Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мы з Санькам у тыле ворага

Сяркоу Иван

Шрифт:

— Я... я... Ча-ча-паеў...

— Вось я табе дам Чапаеў! — раззлаваўся кінамеханік і вывеў яго з клуба за вуха, а ў калідоры, дзе бы­ло процьма народу, аб'явіў:

— Вы бачылі? Ён Чапаеў!

А затым куляй вылецеў і я. 3 таго часу і пайшло пра Саньку. Чапаеў ды Чапаеў. Толькі хто ж за гэта будзе крыўдзіцца?

Асноўныя «ваенныя» падзеі адбываюцца на попла­ве. Ён нібы знарок прыдуманы для такой справы. Зараснікі дзядоўніку, крапівы, конскага шчаўя тут такія, хоць ваўкоў ганяй. Гэта дае магчымасць скрытна перасоўвацца нашым «войскам», рабіць засады і хадзіць у разведку.

Ёсць на поплаве такое месца, як Глінішча. Тут уся наша веска капае гліну для розных патрэб: каму трэба ў хляве дзірку замазаць, каму комін паладзіць, каму печ перакласці. Капалі яе нашы прадзеды, дзяды, капаюць і бацькі. Хто кошыкам, хто вядром, хто возам — і перацягнулі людзі ў свае хаты і двары амаль паўпоплаву. Цяпер тут яма на яме. I ямы не звычайныя, а з рознымі падкопамі і пячуркамі.

На Глінішчы мы збудавалі крэпасць. Выбралі вруч­ную яму, нацягалі сухіх камякоў гліны, дзёрну, што на­рылі свінні, і атрымаліся сцены. Цэлыя два дні развяваўся над імі наш непераможны сцяг. А цяпер там сядзяць хутаране: Пецька Смык і яго смыкаўцы. Так што манеўраў сёння не прадбачыцца, а будзе штурм.

— Гуляй каля двара! — загадаў я Глыжку. А ён насупіўся і таксама рвецца ў бой.

— А няхай бяжыць,— дазволіў Санька. Неўзабаве сабралася ўсё наша войска. Апрача нас з Санькам і Глыжкі тут былі Коля Бурэц, Міцька Ма­лах і яшчэ з дзесятак меншых хлапчукоў з нашай вуліцы.

Баявыя дзеянні пачаліся нашай атакай. Хутаране сустрэлі нас дружнымі залпамі дзёрну. Кінуліся ўрассыпную з трывожным гогатам гусі. Каза, што пасвілася недалёка ад крэпасці, сарвалася з прывязі і з жаласным мэканнем пацягнула дахаты вяроўку з жалезным клецам. Пусціўся наўцёкі белалобы бычок. Мы насту­палі і адступалі, наступалі і адступалі хутаране, былі кавалерыйскія атакі і засады, сінякі і гузы, рукапашныя сутычкі і падраныя штаны, скрытыя абходы і калючкі дзядоўніку ў каленях і ў далонях.

Ужо з лугу праехалі на падводах дзяўчаты з песнямі, прайшлі стомленыя касцы, вярнуліся з пашы каровы, а бітва на Глінішчы не сціхала. Яна пагражала зацягнуцца на ноч. I толькі Санькава маці ўсталявала мір на зямлі. Яна прыйшла сюды з лазіной, і наш Чапаеў, робячы абыходныя манеўры, пусціўся дахаты. Тады і астатняе войска ўспомніла, што яно яшчэ не абедала, хоць час ужо быў і вячэраць.

Нас з Глыжкам сустрэлі дома далека не так, як пераможцаў, і асабліва мяне.

— Што, з'явіўся? — змрочна спытаў бацька.— Вось бяда. Хоць ты яму кол на галаве чашы.

— А божа ж ты мой,— агледзеўшы нас з ног да галавы, сказала маці.

Бабуля, як заўсёды, прадказвае будучыню:

— Не на дабро гэта яны разгуляліся ў вайну. Ой, не на дабро!

5. МЫ СТАНОВІМСЯ БЯЗБАТЧЫНЦАМІ

Не паспелі мы прывыкнуць да электрычнасці, як Іван Буслік і яшчэ нейкія дзядзькі зноў пачалі лазіць па слупах і цягнуць новыя правады. Аднойчы яны спыніліся і каля нашага двара. Ногі Бусліка — нібы брыгадзірская казліна, якой мераюць поле. Прайшоўся ён разы са два ад слупа да хаты, змераў адлегласць, а потым паставіў паміж вокнаў лесвіцу і давай свідраваць сцяну свердзелам. Бабуля рукамі пляснула:

— Ды што ж гэта ты, хлопец, зноў дзіркі ў сцяне робіш? Зімой жа ўвесь дух з хаты вытхнецца.

А Буслік сядзіць на лесвіцы і зубы шчэрыць:

— Бабка, з музыкай жыць будзеш. Паскачаш, і цёпла стане.

I сапраўды, неўзабаве загучала ў хатах музыка. У Санькі радыё круглае і чорнае, як патэльня. А ў нас на куце пад абразамі стаіць невялікая ружовая скрынка. Пакруціш ручку, і гэтая скрынка як урэжа «Ляво­ниху», дык лепш атрымліваецца, чым у Адама, вядома­га на ўсю вёску гарманіста. А іншы раз і казку раскажа: «Жылі-былі дзед ды баба...»

Глыжка на гэтае цуда надзівіцца не можа. Я і сам ніяк не ўцямлю, чаму яно гаворыць: язык там які-небудзь жалезны ёсць, ці што?

Выбраўшы зручны момант, калі ў хаце нікога не было, мы з Глыжкам вырашылі паглядзець, як зроблена радыё. Адарвалі абцугамі заднюю сценку скрынкі і ткнулі ўсярэдзіну свае насы. Ніякага языка там не аказалася: адны жалязячкі ды дроцікі. Паспрабавалі цвіком — прыліпае.

— Магніт,— растлумачыў я Глыжку.

Мы разглядалі радыё, мацалі, пакуль яно не сапсавалася. Круць-верць — маўчыць, верць-круць — як у рот вады набрала. Так-сяк зграблі ўсё ў кучу і ходзім самі не свае.

На другі дзень да нас зноў прыйшоў Іван Буслік. Бацька паклікаў. Паглядзеў Буслік спачатку на радыё, потым на нас з Глыжкам і па-змоўніцку падміргнуў. Затым ён пакалупаўся крыху ў дроціках, скрынка пашыпела, пакашляла, быццам у глотцы яе нешта перасела, і строгім незнаемым голасам сказала: «Наше дело правое, враг будет разбит, победа будет за нами!»

Бацька аж ускочыў з лаўкі.

— Што гэта?

— Здаецца, вайна,— няўпэўнена адказаў Буслік, потым згроб свае абцужкі, адвёрткі, шрубкі-болцікі і, махнуўшы рукой на бутэльку, якую бацька паставіў на стол, выбег з хаты.

Вайна. Бацька надзеў на галаву шапку і таксама ляпнуў дзвярыма.

Што такое вайна, я ведаю. Вайна — гэта калі бацьку прыносяць з сельсавета павестку, каб ён хуценька збіраўся ў нейкі там ваенкамат. Тут маці пачынае пла­каць і збіраць торбу. Бабуля таксама ходзіць па хаце з кута ў кут і гаворыць, што якой толькі пошасці на чалавека не прыдумаюць. I ў мяне шкрабаюць на душы кошкі, але я трымаюся, стараюся, каб не заплакаць. Я мужчына.

Як я памятаю, ён адзін раз ужо хадзіў ваяваць. Пайшоў летам, а вярнуўся аж вясной. Гасцінец прынёс: чырвонаармейскую шапку, папругу і абмоткі. У шапцы з чырвонай зоркай красаваўся я, папругай ён сам падпяразваўся, а абмоткі аддаў маці. 3 іх добрыя супонькі выйшлі. Маці насіла на базар малако, гародніну і ўсё хваліла тыя абмоткі: трывалыя, мяккія, плячо не рэжуць.

Дні праз два ці тры пасля таго, як Буслік паладзіў радыё, бацька зноў атрымаў павестку. Цяпер у нас поўная хата радні і суседзяў. Першым прыйшоў дзед Мікалай — бацькаў дзядзька. У яго вялікія будзёнаўскія вусы і сівая галава. Здаецца, ён толькі што прыехаў з млына і не паспеў абцерушыць мучны пыл з валасоў. Дзед прывітаўся, сеў на лаўку і сказаў:

— Ну вось... дажыліся, ліха яго бацьку няхай. Затым прыкульгаў наш сусед Захар Маляўка. Некалькі год назад яму бервяном у лесе пераламала нагу. 3 таго часу, наступаючы на яе, ён неяк смешна падскаквае. Мабыць, таму і мянушка за ім замацавалася— Скок. Спытай у людзей, дзе Захар Маляўка жыве, дык некаторыя плячыма паціснуць і пачнуць успамінаць, хто ж гэта такі. А скажы Скок — адразу пакажуць.

Дзядзька Захар жвава пераскочыў цераз парог, паставіў свой кіёк ля парога і, прывітаўшыся, спытаў:

— А мой жа ты татка, дык што ж гэта яно будзе?

Што яно будзе, яму ніхто не сказаў. Усе прамаўчалі.

Другі сусед, дзед Мірон, хмуры і маўклівы, калматы і здаравенны, як мядзведзь, не прыйшоў. У яго ў самога госці. Сына адпраўляе — Васіля. Мы з Санькам гэтаму рады. Толькі ўчора дзед абяцаў панакручваць нам вушы — у сад лазілі. I хто ведае, як бы ён паглядзеў на нас, калі б зайшоў у хату.

Поделиться с друзьями: