Пляц Волі
Шрифт:
У звязку з «польскай справай» у 1926 годзе Румынія абвесціла агульную вайсковую мабілізацыю, у Рызе пачалі прызываць на службу «запаснікоў». Заварушыліся і ў Менску, і ў Вільні. Апошняя была «пад крылом» Англіі — і пачувалася спакайней. Праўда, мясцовыя прабальшавікі яхіднічалі:
«Раней ангельскія свінні карміліся ўкраінскім цукрам, а цяпер хочуць мець літоўскі авёс»…
У Рызе ж аднавіў сваю працу беларускі адзьдзел міністэрства асветы Латвіі. Беларусы дамагліся замены яго кіраўніка Зеліта на свайго кандыдата. Улады не пагадзіліся зацвердзіць на гэту пасаду Езавітава (як напачатку прапаноўвалі беларускія арганізацыі), але падтрымалі Уладзіміра Пігулеўскага.
Дзейнасць латвійскіх беларусаў адразу ж актывізавалася. Заснавалася Беларускае выдавецкае таварыства. У 1927 і 1932 гадах былі выдрукаваны кнігі Кастуся Езавітава «Беларусы ў Латвіі» і «Беларусы ў Літве». Пад рэдакцыяй Езавітава ў Рызе яшчэ ў 1926 і 1927 гадах выйшлі «Беларуская школа. Першая пасьля лемантара кніга для чытаньня» і падручнік Язэпа Лёсіка «Наша крыніца. Чытаньне для беларускіх школ у Латвіі», а таксама навучальныя праграмы для беларускіх пачатковых школ па гісторыі Латвіі і краязнаўстве, у 1933 годзе — «Праграма зьбіраньня вуснае народнае творчасьці» (пад кіраўніцтвам Езавітава быў арганізаваны збор фальклору і прадметаў матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў).
Да беларускай справы актыўна далучалася моладзь школ і гімназій. У Дзвінскай беларускай дзяржаўнай гімназіі яшчэ з 1927 года працаваў закладзены Езавітавым гурток аматараў беларускага друкаванага слова, які вёў улік беларускай перыёдыкі, рэгістраваў выданні Заходняй Беларусі, складаў каталогі. Найбольш актыўным працаўніком гуртка быў Мікола Панькоў, які яшчэ школьнікам далучыўся да адраджэнцкага руху — быў сувязным паміж Дзвінскам і Коўнам, перавозіў перыёдыку й ліставанне, кіраваў заснаваным Паўлінай Мядзёлкай гуртком моладзі «Лепшая Доля»…
Пад ачольваннем Езавітава склаўся і літаратурны гурток. Моладзь атрымала магчымасць не толькі друкаваць свае творы на старонках «Голаса Беларуса», але і выдавацца асобнымі кніжкамі — у 1926 годзе з'явіўся зборнік вершаў маладых паэтаў «Першы крок». На вокладцы — шматпаказальны малюнак: селянін і рабочы трымаюць бел-чырвона-белы сцяг. Зборнік склалі вершы дваццаці паэтаў, сярод іх Ашурка, Бартуль, Вайвадзіш, Вальтар, Ванаг, Воркуль, Казлоўская, Мікалаева, Рык, Сахарава, Сакол, Талерка…
«У далёка не спрыяючай латвійскай сапраўднасьці дваццаць паднялі меч беларускага Слова, — пісаў у першай рэцэнзіі на гэты зборнік Уладзімер Жылка (рэцэнзія была надрукавана ў першым нумары (1926 год) часопіса «Новы Прамень», які ў Чэхіі рэдагаваў Жылка). — Першы літаратурны крок як літаратурны мо не заўсёды і не зусім удалы, але ён адгучны веку, гэтым крокам ідуць змагары, і таму ён ваяцкі, цьвёрды і пэўны…»
У зборнік уключыў свае вершы і Кастусь Езавітаў, бо і ў яго гэта быў першы крок у паэзію, і пра ўдаласць гэтага кроку лепш ад Жылкі сказаць цяжка.
«Да гэтага беларускае грамадства знала яго (Езавітава) як старога і заслужанага працаўніка, які першы паклаў падваліны беларускага руху ў Латвіі, - пісаў рэдактар «Новага Промня». — Тут, у зборніку, сустрачаем К. Езавітава ў паэзіі, галіне творчасці для яго новай, і мы рады прывітаць яго паэтычны талент. Сочачы за яго працай, бачым, што паэзія для яго толькі адзін з сродкаў яго грамадскага слугаваньня, хоць паэзія вымагае ўсяго паэта, хоча, каб яна была яго адзіным слугаваннем грамадзянству» — і скончыў рэцэнзію цытаваннем «моцных, каваных радкоў» Езавітава:
Ужо ніхто не забье беларускай душы! Ў цяжкіх муках яна акавалась бранёй! Не зрачомся мы Сьветлае Волі сваёй, На сьвет вольны мы выйдзем з глушы! [51]Пад рэдакцыяй Езавітава і з ягонымі прадмовамі ў Беларускім выдавецкім таварыстве ў Рызе выйшлі зборнік вершаў Пятра Масальскага «На сьвітаньні» (1929 год), асобнай брашурай — апавяданне Віктара Вальтара «Лясьнікова сена» (1932 год) і іншыя беларускія кнігі. А у Менску нейкім «доктарам Янам Доўгім» пісалася і кніга пра самога Кастуся Езавітава — «Беларускі нацыянал-фашызм у Латвіі» (у 1933 годзе пад грыфам «Акадэмія Навук БССР» яна выйдзе ў свет)…
51
Гэтая рэцэнзія на Беларусі ўпершыню была надрукавана ў 1986 годзе - у складзеным Уладзімірам Калеснікам зборніку вершаў, перакладаў і крытычных артыкулаў Жылкі «Пожні», але ўсе абзацы, дзе ўзгадвалася прозвішча Езавітава, былі скасаваны цэнзурай і «выразаны».
Частка III
Пасланцы Крывіі
Гэта было ягонае другое прыйсце ў Менск — другое пасля 1918 года, менавіта прыйсце: на перадапошнім прыстанку перад вакзалам Кастусь Езавітаў з Вацлавам Ластоўскім (разам ехалі з Коўны), узяўшы з паліц свае валізкі-чамаданікі, выйшлі з вагона і вырашылі некалькі кіламетраў адолець пехам — прыгараднымі вулкамі, спакваля агледзець горад — і свой, і чужы. І адразу ж пачалі дакараць сябе: усчаўся дробны дождж-імжака, гарадскія ўскрайкі пакрыліся туманам, і яны не толькі рызыкавалі змокнуць, але й заблудзіць.
Назаўтра, 14 лістапада, у Менску распачалася Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу. Вуліца і тратуар перад будынкам Дваранскага Сходу (цяпер — клубам Карла Маркса) аж чарнелі ад публікі. На будынках — чырвоныя і бел-чырвона-белыя сцягі! У зале паседжанняў, якая магла змясціць болей васьміста гасцей, большасць месцаў унізе і балкон, калі яны ўвайшлі, былі ўжо заняты. Сцены — у чырвона-белых барвах. На першых шэрагах заўважылі аснежаную сівізной галаву Райніса, побач з ім — Купалу, Лёсіка. Падаліся да іх, расцалаваліся. Месца побач не было, і яны прыселі крыху воддаль, бліз купкі моладзі, па ўсім — студэнтаў.
Адкрыў канферэнцыю старшыня Інстытута беларускай культуры Усевалад Ігнатоўскі — прывітаў прысутных і заспяваў «Ад веку мы спалі». Затым запрасіў па спісе замежных гасцей у прэзідыум і пачаў прамову:
— …Збіранне раскіданых культурных сілаў заняло выдатнае месца ў нашым культурным будаўніцтве… Амаль што з нічога вырасла Дзяржаўная бібліятэка… Зараз Беларусь налічвае чатыры вышэйшыя навучальныя ўстановы…
У дзень адкрыцця канферэнцыі ў Чырвонай зале сталоўкі Цэнтральнага рабочага кааператыва быў банкет. І — о колькі сустрэч з новымі людзьмі! Тут і літаратары, і навукоўцы, і кіраўнікі партыі і ўрада БССР.
…Клаліся спаць амаль раніцай, але стомы не адчувалі. І чакалі дня новага. Езавітаў жа рыхтаваўся выконваць абавязкі старшыні правапіснай камісіі канферэнцыі…
Назаўтра вечарам Езавітаў у гатэльным нумары даў Ластоўскаму прачытаць тэкст верша, які меў назву «На ўшанаваньне новага падзелу беларускай зямлі»:
За ўсе краі, за ўсе народы сьвету, І што былі, і прыйдуць што пасьля, Аздобленае горкім, цьмяным цьветам Зазнаць нам гора лёс благі паслаў. Скарыліся і моўчкі ўсё прымалі: Самахаць, можа, прыйдзе лепшы час. Як лісьцінку на поплаве качалі І зьневажалі чужаніцы нас. Калёнія праз некалькі сталецьцяў, Наедак ненажорным груганом… Я прысягаю — праклянуць нас дзеці… За апяшаласьць нашу нам праклён. <…> Прыціх наш край: ад гутарак аскома… Прыціх наш край: маўчаць, усе маўчаць. Свабодай карыстаюцца сачкомы, Каб тых, хто мысьліць, у вастрог саджаць. <…> На нашым карку торг спраўляе сьмела Масква з Варшавай, з Рыгай і Літвой, І наша змучанае катам цела Штогодна новай кроіцца мяжой. <…> Браты мае! Даволі ашуканства, Гасьцей да хаты выправіць пара. З лазы заплаканай спляцём ім кайстры Для нарабаванага ў нас дабра. Сьляды іх гідкія пяском пасыплем, Пясочкам сьветленькім пасыплем іх, Каб гэтай шумы, акупантаў-злыдняў Апошні водгук прагучаў і сьціх. А не, — дык надарма усё, жыцьцё надарма, Лажыся ў яму Сам, Народзе мой, — Пакуль ты сам ня будзеш гаспадарыць, — Не разьвітаешся з жабрацкай калітой.Пад вершам стаяла дата — 29 верасня 1926 года — і псеўданім: Янка Крывічанін.
Ластоўскі перачытаў уважліва — і спытаў крыху зніякавела:
– Дзе ўзяў?
– Меў нечаканыя запросіны на абед ад Гартнага. Там Ільючонак з Адамовічам далі перапісаць… Кажуць, ужо з паўмесяца па Менску гэты верш ходзіць.
Ластоўскі сеў на ложак, склаў рукі — далоньмі адна да другой, памаўчаў, затым ціха сказаў:
– Гэты верш мне той жа Алесь Адамовіч паказваў яшчэ раніцай. Прапанаваў надрукаваць у «Крывічы». Мне як штось кальнула тады: як так, загадчык адзьдзела друку ЦК кампартыі Беларусі — і прапануе апублікаваць антысавецкі верш! А яны і да цябе… І ў дадатак — Ільючонак, былы бальшавіцкі падпольшчык з Заходняй Беларусі… Ці не падазроны такі клопат?