Мы з Санькам у тыле ворага
Шрифт:
Бабуля схапіла вядро вады, заліла ў печы недагарэлыя галавешкі, выскачыла на двор і скамандавала: — Бягом у бліндаж!
Мы ўсе кінуліся туды. Сядзім гадзіну, другую, пятую. А наверсе грукоча вайна, малоціць зямлю цяжкімі цапамі, вытрасае з яе душу. Маці прыхілілася да сцяны і, сціснуўшы зубы, стогне — зноў у яе ўсхадзілася сэрца. Глыжка зашыўся ў куток на мех з сухарамі, прыціх, быццам і няма яго. Бабуля ўвесь час лае сама сябе, што не паслухалася Скока і не разбурыла свінушнік для перакрыцця. А я з самага краю, амаль на выхадзе, накрытым начоўкамі. Мне страшна і разам з тым цікава, што робіцца наверсе, як там нашы, дзе немцы. Бой грыміць, грукоча, — здаецца, што па зямлі качаюць вялізную жалезную бочку з каменном: з аднаго боку нашы, з другога немцы. Вось бочка недзе за сялом набірае разгон, фашысты налягаюць, і яна коціцца па вуліцах, па хатах, па вербах, па нашым агародзе, скаланаючы зямлю. Зараз наедзе на бабульчын бліндаж, раструшчыць гнілое ламачча над галавой, утопча нас у пясок. Але тут нашы налягаюць з другога боку, і бочка коціцца назад, грукаючы каменнем па сваіх жалезных баках. На сэрцы робіцца лягчэй: наша ўзяла.
Я не вытрымаў і высунуўся з-пад начовак. Гляджу, па бульбе, прыгінаючыся да зямлі, бягуць два чырвонаармейцы — адзін у касцы, у другога забінтаваная галава. Раз-пораз яны чмякаюцца ў бульбоўнік і страляюць у бок Міронавага саду. Адыходзяць.
Я падзяліўся назіраннямі са сваімі. Маці нічога не сказала, а бабулі гэта не снадабалася.
— На вуліцы ім месца няма ваяваць,— з неадабрэннем сказала яна.— Людскую бульбу ім трэба выталачыць.
А потым накінулася на мяне, быццам гэта я іх прывёў на агарод:
— Сядзь, ірад, пакуль не паказалі табе саву смаляную.
Апоўдні ўсё сціхла. Чуваць толькі, як стракочуць конікі ў траве, быццам маленькімі пілкамі пераразаюць сухія былінкі. У чыстым, бязвоблачным небе, шырока распластаўшы крылы, кружыцца каршак, а вакол яго з гоманам носіцца дробнае птаства.
Бабуля першая вылезла наверх.
— Ой, госпадзі, усе косці анямелі,— прастагнала яна і пайшла ў разведку.
Ёй карцела хутчэй паглядзець, ці цэлая хата, ці не здарылася чаго з каровай, ці не псуюць куры грады.
Але да хаты бабуля не дайшла. Яна трушком прыбегла назад і падняла нас па трывозс:
— Адарка! Хутчэй бяры дзяцей ды ў хату. Танкі па агародах ідуць. Затопчуць!
Маці спалохана вохнула, схапіла за руку анямеўшага Глыжку, я следам за імі.
Танкі яшчэ далека, на тары. Яны трушчаць платы, ламаюць яблыні, прасуюць копы жыта — ідуць напрамкі, не выбіраючы дарогі.
— Хату, можа, аб'едуць,— абнадзейвае нас бабуля. У хаце ад акна мяне не адцягнуць. Толькі маці з бабуляй адвернуцца, а я ўжо і прыліп да шыбы.
— Адыдзі, нячысцік!
Адыду. А праз хвіліну зноў. Вельмі ўжо хочацца паглядзець, якія яны — немцы.
— 3 рагамі,— злуецца бабуля.
3 рагамі не з рагамі, а ўсё ж страшныя. Рассыпаліся ланцугом па агародах, у расхрыстаных мундзірах, на баку жалезныя рабрыстыя бляшанкі, на жываце аўтаматы. Ідуць, перагукваюцца, цыгарэткі смаляць.
Затрашчаў і рассыпаўся наш спарахнелы плот. Яго ботам паваліў салдат. Паваліў, паглядзеў па баках, зазірнуў у бабульчын бліндаж і пайшоў далей па аўсянішчу.
3 нашага агарода ён звярнуў у Міронаў сад. Спыніўся пад антонаўкай, сарваў яблык і кінуў у траву — кісла, падышоў да другога дрэва — таксама не сладабалася. Гляджу, з маліны вылазіць яшчэ адзін. Удвух яны аблюбавалі белы наліў. Яблык на дрэве было ўжо небагата: дзед Мірон іх даўно абтрос і раздаў чырвонаармейцам. I мы з Санькам там трохі пахадзілі. Але на самай верхавіне яшчэ вісела дзесяткі са два.
Немцы страсянулі, але дзе ты іх страсеш, дрэва старое, дзябёлае. Гэта не спыніла фашыстаў. Адзін з іх, здаравенны, як калгасны бугай, перадаў свой аўтамат другому, спрытна ўскарабкаўся наверх і пачаў трэсці з усёй сілы. Яблыня захадзіла, захісталася, ніжняя, самая развесістая галіна затрашчала і як бы нехаця апусцілася на зямлю. Немец паляцеў з дрэва потырч, падхапіўся, і абодва зарагаталі. Праз нейкую хвіліну яны сабралі яблыкі і пайшлі.
— Во як! — сказаў я.— Не спытаўшыся, зайшлі ў чужы сад, нарабілі шкоды... Хіба так можна?
— А чаго ж ты хацеў ад немцаў? — буркнула бабуля і зноў: — Адыдзі ад акна, сатана!
Калі ў Міронавым двары загрукатала аўтаматная чарга і залемантаваў сабака, я ўжо больш не здзіўляўся. А чаго ж я хацеў ад немцаў?
10. МЫ БУДЗЕМ СКУСВАЦЬ БЫРКІ
Наша хата ходзіць ходырам, тонка звіняць у вокнах шыбы. Па вуліцы бясконца ідуць і ідуць нямецкія войскі. Ляскочуць, аж у вушах звініць, танкі, буксуюць у нашым раўчаку тупарылыя машыны, вялізныя з шырачэзнымі, як печ, крупамі біцюгі цягнуць калёсы.
— Ай-я-яй,— дзівіцца мая бабуля.— Як з прорвы. Мяне яна і за парог не пускае, затое сама абышла ўсё сяло. Вярнуўшыся, яна прынесла пад фартухом нямецкую сякеру: з аднаго боку лязо, а з другога абушок з кошкай, каб цвікі з дошак выцягваць. Маці ўбачыла бабульчыну знаходку і рукамі замахала:
— Выкінь, каб яе і паху ў хаце не было. Старая, а глуздоў не хапае. Калі знойдуць, ведаеш, што будзе?
Бабуля не пакрыўдзілася.
— Трасцу яны знойдуць!
I панесла сякеру ў сенцы.
А мне ў хаце не сядзіцца, выбег на вуліцу паглядзець, што робіцца на белым свеце.
Немцы размясціліся па дварах, з коньмі, з машынамі, з кухнямі. Загагаталі гусі, закудахталі куры, а ў Салодкай Пёклы, што жыве ад нас праз два двары, заверашчала свіння.
— Ой, што ж гэта робіцца, людзі добрыя! — загаласіла Пекла.
Каля нямецкага начальніка круціцца цывільны перакладчык, спалохана заглядае яму ў рот, і вочы ў яго быццам у нашага Жука, калі я ем хлеб, а яму не даю.
— Табе, цётка, маркі дадуць,— абяцае ён Пёкле. Свіння вялікая і дужая. Немцы ўчапіліся ў яе, як кляшчы, хто за вушы, хто за ногі, хто за хвост. А свіння хрукнула, крутанулася — і на вуліцу. Двое кінуліся пераймаць, а трэці бяжыць следам, трымае за хвост. На мурагу ён паслізнуўся, наступіўшы на каровін блін, але хваста не выпусціў, павалокся жыватом па траве. I ўсё ж яны падужалі свінню. Наваліліся гуртам, звязалі.
Неўзабаве заглянуў немец і ў нашу хату. Малады, гладкі, у шэрым, ладна падагнаным мундзіры. Бабуля была на агародзе, а маці стаяла ў двары на лаўцы і ўстаўляла замест выбітай шыбы фанерку.
— Матка, яйкі!
— Няма яек! — не вельмі ветліва адказала маці, не пакідаючы ляпаць малатком па цвічку. Тут ён аж збялеў ад злосці, крычыць, кулакамі пагражае. А маці быццам і не чуе яго, робіць сваю справу, з лаўкі не злазіць. Я не думаў, што яна такая смелая. Гэта зусім вывела фашыста з раўнавагі. Ён ударыў ботам па лаўцы, і маці паляцела на зямлю. Немец выхапіў з ножнаў цясак і сунуў ёй пад нос.
— Рэж, гад, рэж,— крычыць яна, а сама аж калоціцца. Шчокі расчырванеліся, вочы гараць. Я не вытрымаў і з плачам кінуўся да яе. А тут і бабуля падаспела.
— Пан! Паночку! — начала яна прасіць, і ў голасе было столькі лагоднасці, што аж слухаць мутарна.— Дзеткі во, пан. Малыя.— I паказала на нас з Глыжкам.
Ці яго кранула бабульчына лагоднасць, ці падзейнічала наша з Глыжкам прысутнасць, але немец схаваў нож, абышоў распластаную на зямлі маці і шмыгнуў у сенцы. Чуем, лесвіца заскрыпела — палез яйкі шукаць. А потым зазвінела шкло. Там стаяць рамы, якія ўстаўляюцца ў вокны на зіму. Слухае бабуля, што робіцца на гарышчы, і прыгаварвае: