На імперыялістычнай вайне
Шрифт:
— Будзь проклят Вільгельм і кожны, хто хоча вайны! — шалёным голасам, над вухам, крычыць мне Беленькі і перадае з трубкі камандзірскую каманду: — Два патроны, беглы агонь… Агонь!
— Агонь!! — праразлівым, нялепым, дзікім матам крычу я каманду на батарэю.
— Агонь! — спакойна камандуе капітан Смірноў, вымаючы папяроску з зубоў.
Батарэя грукоча. Увушшу звініць, галава баліць.
— Вальнапісаны! Не крычыце так каманду, бо самі заглушаеце свае словы, — спакойна асаджвае мяне капітан.
Нервы супакойваюцца. Пашын вярнуўся. Але ў яго на вачах слёзы: ездавому (не ведаю прозвішча), яго блізкаму земляку, паднасіўшаму на батарэю снарады, вялікі асколак распароў жывот, і выпалі кішкі.
— Дзе ж ён, твой зямляк? — па-дурному пытаюся.
— Ці ж не бачыш?
Ай-ай, ля самага ж акопу фельчар з чырвоным крыжам на рукаве і сам той паранены піхаюць сінія брудныя кішкі назад пад гімнасцёрку. Пашын з сілаю швіргае ў акоп жоўтую скураную торбачку з прыладамі для звязвання кабеля — і хапаецца туды, дзе ў яго земляка вывальваюцца кішкі. Але няшчасны ўжо скаручыў нямытыя рукі на грудзях і відзіма-відзіма сінее, чарнее… Фельчар хрысціцца, Пашын таксама і абцірае слёзы рукавом наодмах, як адганяючы мух. Мне на гэты раз хочацца зрабіць, як і яны, ды рука не паднімаецца: я веру і не веру, што над гэтымі парванымі кішкамі ёсць нешта, што завецца богам.
Увечары старшы сказаў нам, камандзе тэлефаністаў, пастроіцца. Пастроіліся, чакаем. Прыйшоў камандзір, паздароўкаўся, падзякаваў за «маладзецкую работу» і, пад канец, асабліва ўрачыстым голасам абвясціў:
— Віншую, братцы! Усе будзеце прадстаўлены к Георгіеўскім крыжам.
Старшы пасля паясніў, што мне, Пашыну і другім тэлефаністам будзе крыж 4[-й] сцепені, а яму, старшаму, і Беленькаму, прадстаўленым ужо к 4[-й] сц[епені] за 7-е жніўня, будзе 3-я сцепень.
Потым камандзір пайшоў рабіць тую самую цырымонію з выбранымі з усяе батарэі (мы строіліся асобна на наглядальным пункце).
А я сядзеў і горка разважаў: «Якія ж мы героі… Георгіеўскія кавалеры? Каб не баяліся кары, каб не вайсковая дысцыпліна, ніводзін бы з нас, ні я, ні Пашын, ні Беленькі, пэўна, з месца не зрушыліся б. Дый хадзілі па чароду, часам войстра спіраючыся, каму ісці…»
А Беленькі ўжо пабрыкваў, як дзіця, і лез цалавацца. Пашын, як сціплы мужычок, ззяў нутраною радасцю, што ён цяпер будзе георгіеўскі кавалер і такім прыедзе ў сваю вёску ў Кастрамской губерні; толькі часам хмарнеў ён, адвярнуўшыся, хрысціўся і ўздыхаў: «А-ах… царства нябеснае!» I клапаціўся, каб на магілцы сябра паставіць канечне бярозавы, з сырога дрэва, добры крыж: «А вы напішаце на ім», — прасіў мяне. «Добра».
Уцёкі
29 жніўня.
Не давялося нам — ні яму ставіць, ні мне надпісваць… 27 жніўня, аб 11–12 гадзіне ўночы, толькі я сцёпліўся на сон градушчы — трывога: знімаемся з пазіцыі. Ехалі ноч, учорашні цэлы дзень, едзем сёння… Па маім компасу выходзіць: поўнач-усход, паўдзён-усход, але ўсход і ўсход… Што? Чаму?
Едзем хутка, спыняемся мала, не болей як на хвіліны тры, часам пяць — і зноў едзем, едзем і едзем…
Няўжо адступаем? Едзем, а ззаду ў нас, дзесь далёка, не сціхаючы грыміць кананада.
31 жніўня.
Адступаем… Едзем дзень і ноч, з рэдкімі, невялічкімі прываламі. Ай, як жа хочацца спаць. Сіл няма. Хай дагоняць, заб'юць, толькі б легчы і задрамаць на траўцы пад дрэвам… Сіл няма ісці, а садзіцца нам, тэлефаністам, забаронена. Адзін ездавы зваліўся, задрамаўшы, і трапіў пад колы гарматы. Шчаслівы! паклалі ў санітарны фургон, — там выспіцца ўсмак. Мой добры геній — Яхімчык. Калі старшага блізка няма, дазваляе мне праехаць трошку на яго двухколцы, а сам злязае, быццам дзеля фізіялагічнае патрэбы. На прывалах пішу, каб не заснуць. Але рука і мазгі не слухаюць мяне.
Начою свецяць пражэктары з усіх бакоў. Часцей і часцей палыхаюць зарывы.
Глуха гудзіць кананада, але дзе — няможна ўлавіць.
Даганяем якіясь даўжэнныя абозы. Разы тры мы ўжо мусілі абхадзіць іх па полі, па раллі, па канавах. Яны загарадзілі дарогу і цягнуцца, як чарапахі.
З'явілася пяхота. Сыпле ў беспарадку…
Гавораць аб разбітых немцамі абозах, аб кінутых фурманках, зарадных скрынках — і ўратаваных дамскіх шаўковых нагавічках, блюзках, сярэбраных нажах і відэльцах, награбленых марадзёрамі, галоўным чынам, абознікамі.
Занялі былі пазіцыю. Цераз паўгадзіны кінулі і паехалі яшчэ шыбчэй… Мы ўцякаем, мы бяжым… А дзе ж вораг? Яго няма…
Вось і Вержбалова! Граніца. Эх!
З'явіліся масы пехацінцаў-«шатуноў», што згубілі або кінулі свае часці. «Ратуйся, хто можа!» — цынічна кажуць яны і бягуць, бягуць на ўсход. Не армія, а зброд. Камандзір наш то маўчыць, сцяўшы зубы, то кідаецца на «шатуноў» з бізуном. Іх ловяць, збіраюць дзесяткамі, ставяць ім начальніка і гоняць пад даглядам. Яны ўсё роўна разбягаюцца, каб дзе «зарваць» што з'есці.
У Расіі пасля Нямеччыны я чую сябе… быццам выйшаў з нечага душнага і такога, дзе ўсё-ўсё вядома і няма паэзіі, і выйшаў на свежае, вольнае і ўбогае паветра…
Хочацца і ў Расіі, тут, бачыць гэтыя зручныя, з прысадамі шосы, прыгожыя цагляныя хаткі (і іншае і іншае, — абраз нямецкага поля стаіць у вачах: дрэнаж, раскіданыя ля свежае канавы дрэны, культура), але каб і наш прастор захаваць, паэтычную шырыню і волю лясоў, лужкоў. Ці гэта прызвычаенасць да свайго? Ці гэта дзве душы ўва мне — усходняя і заходняя? I сумна, чагосьці лепшага хочацца, і здаволены, што вырваўся з духаты.
2 верасня.
Пішу ўвечары на біваку. Прыехалі разведчыкі. У аднаго ранен конь. Бачылі непрыяцельскую кавалерыю і ланцугі непрыяцельскае пяхоты за м. Шумскам… значыцца, вёрст пяць ці меней за намі. Гарматы заўзята грымяць. Дзе?
Жыхары-жмогусы выязджаюць. Надвор'е хмарнае. Часта курыцца дожджык. А яны не заўважаюць прыкрай бязгодзіцы. З фурманак валіцца ў гразь дрэнна ўпакованы ўбогі скарб — паднімаюць як аўтаматы, бо прыдушаны ліхам. Гоняць скот. На вазах варушацца і скігочуць невялікія парсюкі. З мяшка вывалілася булка хлеба.
— Эй, дзядзька! Хлеб згубіў!
Паднімае і не абцёршы кідае на воз. Хацеў я купіць у гэтага і ў многіх, — адзін адказ: «Нейра» (няма). Жанчыны плачуць.
Туман, дымна, макрава. Паляцца вогнішчы. У балоце ўтапіўся салдат-абознік з возам. Сам выкараскаўся, а конь, кінуты, захлябнуўся.
Лаянка з жыхарамі за бульбу, за яблыкі. Хлеба не маем 4-ты дзень. Есці хочацца, у жываце нудна.
Бравы чырвоны казацкі афіцэр праляцеў на жывым, як агонь, коніку. Крычыць:
— Ребята! Немец прёт назад, отступает! Не падай духом!