Ля аднаго вогнішча
Шрифт:
Пэўнае месца ў яго паэзіі займаюць асацыяцыі з галіны жывапісу. Адзін з любімых яго мастакоў — К. Пятроў-Водкін.
Шчырасць, непадробнасць пачуцця, імкненне ісці да абагульнення ад факта жыцця — гэта заўсёды было моцнаю рысаю Грачанікава. Сапраўдных пачуццяў ён патрабуе і ад сваіх герояў. Ён умее заўважыць тыповае ў жыцці.
Цыркачачка! Матацыклістка! — Ату! — услед крычаць. — Ату! Хто ты? Багіня? Аферыстка? Навошта шлем — Ды на фату?Нявеста і «салідны» жаніх ужо адчынялі дзверы загса, калі падруліў матацыкліст — малады хлопец, якога дзяўчына кахала па-сапраўднаму, і каханне перамагло!
Ажно сціскае вецер скроні, Зайздросна крэкчуць цягачы. А мо ўцякаеш ад пагоні, Ад першай шлюбнае начы? А недзе, сплюшчаны бядою, Упершыню адчуўшы шок, Таксі шукае пехатою Т вой зганьбаваны жанішок. І хто цяпер у свеце цэлым Прыпыніць рух шалёны твой? …Матацыклістка ўся ў белым Над анямелаю шашой.Яго верш, як бачым, у адным выпадку ўмее быць напеўным, лагодна-рахманым, у другім — рэзкім, адрывістым, дынамічным.
Сёння заўважаецца павелічэнне асацыятыўных магчымасцей яго паэтычнага мыслення. Пра гэта сведчыць верш «Дрэва на выспе», які даў назву адной з яго кніг. Эмацыянальна ёмісты вобраз «дрэва на выспе», якому надакучыў лясны тлум і захацелася «ў цішыні пабыць аднаму», — шматстайны па свайму сэнсу. У ім чытаюцца лірыка-аўтабіяграфічныя думкі пра сцвярджэнне чалавекам свайго прызвання, таленту, імкнення дзярзаць, ісці, нягледзячы на перашкоды, уперад, падаваць прыклад і пракладаць след іншым.
Лірыка А. Грачанікава робіцца больш філасафічнай, разважлівай. Ён хоча ахапіць жыццё ў багацці яго супярэчнасцей, вострых пытанняў — «На ўзлобінах дзялянак баравых я думаю пра мёртвых і жывых». Раз-пораз чуецца ў свеце паэта «самотны голас зязюлі», і думаецца тады: «свет не такі мядовы, свет не такі шчаслівы». Ён прагне спасцігнуць яго сутнасць, і працэс пазнання ў яго не пазбаўлены драматызму («я пахадзіў аднойчы ў мудрацах. Спіна мая і зараз у рубцах»).
Крытыка правільна звярнула ўвагу на новыя матывы ў яго вершах. Р. Бярозкін у рэцэнзіі на зборнік «Круглая плошча» пісаў: «Малады паэт сёння як бы „пераключае“ энергію на тыя непадманна-ўстойлівыя каштоўнасці народнага быту, працы, якія надаюць кожнаму чалавеку, незалежна ад ягонага месца ў практычным жыцці, адчуванне маральнага арыенціру».
А. Грачанікаў мае сваю вёску, сваю радзіму і гісторыю. І гэта — адна з ліній яго паэзіі, лінія, якая ўзмацняецца. Чытачы не абмінулі ў свой час яго верш «Калодзеж капаюць».
Калодзеж капаюць! Калодзеж капаюць!.. Чыстае ўсё на сябе апранаюць. Не сварацца цёткі. Не кураць мужчыны, Як быццам сабраліся тут на радзіны…Аўтар услаўляе чалавечую згоду, пачуццё калектывізму.
Паэтычны стыль А. Грачанікава, пазбаўлены знешняй экспрэсіўнасці, эфектнасці мастацкіх прыёмаў, павышанай асацыятыўнасці, вызначаецца сваёй унутранай змястоўнасцю, арыентацыяй на глыбіннае раскрыццё духоўных каштоўнасцей сучасніка.
У яго творах вёска адкрываецца часцей за ўсё з пункту гледжання ўчарашняга вяскоўца, які воляю лёсу аказаўся гараджанінам. Аднак яго «карнявіна адвечная» — тут, у старой вясковай хаце.
Тэма роднай хаты, роднага парога — скразная ў яго творчасці. Даўно жывучы ў сталіцы, ён усё ж такі зрэдку прыязджае ў родную вёску. У вочы кідаюцца перамены, якія там адбываюцца. Сёння для яго вельмі характэрны, на маю думку, матыў вяртання на родны парог —
Дым коміна над роднай хатай, Стажок маленькі за хлявом. Стаю ў двары, як вінаваты, Зайсці баюся ў родны дом.Гэта сітуацыя вельмі паказальная для ўнутранай біяграфіі лірычнага героя. Яна надзвычай сучасная. Зрэшты, вяртаюцца дадому, у вёску, па неаднолькавых прычынах. Прыгадваюцца розныя — «утылітарныя» — патрэбы. Патрэбна ж, скажам, і гараджаніну сала. У вершы А. Грачанікава — пра іншае:
Прыйшоў сюды не на спатканне, Не жабраваць прыйшоў сюды. І не шукаць у хваляванні Маленства даўняга сляды. Не за адным глытком паветра, Што вее з родных берагоў, Ляцеў і ехаў я праз нетры І пехатой сюды ішоў.У паэзіі шмат залежыць ад эстэтычнай і маральнай забяспечанасці. Адной выяўленчай дасканаласці мала. Трэба, каб за радком стаяла жыццё, паводзіны, лёс. Лепшыя ягоныя творы ўзнаўляюць яго ўнутраную біяграфію пакалення.
У гэтым вершы аўтар якраз і імкнецца глыбока і шматбакова асэнсаваць свае адносіны да роднай хаты, спасцігнуць іх філасофскі корань.
І не крыўдую я на долю, Што з роднай хатай развяла. Нідзе на свеце і ніколі Яна чужой мне не была. І ўсё ж зазначу я нясмела, Употай нават ад сябе, Што наша хата пастарэла У нейкай сцішанай журбе. Бы нешта ёй адной вядома, Чаго і нам не зразумець. Ну вось і ўсё. Ізноў я дома, Каб зноў удалеч паляцець.Думаецца, гэты верш яскрава выяўляе светапогляд паэта. У ім няма нічога ад так званага «почвенніцтва». Ёсць глыбокі роздум над сучаснасцю, любоў да Радзімы.
Паэзія А. Грачанікава ўзбагачаецца новымі рысамі народнага жыцця, духоўнага свету чалавека. Добра сказана ў яго пра партызанскія салюты: «Свінцова-цяжкім коласам тугім вы леглі ў сноп Вялікай Перамогі». Паэта хвалюе быццё народа, яго паэзія, песня: «Народ без бесні — не ўмее, народ без песні — нямее».
Інтанацыі роздуму — у многіх вершах. Аднак часам ён выступае ў празмерна агульных формах, абстрактна і ўяўна глыбакадумна. «Жыццё, жыццё! Ты не праходзіш бокам, але і не ратуеш ад бяды». Банальнасцей трэба пазбягаць. Менавіта да такой — занадта агульнай — высновы прыходзіць паэт у вершы «Народ і песні»:
Вякамі раны лячыла, Айчына мая. Айчына. Змагалася, ваявала, А песні ўсё ж спявала.Думка правільная, але, так сказаць, не на ўзроўні А. Грачанікава. Стыль верша, яго інтанацыя не спалучаліся з асобаю паэта. Думка выступае задужа спакойнай, нейтральнай.
Сённяшняя яго паэзія ўслаўляе мудры вопыт часу. Лірычны герой вяртаецца на высечаную баравую дзялянку, але без сякеры і пілы. Яму часцей, чым раней, хочацца пабыць у адзіноце, сярод прыроды, з якой у яго моцныя душэўныя сувязі, адчуванне яе першароднасці.
Аснежаны спакой лясны. Нідзе — ні грукату, ні шуму. Змяняе лёгка дума думу, І свет спагадны і не злы. Ні мудраца і ні прарока, Дыміць крыніца пад гарой. І ўсё балючае — далёка, І ўсё гаючае — з табой.Адчуванне прыроды пранізвае яго лірычнае перажыванне свету, з’яўляючыся ў значнай ступені маральным арыенцірам, які дапамагае зразумець сваё месца ў свеце, знайсці ўнутраную раўнавагу. Паляшуку родам, які рос на ўлонні прыроды, яму блізкая і зразумелая «асенняя музыка траў». Прырода праясняе душу, абуджае лепшыя пачуцці, вяртае «ад мітусні да яснасці душы». Паэту не па душы голы практыцызм сучасных мяшчан. Сквапнаму свету мяшчан ён супроцьпастаўляе мудрую філасафічнасць прыроды, вясновы світанак напаўняе яго душу прадчуваннем шчасця і дабра. У яго жыве неабходнасць пакланіцца небу і зямлі — «Прырода падсілкуе і прывеціць і забярэ з сабою назаўжды».