Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Олівер Твіст

Дыкенс Чарльз

Шрифт:

— Я не буду стаяць і ўзірацца на гэта, Фэджын! — закрычала дзяўчына. — Злавіў хлопчыка, дык што табе яшчэ трэба? Не чапай яго, не чапай яго, інакш я кагосьці з вас так прыпячатаю, што траплю на шыбеніцу раней, чым трэба.

Прагаворваючы сваю пагрозу, дзяўчына моцна тупнула нагой. Сцяўшы вусны, сціснуўшы далоні ў кулакі, яна глядзела то на габрэя, то на хатняга злодзея, і твар яе ўсё больш губляў фарбу ад шаленства, якое яна ў сабе распаліла.

— Што такое, Нэнсі, — міралюбна сказаў габрэй; узнікла паўза, падчас якой ён і містэр Сайкс абмяняліся недаўменнымі паглядамі. — Сёння ты куды разумнейшая, чым звычайна. Ха, ха! Мая ты мілая, ты занадта заглыбілася ў сваю ролю!

Вось як! — сказала дзяўчына. — Дык сцеражыцеся, каб я не перайграла. Табе, Фэджын, ад гэтага будзе горш за ўсіх, так што трымайся як мага далей ад мяне, папярэджваю.

У жанчыне, якая знаходзіцца пад уладай шаленства, асабліва калі да ўсіх яе неўтаймоўных жарсцяў дадаюцца безразважнасць і адчай, — у такой жанчыне ёсць нешта, што мала хто з мужчын любіць правакаваць. Габрэй бачыў, што, зважаючы на непадробнасць гневу Нэнсі, надзеі засцерагчыся ад якой-небудзь памылкі ў яго амаль не было, і, інтуітыўна адступіўшы на некалькі крокаў назад, ён кінуў у бок Сайкса напаўзаклінальны, напаўбаязлівы пагляд, быццам даючы яму зразумець, што ён найбольш адпаведная фігура, каб дасягнуць паразумення.

Містэр Сайкс, які зразумеў гэтую просьбу, а да таго ж, мабыць, яшчэ і адчуў, што яго асабісты гонар і ўплыў будуць закранутыя, калі ён адразу ж не абразуміць Нэнсі, выкрыкнуў за кароткі час цэлы шэраг брыдкіх слоў; імклівасць вывяржэння лаянкі рабіла гонар яго вынаходлівасці. Але тыя словы не мелі бачнага эфекту на аб’екце, на які былі скіраваныя, і Сайкс скарыстаўся больш важкімі аргументамі.

— Што гэта мне яшчэ за фокусы? — сказаў ён, падмацоўваючы гэтае сваё пытанне вельмі распаўсюджаным праклёнам, які звернуты на самую прыгожую частку чалавечага твару; калі б гэты праклён чулі наверсе хаця б толькі раз з пяцідзесяці тысяч, то слепата сустракалася б гэтаксама часта, як адзёр. — Што гэта мне яшчэ за фокусы! Каб мяне гром спаліў! Ці ведаеш ты, хто ты такая? Чым займаешся?

— Так, я ведаю надта добра, — адказала дзяўчына, гістэрычна смеючыся, хітаючы галавой з боку ў бок і спрабуючы прыкінуцца абыякавай.

— Тады супакойся, — працягваў Сайкс тым буркатлівым голасам, якім звычайна гаварыў са сваім сабакам, — а ні то я супакою цябе на доўгія часы.

Дзяўчына засмяялася яшчэ больш гістэрычна і, кінуўшы хуткі пагляд на Сайкса, адвярнула твар убок ды моцна закусіла губу, — так моцна, што выступіла кроў.

— Нічога сабе, фіфа, — дадаў Сайкс, акідваючы яе пагардлівым позіркам. — Табе якраз і браць бок чалавекалюбаў ды дабрадзеяў. Ты акурат тое, што трэба, каб дзіця, як ты яго называеш, пасябравала з табой!

— Акурат я, і няхай дапаможа мне Прачысты Бог! — жарсна прамовіла дзяўчына. — Няхай бы я мёртвай упала на вуліцы або памянялася месцамі з тымі, каго мы міналі сёння ўвечары да таго, як я прыклала сваю руку да выкрадання хлопчыка! З сённяшняга вечара ён злодзей, хлус, д’ябал. Няўжо гэтага старому мярзотніку мала, і ён шчэ мае біць хлопца?

— Досыць, досыць, — ушчуваў Сайкса габрэй, паказваючы на хлопчыкаў, якія зацікаўлена сачылі за ўсім, што адбывалася, — мы павінны ўжываць ветлівыя словы, ветлівыя словы, Біл.

— Ветлівыя словы! — раз’юшана выкрыкнула дзяўчына, на якую і глядзець было ніякавата. — Ветлівыя, ты, ліхадзей! Так, ты заслужыў іх ад мяне. Я крала для цябе, калі мне не было і паловы ягоных гадоў! — і яна паказала на Олівера. — Гэтым самым рамяством я займаюся ўжо дваццаць гадоў. Ты што, гэтага не ведаеш? Не ведаеш, пытаюся ў цябе?

— Добра, добра, — адказаў габрэй, спрабуючы дасягнуць прымірэння. — Няхай сабе гэта так. Ты ж зарабляла сабе гэтым на жыццё.

— Але, але! — адказала дзяўчына, і гэта быў ужо не крык, а нейкі няспынны неўтаймаваны віск. — Зарабляла на жыццё, а халодныя, мокрыя, брудныя вуліцы — гэта мой дом, а ты — мярзотнік, які шмат гадоў назад падбіў мяне на гэта, і яно будзе трымаць мяне дзень і ноч, дзень і ноч, пакуль не памру!

— Я табе зраблю, — перапыніў яе габрэй, закрануты за жывое дакорамі, — я табе зраблю, калі ты вымавіш яшчэ хоць слова!

Дзяўчына больш нічога не сказала, але, раз’юшана тузануўшы сябе за валасы, так рашуча кінулася на габрэя, што на ім засталіся б значныя сляды яе помсты, калі б Сайкс у належны момант не перахапіў яе рукі, пасля чаго яна зрабіла некалькі беспаспяховых спроб вырвацца і, нарэшце, суцішылася.

— Цяпер усё ў парадку, — сказаў Сайкс, кладучы яе ў куток. — Яна незвычайна моцная ў руках, калі на яе нойдзе.

Габрэй выцер лоб і ўсміхнуўся з палёгкай, як бы паказваючы, што непрыемныя хвіліны прайшлі, але і ён, і Сайкс, і сабака, і хлопчыкі, здавалася, разглядалі тое, што здарылася, як звычайную рэч, частку бізнесу.

— Самае горшае — мець справу з жанчынамі, — сказаў габрэй, перакладваючы дубінку ў іншае месца, — але яны разумныя, і без іх, зноў-такі, нявыкрутка. Чарлі, пакажы Оліверу, дзе ён будзе спаць.

— Мне здаецца, яму лепш не надзяваць заўтра свой лепшы касцюм, Фэджын, га? — пацікавіўся Чарлі Бэйц.

— Зразумела, не, — адказаў габрэй, ухмыляючыся гэтаксама, як і Чарлі, калі той задаваў сваё пытанне.

Мастэр Бэйц, скрайне ўзрадаваны даручэннем, узяў расшчэплены кій і павёў Олівера ў сумежную кухню, дзе былі дзве ці тры пасцелі, на адной з якіх ён спаў раней, і тут, час ад часу душачыся ад рогату, дастаў акурат той касцюм, ад якога Олівер з такой радасцю пазбавіўся ў містэра Браўнлоў; гэты касцюм, які выпадкова трапіў на вочы Фэджыну ў габрэя, што яго выкупіў, быў першай нітачкай да таго, каб высветліць месцазнаходжанне Олівера.

— Скідай сваё лепшае, — сказаў Чарлі, — і я аддам яго Фэджыну. Ён дагледзіць як быць павінна. Ну і цырк!

Бедны Олівер неахвотна падпарадкаваўся. Мастэр Бэйц, скруціўшы новае адзенне, сунуў яго пад паху і выйшаў з пакоя, пакінуўшы Олівера ў цемры і замкнуўшы дзверы.

Гук рогату Чарлі і голас міс Бэці, якая прыйшла якраз учас, каб папырскаць на сваю сяброўку вадой, выканаць іншыя жаночыя абавязкі ды прывесці яе ў прытомнасць, пры іншых, больш спрыяльных абставінах, чым тыя, у якіх апынуўся Олівер, маглі б пазбавіць сну шмат каго з людзей. Але яго сілы былі вычарпаныя, ён зусім знямогся і неўзабаве моцна заснуў.

РАЗДЗЕЛ XVII

Лёс працягвае наносіць Оліверу ўдары і дзеля таго, каб знішчыць яго рэпутацыю, прысылае ў Лондан вялікага чалавека

тэатры існуе традыцыя ва ўсіх добрых крывавых меладрамах перамяжоўваць трагічныя сцэны камічнымі так, як у добрай грудзінцы перамяжоўваюцца белыя і чырвоныя слаі. Герой пад грузам сваіх нягод і бядот апускаецца на саламяны ложак, а ў наступнай сцэне яго верны, але не такі сур’ёзны збраяносец весяліць публіку адмысловай песенькай. Мы з трымценнем сэрца бачым, што гераіня знаходзіцца ва ўладзе фанабэрыстага і бязлітаснага барона і што ў небяспецы яе гонар і жыццё; яна дастае кінжал, каб захаваць першае за кошт другога — і вось якраз у той момант, калі хваляванне наша дасягнула самай высокай кропкі, мы чуем свісток і пераносімся напрасткі ў вялікую залу замка, дзе сівабароды сенешаль выконвае забаўныя прыпеўкі ў атачэнні забаўных васалаў, якія могуць з’явіцца дзе заўгодна — ад царкоўных скляпенняў да палаца — і вандруюць кагаламі па краіне, спяваючы безупынна песні.

Поделиться с друзьями: