Олівер Твіст
Шрифт:
Такія змены падаюцца абсурднымі, аднак яны не настолькі штучныя, як гэта магло б здавацца на першы пагляд. У рэальным жыцці пераход ад сталоў з найлепшымі стравамі да смяротнага ложа і ад жалобнага ўбранства да святочнай вопраткі ўражваюць ніяк не менш, але толькі тут мы — дзейныя асобы, а не пасіўныя гледачы, а гэта вялікая розніца. Акцёры ў тэатры, дзе пануе прыпадабненне, не заўважаюць рэзкіх пераходаў і раптоўных парываў жарсці, пачуццяў, што адразу, калі глядзець вачыма простага гледача, асуджаецца як з’ява непрыдатная і недарэчная.
З той прычыны, што нечаканае чаргаванне сцэн, рэзкія перамены часу і месца не толькі замацаваліся ў кнігах дзякуючы шматгадоваму ўжытку, але і шмат кім разглядаюцца як вялікае майстэрства пісьменніка — крытыкі ацэньваюць творчы патэнцыял пісьменніка галоўным чынам у залежнасці ад тых нявыкрутак, у якія ён ублытвае свайго героя напрыканцы кожнага раздзела, — гэты кароткі ўступ да бягучага раздзела можа здацца непатрэбным. Калі гэта так, то няхай ён будзе ўспрыняты як тонкі намёк гісторыка на тое, што ён вяртаецца адразу ў горад, у якім нарадзіўся Олівер Твіст, а чытач няхай прыме на веру, што ёсць важкія ды істотныя падставы зрабіць гэтае падарожжа і што ў адваротным выпадку яго ну ніяк не запрасілі б узяць удзелу ў такой авантуры.
Містэр Бамбл уранні выйшаў праз браму працоўні і ўрачыста пакрочыў уверх па Гай-стрыт. Ён увесь быў яскравым увасабленнем сваёй пасады прыходскага чыноўніка: яго трохкутны капялюш і форменны сурдут блішчалі ў промнях ранішняга сонца, сваю палку ён сціскаў з энергіяй здароўя і ўладарнасці. Містэр Бамбл заўсёды хадзіў з высока ўзнятай галавой. Сёння ён трымаў галаву яшчэ вышэй, чым звычайна. Ён ступаў з нейкай адасобленасцю ў позірку, з узвышанасцю ў манеры, так што збочны назіральнік, трэба думаць, мусіў пранікнуцца пэўнасцю, што кур’ер абдумвае рэчы занадта вялікія, каб іх можна было выказаць.
Нарэшце містэр Бамбл спыніўся, і спыніўся ён зусім не для таго, каб адказаць каму-небудзь з крамнікаў або камусьці іншаму з тых, хто загаворваў з ім па дарозе. Ім ён адно махаў рукой, не запавольваючы сваёй хады, пакуль не дасягнуў фермы, дзе немаёмных бязбацькавічаў ахінула прыходскім клопатам місіс Мэн.
— Каб цябе трасца трэсла! — усклікнула місіс Мэн, пачуўшы знаёмую манеру трэсці садовую брамку. — Хто ж яшчэ можа прысунуцца так рана, акрамя кур’ера! О містэр Бамбл, падумаць толькі, нарэшце вы завіталі да нас! Я так рада, так рада. Калі ласка, праходзьце ў вітальню, сэр, калі ласка.
Першая частка выказвання была адрасаваная Сьюзэн, а воклічы захаплення прызначаліся містэру Бамблу і гучалі, пакуль адчынялася брамка, і містэр Бамбл уваходзіў у дом.
— Місіс Мэн, — прамовіў містэр Бамбл, не сядаючы і не падаючы ў фатэль, як гэта зрабіў бы на яго месцы які-небудзь нахабнік, а паступова і паважна ў яго апускаючыся, — місіс Мэн, мэм, добры дзень.
— Добры дзень, сэр, — адказвала місіс Мэн, адорваючы госця ўсмешкамі. — Спадзяюся, вы пачуваецеся добра?
— Прыходскае жыццё — гэта не пасцель з ружаў, мэм, — адказаў містэр Бамбл і стукнуў палкай па століку. — Не, гэта жыццё, поўнае клопатаў, непрыемнасцяў і цяжкай працы. Але я магу сказаць, што ўсе грамадскія дзеячы зазнавалі пераслед.
Місіс Мэн, якая не магла адразу ўцяміць, што мае на ўвазе кур’ер, у знак згоды махнула рукой і ўздыхнула.
— Ох, тут ёсць ад чаго ўздыхнуць, місіс Мэн! — працягваў кур’ер.
Місіс Мэн падумала, што яна адрэагавала правільна, і ўздыхнула яшчэ раз, — і гэта, відавочна, каб дагадзіць грамадскаму дзеячу, які дзеля таго, каб запабегнуць самазадаволенай усмешцы, строга паглядзеў на свой трохкутны капялюш і прамовіў:
— Місіс Мэн, я еду ў Лондан.
— А Божачка мой, што вы кажаце, містэр Бамбл! — місіс Мэн нават адступіла на крок.
— Так, у Лондан, мэм, — няўмольна паўтарыў містэр Бамбл. — На паштовай карэце. З двума беднякамі, місіс Мэн! Адбудзецца паседжанне суда наконт справы аб аседласці, і рада даручыла мне — мне, місіс Мэн, — сведчыць у гэтай справе на квартальнай сесіі суда ў Клэркінуэле. І я баюся, — тут кур’ер крыху ўстаў і сеў больш самавіта, — я баюся, мэм, што сесія ў Клэркінуэле ўліпне як быць павінна, калі паспрабуе знайсці ўва мне крайняга.
— О, пашкадуйце іх, сэр! — патрапіла ў тон місіс Мэн.
Клэркінуэльская сесія сама наклікала такое стаўленне да сябе, мэм, — быў адказ містэра Бамбла. — Калі Клэркінуэльская сесія апынецца перад фактам, што ў іх атрымалася шмат горш, чым яны чакалі, то гэтым Клэркінуэльская сесія будзе абавязаная адно толькі сабе.
У суворай інтанацыі, з якой містэр Бамбл прамовіў гэтыя словы, было столькі перадвызначанасці і перакананасці, што місіс Мэн была застрашаная самым натуральным чынам. Нарэшце яна азвалася:
— Дык вы едзеце карэтай, сэр? А я думала, што гэтых беднякоў звычайна пасылаюць на вазах.
— Гэта калі яны хворыя, місіс Мэн, — адказаў кур’ер. — Калі ідзе дождж, мы адпраўляем на вазах хворых, каб загартаваць іх супраць прастуды.
— О! — выгукнула місіс Мэн.
— Карэта бярэцца прывезці іх таксама назад, і прытым за малую плату, — працягваў містэр Бамбл. — Яны абодва ў вельмі цяжкім стане, і мы вырашылі, што на два фунты танней абыдзецца адаслаць іх, чым пахаваць тут. Спіхнуць іншаму прыходу, абы толькі не памерлі па дарозе, ха-ха-ха!
Містэр Бамбл быў рассмяяўся, але тут яго вочы натрапілі на трохкутны капялюш, і ён зноў стаў сур’ёзным.
— Але мы адхіліліся ад справы, мэм, — сказаў кур’ер. — Вось ваша прыходскае ўтрыманне за месяц.
Містэр Бамбл паважна дастаў з гаманца колькі сярэбраных манет, загорнутых у паперу, і запатрабаваў распіску, якую місіс Мэн адразу ж напісала.
— Паставіла я на ёй пару плямаў, сэр, — проста сказала выхавальніца, — але здаецца, што ўсё па форме. Вялікі дзякуй вам, сэр. Пэўна ж, я вам вельмі абавязана.
У адказ на рэверанс місіс Мэн містэр Бамбл прыхільна кіўнуў галавой і спытаўся, як маюцца дзеці.
— Божа блаславі іх мілыя маленькія сэрцы! — узрушана азвалася місіс Мэн. — У іх усё як мае быць, у маіх маленькіх! Зразумела, акром тых двух, што памерлі на тым тыдні. Ды акрамя малога Дзіка.
— Што, яму не становіцца лепш? — запытаўся містэр Бамбл.
Місіс Мэн пахітала галавой.
— Вось жа сапсаваны, шкадлівы, гідкі малы нягоднік! — злосна сказаў містэр Бамбл. — Дзе ён?
— Праз хвіліну ён будзе тут, містэр Бамбл, — адказала місіс Мэн. — Гэй, Дзік, ану давай, хадзі сюды!