Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мы з Санькам у тыле ворага

Сяркоу Иван

Шрифт:

Мая цётка Марына з'явілася са сваім мужам дзядзькам Андрэем. Сама цётка нізенькая, кругленькая, як пампушка, затое дзядзька Андрэй худы і высокі, нібы жэрдка. На вайну ён не пойдзе. Кажуць, у яго трухля­вая сярэдзіна.

— Дзякуй богу, там такія не трэба,— радуецца цётка.

— Не хвалюйся, і тут насярбаешся,— папярэджвае яе дзядзька Андрэй.

Само сабой зразумела, былі тут і мы з Санькам. Без нас, як без солі.

Госці сядзяць, выпіваюць і закусваюць. Звычайна ў такіх выпадках бацька гаворыць, што мне няма чаго рабіць за сталом, а сёння прамаўчаў. Таму мы з Сань­кам таксама сядзім разам з усімі,— праўда, выпіваць не выпіваем, а толькі налягаем на пампушкі са смятанай ды слухаем, што кажуць людзі.

Мой бацька густа дыміць цыгаркай і разважае:

— Гэтага трэба было чакаць. Тыдні два назад сустрэў я кума на базары. Яго старэйшага сына забралі ў армію. Дык вось кум і кажа: «Дрэнь справы, Кірыла. Выдалі ім вінтоўкі з патронамі і гэтыя, як іх, казкі. Відаць, пачнецца...»

Дзед Мікалай задуменна ківае сівой галавой:

— Ну, калі казкі выдалі, значыць, шабаш...

— Ды не, тат,— умешваюся я ў размову,— не казкі, а каскі.

— Адзін чорт,— адмахваецца бацька,— казкі ці кас­та. Куля не паглядзіць.

Тут мне захацелася растлумачыць, што каску, мабыць, куля ўсё ж не праб'е, але падышла бабуля і тузанула за рукаў. Гэта, каб я не быў разумнікам і не лез, куды не трэба.

— Я іх бачыў на польскай,— працягваў бацька.— Яны і тады на нас коса глядзелі.

Дзядзька Андрэй хрупае радыску і ў знак згоды ківае галавой. Яго востры кадык бегае па доўгай, нібы ў гусака, шыі, то ўткнецца ў падбародак, то схаваецца пад каўняром кашулі. Калі кадык супакоіўся, дзядзька заявіў:

— Атмасфера даўно зараджана порахам.

Ён заўсёды гаворыць па-вучонаму, асабліва калі пад чаркай.

— А куды ж, мой татка, мы глядзелі? — спытаў дзядзька Захар. Голас у яго тонкі, высокі. Сусед гаво­рыць, быццам на дудачцы грае.

— Туды і глядзелі,— адгукнуўся дзед.

— Давайце мы лепш спяем,— перабіла мужчынскія размовы цётка і, не чакаючы згоды, зацягнула высокім, прарэзлівым голасам. У нас з Санькам аж у вушах зазвінела.

Ой, паля вы, паля,

Вы зялёны паля.

Мужчыны набралі духу і ляніва загулі басамі:

А чаму ж на вас, паля,

Ураджаю няма?..

— Трэба вышэй,— параіў Скок і пачаў дапамагаць цётцы:

А чаму ж на вас, паля,

Ураджаю няма?..

Ад натугі ў суседа выступілі на шыі жылы і пачырванеў твар. Здавалася, вось-вось у яго горле лопне нейкая струна і ўсё скончыцца. Але струна не лопаецца, і тонкі, чысты голас плавае над басамі:

Толькі вырасла адна

Кучарава вярба-а-а!

— Вось, мой татка, як спяваюць,— пахваліўся Скок і зноў зацягнуў. Сіпяваючы, ён закідвае галаву ўгару, быццам певень п'е ваду.

Што пад той, пад вярбой,

Салдат ранены...

Яго падтрымала цётка:

У галавах у яго

Вараны конь стаіць.

Тут маці, якая да гэтага ўсё набівалася гасцям, каб яны паспыталі то бліноў, то студзіны, моўчкі паднялася з-за стала і, закрываючыся ад людзей хусткай, выйшла ў сенцы. Басы змоўклі. Толькі высокі голас суседа ўсё не хацеў сціхаць:

На грудзях у яго...

I раптам голас абарваўся. Апошнія словы Скок не праспяваў, а, уздыхнуўшы, прагаварыў:

Сцяг чырвоны ляжыць...

Настала цяжкая цішыня, толькі муха дзінькала ў акне, б'ючыся аб шыбу.

— Эх, чорт,— раззлаваўся раптам бацька і грукнуў па стале кулаком, аж падскочылі міскі і лыжкі. Потым ужо больш спакойна звярнуўся да гасцей:

— Аб чым я вас папрашу...

Тут бацькаў голас задрыжаў, і ніжняя губа часта-часта заторгалася.

Усіх прашу: і цябе, дзядзька Мікалай, і цябе, Марына, і вас, суседзі, калі здарыцца такое... Словам, прыгледзьце сірат, калі што...

Цётка Марына адразу захліпала і загаласіла пра тое, што бедныя нашы галованькі і што самі мы таксама бедныя-бедныя. Мне аж самому захацелася плакаць, толькі Санькі пасаромеўся. Потым смяяцца будзе.

Дзед Мікалай пакратаў свае будзёнаўскія вусы, быц­цам хацеў праверыць, ці на месцы яны, і, глуха кашлянуўшы, адказаў:

— Бог дасць не здарыцца. Вернешся. А мы тут не кінем іх.

— Ды што казаць, — падтрымаў яго дзядзька Андрэй.

Па вуліцы я іду побач з бацькам і стараюся выглядаць героем, ступаю шырока, нага ў нагу з дарослымі. Не спяшаючыся, відаць, баючыся што-небудзь забыць, бацька вучыць маці:

— Авёс на агародзе сажніце, складзіце на хату — сушэй будзе. Ды толькі добра вымалаціце, а то мышы аўсянку пасякуць. Карова ацеліцца — цяля не трымайце. Не пракорміце. А будзе якая капейка — купіце на зіму хоць якога кабанчыка. Дзеду Мірону пуд пшаніцы аддасцё з працаднёў.

А маці ідзе і чамусьці яго не слухае. Яна думае пра нешта зусім іншае і ўвесь час цяжка ўздыхае.

— Сена паможа прывезці дзядзька Мікалай. Вы тады яму скажыце.

— I казаць не трэба,— адгукнуўся ззаду дзед.— Мы тут з Іванам як-небудзь управімся...

Я аж расту на вачах: гэта дзед пра мяне гаворыць. За вёскай нас дагнала падвода. На ёй людзі ехалі таксама на вайну — усе з торбамі.

— Болей не праводзьце,— сказаў бацька,— доўгія провады — лішнія слёзы.

Мазолістай, цяжкай рукой ён раскашлаціў валасы на маёй галаве.

— Ну, глядзі тут, сын. Слухайся маці, дзеда, бабу. Струмент мой не расцягні. Можа спатрэбіцца.

Бацька легка ўскочыў на падводу і паехаў.

Мы з Санькам беглі следам, пакуль не засапліся, а потым селі ў прыдарожны палын, і нам стала горка-горка: ці то ад палыну, ці то ад пылу, якога наглыталіся, даганяючы падводу, ці то ад крыўды, што нас не бяруць на вайну. Там бы мы сябе паказалі, а заадно пакаталіся б і на танках, назбіралі б па кішэні гільз, а то і разжыліся б кулямётнымі стужкамі, якімі абвешваюцца матросы ў кінафільмах пра рэвалюцыю. А дома черта лысага выседзіш.

Поделиться с друзьями: