Мы з Санькам у тыле ворага
Шрифт:
— Там было горача... Пакуль што іхняя ўзяла...
Але не-не ды і трапляліся асобныя словы: рэспубліканцы, фашысты, Грэнада... Што яны азначаюць, я толкам не ведаў, аднак здагадваўся — за імі хаваецца нешта вельмі важнае.
А бацьку ён адкрыта сказаў:
— Быў у Іспаніі...
Адным словам, Міцькаваму брату да майго дзядзькі яшчэ далека скакаць.
— Аць-два, аць-два! Левай, — не сунімаецца дапрызыўніцкі камандзір.
Па полі ідуць нам насустрач дзяўчаты і жанчыны з капапіцамі. Яны сабраліся на абед. I тут хлопцы не вытрымалі і заспявалі:
Если завтра война,
Если завтра в поход,
Если темная сила нагрянет...
А дзяўчаты ў адказ:
Хутка ў армію паедзе
Мой мілёнак дарагі.
Толькі два гады — не тыдянь,
Мне палюбіцца другі.
Дзяўчаты спяваюць больш голасна — нашага запявалы амаль не чуваць. I тут мы з Санькам прыйшлі дапрызыўнікам на дапамогу:
Как один человек,
Весь советский народ
За великую Родину встанет.
Сілы не шкадавалі. Атрымлівалася хоць і не вельмі складна, затое гучна.
Калі я заўважыў сваю бабулю, хавацца было позна ўжо.
— А цябе гэта куды нясе, нячысцік? — закрычала яна на ўсё поле.
— Баб, страляць! — не разгубіўся я.
Ну і разышлася ж яна: і маці дома хворая, і курэй з проса сагнаць няма каму, і кабанчыка паглядзець, ці не залез у чужы агарод, таксама няма каму. А я толькі і думаю, як аббегчы ўвесь свет ды біць лынды. Вось вярнуся дамоў, дык бацька мне настраляе.
Што яна там яшчэ пад жаночы смех і жарты крычала мне ўслед, я не чуў. Мы былі ўжо далека і спявалі новую песню:
Эй, по дороге,
Эй, по дороге,
По дороге войско красное идет!
3. У НОВАЙ ШКОЛЕ
Мой бацька — цясляр, і таму ў нас у сенцах на паліцы процьма, як кажа бабка, рознага жалязячча: стамескі, долаты, рубанкі, фуганкі, стругі крывыя і прамыя, малаткі вялікія і малыя. А сякер дык ажно тры, не лічачы калуна. Сякеры ў бацькі розныя: адной кожны дзень сякуць дровы, другой бацька чэша на будоўлях бярвенне, а трэцяя самая важная. Ёю робяць толькі тонкую работу: яна вострая, як агонь. Апошнюю сякеру бацька любіць больш за ўсе і пасля таго, як мы з Санькам перасеклі на ёй пару цвікоў, хавае ад мяне.
Кожную раніцу са скрынкай, у якой ляжаць інструменты і цвікі, бацька ідзе ў новую школу. Там ужо заканчваюць ставіць рамы і навешваюць дзверы.
Вечарам, калі бацька прыходзіць дахаты, я, пакуль маці збірае вячэру, паліваю яму на рукі. Прыземісты, каржакаваты, ён пахне свежымі сасновымі стружкамі. Густы, даўно не стрыжаны чуб і чорныя калматыя бровы прыпудраны пілавіннем. Бацька фыркае, як морж, і пырскі дажджом разлятаюцца ва ўсе бакі. Звычайна пры гэтым мы размаўляем.
— Ну, брат, і школа будзе,— гаворыць бацька.— Сам бы пайшоў вучыцца, ды, мабыць, гадоў багата...
— А страшна ўверсе? — цікаўлюся я.
— Што ты! — I ў яго вачах загараюцца хітрыя ісксаркі.— Галава кругам ідзе. Сёння я залез на вільчык, дык Стараселле відаць. Між іншым, дзеда Кулагу бачыў. Ён мне рукой махаў: няхай, маўляў, унук у госці прыйдзе, грушы паспелі.
Вось так заўсёды: з ім сур'ёзна, а яму — жартачкі. Калі яшчэ тыя грушы будуць, а ён — паспелі. Але праверыць, відаць ці не відаць са школы Стараселле, усё ж не шкодзіць.
3 такой думкай я і Санька пайшлі на будоўлю. Сёння якраз нядзеля і, апрача вартаўніка, старога, глухаватага Міхея, тут нікога няма. Ды і Міхей, прымасціўшыся пад штабелем дошак, соладка сапе ў цяньку.
Двухпавярховая школа нам здалася сапраўды вельмі высокай. Санька прыкінуў, што калі ўзяць іхнюю хату ды зверху паставіць нашу, а потым і хлеў, дык усё роуна да вільчыка не дастанеш, хіба толькі на хлеў зацягнуць яшчэ і сенцы — тады іншая справа. Разважаючы так, мы выбраліся на чарапічны дах і змоўклі ад ўдзіўлення. Адсюль усе нашы Падлтобічы відаць, як на далоні. Куды ні паглядзіш — усюды густыя, кучарэвыя вербы, з-за якіх амаль не відаць саламяных стрэх, і сады, сады. А ў іх яблыкі, грушы, кусты парэчак і агрэсту, непралазныя чашчобы маліны ўздоўж межаў, якія раздзяляюць адзін агарод ад другога.
Усё нам зверху відаць. Паглядзіш туды, дзе раніцой узыходзіць сонца, і перад табой неабсяжныя прасторы лугоў, зараснікі вербалозу і алешніку, бліскучыя шкельцы азёраў і рачулак. Шчыльным парканам за лугамі сінее сасновы бор. Адсюль да яго, здаецца, рукой падаць, хоць ісці трэба кіламетраў шэсць.
Паглядзіш туды, дзе сонца садзіцца, і перад табой бязмежнае калгаснае поле, калышацца, ходзіць буйнымі хвалямі жыта, побач зелянее бульба. Па яе пасевах туды-сюды снуюць коні, дакладней кажучы, маленькія конікі, а следам за імі такія ж маленькія людзі. Там калгаснікі разворваюць рады. Летам ім нядзеля не за нядзелю.
Наша вуліца Ніжні Дол самая прыгожая. Яна ўся ў вербах. Гэта таму, што нам без вербаў жыць нельга. Бацька гаворыць, яны нас ратуюць.
Пасярод вуліцы цячэ раўчак. Летам у ім вераб'ю па калена, затое вясной раўчак разліваецца на ўсю вуліцу. Ён затапляе агароды і сады, імчыць, не выбіраючы дарогі, размывае берагі. Каб не вербы, дык і хаты пазносіў бы.
Самога раўчака мы з Санькам адсюль не бачым. Ён хаваецца ў густых зарасніках гарчаку і ваўчкоў. Але нам і так вядома: там пялёскаюцца качкі, купаюцца свінні, хлапчукі з дзёрну гародзяць гаці і б'юць жаб. 3-за гэтага раўчака ў нас з Санькам на нагах цыпкі.
Адразу ж за нашай вуліцай разліўся Сітняг — вялікае возера. На сонцы Сітняг пераліваецца, іскрыцца срэбрам. На беразе стоўпіліся каровы, а побач з імі фантанамі ўзнімаюцца пырскі. Там купаюцца хлапчукі.
Далёка-далёка за Сітнягом, там, дзе сустракаецца зямля з небам, відаць горад. Дакладней кажучы, не сам горад, а толькі элеватар. Туды маці па нядзелях носіць малако, яйкі, розную дробязь з агароду: маладыя бурачкі, моркаўку, а адтуль — гасцінцы: абаранкі з макам, морс у тоўстай рабрыстай бутэльцы, які, здаецца, піў бы і піў без пярэдыху.