Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ля аднаго вогнішча

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Прырода, лес, цішыня вабяць паэта. Яму ўласціва пантэістычнае напаўненне вобразу, нават калі ён гаворыць пра сённяшнія сацыяльныя праблемы.

На зрэзе дзён маіх, Як быццам на камлі, Растуць трывогі часу і зямлі.

Значнае месца ў паэзіі А. Грачанікава займаюць касмічныя матывы, якія сведчаць пра ўзбуйненне яго сацыяльных і інтэлектуальных даляглядаў.

Таемна з вышынь Стажары Глядзяць на род чалавечы. Што бачыцца ім, што сніцца? Што хочацца ім сказаць? Ноч. Пара касавіцы. Вельмі рана ўставаць.

Касмічнае ў яго знітавана з зямным, штодзённым — адно без другога не існуе.

Апошнім часам паэт усё часцей звяртаецца да жанра паэмы. Помніцца яго паэма «Бясконцыя рэйкі» (1976), якая пачынаецца панарамай вакзальнага шматлюддзя: «Краіну, нібы ў разрэзе, заўсёды можна ўбачыць тут». Вакзалы… Ёмістае паняцце, яно пра многае гаворыць чалавеку XX стагоддзя. «Праз вас, як быццам эшалоны, прайшлі суровыя гады».

Тэма гэтая, як вядома, не новая для савецкай паэзіі. Зрэшты, у кожнага — свой вакзал…

На тым вакзале, які асабліва запомніўся паэту, цыганка спявала песню, спявала: «як умела», ад душы. Аўтар пытаецца, як магла зберагчыся, захавацца гэта песня «на скрыжаванні ўсіх эпох», сярод жыццёвай мітусні? Гэта першае пытанне, якое ён ставіць, але не спыняецца на ім, а пераходзіць да другога — «чаго мы ўсе на свеце варты?»

Жыццё, перш за ўсё сваё жыццё, паэт метафарызуе ў паняцці «магістральнай паласы», але глыбока не раскрывае яго, абмяжоўваючыся агульнымі намёкамі: «І я даваў. І мне давалі, ці гаспадар быў я, ці госць…»

Адначасова магістраль — гэта і чыгунка, дзе і паэту, і ягонаму герою некалі давялося працаваць, жыць і дружыць з сябрамі-таварышамі. Пагляд у мінулае напомніў яму маленства, гаркату блакадных дзён вайны («На ўсё жыццё ваенны час на мне свае узоры вышыў»). Паэма напоўнена пачуццём удзячнасці ўсім добрым людзям, што трапілі на жыццёвым шляху. Машыністу Яўмену, што вучыў маладых:

— Шануйце, хлопцы, зрок і слых, Больш думайце, менш гаварыце…

Словам, «Бясконцыя рэйкі» — гэта роздум аб жыцці — «мінулае і перспектыва з узростам бачацца ясней». Але твору не заўсёды стае эпічнага дыхання і дзеяння, псіхалагічнай заглыбленасці, грунтоўнасці.

Больш глыбокім творам уяўляецца мне яго паэма «Палескі трохкутнік» (1982). За фантастычнымі прыгодамі яе героя Яўхіма, які падаўся «ў госці» да іншапланецян, бачны рэальны «сюжэт» гэтай рэчы. Гаворка ідзе пра тую палескую зямлю, што месціцца ў «трохкутніку» паміж Гомелем, Лоевам і Рэчыцай. Гэта — радзіма паэта, зямля, багатая на цікавых людзей. А. Грачанікаў расказвае пра гераічную гісторыю роднага краю, пра яго непаўторнае прыроднае аблічча. Па ўсім адчуваецца, што аўтар нераўнадушны да сваіх родных мясцін, што ён ведае іх і моцна любіць. І гэта немалаважная акалічнасць плённа адбілася на стылёвым ладзе паэмы, надаўшы ёй своеасаблівай «рэгіянальнай» непаўторнасці.

Кнігі А. Грачанікава, бясспрэчна, сведчаць пра самабытны талент паэта, яго адметную індывідуальнасць і вялікія магчымасці мастацкага асваення свету. У лепшых творах паэта вабіць глыбіня і прыгажосць мастацкага слова, духоўная насычанасць, напружанасць маральнага пошуку.

Гэта — перспектыўная лінія яго творчасці.

Разгадваючы тайны быцця

(Яўгенія Янішчыц)

Паэты з’яўляюцца нечакана.

Невядомае імя — Жэня Янішчыц — пракінулася на старонках рэспубліканскага друку (а потым і выйшла за яго межы) недзе ў сярэдзіне шасцідзесятых, разам з імёнамі Алеся Разанава, Казіміра Камейшы, Леаніда Дайнекі, Юркі Голуба і іншых на той час зусім яшчэ маладых паэтаў. Толькі што ў літаратуру ўлілася магутная хваля іх папярэднікаў — Р. Барадулін, Е. Лось, Г. Бураўкін, П. Макаль, У. Караткевіч, А. Вярцінскі, Н. Гілевіч, Д. Бічэль, Ю. Свірка, М. Арочка, Я. Сіпакоў…— пакаленне, трывала змацаванае адзінствам жыццёвага вопыту, горкімі перажываннямі ваенных год, глыбінёй уражанняў, пра якія яны таленавіта расказалі ўжо ў сваіх першых кнігах. Новага ўсплёску быццам бы не прадбачылася (літаратурныя хвалі ўзнікаюць як вынік значных сацыяльных падзей і зрухаў), і тут раптам з’яўляецца новае «племя» — маладое, пакуль што незнаёмае. Праўда, на гэты раз маладыя паэты ішлі не такімі шчыльнымі радамі, як іх папярэднікі, але пэўныя спадзяванні, трэба сказаць, спраўдзілі, выбіраючы свае, нязведаныя шляхі ў літаратуры.

Над першай сваёй кніжкай — «Снежныя грамніцы» — Яўгенія Янішчыц (к таму часу яна стала з Жэні Яўгеніяй і вучылася ўжо, помніцца, на апошнім курсе універсітэта) працавала шмат і доўга. Выйшла кніга ў 1970 годзе.

Адна справа — вершы, рассыпаныя па перыёдыцы, калі сустракаеш іх час ад часу, асобна ці нізкаю, другая — калі яны сабраліся пад адну вокладку, у кнігу, тым больш першую. Гэта — істотная. Індывідуальнасць паэта праяўляецца паўней, набывае новыя якасці, правярае сваю сапраўднасць, бярэцца на іспыт. «Снежныя грамніцы» такі іспыт вытрымалі.

Першая кніга запомнілася натуральнасцю, маладосцю, а галоўнае — непрыдуманасцю пачуццяў. У ёй неяк лёгка, прыгожа і тонка адбіўся юнацкі свет паэтэсы — уражанні, хваляванні, мроі:

Ты пакліч мяне. Пазаві. Там заблудзімся ў хмельных травах. Пачынаецца ўсё з любві, Нават самая простая з’ява.

Малады голас гучаў надзвычай шчыра, арганічна:

Хаджу па нівах, па лугах азёрных, Начую летуценна ў будане І думаю, чаму мне так прасторна? І песня прылятае да мяне… Прыносіць мне дары свае дуброва — То верас, то крыніцу, то грыбок. Уліваецца, нібы ручай, у мову Палескі нетаропкі гаварок.

Тут можна было заўважыць нават пэўную сінкрэтычнасць паэтычнага пачуцця — першапачатковую як бы непадзельнасць яго на тэмы, ідэі, вобразы. Маладая паэтэса «выспеўвала» сябе, сваю непасрэднасць, успрыманне свету.

Д. Бугаёў у рэцэнзіі на «Снежныя грамніцы» трапна сказаў: «…гэта маладосць гаворыць так натуральна і свабодна, што часамі нават ствараецца ўражанне, нібы вершы Яўгеніі Янішчыц нараджаюцца як бы самі сабой» (Полымя, 1971, № б, с. 213).

«Будзь мне мамай, Радзіма мая»; «дзень добры, булькатлівая крыніца, давай уперагонкі пабяжым»; «і на слёзы першыя і смех — белаю бяссонніцаю снег»; «пачынаецца ўсё з любві — першы поспех і першыя крокі» — гэтыя і іншыя душэўныя жэсты вабілі сваёй эмацыянальнай паўнатою, чалавечай адкрытасцю і сведчылі пра несумненныя здольнасці аўтара. Хвалявалі нават яе юнацкі наіў, рамантычнасць гераіні, нязмушанасць лірычнага перажывання.

Многія, хто пісаў пра першую кнігу Янішчыц, прыводзілі адтуль наступны верш, вельмі характэрны для яе індывідуальнасці:

Да сустрэчы. Да сустрэчы. Белы вецер. Сіні дзень. Ходзіць сонца па зарэччы Па калені у вадзе. Над ракою дзве вярбіны — Дзве журботныя сястры. Па-над цёплай лугавінай Ноч запальвае кастры. Старажытных соснаў веча, Птушак грай і смех людзей. Да сустрэчы. Да сустрэчы. Сіні вецер. Белы дзень.

У ім відаць якраз тая «сінкрэтычнасць» перажывання, нават пэўны «міфалагізм» (як рыса паэтычнага ўспрымання рэчаіснасці) мыслення, пра што я гаварыў вышэй, характарызуючы творчае аблічча маладой паэтэсы. Ён — верш «Да сустрэчы» — адзін з лепшых у гэтай сімпатычнай кнізе.

Паэтэса адкрывала свет па-свойму, не абмінаючы, між іншым, народна-песенных інтанацый, якія гучалі ў яе не сказаць каб свежа, але даволі ўпэўнена:

Я расой абмываю ногі, На вірлівую ваду Праганю тугу-трывогу, Сыпкім берагам пайду. Ты скажы мне, рэчка Лана, Падкажы, палын-трава, І чаму баліць ад рання Маладая галава?
Поделиться с друзьями: