Ля аднаго вогнішча
Шрифт:
Беларуская паэзія здаўна славілася сваімі ўстойлівымі эпічнымі традыцыямі, пачатак якім паклалі народныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», а таксама творы Ф. Багушэвіча і В. Дуніна-Марцінкевіча. Нельга не прыгадаць таксама ў гэтай сувязі імёнаў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Чарота, многіх іншых і, магчыма, у першую чаргу А. Куляшова, дасягненні якога ў галіне эпічна-паэмных форм асабліва ўражваюць.
Што ж новага адкрыў, ідучы па ўжо традыцыйнаму шляху, В. Зуёнак?
Адным сказам ці абзацам тут не адбудзеш. Пачнём з таго, што яго паэма — пры ўсёй сваёй эпічнай заглыбленасці — аўтабіяграфічная. Пра сваё перажытае хто лепш раскажа, акрамя цябе! «Перадаверыць» гэта каму іншаму цяжка, нават немагчыма. Падзеі ў В. Зуёнка адбываюцца недзе ва ўсходняй частцы Беларусі — у родных мясцінах паэта, вёсцы з абаяльнай назвай Узбор’е.
Палёўка пры лесе — Узбор’е — Вёска — сорак двароў: На захад — жытное горне, На ўсход — перазовы бароў,—так пачынаецца паэма, у якой аўтар паэтызуе сваё Узбор’е — блізкае яму і бясконца дарагое: «Бываюць жа цуды зямныя! І ёсць паміж іх старана: то баравая заные, то жніўная ў сэрцы струна». Поле і лес — тая сфера жыццядзейнасці ўзборцаў, у якой праходзіла спакон вякоў іх гістарычнае існаванне. Узброены пачуццём свядомага гістарызму, аўтар ідзе да вытокаў — хоча даследаваць карані сацыяльнага і духоўнага жыцця народа.
І тут, у паэме, вельмі шмат лірычных адступленняў, падказаных аўтару ўспамінамі дзяцінства, якія, аднак, не толькі не супярэчаць эпічнаму пачатку, але і паглыбляюць яе праўдзівасць, узмацняюць верагоднасць і цеплыню пачуццяў. Гэта тыповая беларуская вёска, што, як гаворыцца, «спрадвеку жыве з мазаля».
Вяснуецца ў полі з сяўнёю, П’е жніўнем з ламоткіх крыніц І боханам — сонцу раўнёю — Уваходзіць на покут святліц. Ля борцяў узятак цікуе, Румуе калоды на сплаў, Цяслярыць і скрыпкі штукуе — Ніхто не прыліпне да лаў!Звярніце ўвагу на паэтычнае майстэрства, на дакладнасць і ёмістасць слова ў Зуёнка, на сакавітасць пісьма. Ён умее адным штрыхом — праз дэталь, «мікравобраз» — даць цэласную карціну вясковага працоўнага ўкладу. Цудоўна напісаны сцэны ў карчме, перабудова вёскі на новы лад, замалёўкі на касьбе, рытуал вясковай лазні, у якой чалавек выганяе бярозавым венікам хворасць і стому пасля працоўнага тыдня. Паэма — уся! — прасякнута народным духам, ахутана атмасферай фальклорнага сінкрэтызму. У слове паэта спалучаюцца адлюстраванне і выражэнне, паказ і гучанне, думка і пластыка. Зрэшты, у іншым выпадку яму, відаць, цяжэй было б так глыбока пранікнуць у свет народнага жыцця. Ён умее цаніць устойлівыя народныя выразы, у якіх адклаліся цэлыя пласты жыццёвага вопыту чалавека. Жыхары Узбор’я ўспрымаюць сваё жыццё-быццё праз старую прымаўку: «Няўродзіцца — ліха і ліха — як песня маўчыць». А якія песні ведаў народ!
Купалка, вяснянка, калядка, Талочніца, жніўка, кума, Скакуха, любоўніца-звадка І тая — каб сват не драмаў…Сёння шмат спрачаюцца пра сувязь літаратуры і фальклора. Паэма «Маўчанне травы» пераканаўча пацвярджае і сцвярджае гэту сувязь, здольную дзейсна ўзбагачаць светаўспрыняцце сучаснага чалавека, надаць яму адчування, на якой вялікай таўшчыні часу ён стаіць. Гэты час у многім адшліфаваў маральны і духоўны ўклад жыцця. У ім угадваюцца самыя старажытныя — язычніцкія рысы светаўспрыняцця чалавека. Ля вёскі знаходзілася гара Веснагорка, вядомая з даўніх-даўніх часоў. «Буяла Веснагорка паганствам штовясну: спяванкі, жарты, скокі, арэлі, карусель, пад поўняй аднавокай — трава ды жаўтазель».
Паэт вітае вясенняе абуджэнне прыроды, дрэў і травы…
І ўсё ж такі паэма, відаць, не адбылася б як паўнацэннае эпічнае палатно, калі б даўняе, спрадвечнае не было б так арганічна спалучана з сучаснасцю, як яно спалучана ў «Маўчанні травы». Менавіта гэтым яна і цікавая. Са з’яўленнем на сцэне галоўнага героя — Васіля — вызначаецца асноўная праблематыка твора. Гэты чалавек чымсьці нагадвае коласаўскага Міхала з паэмы «Новая зямля». Не чужыя яму і Мікіта Маргунок з «Краіны Муравіі» А. Твардоўскага, Кандрат Майданнікаў з кнігі М. Шолахава «Узнятая цаліна», Дзяніс Зазыба з раманаў І. Чыгрынава і іншыя героі — «характаралогія» гэтага тыпа даволі шырокая ў савецкай літаратуры. У гэтых творах, апрача галоўных і другарадных персанажаў, ёсць яшчэ адзін вельмі важны герой — гэта сама «зямля», якая адыгрывае значную ролю ў мастацкай канцэпцыі кожнага пісьменніка. Яна — аснова ўсяго. У гэтым пераконваешся з першых старонак паэмы, калі ўзнікае бойка паміж Васілём і Семкам у карчме. Яна — з-за зямлі…
У адной з аповесцей сучаснага малдаўскага пісьменніка Іона Друцэ ёсць такая думка: «Чалавека павінна пракарміць зямля, на якой ён жыве, — гэта старадаўні саюз, заключаны нашымі продкамі з зямлёй, на якой яны аселі, і гэты саюз павінен быць для нас святым». Вось, думаецца, дзе вытокі маралі, блізкай і роднаснай Васілю. Аднак ён не паўтарае нікога са сваіх знакамітых (успомненых вышэй) папярэднікаў — у яго сваё жыццё, свой лёс.
У старым селяніне сышліся — і ад гэтага нікуды не дзенешся — і працаўнік, і ўласнік. Такой супярэчнасцю, зразумела, адзначана і свядомасць Васіля. І ўсё ж такі ўласніцкі пачатак развіты ў ім — у адрозненне, скажам, ад кулака Сёмкі — куды меней, чым пачуццё працаўніка з яго любоўю да зямлі, з якой ён звязвае сваё жыццёвае прызванне. У складаны час давялося жыць гэтаму чалавеку. У самым пачатку паэмы гучыць «прэлюдыя жалезнай птушкі», якая не перастае яго праследваць праз усё жыццё, якое змясціла ў сабе некалькі войнаў, рэвалюцыю, пераломную эпоху калектывізацыі, Айчынную вайну і многае іншае. Гэта сапраўдны эпічны, «паэмны» герой, у якім адлюстраваліся цэлыя пласты народнага вопыту. Рамкі яго біяграфіі ўключаюць вялікія абсягі пераясытага. «Як ты выжыў, адкажы, народзе?»— так ставіць пытанне аўтар, і ўся паэма, як справядліва пісаў пра яе А. Лойка ў артыкуле «Выпраўленне ў людзі» (Літаратура і мастацтва, 1982, 28 лютага), з’яўляецца спробай адказаць на яго.
Постаць Васіля — героя паэмы — трагічная. Столькі страт давялося зазнаць яму за жыццё. Нялёгкія дарогі вялі яго да праўды, да таго, каб паяднаць «праўду зерня з праўдай барацьбы». Думка паэта, скіраваная да сацыяльных пытанняў веку, глыбока раскрывае ўнутраны свет героя, яго маральную сутнасць, сувязі з навакольным асяроддзем — грамадствам, прыродай, зямлёй. Аўтар ідзе, мне здаецца, па лініі павышэння ідэйных і маральных патрабаванняў да свайго героя. Але ён не канструіруе яго, не сачыняе. Такога героя «сачыніла» само жыццё з яго класавымі супярэчнасцямі. Ён — удзельнік першай сусветнай вайны. Паранены. Вярнуўся ў родную вёску, заняўся гаспадаркай, асеў на зямлі. Паэма яшчэ і яшчэ раз нагадвае пра складанасць і цяжкасць шляхоў селяніна да лепшай долі. І ў гэтым важная заслуга паэта, які імкнецца ўлічыць усе ўмовы і акалічнасці жыцця свайго Васіля.
Асоба зуёнкаўскага героя, яго духоўны рост раскрываюцца ў працы, у паўсядзённых клопатах. Залішне, напэўна, часта наша літаратура бачыла ў селяніна нейкую злую, косную, рэтраградную сілу. «Маўчанне травы» перадае і аблічча эпохі ў яе руху да новых форм жыцця, і светаадчуванне чалавека.
Не адразу ўсвядоміў Васіль значэнне калектывізацыі, не лёгка далося яму абагульненне сродкаў вытворчасці на вёсцы, шмат сіл забрала барацьба з кулацтвам і лайдакамі. Побыт у паэме сацыяльна ёмісты, насычаны барацьбой і драматызмам. Паэт асэнсоўвае новую рэчаіснасць у цеснай сувязі з агульначалавечай філасофскай праблематыкай. Як суадносіцца асабістае і агульнае, «прыватнае» жыццё і жыццё «гістарычнае» — вось што хвалюе паэта. Ёсць падставы гаварыць пра шырокую светапоглядную аснову паэмы. Аўтар паказвае, як няпроста даваліся гэтаму чалавеку пошукі свайго месца ў жыцці, як ён настойліва шукаў адказу на пытанне «як жыць?» Маральна-псіхалагічная атмасфера паэмы вельмі напружаная, таму што аўтар прад’яўляе да свайго героя вельмі высокія патрабаванні.
Разам з тым ён выкрывае прыстасаванца і кар’ерыста Трыхана, які не перастае страчыць даносы на Васіля. Гэты чалавек — носьбіт грамадскага зла…
У. Калеснік у артыкуле «Эстафета лёсу» («Неман», 1982, № 1) асабліва падкрэсліваў інтэлектуалізм паэзіі В. Зуёнка. Адна з прыкмет інтэлектуалізму гэтага паэта — маштабнасць светаўспрымання і абагульненняў, наяўнасць такіх сацыяльна-філасофскіх антыномій, увасобленых у мастацкіх вобразах, як Васіль і Трыхан.
Значнае, важкае абагульненне — вобраз Васіля, які мае шмат агульнага, як даводзіць А. Лойка, з купалаўскім мужыком, — асабліва ў плане маральным, духоўным, у сэнсе чалавечай годнасці. Аднак вобраз Васіля ў адрозненне ад купалаўскага мужыка — індывідуалізаваны. Шукаючы тыповае, непаўторнае ў сваім героі, паэт пазбягае сумарнасці, ролевасці, што характэрна для лірычнага персанажу ў некаторых творах Купалы і Коласа. Час гістарычны, калектыўны ў Зуёнка вельмі арганічна спалучаецца з часам асабовым. «Маўчанне травы» сваімі жанравымі магчымасцямі ўзнімаецца, на нашу думку, да рамана, у якім эпічнае, лірычнае і драматычнае зліліся ў адзіны высакаякасны мастацкі сінтэз. Зрэшты, і раман не можа замяніць паэмы (асабліва такой, як «Маўчанне травы») з яе выдатнымі мастацкімі магчымасцямі і якасцямі, якія праяўляюцца надзвычай шматетайна.
В. Зуёнак — паэт зямных працоўных спраў, якія ў яго ўспрыманні ўзнімаюцца да вышыні духоўнага акту, калі ўся чалавечая істота гарманічна спалучаецца з аб’ектыўным светам. Напрыклад, у цудоўных апісаннях падзей календара земляроба: касьба, жніво, ворыва… Вось выйшлі касцы — цяпер ужо калектыўна — на сенажаць.
Размах, разгон! Ці тое, як бывала — На вузенькай палосцы ў два заходы: Касу ўгамоньвай, каб не спудлавала І да суседа не залезла ў шкоду. Як пашырэў ты сёння, луг без межаў!