядзведзяў, асудзіў мядзведжы «вякамі неапраўданы разбой», з-за якога церпяць пчолы. І ўсё без ценю жарту. Хочацца спытаць: ці варта траціць з такога выпадку столькі эмацыянальнага запалу? Здаралася і так, што паэту не ставала густу — парушалася пачуццё меры:
Хаджу ў кіно я не адпачываць. Не слухаць гул снарадаў і зенітак,— Здаецца, Што прыходжу падбіраць Параненых, кантужаных, забітых.Наўрад ці трэба так услых гаварыць пра сябе.
Усё гэта, думаецца, выдаткі пошукаў, недахопы, якія ішлі, як ні дзіўна, ад жадання выказацца найбольш поўна і дакладна, пазбавіцца драбнатэм’я.
Нярэдка здараецца так, што паэты зноў і зноў вяртаюцца ў сваіх перажываннях да тых падзей, пра якія ўжо пісалі. Яны быццам бы перапісваюць саміх сябе. І гэта, думаецца, натуральна. У паэзіі такое бывае — мастак, на новай аснове, на новым вітку пазнання — успамінае пражытае і перажытае… «Гара майго дзяцінства паніжэла», — гаворыць ён у адным з вершаў. Але, нягледзячы на гэта, «адсюль убачыць можна Казбек свой, і Эльбрус, і Эверэст». Важна, якая гэта духоўная, маральная вышыня!
Да цыкла вершаў «Падсочаная сасна» («Баравіна»), у якім аўтар гаворыць пра лес як пра катэгорыю духоўную, ён узяў эпіграф з М. Танка — «Лес мой шумны! Можа нікому я столькі не вінен, як табе…»
Лес мой, бог мой! Мы разам з табою калелі. Пашчапаны, паранены ты Той апошняй вайной…Сасна здаецца яму нечым падобнай да зеніткі.
У творчасці Ю. Свіркі гучыць любоў беларуса да лесу, любоў не толькі гаспадара, спажыўца, але і чалавека, для якога лес — крыніца эстэтычнай асалоды, летапіс яго жыццёвага лёсу. «Многім я абавязаны лесу, — прызнаецца паэт у аўтабіяграфіі,— ён заўсёды неадступна ішоў са мною. І мне хочацца думаць пра яго, гаварыць з ім як з чалавекам, услухоўвацца ў яго голас і настройваць свае думкі на яго вольны спеў».