На імперыялістычнай вайне
Шрифт:
— Колькі выпусцілі снарадаў? 317 гранат і 39 шрапнеляў? Нічога… маё аруддзе чалавек дваццаць забіла, хопіць на гэтай пазіцыі…
Аднак жа мы паспелі выкапаць акопы, і пакідаць іх нікому не хочацца.
Ногі мае дужа зяблі ўчора цэлы дзень і сёння зябнуць — няма куды дзецца, хоць ты плач.
Хлеба няма ўжо трэці дзень. I няма дзе купіць нават за грошы, чыстая бяда прыйшла. Аб чым думае наш тыл? А сухары свае мы пагрызлі раней без дазволу.
— Вось цяпер і сядзіце на бабох, сказаў капітан Фядотаў.
— Дзе ж той боб? Дайце нам, мы яго з'ядзём!
Абеды нашы дужа дрэнныя, адна вада, і тая чорная ад гнілых капусцінак ці то ад сушанай гародніны, што рэдка-рэдка дзе баўтаецца. Ядзім два разы ў дзень, уранні і ўвечары. Адзін раз даецца порцыйка мяса, але такая малая, што і есці няма чаго. Порцыйка — закачаная ў пясок бруднымі пальцамі кашавара і арцельшчыка. Ох, гэтыя пальцы:
імі раздзіраюць мяса на порцыі, імі тут жа і смаркаюцца «ў кулак». Звараныя порцыі раскладваюць на падсцелены мяшок, а часам нават на шынялі. Як быццам так трудна прыстарацца якой чыстай дошкі.
25 верасня.
Рукі трэскаюцца ад сіверкі, пісаць холадна. А ноч блізу што і не спаў так пазяб. Ляжаў каля тэлефоннага апарату з трубкаю ў руцэ ля вуха. Ляжаў — як можна, закрыўшыся сенам, каб было цяплей. Усё роўна праварочаўся да рання з боку на бок у халоднай трасцы.
Сёння не мыўся (другі дзень). Хлеба прывязлі фунты па два (ці меней) на чалавека. Хадзіў «у тыл», шукаць хлеба, яблыкаў. Нідзе нічога… У касцёл зайшоў, бачыў там груд розных лахманоў, знесеных сялянамі на сховы. Салдаты хацелі расцягнуць, але ім не далі сваім гвалтам бабы.
Пры касцёле сярод кучкі старых жмогусаў і салдатаў чуў жудасную гісторыю, як немцы гвалцілі дзяўчат-жмудзінак… Аж не ймецца веры. Нейкі вайсковы пісар, відаць, свежанькі на фронце і чалавек кніжны, з вялікім абурэннем і ўзварушлівасцю лаяў, лаяў немцаў: «Гэтак яны прышчэпліваюць сваю культуру… ах, сволачы!» Потым яго размова перайшла на дужа патрыятычную маскоўскую ноту і нагнала на жмогусаў таскнату, а на мяне прыкрасць. «Ну што: дрэнна вам пад Расіяй? Пад немцамі лепей? Скаштавалі? Вы каталікі, а ў нас вы маеце ўсякае права, а вось вам нямецкая культура… скаштавалі!»
Настрой ува ўсіх дрэнны. Немцы не адступаюць. Па дарозе пляцецца шмат нашых раненых пехацінцаў; трасуцца ад холаду. Яны невясёла пераказваюць, што немцы падманяюць нашых то нібы кінутымі перадкамі разбітае батарэі, то белым флагам, а потым косяць кулямётам «як капусту». Акопы яны сабе нарабілі з таўсценнага сасновага бярвення і рэек з жалезнае дарогі. Ім там цёпла: паставілі печачкі, нацягнулі пярын ад мірных жыхароў, кажухоў, нават сталоў і крэслаў.
Жывуць, як паны, у сваёй хаце. «Ім хоць бы што… Выбі іх адтуль нашымі свісцёлкамі! [3] »
3
Лёгкай палявой артылерыяй. Шпорамі.
Чуецца з усіх бакоў нараканне, што ў нас няма цяжкай артылерыі… і наогул парадку.
Раніцаю троху спаў (на восенным сонейку). Прачнуўся; на зямлі ў лагчынах шараватая пароша — вястуння недалёчкае зімы. Толькі чаму яна не весяліць, як у сваёй роднай вёсачцы, дзе з яе прыходам вяжуцца ў успамінах бліны, скваркі, драная бульба з салам, малацьба ўдосвецце, капанне буракоў, дабіранне канапелек, сечка капусты?..
Ух, капуста нагадала кулямётную «капусту»!
Я пачынаю бунтаваць супроць начальства, што на зямлі і што на небе.
Навіны за дзень:
Елі нясмачную нішчымную бульбу, накрадзеную з поля хутаран.
Пілі цагляны («кірпічны») чай з хлебам.
Прыйшла мне тэлеграма; яна мяне спалохала была страшна і здзівіла. «Вам тэлеграма!» — «Дзе? Якая? Што такое?» — «Сцяпана забралі. Паведамі здароўе…» Аж яна ішла даўжэй за ліст! А я быў падумаў: няўжо каго забілі?
На гэтай пазіцыі маем ужо 4 забітых, 8 раненых і адну папсаваную гармату. I гэта ў батарэі, а што ж у пяхоце?
Кажуць, быццам 10-я армія (ген.[ерала] Мішчанкі) абышла немцаў і пагнала. Яны павінны і тут уцячы, і гэтага ўсім нам дужа хочацца, бо чацвёрты дзень стаім у нейкім напружаным чаканні і калеем у дрэнненькіх акопах.
Камандзір N-скае батарэі ехаў ля нас п'яны, чырвоны, з заліхвацкімі бураватымі вусікамі і крычаў:
— Хлопцы! Камандзір корпусу загадаў узяць пазіцыю ўва што б тое ні стала.
Першая батарэя некуды паехала; уначы, мабыць, і мы пераедзем.
Прыехаў у нашу батарэю новы афіцэр, толькі што прайзведзены падпаручнік Сізоў. Маладзенькі, далікатны і сарамлівы, як дзяўчына. Але стройны, высокі, прыгожы. Усё ў яго новенькае. Жоўтае сядло скрыпіць і пахне фабрыкаю. Новенькая шэрая шынель — да пят, з дзявочым станам і выстаўляецца на грудзях кругла і выпукла. Пазнаёміўся са мною — як з роўным. Сядзеў у нашым, тэлефонным, акопе і шмат чаго казаў нам і частаваў нас цукеркамі і шакаладам. Ён хоча быць для ўсіх добры і даступны. Гаварылі з ім пра дрэнныя салдацкія абеды (ён вінавата зганіў і афіцэрскія), пра нуднае жыццё на пазіцыі, пра лёгкую магчымасць смерці, пра вайну («пасля вайны, і яна скора скончыцца, нас, вайсковых, на руках будуць насіць»), пра 2014 год («рай будзе на зямлі»), пра чалавека, што «як кропля ў моры», і г. д. Калі мы засталіся толькі ўдваіх у акопе (Беленькі пайшоў па абед), гутарка ізноў узбілася на лёгка магчымую смерць, і падпаручнік Сізоў удаўся ў містыцызм. З не спадзяванай блізкасцю прызнаўся ён мне, што ў яго ёсць «маленькі святы абразок ад слаўнай дзяўчыны», з якою ён пазнаёміўся «нядаўна і даволі арыгінальным спосабам». Нядаўна пазнаёміўшыся, яна дакляравала прыйсці на вакзал праваджаць яго на фронт, «прыйшла і прынясла абразок». «Абразок майго ангела», — з пачуццём і маладою сарамлівасцю адзначыў Сізоў. Ён з любасцю намаляваў мне «сімпатычны тып рускай дзяўчыны». «Яна казала, — раздумана спамінаў ён, — калі мне будзе пагражаць небяспека, смерць ці што, каб памаліўся святому, што на абразку, і ўспомніў на яе…» Цяпер падпаручнік піша ёй лісты і з нецярплівасцю чакае водпуску. «Але спачатку трэба зрабіць што-небудзь і на фронце, — канчаў ён размову. — Вось вы ўжо прадстаўлены к крыжу, як я вам зайздрую!»
Стралялі сёння «па непрыяцельскіх акопах» (такая была каманда). Выпусцілі, паводле маіх запісаў, 9 гранат і 381 шрапнель. Увечары паедзем на другую пазіцыю.
Стаім
26 верасня.
Стаім на той самай пазіцыі, не пераехалі. На падмогу нам прыслалі, кажуць, чатыры цяжкіх аруддзі і марціры. Пад'ехалі нібыта к нам начою.
Грымела ўсю ноч. Немцы стаяць. Абстралялі наш наглядальны пункт цяжкімі снарадамі. Разарвалася болей за трыста снарадаў на адной маленечкай горцы, дзе быў гэты пункт. Дрэва пашчапана там на трэскі. Зямлю развярнула — не апісаць. Камандзір і тэлефаністы, балазеткі, у пярэрве абстрэлу ўцяклі. Абстрэл гэты няма што і раўнаваць да ранейшых баёў: гэта была жудасць неапісальная… Зямля стагнала, і ўсе мы, седзячы збоку, стагна лі або нямелі, закрыўшыся далонямі. Батарэя тэрарызавана, Няма ў мяне жадання апісваць, бо думкі і словы спаралізаваны гэтым дзікім, страшным гулам, што звініць яшчэ ў вушах.
На адну рэч хапае слоў: «звяры», «звяры», «звяры» ці, каб не траціць фігуральных выразаў на паскудства, проста — буйныя белыя вошы. На нагах, на спіне, усюды. Поўзаюць, варушацца. Можна здурнець.
27 верасня.
Стаім на той жа пазіцыі. На фронце заціш, вайна з вашмі.
Сніў, што чытаю газеты. Ах, каб спраўдзілася.
28 верасня.
Цалютку ноч, пазменна, капалі акопы недалёчка ад старой пазіцыі, з якой яшчэ не зняліся. Зрабілі добрыя бліндажы, хоць і дужа пакрыўдзілі будынкі хутарца жмогуса.
29 верасня.
Забіты чалавек, забіты чалавек… Што тут асаблівага? Здаецца, нічога. А як уяўляю сабе тыя страшныя, мутныя, мёртвыя вочы, вывернутыя мазгі, кроў, сцягнутыя сутаргай і пастаўленыя ўгору адубеўшыя рукі са сціснутымі кулакамі, — тады толькі чую значэнне слоў «забіты чалавек». Духовага ж безабраззя ўва ўсёй глыбіні адчуць не магу. Атупеў.
Я лічу па сваіх запісах каманды, колькі патронаў за дзень выпусціла батарэя, раўнадушна дакладваю аб тым капітану Смірнову, перадаю ад тэлефона дужым голасам каманду: «Адзін патрон — беглы агонь!» — і мяне гэта не чапае. А я ж пасабляю, не — не пасабляю, а сам разам з другімі старанна забіваю людзей. Забіваю такіх жа нявольнікаў, як сам. Што гэта я раблю? Пакуль што я не адчуў усяе глыбіні гэтага жаху! Не адчуў, а толькі думаў, што тут — вялікі страх, і жудасную сутнасць гэтага страху я зразумею толькі некалі пасля…