Ля аднаго вогнішча
Шрифт:
З гэтым, мне здаецца, звязаны і моўныя пошукі В. Зуёнка.
Ён любіць, ведае смак слова гутарковага: наўслед, зблот, зляканы, вычварае, рукацца…
У В. Зуёнка, як некалі трапна сказаў І. Шклярэўскі,— «свой слоўнікавы фонд». «Вагар! Слоў ліхвяр — знай — яшчэ не змагар», — хто яшчэ з беларускіх паэтаў можа гэтак сказаць? Ён ведае, як на новы лад пераасэнсаваць старое слова ці выраз, надаць яму новае адценне: Архімед меў намер «рычагом падасверыць свет». Здараецца, што часам прыдумае новае слова: шыльдуйся.
С. Ясенін некалі любіў казаць: «Я адчуваю сябе гаспадаром у рускай паэзіі і таму ўцягваю ў паэтычную мову словы ўсіх адценняў, нячыстых слоў няма».
Для В. Зуёнка за словам звычайна стаіць з’ява, таму ён і ўважлівы да яго сацыяльнага гучання.
Адвыклі казаць: «Купіў», Гаворым часцей: «Дастаў…» Адвыклі казаць: «Грабе», Гаворым часцей: «Сабраў…»В. Зуёнак — гэты філосаф — можа, як ніхто, уважлівы і цярпімы да чалавечых недахопаў, але ён востра крытыкуе адыход ад высокіх маральных норм: «Развучыліся гаварыць — пераходзім на ананімкі». Паэт выступае супраць прагматызму і утылітарнасці — у гэтым, паўтараем, пафас яго паэзіі. «Каму эпохі — каму панчохі». Гэта яму вядома. Але як узняцца на новы абсяг быцця? Што дзеля гэтага трэба зрабіць? В. Зуёнак хоча шырока зірнуць на чалавека. Можа, таму яго герой шмат пытаецца: «Пытаннем на свет чалавек зірнуў». Гэта павялічвае жыццёвую напоўненасць верша, яго эстэтычную ёмістасць. Яго хвалююць фундаментальныя пытанні чалавечага быцця, сучасную нашу рэчаіснасць ён уключае ў кантэкст агульначалавечай філасофскай праблематыкі. «На скрыжаваннях сусвету хто мы і колькі нас?» Паэзія павінна канцэнтраваць у сабе і нацыянальную і агульначалавечую свядомасць. «Мой люд, сябе не збудзься, мой лёс, не стань бяскрылым». Пашырэнне сацыяльна-гістарычных, духоўных даляглядаў — вось што ў значнай ступені ўласціва паэтычным пошукам В. Зуёнка. Ён хоча стварыць пэўную маральную атмасферу, фарміруе духоўнае аблічча чалавека, сістэму яго каштоўнасных арыенціраў.
Якія гэта арыенціры?
Першы з іх, магчыма, — памяць. Чалавечая памяць асэнсоўваецца В. Зуёнкам як вялікая духоўная каштоўнасць. «Дай, памяць, сілу мне, апору дай і цвердзь».
Бяспамяцця вякі З душы хай ападуць: Цяжкія жарсцвякі — А мёртвыя жывуць!Буйным планам убачана постаць салдата Вялікай Айчыннай вайны:
З-пад гусеніц, з-пад руін, З агню безыменных страт Са смерцю адзін на адзін Апошнім выходзіць салдат…Гэты салдат — увасабленне нашага сумлення, маральнасці. Паэт справядліва трывожыцца за нашы маральныя, духоўныя вышыні, якія, здараецца, «і сёння здаюць».
І засціць салодкі дым Вышыні і гарады.Салдат, што ўявіўся паэту неспакойным прывідам — увасабленнем маральнай чысціні, павінен дапамагчы вярнуць гэтыя «вышыні і гарады».
І ў сэрцах заснуў салдат, якому ўсё браць назад.«Найпершае назначэнне мастацтва — праз прызму мінулага і існага праектаваць будучае» — так разумее задачы мастака аўтар «Світальных птушак». Яму ў нечым вельмі блізкая думка вядомага савецкага паэта Мікалая Ушакова, які сцвярджаў, што «жыццё чалавека становіцца цікавым толькі ў судакрананні з гісторыяй і часам».
«Жывеш, пакуль жывыя, хто нарадзіў цябе, хто на кругі зямныя праводзіў у журбе» — у гэтым таксама праяўляецца актыўнасць беларускага паэта ў адносінах да часу.
Другі «арыенцір» — «вочы прыроды». За гэтым вобразам і тэмай у творчасці В. Зуёнка стаіць — як і ва ўсёй сучаснай літаратуры — адчуванне той небяспекі, якая тоіцца ў супердынамізме сучаснага жыцця, у недахопе часу, павярхоўнасці і хуткаплыннасці ўражанняў. Усё гэта можа абярнуцца нецікавасцю да навакольнага свету, імітацыяй духоўнага жыцця. «Вочы прыроды» ў Зуёнка таксама надзелены маральнай актыўнасцю.
Прыходзіць жа аднойчы Такая вышыня: Глядзяць прыроды вочы Штоночы і штодня. Глядзяць табе насустрач, Глядзяць табе наўслед. І ты ўжо — невідушчы — Бачыш цэлы свет…Паэзія В. Зуёнка, як бачым, вельмі паказальная для духоўных пошукаў сучаснай беларускай літаратуры.
Атожылак долі сялянскай
(Юрась Свірка)
Даўно прачытаў, але і сёння гучаць у душы радкі Юрася Свіркі:
Заглядаю я ў вёску, як ў слоўнік, Каб упэўніцца, што правільна пішу.Не аднаго мяне паланілі яны — і не толькі лаканічна-выразным майстэрствам, але і сваёй маральнай скіраванасцю, глыбокай павагай да сваіх знакамітых землякоў-аднавяскоўцаў, да іх пачэснай хлебаробскай працы…
Гэта — не «русаізм» (заклік быць бліжэй да прыроды), а трывалая повязь з роднай зямлёй.
Радзіма Ю. Свіркі — Бягомльшчына. Тая гераічная партызанка-Бягомльшчына, якая столькі нацярпелася за час вайны. Адно слова «Палік» — і перад вачыма паўстаюць падзеі народнага гераізму, трагедыя, вышыня духу і самаахвярнасць.
Бягомль — значны асяродак партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну. У снежні 1942-га брыгада «Жалязняк» знішчыла там нямецка-фашысцкі гарнізон. З таго часу да прыходу Савецкай Арміі на Бягомльшчыне дзейнічалі органы Савецкай улады. Гэта, безумоўна, важныя акалічнасці фармавання духоўнай біяграфіі паэта, аднак у першых вершах тэма перажытага за вайну амаль адсутнічае.
Я заўтра на золку Паеду дадому — У ціхі Бягомль, партызанскі раён, Туды, Дзе мне кожная хата вядома, Дзе далеч гудзе ад пчаліных раёў.Першая кніжка з ласкавай назвай «Шэпчуцца ліўні» з’явілася ў 1959 годзе, калі — як грыбы пасля цёплага дажджу — выходзілі зборнікі Е. Лось, У. Караткевіча, Я. Непачаловіча, Р. Барадуліна, І. Калесніка, С. Гаўрусёва і іншых. У вершах Ю. Свіркі нас абступае мілы свет вясковых уражанняў паэта (сасновая хата, бярозавыя прысады, шолах сенажацяў, шум задумлівых бароў), тое, што помнілася, сагравала сэрца пасля таго, як давялося пакінуць вёску, паехаўшы на вучобу ў сталічны універсітэт.
З’яўленне першай кнігі — справа адказная. Аднак гэта не азначае, што ў кнізе павінны быць толькі добрыя вершы. У сапраўднага паэта, калі ён творчая асоба, а не рамеснік, цікавыя нават слабыя вершы, паколькі ў іх таксама ў пэўнай меры адлюстравана нейкая грань яго душы, пошук сваіх вобразаў.
Паэтыка Ю. Свіркі грунтавалася на някідкай канкрэтна-пачуццёвай вобразнасці, якая на першых парах не перашкаджала яму расказваць пра ўбачанае, адчутае. Голас яго быў шчыры, ціхі, даверлівы.
Зорак, як зерня, на небе высокім насыпана ў жніўні. Дзесьці за лесам далёка-далёка шэпчуцца ліўні. Чутна, як спаць укладаюцца ветры Там, за гарамі. З бору дыхнула цёплым паветрам. Пахне грыбамі. А ў поўнач, здаецца, усё анямела, Ціха ў прасторы. І толькі раз-пораз яблыкам спелым Падаюць зоры…Хораша — ці не праўда?
Тут пакуль што няма яшчэ той унутранай духоўнай напружанасці, уласцівай для яго вершаў пазнейшай пары, але праўда пачуццяў, уменне ўбачыць прыгажосць свету былі. «Трэба паважаць натуральныя межы таленту», — сказаў ён у рэцэнзіі на адну з кніг своеасаблівага магілёўскага паэта В. Матэвушава (Полымя, 1973, № 9), але яе гэта натуральнасць бачыцца і ў самога Ю. Свіркі.
Другая кніга — «Вечнасць» (1963) — тэматычна паглыбіла першую, умацавала ў яго паэзіі такую рысу, як біяграфічнасць. Так, у яго лірыцы па-свойму, у сваім «павароце», знайшла адбітак духоўная біяграфія — яго і яго пакалення. Вясковы чалавек, ён рана стаў гараджанінам — і гэта спарадзіла новыя адценні ў светаўспрыманні, якое зафіксавалася ў вершы: «З кожным днём раблюся я чужым кветкам палявым, лугам і росам…» Такія прызнанні мала да чаго абавязвалі, магчыма, толькі абвастралі пачуццё роднага кутка, роднай прыроды, але значнай маральнай нагрузкі яны пакуль што не нясуць.