Олівер Твіст
Шрифт:
— Тут вельмі многа кніг, ці не так, хлопча? — спытаў містэр Браўнлоў, сочачы, з якой цікаўнасцю Олівер разглядвае паліцы, якія займалі прастору ад падлогі да столі.
— Шмат, сэр, — адказаў Олівер. — Я ніколі не бачыў так шмат.
— Калі ты будзеш добра сябе паводзіць, ты іх пачытаеш, — лагодна сказаў стары джэнтльмен. — Табе гэта спадабаецца больш, чым разглядваць іх звонку. Але і сапраўды бывае, што вокладка і пераплёт кніжкі — гэта найлепшае, што ў ёй ёсць.
— Я думаю, што такія — вунь тыя цяжкія кнігі, сэр, — сказаў Олівер, паказваючы на вялікія тамы з багата пазалочанымі пераплётамі.
— Не заўсёды такія, — запярэчыў стары джэнтльмен, гладзячы Олівера па галаве. — Бываюць кнігі такія ж цяжкія, як гэтыя, хоць і нашмат меншыя ў памерах. Як ты глядзіш на тое, каб вырасці разумным і пісаць кніжкі, га?
— Па мне, дык лепш чытаць іх, — адказаў Олівер.
— Што? Ты не хочаш быць пісьменнікам? — здзівіўся стары джэнтльмен.
Олівер нейкую хвілю вагаўся, потым нарэшце сказаў, што нашмат лепш быць кнігагандляром, на што стары джэнтльмен шчыра засмяяўся і адзначыў, што Олівер сказаў добрую рэч. Олівер быў задаволены гэтым, хоць аніяк не мог уцяміць, што добрага было ў ягоных словах.
— Добра, добра, — сказаў стары джэнтльмен, перастаючы смяяцца. — Не бойся! Мы не зробім з цябе пісьменніка, калі ёсць магчымасць навучыцца якому-небудзь сумленнаму рамяству або стаць мулярам.
— Дзякуй, сэр, — сказаў Олівер.
Пачуўшы, як сур’ёзна адказаў Олівер, стары джэнтльмен зноў рассмяяўся і сказаў нешта пра дзівосы інстынкту, але Олівер не зразумеў яго слоў і не звярнуў на іх увагі.
— А цяпер, хлопча, — працягваў стары джэнтльмен тонам найзычлівейшым, але як ніколі сур’ёзным, — я хачу, каб ты звярнуў увагу на тое, што я табе зараз скажу. Я буду гаварыць з табой адкрыта, бо ведаю, што ты зразумееш мяне не горш за людзей старэйшых ад цябе.
— О сэр, прашу, не кажыце, што вы гоніце мяне! — усклікнуў Олівер, устрывожаны строгім выразам твару старога джэнтльмена. — Не выпіхвайце мяне за дзверы, каб я зноў бадзяўся па вуліцах. Дазвольце мне застацца тут і быць слугой. Не выкідвайце мяне назад у праклятае месца, з якога я прыйшоў. Пашкадуйце беднага хлопчыка, сэр!
— Маё мілае дзіця, — сказаў стары джэнтльмен, крануты шчырасцю Оліверавага нечаканага звароту, — можаш не баяцца: я не пакіну цябе, хіба ты сам дасі падставу...
— Ніколі! — перапыніў яго Олівер.
— Я таксама спадзяюся, што ніколі, — працягваў стары джэнтльмен. — Мне даводзілася быць падманутым тымі, каму я давяраў, але я вельмі схільны верыць табе, ты мне цікавы, сам не ведаю чаму. Людзі, якіх я шчыра любіў, ляжаць глыбока ў сваіх магілах, але, хоць маё шчасце і агмень жыцця пахаваныя з імі, я не зрабіў труны са свайго сэрца і назаўсёды адкрыў яго для лепшых пачуццяў. Глыбокая жалоба толькі зрабіла іх больш моцнымі і чыстымі.
Олівер сядзеў ціха, таму што стары джэнтльмен прамовіў гэтае прызнанне нізкім тонам, хутчэй для сябе, чым для суразмоўцы, і сказаўшы, захоўваў маўчанне.
— Ну, добра, — нарэшце азваўся стары джэнтльмен. Яго голас быў больш вясёлым. — Я кажу гэта таму, што ў мяне маладое сэрца, і ты будзеш больш абярэжны да мяне, не параніш майго сэрца, даведаўшыся, як шмат цяжкіх выпрабаванняў і пакутаў мне выпала ў жыцці. Ты казаў, што ты сірата і што ў цябе няма сяброў, нікога няма на свеце. Усе мае росшукі пацвярджаюць твае словы. Раскажы мне больш падрабязна, адкуль ты, хто цябе выхаваў і як ты трапіў у кампанію, у якой я цябе знайшоў. Кажы праўду, і ты будзеш мець сябра, пакуль я жыву.
Некалькі хвіляў Олівер не мог вымавіць ні слова, бо задыхаўся ад слёз. Ён збіраўся быў пачаць расповед пра тое, як яго выхоўвалі ў дзіцячым аддзяленні працоўні і як містэр Бамбл забраў яго ў працоўню, але ў гэты час у парадныя дзверы ціха, упэўнена, але і нецярпліва два разы пастукалі. Наверх паднялася служанка і сказала, што прыйшоў містэр Грымуіг.
— Ён падымаецца? — спытаўся містэр Браўнлоў.
— Так, сэр, — адказала дзяўчына. — Ён спытаў, ці ёсць у доме здобныя булкі. Калі я адказала сцвярджальна, то ён сказаў, што прыйшоў папіць гарбаты.
Містэр Браўнлоў усміхнуўся і, павярнуўшыся да Олівера, растлумачыў, што містэр Грымуіг — гэта яго стары сябар і што не варта крыўдзіцца, калі ягоныя манеры пададуцца хлопчыку крыху грубымі, таму што ў глыбіні душы гэта добры чалавек, у чым містэр Браўнлоў меў падставы ўпэўніцца.
— Мне ісці ўніз, сэр? — запытаўся Олівер.
— Не, — адказаў містэр Браўнлоў. — Як на мяне, дык лепш застанься тут.
У гэты момант у пакой увайшоў, абапіраючыся на тоўстую кульбу, масіўны стары джэнтльмен, у якога адна нага была прыкметна карацейшая за другую, і апрануты ён быў у сіняе паліто, паласатую камізэльку, нанкавыя брыджы, гетры і белы капялюш з шырокімі палямі ды зялёным рантам. З-пад камізэлькі высоўвалася жабо з дробнымі складкамі; гэтаксама бачны быў доўгі жалезны ланцужок, на канцы якога вісеў адзін толькі ключ. Канцы яго гальштука-матыля былі скручаныя так, што той быў больш падобным на шар памерам з апельсін. Разнастайнасць грымас, у якія складваўся твар джэнтльмена, не паддаецца апісанню. Пачынаючы гаварыць, ён меў завядзёнку нахіляць галаву ў адзін бок і адначасова глядзець, скасіўшы вочы, што надавала яму неаспрэчнае падабенства з папугаем. Ужо ў момант свайго з’яўлення ён адразу прыняў апісаную паставу і, трымаючы ў выцягнутай руцэ маленькі кавалачак апельсінавай коркі, незадаволена і буркатліва ўсклікнуў:
— Гляньце! Бачыце?! Хіба гэта не дзіўна і не надзвычайна? Варта мне зайсці ў які-небудзь дом, як я адразу знаходжу на лесвіцы кавалак гэтага сябра-беднага-хірурга. Аднойчы я ўжо стаў кульгавым праз апельсінавую корку, і я пэўны, што праз апельсінавую корку і памру. Так, сэр, апельсінавая корка будзе прычынай маёй смерці, з’ем сваю галаву, калі не яна, сэр!
Гэтым арыгінальным закладам містэр Грымуіг падмацоўваў ледзь не кожную сваю заяву, і гэта было вельмі дзіўна, бо калі нават чыста тэарэтычна дапусціць, што навука дасягне такога стану развіцця, які дазволіць джэнтльмену пры наяўным жаданні з’есці сваю ўласную галаву, то галава містэра Грымуіга мела настолькі вялікія памеры, што нават чалавек самага сангвінічнага складу наўрад ці мог цешыць сябе надзеяй зрабіць гэтую справу за раз, нават калі не браць у разлік тоўсты слой пудры.
— Я з’ем сваю галаву, сэр, — паўтарыў містэр Грымуіг, стукнуўшы кульбай па падлозе. — Га! А гэта што такое? — спытаў ён, гледзячы на Олівера і адступаючы на крок ці два.
— Гэта малады Олівер Твіст, пра якога мы гутарылі, — сказаў містэр Браўнлоў.
Олівер пакланіўся.
— Ці не хочаце вы сказаць, што гэта той хлопчык, у якога была гарачка? — запытаўся містэр Грымуіг, адступіўшы яшчэ. — Пачакайце-пачакайце... Не кажыце нічога! Стоп, — працягваў містэр Грымуіг адрывіста, топячы ўвесь жах перад гарачкай у радасці ад здагадкі, — гэта хлопчык, які еў апельсін! Калі гэта не ён, калі не ён — той хлопчык, які з’еў апельсін і кінуў кавалак коркі на лесвіцу, то я з’ем сваю галаву, а заадно і ягоную.
— Не, не, у яго не было апельсіна, — засмяяўся містэр Браўнлоў. — Праходзьце. Скідвайце капялюш і паразмаўляйце з маім маленькім сябрам.
— Гэта мне вельмі далягае, сэр, — сказаў нервовы стары джэнтльмен, здымаючы рукавіцы. — У нашым горадзе на тратуарах заўсёды ляжаць апельсінавыя коркі, іх больш, менш — як калі, і я дакладна ведаю, што іх раскідвае сын хірурга, які жыве на рагу вуліцы. Учора ўвечары маладая жанчына паслізнулася на такім шалупінні ля маёй агароджы і ўпала. Як толькі яна паднялася, я ўбачыў, што яна глядзіць на ягоны пякельны чырвоны ліхтар, які гарыць так звабна. Тут я гукнуў з акна: «Не хадзіце да яго! Ён забойца! Звабнік-забойца!» Так, ён такі. Калі не — дык...