Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ля аднаго вогнішча

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Як паэт ён даўно — магчыма, з самай першай сваёй кнігі «Магістраль» (1964) — прызнаны і грамадскасцю, і крытыкай. Яго зборнікі не паўтараюць адзін аднаго, а паказваюць відавочную лінію росту. Маюць поспех — я сам таму сведка — яго выступленні на літаратурных вечарах, сустрэчах з чытачамі, аматарамі паэзіі. Па ўсім відаць, што радок паэта крануў чалавечыя сэрцы і знайшоў сваё месца ў літаратуры.

Якое ж яно — месца А. Грачанікава ў сучаснай паэзіі?

У першых жа сваіх вершах ён пайшоў, як гэта і павінна быць уласціва паэту-лірыку, ад уласнай біяграфіі чалавека, які запомніў гераізм і мужнасць народа ў вайну («На фронце бацька. Маці — партызанка»), нягоды цяжкай пасляваеннай пары (паэма «Сонечны звон»), армейскія будні, вучобу, працу на чыгунцы, зноў вучобу і зноў працу…

«Няма замены паэтам!» — гаворыць ён у адным з вершаў, прысвечаным Максіму Багдановічу. І гэта праўда: кожны чалавек — непаўторны і незамянімы. іТым больш паэт — яго асоба павінна быць бачна здалёк. Нездарма нават узнікненне лірыкі як роду літаратуры звязваюць з тым момантам, калі чалавек усвядоміў сваю асобу. Лірыка і пачала даследаванне і сцвярджэнне чалавечай індывідуальнасці і непаўторнасці, у якой адлюстравалася грамадскае жыццё. Зрэшты, наколькі помніцца, А. Грачанікаў ніколі асабліва не гнаўся за «індывідуальным» стылем. Проста ён быў праўдзівы, адкрыта і непасрэдна выяўляючы сябе ў вершы. Найбольшыя ўдачы першых кніг (вершы «Вера», «Лашак», «Гарадская ўскраіна», «От каб быў я такі, як цень!..», «Калодзеж капаюць», «Поле», «Над Белай Руссю…», «Той танец» і іншыя) з’явіліся непасрэдным вынікам яго жыццёвага вопыту і вельмі асаблівага ўспрыняцця і асэнсавання рэчаіснасці. Яны былі звязаны са шчырасцю героя, з устаноўкай на справядлівасць. Словам, у цэнтры пераважнай большасці яго твораў аказалася рэальнае чалавечае «я», што і абумовіла цікавасць да іх з боку крытыкі і чытача.

Нездарма многія пералічаныя вершы і шмат якія неназваныя па праву ўвайшлі ў сучасныя анталогіі беларускай паэзіі на розных мовах. Дарэчы, сёння іх выдаюць усё больш і больш.

Некалі Іван Мележ, якому, дарэчы, вельмі падабалася паэзія яго земляка (Грачанікаў таксама нарадзіўся на Палессі), адкрыў для сябе «простую», як ён казаў, ісціну: «калі „стыль — гэта чалавек“, то каб стыль мастака праявіўся больш выразна, своеасабліва, трэба, каб выразна праявілася асоба чалавека, яго светаадчуванне, яго погляды, яго матэрыяльны і духоўны вопыт. Чалавек не толькі не павінен хаваць сябе, а, наадварот, адкрывацца ва ўсёй шырыні, глыбіні і шчырасці. Не трэба здавацца ні горшым, ні лепшым, чым ты ёсць, трэба быць самім сабою. Усякая штучнасць будзе ў шкоду. Ніякі фальш не пройдзе без следу».

Так вось, прыкладна, і зрабіў А. Грачанікаў. Нават у самай першай кнізе ён здолеў застацца сам сабою.

На фронце бацька. Маці — партызанка. Цяпла у хаце нашай не стае. І я з’язджаў з гары крутой на санках, Каб усцягнуць ламачча на яе. Гарэў агонь. Агонь цяпла і веры. У грубцы і ў вачах братоў маіх. Мы нанач шчыльна зачынялі дзверы, Але на ключ не замыкалі іх.

Некаторыя паэты робяць упор на яркую, пукатую вобразнасць. У А. Грачанікава яна выглядала досыць сціпла, «неэфектна», нават крыху заземлена, але затое рэалістычна, праўдзіва. З яго вершаў паўставаў цудоўны край — Палессе са сваімі людзьмі (сімпатычныя вясковыя дзядзькі і цёткі), прыродай, звычаямі. Ён давярае жыццю, людзям, зямлі…

Там, паміж Гомелем — Кіевам, Над Сожам крылы ўскінула І кліча мяне, нібы кнігаўка, Вёска мая — Шарпілаўка. Стоміцца сэрца, здарожыцца, Ды ноччу і днём трывожыцца: Як там бацькі і родзічы, Дубровы і курганы? Жыву, іх усюды помнячы? Ці помняць мяне яны?

«Успамін машыніста», «На перагоне», «Завадскі аркестр» — А. Грачанікаў мог «выкрасаць» паэзію з фактаў даволі звычайных, будзённых, знаходзячы ў іх незвычайнае, па-чалавечы вельмі прывабнае. Індывідуальнасць яго апладнялася сацыяльна значнымі, грамадзянскімі адчуваннямі паэта, і гэта кампенсавала запаволенасць, некаторы недахоп тэмпераменту.

Літаратура, як вядома, толькі тады ставіцца жывой справай, калі імкнецца асэнсаваць жыццё грамадства, усвядоміць сваё месца ў кантэксце з ім. Мастак — можна сказаць — чалавек з сацыяльным сумленнем, ён павінен быць у творчасці на ўзроўні грамадскага дзеяча.

Што складае аснову творчай індывідуальнасці? На мой погляд, наяўнасць таленту і выразнае пачуццё асобы, шырыня грамадзянскіх даляглядаў. Уласна кажучы, асоба — гэта і ёсць сукупнасць сацыяльных грамадскіх адносін.

Наступныя кнігі («Круглая плошча» — 1971, «Грыбная пара» — 1973) узмацнілі адчуванне сучаснасці. Зрэшты, у кожнага паэта адчуванне сучаснасці — сваё. У Грачанікава яно звязана з глыбінёй светапогляду, ён не ўспрымае сучаснага без мінулага, без яго героікі і ахвяр, якія выхоўваюць пачуццё адказнасці, фарміруюць маральны свет паэта.

Зборнік «Круглая плошча» адкрываўся вершам «На Палессі…»

На Палессі — спрадвеку, як быццам званы, Несціхана сівыя звіняць курганы…

Гэта падаюць свой голас продкі: «Добры дзень вам, нашчадкі! Добры дзень вам, зямляне!»

Паглыбляецца і ўзбагачаецца пачуццё патрыятызму, абвастраючы праніклівы лірызм, шчырасць і непасрэднасць паэтычнага выяўлення.

Краю мой родны і мілы! Чую ў світальнай цішы, Як твае стогнуць магілы, Як твае плачуць крыжы. Маеш і долю і волю Не анямеў, не аглух. Твайго ж незагойнага болю Жыве ў маім сэрцы дух.

Сінтэз сучаснага і мінулага ў яго паэзіі абумовіў асаблівасці светаўспрымання, буйны план.

У вершы «Адведкі» паэт стварае велічны вобраз жанчыны-маці, якая пакідае родны падворак, каб «убачыць магілы пяці партызанаў-сыноў».

Праз сёлы, бары і палеткі, І праз спачуванні людзей Маці ідзе ў адведкі, Маці ідзе да дзяцей.

З мастацкага боку верш «Адведкі» вабіць здзіўляючай арганічнасцю нязмушанай сувязі, узаемаспалучанасці ўзнёслага і бытавога. На досвітку, па-святочнаму ўрачыста збіраецца маці ў свой шлях.

Плыў ранак спелаю шыпшынай. Даўно не мелася ў старой Ні гэтай лёгкасці птушынай, Ні гэтай яснасці былой. І ў гэты ранак светла-звонкі З рахманым сонцам на чале Спявалі пеўні, і даёнкі, І дапрызыўнікі ў сяле.

І адно не супярэчыць другому — паэт, асэнсоўваючы сувязі паміж людзьмі і жыццём, паміж мінулым і будучыняй, прарываецца да высокага ўзроўню гуманізму, які ўбірае ў сябе шматстайнасць чалавечых клопатаў і турбот.

Чытаючы зборнік «Круглая плошча», адчуваеш, што думкай аўтара рухае імкненне спазнаць сэнс і сутнасць чалавечага быцця, адкрыць і асэнсаваць складанае і супярэчлівае адзінства ўзаемаадносін людзей і рэчаіснасці. Паэт усё ўважлівей углядаецца ў жыццё. Паказальным быў у гэтым сэнсе верш «Матацыклісты».

Матацыклісты шпараць па шашы. Паветра рэжуць, як электрапілы, У рокаце — надрыўны крык душы, Нібыта рух высмоктвае з іх сілы.

Уразіла не толькі адмысловая аркестроўка. Чамусьці, па нейкай пабочнай асацыяцыі, успомніўся верш другога паэта гэтага пакалення — Бэлы Ахмадулінай «Мотороллер» («Завиден мне полёт твоих колёс, о мотороллер розового цвета!..»). І тут і там прысутнічае дух сучаснасці, хаця кожны з гэтых твораў арыгінальны і незалежны ад другога. Паэт хоча пранікнуць у свет адчуванняў маладых людзей:

Што думаюць, сціскаючы рулі, Яны ў рухомай гэтай адзіноце, Калі абрысы неба і зямлі Знікаюць на бязлюдным павароце? Ім сутнасць руху хочацца спазнаць І падміргнуць свайму былому хвацка. І хлопцы ашалелыя ляцяць Па магістралях Брэста, Бранска, Брацка.

Пытанне зададзена — у чым «сутнасць руху»? Сапраўды, у чым яна? Над разгадкаю б’юцца і паэт, і яго героі:

Ім рэжа вочы вецер, сонца, пыл. Інспектары — Дзіравяць ім талоны, А у саміх, відаць, свярбяць далоні, Ды часам вопыт пазбаўляе сіл. Яны, пасуравелыя, глядзяць: Ухабаў менш — спакуса большай стане. Было дарогу цяжка збудаваць, Наладзіць рух на ёй — куды складней.
Поделиться с друзьями: