Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для пярэваратня

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— А пра каго ж?

— Пра князёў.

— Я ўсё роўна некалі навучуся чытаць, — вырвалася ў Янкі.

— Нялёгка гэта, — сказаў Ясь. — Я толькі пісаць навучыўся. Дый не ўсе літары запомніў. Чытаць зусім не ўмею. Я з княскім дружыннікам дружбу вадзіў. Чытаў ён што рэпу грыз. І мне крыху паказаў. Дасціпны быў. Казаў, што недзе ў манастыры яго навучылі.

Янка ўсё болей дзівіўся. Ясь пісаць умее, а чытаць — не. Выходзіць, навучыцца пісаць і чытаць — не адно і тое ж. Хітрыя гэтыя літары. Не кожнаму даюцца. На ўсё трэба мець вока. Як на паляванні бывае? Адзін у лес увайшоў — адразу звера ўпаляваў. А іншы цэлы дзень працягацца — нават зайца не ўбачыць. Не даецца яму звер у рукі.

— Ясь, пра што той дружыннік чытаў? Раскажы, — папрасіла Алеся.

— Калі ёсць цярпенне, то паслухайце. У далёкай-далёкай краіне, якая называецца Індыя (там ніколі зімы не бывае), каля самага сонечнага горада жыве птушка Фенікс. Прыгажэйшай птушкі шукай — не знойдзеш. Яна пераліваецца рознымі колерамі, як адаманты зіхцяць. Носіць Фенікс залатую карону на галаве, а абутак на нагах, як у князя. Пяцьсот летаў не есць, не п'е. А пасля ноччу ператвараецца ў попел. Здавалася б: усё, загінула. Не. Зранку зноў становіцца птушанём. Зноў не есць, не п'е. Бессмяротная птушка Фенікс.

Янка ўздыхнуў. Індыя… Фенікс… Новыя назвы, новыя імёны. Выходзіць, ёсць краіна, дзе заўсёды цёпла, дзе няма зімы. Няўжо тыя людзі ніколі снегу не бачылі? Няўжо ніколі з ледзяной горкі не ляцелі, калі аж дух займае? Індыя… Фенікс… Не верыцца. Птушка, а на нагах абутак, як у чалавека. Вось каб самому стаць птушкай і ў тую далёкую Індыю паляцець! Апусціўся б, прывітаўся, расказаў бы пра тое, як прыходзіцца з крыжакамі ваяваць. І пра снег, і пра лёд расказаў бы. Пэўна, не паверылі б, як яму не верыцца, што ёсць птушка Фенікс. Можа, і Індыі няма? Можа, выдумляе Ясь?

— Ты не выдумляеш? — запытаў у Яся.

— У кнізе напісана.

Ясь бачыў кнігу. Відаць, у руках трымаў. Цікава: колькі ў такой кнізе літарак? Напэўна, гэтулькі, як лістоў на дрэвах. Шмат такая кніжка можа расказаць. Шчаслівы Ясь.

Янка вырашыў пацікавіцца ў яго.

— Ясь, як па-твойму: калі бясконца летаў пройдзе, людзі будуць ведаць пра нас?

Не чакаў Ясь, што пра гэта Янка запытаецца, разгубіўся.

— Як ведаць?

— Ну, як жылі мы. Якія песні спявалі, што сеялі. Якой наша вёска была.

— Бясконца летаў — гэта колькі?

— Як зорак на небе.

Задумаўся Ясь. Вядома, многа летаў пройдзе.

Не раз і не два птушка Фенікс ператворыцца ў попел. Што ж будзе тут, у іхняй вёсцы, праз гэтулькі летаў? Ці застанецца яна? Вось каб наперад зазірнуць! Хоць праз маленькую шчылінку. Не зазірнеш. Няма такой шчылінкі. Што ж будзе? Відаць, крыжакоў разаб'юць. Ці праведаюць пра гэта людзі?

— Будуць, — нарэшце сказаў ён. — Кніжкі раскажуць.

— У кніжках пра князёў пішуць. Ці будуць ведаць пра мяне, пра Мацея, пра Алесю, пра цябе?

Ясь паціснуў плячыма.

— Як-небудзь праведаюць. Не бядуй.

Янка пальцам босай нагі вывеў на пяску знак, падобны на літару «наш».

— Я навучуся пісаць. І чытаць навучуся.

— Э-э-х! — уздыхнуў Ясь. — Уперад збудуй клетку, тады шукай птушкі.

— Ясь, хадзем на рэчку, — прапанаваў Мацей. Пра цётку з барадой, мабыць, ён зусім забыўся.

Хіба прапанаваў бы, калі б успомніў?

— Хадзем, — пагадзіўся Ясь. — Бабровыя хаткі вам пакажу.

З Ясем не страшна

Яны ўчатырох ішлі па ўскрайку лесу. З Ясем зусім не страшна.

— Ці ведаеце, як раней жылі нашы прашчуры? — завёў гаворку Ясь.

Янка забег наперад, глянуў на яго.

— Калі гэта — раней?

Ясь махнуў рукою, паказаўшы на векавы дуб-велікан, які стаяў непадалёку.

— Калі і гэтага дуба тут яшчэ не было.

— Не ведаем. Раскажы, раскажы, — што сарока, зашчабятала Алеся.

— Нашы продкі, як і цяпер, сваё жытло звычайна рабілі каля рэк, — пачаў Ясь. — Як думаеце? Чаму?

— У рацэ рыбу можна лавіць, — сказала Алеся.

— Малайчына. Кемлівая, — пахваліў яе Ясь. Мацею, відаць, не даспадобы, што апярэдзіла яго дзяўчынка.

— Таўчэшся пад нагамі,— буркнуў ён.

— Сам ты таўчэшся, — не змаўчала Алеся. — Я збоку іду.

— Завяліся, — папракнуў Ясь. А Янка звярнуўся да яго:

— Чаму ты сказаў, што рабілі жытло? Трэба казаць: хаты.

— Хаты яшчэ не навучыліся будаваць. Бярвенні, як цяпер, не ссякалі. Рабілі сваё жытло з тоўстых сукоў, з касцей маманта.

— Мамант — гэта звер? — пацікавіўся Мацей.

— Але, звер. Ён быў самы магутны, самы вялікі ў нашым лесе.

— Такі, як тур? — запытала Алеся.

— Яшчэ большы. Скура ў яго была тоўстая, поўсць густая, а ўперадзе вытыркаліся белыя, што снег, клыкі. Іх называлі біўнямі.

— Дзе падзеліся маманты? — не вытрываў Янка. — Мо ў чужыя лясы ўцяклі?

— Чуў ад людзей, што загінулі, вымерлі. Усе як адзін.

Янка аж галавою пакруціў. Што ж выходзіць? І хітрыя лісы, і шустрыя зайцы, і мядзведзі-таптуны, і вавёркі-рыжухі, і адчайныя дзікі, і дужыя зубры, і рыжыя туры могуць загінуць, як загінулі маманты? Сёння жывуць, бегаюць, а заўтра іх не будзе? Не верыцца, што калісьці такое станецца.

— Дык як раней жытло рабілі? — перапыніў думкі Мацей.

— Замест падмурка клалі чарапы мамантаў, а пасля сухажыллямі ці скуранымі паскамі замацоўвалі сукі, шкілеты загінуўшых жывёл, якія зверху накрывалі шкурамі. А шкуры прыціскалі касцямі. Зімою распальвалі там вогнішча, грэліся, спявалі, б'ючы ў бубны, выводзячы трэлі на касцяных свісцёлках, дудках.

Янка ўявіў тое даўняе жытло, падобнае на будан, які і яны, хлапчукі, у лесе часта рабілі. Вядома, у хаце, асабліва зімою, лепей, чым у такім будане. Але ж людзі весяліліся, песні спявалі. Дружна жылі, як і цяпер. Калі б не было згоды, то не спявалі б песень. Вунь адкуль іхняя сённяшняя дружба пачатак бярэ! Здаўна. Моцную сілу дружба мае. Магутныя маманты згінулі, а яна жыве, красуе. Добра было б, каб яшчэ многія — многія леты жыла. Інакш…

Прыгадалася, як наляцелі крыжакі, як схапілі яго і Мацея, як пасля стаялі жалезнай сцяной. «Адзін дасуж, ды не дуж», — падумалася.

Ён дагнаў Яся, сказаў:

— Ты нядаўна казаў, што мы славяне. Славяне — гэта хто?

— Народ. Ёсць шмат народаў. Наш народ славянскі. Калісьці славяне жылі плямёнамі. Разам на паляванне хадзілі, разам ваявалі. Усё-ўсё разам рабілі.

— А як наша племя называлася? — рупіла дакапацца Янку.

— Мы панямонцы, — сказаў Ясь. — Нашы прашчуры — крывічы, дрыгавічы, радзімічы. Гэта тры славянскія плямёны.

Поделиться с друзьями: