На імперыялістычнай вайне
Шрифт:
Увечары — ціха, ціха, як макам сеяў. Месяц поўны. Свежа-сцюдзёны. Журавы ляцелі: «Кур-кур… Кур!» Беленькі пачуў іх курканне і заплакаў, зусім расклеіўся наш мілы жыдзе. Кідаем усё і пры свечцы гуляем у новым акопе ў карты. Акоп — як дом. Беленькі ўжо рагоча, цалуе мяне… «Гэта ў мяне ад бульбы жывот балеў дужа, аж да слёз». — «Сказывай бабушкіны сказкі», — бурчыць паважны Пашын.
Яшчэ пара слоў. Сёння я бачыў нашага камандзіра ў іншым асвятленні. Я чуў, як ён сказаў афіцэрам: «Забіты нямецкі салдат абгарэў, троху падсмажыўся. Падышла свіння і выела яму нагу. Адным словам — свая сваіх не пазнаша». К чэсці афіцэраў, ніхто не засмяяўся. Мабыць, і камандзір сказаў не шчыра, а для падняцця патрыятызму. Гідка!
21 жніўня.
Цэлы дзень ціха. Адпачываем на той жа пазіцыі. Прыязджаў наш дывізіённы. «Біце немцаў і заўтра так, як білі заўчора, — казаў ён нам. — Дзякую, братцы, за маладзецкую работу! Страты ў нас маленькія, а немцаў пабілі шмат». «Каб ты спох з такою работаю, калі праўда, што і сваіх пабілі», — сказаў Пашын.
Немцы адступілі — «Абамунічвай!». Перадкі ўжо прыехалі на батарэю.
Аленбург
22 жніўня.
Цэлую ноч ехалі, пад заліўным дажджом, на паўноч-усход і паўдзён-усход, але ўсход і ўсход… Што гэта: адступаем ці на адпачынак едзем? Ніхто нічога не кажа. Праязджалі мястэчка… ці не Аленбург толькі? Бо нешта знаёмае. А брудна, цёмна, сцюдзёна, хмарныя аблакі раз-дзіраюць неба.
23 жніўня.
Ехалі ехалі, нарэшце сталі на пазіцыю недалёка ад Аленбурга. Я не памыліўся, учора начою былі ў ім. Зна чыцца, троху адступілі? Гм! Але зрабілі акопы, выспаліся.
Яхімчык сёння ў добрым гумары. Пагаліўся маім галяком і разгаварыўся аб сваім хатнім жыцці.
— Усягды я толькі сварыўся з сваім бацькам, — кажа ён.
А сыноў у яго бацькі, беднага хлебароба, было многа — «сыноў як сакалоў», — а падмогі няма. Усе распаўзліся па свеце. Было Яхімчыку 15 год, заманулася і яму ісці ў шахты — «зарабіць на сябе капейку». Бацька плача, кляне яго. Але пашпарт мусіў даць. Вярнуўся Яхімчык з шахтаў, бацька ізноў плача, але з радасці. Толькі ў той жа дзень пасварыліся… Жаніцца задумаў — сварыліся, вяселле гуляў — сварыліся, пажываці сталі — сварыліся, на вайну ішоў — плакалі і сварыліся.
— I як яно тое выходзіць, што заўсёды мы сварымся? — дзівуецца Яхімчык.
Я не ўмею адказаць яму, але бачу, што Яхімчык даў сабе зарок не сварыцца з бацькам, калі вернецца з вайны. I я кажу:
— Ну вось, пабудзеце на вайне, вернецеся — перастанеце сварыцца, дык і не будзеце сварыцца…
— Та воно ж діло такэ…
А я сабе думаю: «Діло такэ, што хіба ўжо не давядзецца табе сварыцца з бацькам, мой мілы Яхімчык, бедны ты незаможнік, шахцёр і царскі салдат…»
24 жніўня, нядзеля.
Што-та дзеецца ў нас у дварэ? Даўно не маю ад іх ніякай вестачкі. Івана, пэўна, забралі на вайну, як запаснага. Аба мне клапоцяць. Вот-то наплачацца наша бедная мама.
Сяджу ў акопе на прыступачках уваходу і куру цыгару, наеўшыся бульбы ў 8[-м] аруддзі. Там завяліся ў мяне прыяцелі. Я ўсё болей пазнаю сваіх батарэйцаў, хаця многіх яшчэ не знаю па прозвішчы. Усе салдаты са мною добрыя і чым могуць аблягчаюць мне цяжар вайсковага жыцця на вайне. Яны думаюць, што мне, як навічку і вальнапісанаму, асабліва цяжка. Між «паноў» няма столькі вялікіх душ, колькі ёсць у «простым» народзе.
Уранні піў дрэннае какава без цукру. Потым перакрылі з Пашыным акоп. Насыпалі болей зямлі на грубейшыя дошкі, пакладзеныя ў тры рэдзі крыж-накрыж. Лёгкі снарад, можа, і не праб'е.
Крычалі «ўра». Нашым войскам узяты Львоў. За тое, што марудна збіраліся і строіліся, камандзір крыкнуў: «Зажырэлі!» Ён прачытаў тэлеграму Рэненкампа і сказаў: «Спадзяюся, што і мы не застанёмся ад сваіх баявых таварышоў». Значыцца, мы засталіся…ці што? Наіўны і з маладым для афіцэра языком падпаручнік Іваноў, як бы ў адказ на мае думкі, сказаў мне мімаходам у размове: «У нас вось не клеіцца».
Нядобрая трывога чуецца мне ў яго словах.
26 жніўня.
Учора рабіў план пазіцыі, не меў часу пісаць. Учора і сёння лятаюць аэрапланы. Пяхота наша абстраляла свой жа самалёт. Лётчыкі мусілі спусціцца.
Рысаваўшы ў канцылярыі батарэі павялічаную копію нашага адцінку пазіцыі з карты 2 вёрсткі, я адным вокам прагледзеў у камандзірскай газеце «Свет» тэлеграму аб тым, што ген. Самсонаў загінуў, страты нашы вялікія… Ці няма тут сувязі з словамі падпар. Іванова: «У нас вось не клеіцца»? Камандзіру, як прыйшоў, не спадабалася, што перад маімі вачмі ляжыць «Свет»! Але ён сёння наогул не ў гумары: дзяншчык згубіў у дарозе яго прастрэлены і падраны ў баі 7-га жніўня мундзір, дарагі байцу як памятка. Планам маім ён не дужа здаволены, бо я рысую, як каморнік, а не вайсковы спецыяліст. Мне гэта надта прыкра, бо я паважаю гэтага нервовага чалавека і хачу дагадзіць яму сваёю работаю.
Цэлы вечар і ноч чакаем бою. Я дзяжуру пры тэлефоне на батарэі. Сон размарыў мяне, сяджу і ківаюся. А легчы з трубкаю баюся: засну як забіты.
27 жніўня, ранне.
Першая батарэя пачала страляць у 7 гадзін рання. Наша — пазней.
Туман, сцюдзёна, чырвонае сонейка з-за лесу выходзіць, гарачы дзень нам дакляруе…
Пішу ўвечары.
Доўга мы толькі слухалі, як з правага боку ў нас першая батарэя пушчае залп за залпам беглым агнём. Прыемна было слухаць.
Потым забухалі нашы батарэі з усіх бакоў, паляцелі цераз нас першыя нямецкія снарады і крышылі той лясок, за якім стаяў наш абоз першага разраду і куды я хадзіў у канцылярыю. Там жа, дзесь недалёчка, былі і нашы черадкі. Потым перадкі пад'ехалі бліжэй. Далёка спераду ў нас затрашчэлі кулямёты, зашпокалі вінтоўкі, усё часцей, часцей — і загудзела ўсё, як 7-га жніўня.
Ужо нам было брыдка і цяжка чакаць і не страляць. Нарэшце прамчаўся верхам наш камандзір, знедкуль з поля, на макрусенькім кані, кінуў каня на батарэі, каб вялі яго да перадкоў, пашаптаўся з капітанам Смірновым і шыбка пабег на наглядальны пункт. Цераз мінутку мы палілі і ўжо палілі да вечару. Не было ўжо ні цікавасці, ні захаплення, а толькі — упорчывая, напружаная і якаясь злая праца. Ці што доўга не стралялі перад тым, ці што адпачылі, ці што не хочацца адступаць, але ўсе як бы змовіліся акамянець у гэтай стараннай і злой, напружанай страляніне.
Снарады засыпалі батарэю, цяжкія, незвычайнай, нябачнай сілы…
Асколкі шмат разоў перабівалі нам кабель. Хадзілі злучаць па чароду — усе пабылі на валасіначку ад смерці, бо звязваць прыходзілася на гладкім полі пад страшэнным абстрэлам. З Беленькім пасля пятага бегання злучаць парваны провад была істэрыка. Прыбегшы, ён кінуўся ў акоп на дно, ёрзаў на спіне і як 6ы хацеў урыцца ў зямлю, галасіў, крычаў, лаяўся. У гэты час аглушаючы ўдар цяжкага снараду за два метры ад уваходу ў наш акоп адабраў нам прытомнасць… Зямля здрыганулася, як жывая. Тэлефон змоўк, трубка выкацілася з маіх рук. Пасыпаліся камкі зямлі, нас абняло курам і густым, чорным смярдзючым дымам. Батарэйцы 1-га аруддзя беглі цягнуць нашы трупы з ямы. Аж мы патроху выпаўзаем самі… Яны засмяяліся і павярнуліся назад. На гэты раз быў мой чарод шукаць, дзе парваўся кабель. Я пабрыў, паглядаючы на дрот, як абрэчаны. Ізноў бухнуў снарад — адзін спераду ў мяне, другі — ззаду, у 1-е аруддзе. Людзей размяло каго куды. Я таксама заваліўся, але чаго — не ведаю. I балазе так зрабіў: асколкі зазвінелі вышэй, над галавою, а два канцы дроту я ўбачыў перад самым маім носам. Атупеўшы ад страху і быццам трошачку зрадзеўшы, неслухмянымі пальцамі шыбка, збольшага — скруціў, скруціў… бо вузел не вязаўся. Пайшоў назад. Хачу шыбчэй — ногі як калоды. Пашын радасна махае рукою: тэлефон загаварыў! Няведамая сіла падхапіла маё цела, і ногі, як на спружынах, кідалі мяне бліжэй і бліжэй да ратунку-акопу. Батарэя пачула каманду — страляе. Толькі я ўкінуўся ў уваход акопчыка, як — гкрэх!!! — там, дзе я толькі што вязаў кабель, аграмадны стоўп чорнага дыму і камы дзірвану ляцяць высака ўгару… Флегматычны Пашын збялеў, як палатно. Без слоў перадае мне трубку і паважна сягае спаўняць сваю павіннасць па чароду. «Божа, ратуй яго! Божа, вярні яго!» — незвычайна напружаемся мы ў адным жаданні, не разважаючы, ёсць такая сіла ці няма такой сілы, што магла б уратаваць яго.