Олівер Твіст
Шрифт:
Запалілі газавыя ліхтары. Місіс Бэдвін занепакоена чакала каля адчыненых дзвярэй.
РАЗДЗЕЛ XVI
апавядае пра тое, што здарылася з Оліверам пасля таго, як Нэнсі заявіла на яго свае правы
Вузкія вулкі і двары нарэшце закончыліся прасторным шырокім пляцам, на якім былі загоны для жывёлы і ўсё, што трэба для гандлю скацінай. Калі кампанія дасягнула гэтага месца, Сайкс сцішыў хаду: дзяўчына не магла больш паспяваць за імі. Павярнуўшыся да Олівера, ён груба загадаў яму трымаць Нэнсі за руку.
— Ты што, не пачуў? — гыркнуў Сайкс, калі ўбачыў, што Олівер вагаецца і азіраецца.
Яны былі ў цёмным кутку, досыць далёка ад людных месцаў. Олівер бачыў больш, чым дакладна, што ніякі супраціў не меў сэнсу. Ён працягнуў руку, і Нэнсі сціснула яе ў сваёй.
— Другую руку дай мне, — сказаў Сайкс, схапіўшы свабодную руку Олівера. — Гэй, Казінае Вока, на, на!
Сабака наблізіўся і загырчэў.
— Глядзі сюды, сабачка! — прамовіў Сайкс, паклаўшы сваю другую руку на Олівераву глотку. — Калі ён скажа хоць слова, кусай яго сюды. Дайшло?
Сабака гыркнуў яшчэ раз і, аблізнуўшыся, паглядзеў на Олівера так, быццам яму не цярпелася ўчапіцца ў хлопчыкаву глотку.
— Ён хоча разарваць яго не менш, чым любы хрысціянін. Каб я аслеп, калі гэта не так! — сказаў Сайкс, аглядаючы сабаку з нейкім змрочным і зласлівым адабрэннем. — Цяпер, Мастэр, табе ведама, што цябе чакае, так што кліч колькі хочаш — сабака ўраз спыніць забаву. Наперад, сабачка!
Казінае Вока матляў хвастом з удзячнасці за такое нязвыкла лагоднае абыходжанне і, гыркнуўшы на Олівера яшчэ раз дзеля папярэджання, пабег паперадзе.
Яны перасяклі Смітфілд, але Олівер не зарыентаваўся б, нават калі б яны ішлі праз Гросвэнар-сквер. Вечар быў цёмны і туманны. Вокны крамаў ледзьве праблісквалі праз шчыльны туман, які з кожнай хвілінай станавіўся ўсё больш густым і захінаў вуліцы і дамы ў цемрадзь, так што гэтыя чужыя мясціны станавіліся для Олівера яшчэ больш злавеснымі, а яго няпэўнасць узмацнялася і яшчэ больш прыгнятала яго.
Не прайшлі яны і некалькі крокаў, як ударыў царкоўны звон. Пры першым удары Оліверавы канваіры спыніліся і павярнулі галовы ў тым кірунку, адкуль прыйшоў гук.
— Восем гадзін, Біл, — азвалася Нэнсі, калі звон сціх.
— Што мне за радасць, што ты мне гэта кажаш. Сам чую, — быў адказ Сайкса.
— Цікава, ці могуць яны чуць, — прамовіла Нэнсі.
— Зразумела, могуць, — адказаў Сайкс. — Мяне загрэблі на Барталамееў дзень, і не было на кірмашы самай пісклявай трубы, якой бы я не чуў. На фоне шуму і ляскату звонку ў вялізнай старой турме было ноччу так зацішна, што мне хацелася біцца галавой аб жалезныя дзверы.
— Бедныя хлопцы! — сказала Нэнсі, якая ўсё яшчэ глядзела ў той бок, адкуль чуўся звон. — Ах, Біл, такія слаўныя маладзенькія хлапчукі!
— Так. Вы, жанчыны, толькі пра гэта і думаеце, — адказаў Біл. — Слаўныя маленькія хлапчукі! Але ж яны ўсё роўна што нябожчыкі. Так што няма пра што казаць.
Вымавіўшы такія суцяшэнні, містэр Сайкс, здавалася, перамог рэўнасць, якая была паднялася ў ім, узяў Олівера мацней за руку і загадаў яму зноў ісці далей.
— Пачакай хвілю! — папрасіла дзяўчына. — Я б не стала спяшацца, калі б гэта ты, Біл, меўся завіснуць на шыбеніцы, калі восем праб’е ў наступны раз. Я б кружыла і кружыла вакол таго месца, пакуль не ўпала б, нават калі б ішоў снег, а ў мяне не было б нават якога шаліка, каб ад яго закрыцца.
— І што б за дабро было з таго? — пацікавіўся несэнтыментальны містэр Сайкс. — Калі ты не можаш перадаць напільнік і дваццаць ярдаў добрай тоўстай вяроўкі, можаш швэндацца вакол, пакуль не наматаеш пяцьдзясят міль, або можаш стаяць на месцы — якая мне з гэтага карысць. Давай, хадзем хутчэй, няма чаго стаяць тут і чытаць імшу.
Дзяўчына зарагатала, шчыльней захінулася ў шалік, і яны пайшлі далей. Але Олівер адчуваў, што яе рука трымцела. Калі яны праходзілі каля слупа з газавым ліхтаром, ён паглядзеў ёй у твар і ўбачыў, што яна збялела як палатно.
Так ішлі яны глухімі ды гразкімі вулкамі добрыя паўгадзіны. Мінакоў сустракалася мала, ды і тыя, мяркуючы па іх выглядзе, займалі ў грамадстве тое самае месца, што і сам містэр Сайкс. Нарэшце яны завярнулі ў вельмі брудную вузкую вуліцу з мноствам старызніцкіх лавак. Сабака, які бег спераду, быццам адчуў, што няма болей патрэбы пільнаваць, і спыніўся перад дзвярыма адной з лавак, пустой і, напэўна, зачыненай на замок. Дом быў у аварыйным стане. На дзвярах была прыбітая шыльда з надпісам, што дом здаецца ў наем. Выглядала так, што шыльда вісела тут ужо шмат гадоў.
— Усё ў парадку, — сказаў Сайкс, з асцярогай азірнуўшыся.
Нэнсі нагнулася да аканіц, і Олівер пачуў, як у доме зазвінеў званок. Яны перайшлі на супрацьлеглы бок вуліцы і колькі часу стаялі пад ліхтаром. Пачуўся гук, як быццам бы хто ціхенька падняў слухавое акно ўверсе, і неўзабаве дзверы насупраць асцярожна прачыніліся. Містэр Сайкс без аніяіх цырымоній схапіў запалоханага хлопчыка за каўнер, і ўсе ўтраіх хуценька зайшлі ў дом.
У калідоры было зусім цёмна. Яны пачакалі, пакуль той, хто іх упусціў, не замкне дзвярэй на засаўку і ланцуг.
— Ёсць хто-небудзь чужы? — запытаўся Сайкс.
— Не, — адказваў голас, і Олівер падумаў, што ён яго ўжо чуў.
— Стары тут? — спытаў рабаўнік.
— Так, — азваўся голас. — Але ж і забаяўся ён! Вы думаеце, ён вам не будзе рады? Яшчэ як!
Стыль адказу, роўна як і голас, які яго агучыў, падаліся Оліверу знаёмымі, але ў цемрадзі нельга было разгледзець нават абрысаў таго, хто гаварыў.
— Запалі які агеньчык, — сказаў Сайкс, — а не — дык мы зломім сабе каркі або наступім на сабаку. Тады беражы лыткі!
— Чакайце хвілю, прынясу якога святла, — азваўся голас.
Крокі аддаліліся, і праз хвілю з’явіўся ўласнай персонай
містэр Джон Доўкінз, ён жа Спрытны Махляр. У правай руцэ ён нёс сальную свечку, зашчэмленую ў расшчыліну палкі.
Абмежаваўшыся адно толькі паблажлівай ухмылкай у знак таго, што ён пазнаў Олівера, ён завярнуўся і зрабіў жэст наведвальнікам, каб тыя ішлі за ім уніз па лесвіцы. Яны перайшлі пустую кухню і праз яшчэ адны дзверы трапілі ў нізкі, з пахам зямлі пакой, які няйначай быў прыбудаваны з невялікага задняга двара. Там іх сустрэў выбух рогату.