Пастка для пярэваратня
Шрифт:
— Ха-ха-ха! — не стрымаўся, зарагатаў Янка. — Як заклыпаеш? Нага ж не згінаецца.
— Я на адной. Скок-скок… Другая згінаецца.
— Печанай рэпы наеўся б, — паўшчуваў Янка. — Не дрыжаў бы так.
Што ж, у іхняй вёсцы, ды і не толькі ў іхняй, заўжды лічылі, што печаная рэпа смеласці прыбаўляе. На кожным агародзе расце. Нават казку пра. яе прыдумалі. Як вырасла вялікая. Як цягнуў дзед — не выцягнуў. Як паклікаў бабку. Як бабка з дзедам не выцягнулі. Як паклікалі ўнучку. Як і з унучкай не выцягнулі. Як паклікалі Жучку. Як і з Жучкай не выцягнулі. А вось паклікалі мышку — і дапамагла, выцягнулі.
— Я не дрыжу, — пачаў апраўдвацца Мацей. — Алеся, душа толькі кепскае робіць?
— Добрае таксама. Можа адагнаць смутак, ляноту, страх. Можа нават зрабіць, каб каровы не хадзілі ў шкоду. Можа паказаць месцейка, дзе растуць баравікі, абабкі.
Янка ўспомніў, як мінулым летам натрапіў на абабкі — падбярозавікі. Не адзін ён грыбы збіраў. Шмат падшыванцаў сабралася. Абышлі і дубровы, і саснякі, і ельнікі — толькі мухаморы красуюцца. Ні баравікоў, ні краснагаловікаў, ні абабкаў. Што ж, суша. Ні кроплі дажджу не выпала. Дамоў сабраліся. А яму як шапнуў нехта: «У хвойнік заглянь». Хвойнік густы, галінкі амаль што не па самай зямлі сцелюцца. Залез — і вочы разбегліся. Куды ні глянь — абабкі. Дзіва, дый толькі. Ніколі тут яны не раслі. Пачаў рэзаць спяшаючыся. Хлопцы ходзяць вакол, гамоняць, а ён рэжа, ні на што не зважае. Калі пасля вылез, то хлопцы абступілі яго: «Дзе быў?» — «У хвойніку», — пахваліўся. Не паверылі. Дый сам не паверыў бы, калі б на свае вочы не ўбачыў. «Можа, гэта душа лятала, шапнула, добрае ёй захацелася зрабіць?» — цяпер падумалася.
— А праўда, што на балоце ёсць вялікая галава на павучыных ножках? — падаў голас Мацей.
— Ёсць, — сказала Алеся.
— Калі… Калі яе можна ўбачыць?
— Ноччу. Як моцна-моцна сцямнее. Яна ходзіць па балоце і крычыць: «Угу-угу-у…»
— Як… Як тая вялікая галава на тонкіх ножках трымаецца?
— Неяк трымаецца, — развяла рукамі Алеся. — Яшчэ ёсць упыр з зялёнымі, што твань, вачыма.
Янка зноў скалануўся. Здаецца, павярніся і ўбачыш вялікую галаву на тонкіх павучыных ножках. Здаецца, кінецца, учэпіцца за нагу вялізнымі, што ад грабель, зубамі.
«І чаму я не перапыніў іх? — пашкадаваў Янка. — Распусцілі языкі».
— Не прыйдуць васілевіцкія, — завёў Мацей.
— Са злосці так яны сказалі,— пагадзілася з ім Алеся.
«І яе дапякло. Таксама душа ў пятах, — скеміў Янка. — Трэба ўцякаць, бо памлеем ад страху».
Толькі хацеў даць каманду, як на мастку гулка: «Туп, туп, туп…»
— Чулі? — запытаў ён.
— Ыгы, — ыгыкнула Алеся.
— Гэта цётка з барадой, — затросся Мацей. — Уцякайма.
— Васілевіцкія. Пачакаем.
Янка мацней сціснуў у руках кій. Хто ж тупацеў? Васілевіцкія ці цётка з барадой? Васілевіцкія… Хіба яны ноччу пасунуцца праз лес? Не. Чаму раней пра гэта не падумаў? Выходзіць, яна. І адкуль яе чорт прынёс? Васілевіцкія са злосці языком ляпнулі. Трэба ўцякаць, пакуль не позна…
Выбліснуў з-за хмары месяц. Постаць, здалося, незвычайна вялізная, прывідам вырасла на агародзе. Янка глянуў і жахнуўся. Яна. Тая самая. З барадой. Дастаяліся…
— Цётка з барадой! — залямантаваў Мацей. І Алеся за ім закрычала:
— Васіліск!
Цётка з барадой падскочыла, як знячэўку перапалоханы кот. і, прыгнуўшыся, дала лататы. Знікла, як у вадзе. «Туп, туп, туп», — неўзабаве пратупацела па мастку.
А яны стаялі аслупянелыя, сціскалі ў руках кіі.
— Бачылі? — першы ачомаўся Янка.
— Я табе што казаў? — усхліпнуў Мацей. Янка змахнуў з ілба халодны пот. Васіліск, а баіцца. Чаму? Чаму так? Розныя нячысцікі, ведаў ён, не вельмі баязлівыя. Іншы раз, як кажуць, смаліцаю да чалавека чэпяцца. Не ўцякаюць. Стараюцца з дарогі збіць, у карчы ці багну завесці. Няўжо гэты не такі, як ягоныя дружбакі? Чаму спалохаўся?
А калі… Калі ўсё-ткі васілевіцкія пераапрануліся? Знарок. Каб напалохаць. Спярша з кустоў высунуліся, напалохалі, пасля тады, калі ў яму ўваліўся. Напалохалі і выцягнулі. А цяпер… Не, не, не. Ноччу праз лес не пасунуліся б. Дый даўмецца да такога!..
— Уцякайма. Братка, уцякайма, — завёў Мацей. — Вернецца цётка з барадой.
— Уцякайма, — падтрымала Алеся.
Янка, каб хоць крышку падбадзёрыць іх, сказаў:
— Гэта васілевіцкія пераапранаюцца. Палохаюць нас.
— Пераапранаюцца? — прамовіў Мацей. — А дзе ж яны чорную бараду ўзялі? Думаеш, вырастае?
— Дома ўзялі. На Купалле нават у ведзьмакоў пераапранаюцца. Хіба не?
— Так, — нібыта пагадзіўся Мацей. — Але ж усё роўна страх!..
— У мяне і цяпер калені трасуцца, — прызналася Алеся.
— Пра цётку з барадой і дома не скажаш, — паціху прамовіў Мацей. — Татка пойдзе шукаць, а яна яго схопіць і ў балота пацягне.
— Пацягне, — усхліпнула Алеся.
— Не распускайце языкі,— папярэдзіў Янка. — Не будзем вёску баламуціць.
— Я сёння ўсю ноч не засну, — сказаў Мацей.
— Са мною ляжаш.
— Добра, братка. Алеся, а ты з Паўлінкай ляж.
— Паўлінка з Ясем гуляе, — сказала Алеся.
— Няўжо? — вырвалася ў Янкі.
Ой, здаецца, мая маці, Не тужу, не плачу, А як выйду на вуліцу, Сцежачкі не бачу,—даляцела з-за вёскі.
— Ясь спявае, — з замілаваннем у голасе прамовіла Алеся.
Азіраючыся, яны падаліся з агарода.
У гэтую цёплую чэрвеньскую ноч, калі красавала, налівалася збажына, калі туман плыў над балотамі, над лугамі, над ракою, бадай, кожнаму з іх прысніліся: і вялізная галава на тонкіх павучыных ножках, і крывасмок з зялёнымі вачыма, і васіліск — цётка з барадой.
Азбука
Праз сон Янка пачуў, як сказаў бацька, звяртаючыся да маці: «Трэба за раку ехаць, сена грабці. І гэтых жаўтароцікаў разбудзіў бы, ды зноў там пра крыжакоў успомняць. Лепей няхай дома пабудуць». — «Але, — пагадзілася маці.— І сёння ў сне кідаліся. Ніяк не забудуцца. У мяне і ў самой усе жылачкі трасуцца, як успомню».
Янка крыху расплюшчыў вочы. Спіць Мацей, прытуліўшыся да яго пляча, ціхенька сапе ў нос. Падмывае ўскочыць, папрасіцца, каб узяў бацька з сабою. Мінулае лета за ракою разам сена ў копы складвалі. Пасля, узімку, калі балота панцырам сціснула, калі рэчку лёдам закавала, на санях у хлеў яго вазілі.
Падмывае ўскочыць, але вочы заплюшчваюцца, заплюшчваюцца… Не, не… Не адарваць галавы ад падушкі. Заўтра папросіцца, заўтра…
Ён, абняўшы Мацея, заснуў.
Калі сонца паднялося над вёскай, калі ягоныя ўвішныя праменьчыкі прабіліся ў кожную шчылінку, калі, ласкава казычучы, дакрануліся да іхніх твараў, яны прачнуліся, пасёрбалі халоднага шчаўя, якое маці паставіла на прыпеку, і выскачылі на двор. Тут як тут Алеся — ранняя птушка. Ужо чакае іх.
— Мае за раку паехалі,— паведаміла.