Чтение онлайн

ЖАНРЫ

На імперыялістычнай вайне

Гарэцкі Максім

Шрифт:

— Значок, каторым адзначаюць праўдзівых герояў, — сказана было, як раздавалі Георгіеўскія крыжы. А тым часам…

Седзячы цэлы дзень у акопах, пад страшэнным абстрэлам, 4-га жніўня «праўдзівыя героі» — падпрапаршчык X. і старшы феерверкер Z. — пасылалі па розных справах пад кулі ніжніх чыноў, а самі «рабілі» ў акопе і закапвалі лапатачкамі.

7-га жніўня, у другім баі, падпрапаршчык Ф. С., што яму даюць крыжы 4-й, З-й і ўжо 2-й ступені і што быў у той дзень арудзійным феерверкам, рабіў тое самае, тое не закапваў, а выкідаў з акопу на лапатачцы. Што ж, з разумнага погляду так і трэба, калі можна ўратаваць жыццё, не робячы непатрэбнай рызыкі. Але чаму ж не далі крыжоў тым ніжнім чынам, што павінны былі дзеля службы вылязаць з акопу і бегаць пад кулямі? «На ўсіх не хопіць». Значыцца, усе — падобныя «героі», а злашча ў пяхоце, дзе непараўнана болей рызыкі. А ці там гэтак шчодра даюць крыжы?

Мы, тэлефаністы, дасталі іх за той бой, калі зазвычай далёка не па-геройску спіраліся: «Ты ідзі злучаць провад!» — «А сам?» — «А ты?» — «А чарод чый?» — «А я за цябе старшы: мусіш слухаць».

Дык у чым жа праўдзівае геройства і ці шмат пад гэтымі крыжамі герояў? Ці я, можа, нядобра разумею слова «геройства»? На сучаснай вайне — усе героі ці, лепей кажучы, няма герояў, а ёсць болей ці меней дысцыплінаванае быдла.

Можна да крыві грудзі раздрапаць ад паразітаў. Сядзеў у гімнасцёрцы на голае цела і мыў сарочку ў сцюдзёнай вадзе без мыла.

— Пустое, брат, дзела! — сказаў Пашын. — Без вару рады не дасі.

Напісаў тату пісьмо, каб нічога не прысылалі, а толькі — парашку «Арагац» труціць гэтых белых бандытаў, і як найскарэй.

З0 верасня.

Жывеш тут нямыцькай, ваюючы з вашмі і хцівым сабакам кідаючыся на вядро з казённаю бурдою.

Грымяць гарматы, нягледзячы ні на дождж, ні на холад, ні на гразь, ні на цямноту начы. Грымяць…

Нашто і за што?

Тыя сацыялісты, штоадразу заявіліся «паражэнцамі», за сваю цвёрдасць духу маюць будучыню. Не баюся ў гэты момант саглядатаяў, — хай прачытаюць маю кніжачку і расстраляюць палявым судом. Толькі… ці надоўга ў мяне гэткай смеласці?

За сённяшні дзень батарэя выпусціла 426 шрапнеляў і 114 гранат. Ну і быў дзянёк! Але годзе апісвання баявых прыгажосцей…

Дзевяты дзень бою на гэтай пазіцыі…

Сёння пабіў сваіх вошы. Мыт у мяне і ў Беленькага. Ці не ад бульбы? Ядзім з кухні толькі ўвечары, бо ўдзень пад'язджаць кухні забаронена. Паглядзець згары, дык здасца, што тут — мёртвае поле, нікога няма, ніхто не едзе і не ідзе, нічога нідзе не варушыцца, пустыня… А колькі сядзіць тут людзей, як мышэй у норах.

Прывезлі трохі хлеба. Выдалі па 21 крошцы (кавалку) цукру.

У ногі сцюдзёна. Боты працякаюць.

Выпарыцца 6 у лазні, надзець чыстую кашулю, павячэраць смачна і легчы спаць у цёпленькім. Нічога болей не хачу на свеце!

Ах ты, доля мая, доля! Доля горкая мая!

I не адна мая: цэлых мільёнаў.

* * *

1 кастрычніка.

Сёння прыйшоў ліст ад родных, пасланы 9-га жніўня. Вось дык пошта… Нічога, усё добра. Стахвана забралі, але спадзяецца, што, як апалчэнец, на пазіцыю доўга, а можа, і зусім не трапіць. Сям'я яго жыве ў нас. Лаўрынька паедзе вучыцца. Ураджай у нас сёлета добры. З Цёмналесся пабралі шмат людзей. Як праваджалі, усе вельмі плакалі. Але гарэлка забаронена, — і ніякіх скандалаў, ніякіх п'яных выбрыкаў. Ціха, спакойна — і мора слёз, усюды поўна плачу і жалю… Прадракаюць блізкі канец вайне…

Нічога, усё добра, і радасць мая, што атрымаў ліст, радасць мая — ціхая і супакойная. А можа, — тупая? Тут атупееш.

I калі было тое 9-е жніўня! За гэты час магло быць колькі змен, колькі навін. Ці жывеш ты яшчэ на свеце, мой браце Стахване?

Лепей пра гэта не думаць і вярнуцца да сваіх штодзённых тутэйшых спраў.

Праўда, справы даволі аднастайныя. Што сёння было?

Еў брукшу і мак на голым і нудным гародзе жмогуса, каб хоць троху перастала ссаць пад лыжачкай. Спаў гэтую ноч у хаце на саломе. Бачыў, як дывізіённы ад'ютант раздаваў крыжы. Героі лаяліся, спрачаліся: «Яму не варта, таму няма за што!..» — «Ён быў-ткі пад агнём!..» — «А я што — пад снегам?»

Чуў, як у сенцах касавокі «халуй» (так салдаты завуць дзеншчыкоў), родам туляк, казаў, што ён, вярнуўшыся з вайны, укіне салдацкую вопратку ў агонь у печы, каб пагарэла «ўся гэтая брыдота». Потым ён ганіў «хахлоў» (а так салдаты завуць сваіх таварышаў, якія родам з Украіны і таксама з Беларусі), што яны свой паёк цукру і гарбаты не спажываюць самі, а прадаюць крамнікам, каб злажыць грошы і вярнуцца з службы дамоў у лакірованых ботах, элегантамі. «Гарбаты піць не ўмеюць хахлы: фу-фу-у! — дзьмуць, ды як сабакі: хляўк! хляўк!» Яго таварыш, дзяншчык з беларусаў, спакойна бараніўся:

— А што мне твая гарбата? Калі я добра пад'ем, дык і вады нап'юся смагла. У нас, як касіць ідуць, сала ці сыраквашы з хлебам наядуцца. А ў вас, праўда, як сабакі: жыдзенькае гарбаты сёрб-сёрб! — і пабег хартом-чартом на сенажаць. Якая ў яго можа быць работа? Яму б толькі на гармошцы тады рыпаць.

Цярпліва даслухаўшы спрэчку да канца, я папрасіў у іх вады памыцца, але яны абодва мне адмовілі, сказалі, што няма ў іх вады, і бурчэлі мне ўслед:

— Не вялікі пан, паходзіць і так.

— Вальнашляючы… трэба было даць…

— Чаму не даў? Гэта ж твой хахол.

Тады я пайшоў у хату, дзе месцілася канцылярыя дывізіёну (я быў сёння прысланы сюды для сувязі з батарэяй).

Тут распівалі гарбатку з малаком пісары. Старшы над імі быў вусаты паляк ці апалячаны беларус з Віленшчыны, чамусь з расійскім прозвішчам — Маслоў. На грудзях у яго была прышыта георгіеўская стужачка. Пан пісар Маслоў засыпаў мяне пшэпрашамі, пане-пане, прошэн пана. Ён чуў, відаць ад некага, што я паляк. Далікатна ўзвёўшы гутарку на польскую мову, Маслоў моцна бедаваў, што, на жаль, не ўмее пісаць гэтаю «найдалікатнейшаю ў свеце» моваю.

— Па рускаму так далікатна не напішаш, як па-польскаму. А я друк чытаю, а пісаць не ўмею… О о, каб я ды ўмеў пісаць па-польскаму!

Што б ён тады зрабіў, ён не даказваў.

Маслоў, відаць, не быў селянін, бо надта непрыгожа абходзіўся з старым гаспадаром хаты, ціхамірным і пакорным жмогусам з сівымі стрыжанымі вусамі і маленькімі вочкамі, і высмейваў яму, што каталік, а па-польску ўмее толькі пяць-дзесяць слоў.

— Гаспадары тут жывуць як свінні, але ўсяго маюць. А вось з вышэйшых хто польскіх (мабыць, сябе Маслоў залічаў да гэтых вышэйшых) — тыя бядуюць. У Расіі ходу яны не маюць… Другі і вялікую адукацыю дастаў, а сядзіць без працы, і ніхто яму не плоціць пенсіі, або ён займаець зусім нізкую супроць сябе ваканцыю.

Кажучы так, пан Маслоў асцярожна заглядаў ад столу ў мае вочы, шукаючы спагады. Але ў размову ўбіўся ардынарац.

— Вось, прыкладам, як наш пан Маслоў: усяго толькі пісарам!

Маслоў крыху збянтэжыўся, пачуўшы насмешку, ды не падаў віду і прыняў ардынарцавы словы як камплімент сабе.

— Можа, дурню, гарбаты хочаш? — спытаўся ён у ардынарца масляным галаском, пад якім хавалася ёлкасць. — Толькі без млека, бо не хопіць пану вальнапісанаму.

— Я сваёй напіўся! — вясёла адказаў ардынарац.

Поделиться с друзьями: