Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мы з Санькам у тыле ворага

Сяркоу Иван

Шрифт:

Стараселле якраз у другім баку. Колькі мы ні ўглядаліся з Санькам, але майго дзеда Кулагу так і не ўбачылі. Там таксама ўсюды вербы. Адна макаўка царквы тырчыць.

Насядзеўшыся ўволю на даху, мы пайшлі аглядаць школу з сярэдзіны. Тут пахла свежай маслянай фарбай, смалістымі стружкамі, вапнай і яшчэ немаведама чым. Калідоры доўгія, шырокія, што вуліца, і гулкія, як калодзеж.

— Гэ! — крыкнуў Санька. Атрымалася так, быццам сто Санькаў крыкнула.

— Гэта мы! — не ўтрымаўся і я.

— Ы-ы! — гулам пракацілася па пустой школе. Мы прабеглі па калідорах-вуліцах, паляпалі новымі дзвярыма, разы па два з'ехалі па поручнях лесвіцы з другога паверха на першы і спыніліся ў адным класе. Клас быў недабелены. Тут валяліся квачы і стаяла дзежка з мелам. Мел на дне, а зверху сіняватая вазічка.

— Трэба ўзмуціць,— сказаў Санька. Потым яму захацелася зрабіць добрую справу — крыху пафарбаваць. А ў нас так: што робіць Санька, тое і я, а што — я, тое і Санька.

Перацягнуць дзежку да рыштавання ў нас не хапіла сілы, таму мы паклалі на яе дошку і ўзяліся за рабо­ту. Мел з квачоў пырскаў нам на галовы, па кашулі і штаны. Добрая справа яшчэ толькі пачалася, а нас ужо не пазнала б і родная маці. Санька з рыжаватага ператварыўся ў бела-рабога, а мае новыя чартакожавыя штаны сталі квяцістыя, як бабуліна святочная кофта. У гэты час і грымнуў гром.

— А-а, паганцы! Дык гэта вы што?

На парозе як з-пад зямлі вырас дзед Міхей з доўгім кійком у руках. Па ўсім было відаць, што жартаваць ён не збіраўся. Яго рэдкая казліная бародка аж траслася ад гневу.

— А хлуда вы не хочаце? — спытаў стары. Што-што, а хлуд нам непатрэбен. Я кінуў дошку, якую ўвесь час падтрымліваў, каб Санька не зляцеў на падлогу, і сігануў у расчыненае акно. Санька спачатку ўскочыў дзвюма нагамі ў дзежку, а адтуль ужо як чорт вылецеў услед за мной.

Ад школы па-за агародамі мы выскачылі на поплаў, а потым па крапіве і дзядоўніку выбеглі да раўчака. Тут спыніліся і агледзеліся. Я дык яшчэ нічога, а на Саньку страшна было глядзець: белы з галавы да ног. Больш таго, на Санькавым ілбе сядзеў новы гуз велічынёй з добрую сліву.

Да самага вечара мы мылі ў раўчаку і сушылі на траве сваё адзенне. А калі ішлі дамоў, Санька сказаў:

— А школа ўсё ж добрая.

Я з ім згадзіўся: добрая школа, высокая.

4. ЧАПАЕЎЦЫ

Лета над сялом плыве спякотнымі сонечнымі днямі, навальнічнымі хмарамі, зорнымі, парнымі начамі. Ра­тной яно рассыпае буйныя росы па травах, звініць аб донне даёнак тугімі струменямі цёплага, пахкага малака. I вось ужо разлягаецца голас пастуха:

— Гэ-э!.. Гэ-э! Куды пайшла! Эх, воўк тваё мяса еш! Гучна ляскае доўгая, цяжкая пуга.

I раптам дзесьці далека, на краю вёскі, пачынае часта-часта ляпаць па бабцы малаток, яму адгукаецца другі ў другім двары, затым у трэцім, чацвёртым і, нарэшце, у нашым, пад самымі вокнамі:

— Цюк-цюк-цюк-цюк-цюк...

Змоўкне на хвіліну і зноў. Гэта бацька наводзіць касу.

Мая бабуля таксама вострыць цаглінай капаніцу. У калгасным садзе яшчэ не выпаланы буракі. Ад гэтых буракоў ва ўсіх аж рукі адвальваюцца.

Бабуля ў мяне малайчына. Ей ужо каля шасцідзесяці, і нішто сабе — як маладая: рухавая, упраўная. Мабыць, таму і называюць яе не па бацьку, а проста так: цёця-Моця. Без яе ні адна справа ні ў сваім, ні ў калгасным агародзе не абыходзіцца: і парніковыя рамы шкліць ды абмазвае, і расаду вырошчвае, і памідоры насынкуе, і грады праполвае, і высадкі малоціць. Людзі здзіўляюцца: адкуль у яе толькі сілы бяруцца?

Твар у бабулі гарбаносы, сухі, валасы густыя і чорныя, вочы зыркія, то насмешлівыя, то калючыя. Яна імі мяне наскрозь бачыць, яна ведае, чым я дыхаю. Вось толькі зубоў у яе мала. Але ўсё роўна хутчэй, чым яна, яблык не згрызеш: дастане з кішэні ножык, шкраб-шкраб-шкраб — і ў рот. Дарэчы, у бабульчынай кішэні нойдзеш не адзін толькі ножык. Там убачыш і новы цнік, і сырамятны раменьчык, і скрутачак медных дроцікаў — што хочаш.

Свой «струмент» бабуля не давярае нікому. Аднойчы бацька сам навастрыў капаніцу наждаком, дык по­тым бяды не мог абабрацца — не так.

— Ну, глядзі тут, дзеўка. Я пайшла! — крычыць бабуля ў акно, паскрыгатаўшы аб капаніцу цаглінай.

Дзеўка — гэта мая маці. Яна ўжо некалькі год хварэе. Яе і дома лячылі, і клалі ў бальніцу, ды лекі не дапамагалі. Бабуля гаворыць, што маці надарвала сэрца, і новага тут не ўставіш.

Маці, охкаючы, топчацца ля печы, грыміць у парозе вілкамі і качаргой, праклінае цяжкія чыгуны.

Стаміўшыся, яна садзіцца на лаўку, і па яе худых шчоках коцяцца слёзы.

— Мам, чаго ты? — спалохана пытаюся я.

— Спіце, спіце,— схамянаецца маці.— Гэта я так, дзеткі, прыпамятавалася жаласлівае...

Але ўжо не спіцца. Мне вельмі шкада маці, і я сам сабе абяцаю, што буду заўсёды яе слухацца і з заўтрашняга дня буду добра пасвіць кабанчыка і гуляць з Глыжкам. Сёння мне яшчэ нельга. Санька назначыў ваенныя манеўры. Ён цяпер у нас Чапаеў, а я яго Пецька.

Наеўшыся тоўчанай бульбы з малаком, мы з Глыжкам выбягаем з хаты. А тут сонца поўны двор, поўная веска, поўнае неба. На двары ў смецці корпаецца квактуха з куранятамі. Паграбае лапамі, паквохкае, і кураняты трушком да яе. Убачыўшы, што нічога талковага не выкапалася, яны расчаравана разыходзяцца ў бакі. Квактуха сама збянтэжана — павінна ж было штосьці быць! I яна зноў пачыпае грабаць, яшчэ больш старанна.

Кабанчык ужо ўзараў паўдвара — увесь лыч да са­мых вачэй у зямлі. Ён сустракае нас, як блізкіх прыяцеляў, вясёлым рохканнем:

— Рох-рох-рох! — Кабанчык быццам пытае: што, хлопцы, пойдзем пакапаем мурог на поплаве?

Але больш за ўсё ўзрадаваўся нашаму з'яўленню Жук. Ён аж затанцаваў каля сваей будкі, бразгаючы ланцугом. У яго сабачых вачах нямы папрок: ну і спіце ж вы, як паны! А вось хлеба вынесці, мабыць, забыліся.

Санька налятае на мяне, нібы віхор. Ён як з-пад зямлі вырас: грозны і рашучы. Выгаралыя, кудлатыя валасы тырчаць ва ўсе бакі, а на лбе зноў свежы гуз.

— Ты сядзіш вось тут,— накінуўся ён на мяне,— а хутаране нашу крэпасць на поплаве занялі...

Хутаране — гэта такія ж хлопцы, як і мы, толькі з Хутара. А Хутар — вуліца, што па той бок поплаву.

У нас з імі даўно ідзе жорсткая барацьба. Гэтыя самыя хутаране, якімі верхаводзіць Пецька Смык, нахабна лічаць сябе чырвонымі, а нас белымі. А ўсё якраз паадварот: чырвоныя — гэта мы, белыя — яны. У нас камандзір Чапаеў. Санька не сам гэта прыдумаў. Яго Чапаевым назваў кінамеханік, а цяпер і ўсе людзі так завуць, нават мой бацька. Ён заўсёды смяецца:

— Што, Чапаеў, новы гуз носіш? Ну, нічога, лоб трывалы будзе.

Нам з Санькам вельмі падабалася кіно пра Чапаева. Мы схадзілі за грошы раз-другі, а потым дзе ты іх, гэтых грошай, набярэшся? Вырашылі перахітрыць кіна-механіка. Калі скончыўся першы сеанс, мы залезлі ў куток пад лаўку і сядзім, як мышы пад венікам. Удалося. Мы і ў другі раз, і ў трэці, а на чацвёрты раз...

Мы з Санькам не любім успамінаць, што было на чацвёрты раз. Калі майго сябра выцягнулі з-пад лаўкі, ён сказаў з перапуду:

Поделиться с друзьями: