Пляц Волі
Шрифт:
Езавітаў маўчаў, і Ластоўскі пасля пярэрвы дадаў:
– А верш — як стогн, выбалены… Гэта не падробка, і мне падаецца, я ведаю яго аўтара.
– То скажы, каму паціснуць руку?
– Гэтымі днямі яго штось не відно было…
На чацвёрты дзень працы канферэнцыі ў калідоры залы паседжанняў Езавітаў сустрэў Аляхновіча. Крыху пагаварылі — Аляхновіч не хаваў уражанняў ад канферэнцыі, ад менскага тэатра:
– І насамрэч тут тэатр ёсць, і дзяржаўную субсідыю мае!..
Даўгавата спыталі піва ў сталоўцы № 1 на рагу Савецкай — усё, што засталося ад колішняй рэстарацыі. Пасыпаная апілкамі падлога, брудныя вокны, публіка — пераважна ў доўгіх чырвонаармейскіх шынялях… Узгадвалі мінулае, сяброў. Аляхновіч часта курыў…
– Ведаеш… Пахадзіў, паглядзеў. Хачу застацца тут.
– А сям'я, праца? — Езавітава, па ўсім, не здзівіла гэтае прызнанне.
– Жонка з сынамі пагадзілася пераехаць.
– Колькі сынам?
– Пяць і два… А праца — хіба тое, што рабіў, так назавеш? Абрыдла мне страхавая каса і яе слутжбовы стол. Не гэтым хочацца займацца.
– А рада? — Езавітаў спытаў цішэй, нібыта вывучаючы сябра, нібыта не жадаючы яго пакрыўдзіць — стаўленне да Беларускай часовай рады пад ачолам Паўлюкевіча, у якой Аляхновіч лічыўся заступнікам старшыні, былі аднолькавыя ў большасці беларусаў — здраднікі, якія падспеўвалі пад польскую дудку.
– Рада? — Аляхновіч спахмурнеў. — Ну ўблёўтаўся я ў яе, што казаць… Карысці, праўда, з мяне ёй аніякай. Ды й на жыццё паўлюкоўцам шанцы невялікія: палякі ўжо колькі месяцаў не плоцяць грошай, і «радаўцы» не маюць ні на гарэлку, ні на абед.
– А што гэта ні Луцкевіча, ні Тарашкевіча на канферэнцыі не відно?
– Х-ха… — Аляхновіч падпаліў новую папяросу, цяжка выдыхнуў дым, адкінуў запальнічку. — Палякі не далі ім дазволу на выезд, вось і засталіся.
– А як аднаму ў Менск ехалася? Мы з Ластоўскім, па-праўдзе, рыхтаваліся да нечаканак…
– Спакойна ехаў! Я ж на службе водпуск узяў… Адно пачуцці дзіўныя: Стоўбцы — яшчэ «Польшча», а Негарэлае праз колькі кіламетраў, з якога сяляне сотні гадоў на кірмаш у Стоўбцы хадзілі — ужо Беларусь. Вось як разанулі… Прыехаў увечары, пераначаваў у маленькай гасцініцы каля вакзала. Не хацеў ноччу маці турбаваць.
– Яна ўсё там жа, на Вясёлай, каля Вайсковых могілак? Як здароўе?
– Ды не скардзілася… І я ёй сказаў, што вось вазьму ды застануся. Сям'я перабярэцца… — Аляхновіч дакурыў папяросу, расціснуў на папяльнічцы, зробленай з кансервавай бляшанкі. — Узрадавалася… Займуся, кажу ёй, сваёй справай, а жонка дапаможа развесці табе курэй… Маці вельмі куры любіць! Пару гадоў таму мела некалькі, ды пакралі…
Яны дапілі піва і выйшлі. На прыступках сталоўкі сутыкнуліся з двума рослымі вайскоўцамі ў форме ГПУ.
– Што, генерал, скажаш пра гэтых стральцоў? — спытаў Аляхновіч, калі тыя нырнулі ў сталоўку. Падалося, што ён крыху захмялеў.
– Я такі генерал без войска, як і ты — рэжысёр без тэатра, — жартам парыраваў Езавітаў. А Аляхновіч абнечаканіў:
– А я іхняга шэфа — Дзяржынскага — ведаў! Спатыкаўся не раз з ім на калідорах Віленскай гімназіі. Ён быў старэйшы на тры клясы… Затым кінуў гімназію — як і я — і працаваў рэпетытарам у маіх сваякоў у Борце, маёнтку непадалёк ад Вільні. Неяк Фелікс знік, пакінуўшы ў хаце валізку, а ў ёй — забароненая літаратура. А яшчэ праз пару дзён з'явілася паліцыя…
– Дык во адкуль у іх вопыт!
– Што маеш?.. — не зразумеў Аляхновіч.
– Ды хоць бы пра твайго другога знаёмага, Фальскага. Не чуў?
– Не…
– Фальскі ставіў у Менску п'есы, беларускія п'есы, ведаеш пра гэта. І Купалавы, і твае, пэўна… ГПУ падаслала да Фальскага дзяўчыну, якая нібыта перайшла з Заходняй Беларусі. Тая папрасіла ў Фальскага савецкіх газэт… Дзяўчыну потым арыштавалі, а за ёй і Фальскага — і абвінавацілі ў тайнай сувязі з палякамі, выраклі да расстрэлу. Затым выслалі ў канцлагер і забаранілі жыць на Беларусі…
– У БДТ [52] , дзецішчы і Фальскага, я ўчора быў… Ведаеш, — Аляхновіч узрушыўся, расхваляваўся, нібыта й не чуў Езавітава, — мяне пазналі, усцягнулі на сцэну, падкідалі ўгару! Праўда, на рэпетыцыі разанула, што сяляне з 1863 года — гэта я пра пастаноўку «Кастуся Каліноўскага» — гаварылі моваю сённяшніх камсамольцаў…
– Ты пра тэатр, дзе дырэктарам зараз Язэп Дыла?
– Так. А скора збіраюцца адкрыць і другі — БДТ 2, у Віцебску. Маю запросіны на яго адкрыццё! Аспрэчыць нельга: шмат чаго карыснага ў Менску робіцца. І газэты беларускія, і кнігі, і школы, і універсітэт, і дух, падаецца, таксама. І канферэнцыя гэта засведчыла. Ці не так?
52
Беларускім дзяржаўным тэатры.
– І заля — як некалі ў 1917-м — у бел-чырвона-белым… — падтрымаў яго Езавітаў. — Вось толькі бюст Леніна перад прэзідыумам…
– А што, — Аляхновіч згодна кіўнуў, - прапануем яго заўтра выдаліць з залы як безмандатніка…
Назаўтра бюста Леніна ў зале паседжанняў канферэнцыі ўжо не было.
У прадапошні дзень працы канферэнцыі, 20 лістапада, пасля агучвання рэзалюцыі аб'явілі перапынак. Тады Жылка і падвёў да Ластоўскага дужага высокага хлопца з каротка падстрыжанымі валасамі (неўтаймоўны віхор на макаўцы), блакітнымі вачыма й строгімі брывамі.
– Дзядзька Вацлаў, хачу пазнаёміць — Уладзімер Дубоўка, наш паэта.
Парукаліся, і Ластоўскі ўважліва агледзеў Дубоўку: галава крыху набок (нібыта саромеўся свайго росту), погляд адкрыты, але з адбіткам якойсці таямніцы…
Яны выйшлі на вуліцу, і там Ластоўскі прызнаўся, што завочна ўжо добра ведаў другога Уладзімера — яшчэ па віленскім часопісе «Маладое Жыцьцё»; распытаў пра ягоныя клопаты ў Маскве, памаўчаў — і падагульніў:
– Мяне ўразіў некалі твой верш «Малітва ўцекача»: «Зьлёт груганоў знішчыў мой край…», «тых пракляну, што нам Юдамі сталі»… А тут, у Менску, далі прачытаць «На ўшанаванне новага падзелу…» Янкі Крывічаніна… І хачу я… — Ластоўскі зноў сціх, уважліва зазірнуў у вочы Дубоўкі. — Хачу, як рэдактар «Крывічаніна» і «Крывіча»… як няштатны пасланец Крывіі паціснуць Янку Крывічаніну руку.
Дубоўка таксама ўважліва ўгледзеўся ў Ластоўскага, затым абодва ўсміхнуліся, і старэйшы абняў малодшага…
…Вечарам Ластоўскі здзівіў Езавітава:
– Ты верш той… Крывічаніна, што перапісаў, надрукуй. Абавязкова надрукуй! Толькі не ў сваім «Голасе Беларуса», бо грошы адсюль (ён зрабіў асаблівы акцэнт на гэта слова) адразу ж слаць перастануць… Так дзе-небудзь…
– А сам што? — не зразумеў напачатку Езавітаў.
– А сам тут застануся. Таму і не бяруся гэты верш за мяжу перавезці - ім толькі дай зачэпку…
– Як «застануся»!?
– Так, як і Аляхновіч. Я ўжо ўсяго пабачыў. І помсты, і здрады… У Коўне большага не зраблю, грошы на «Крывіча» не вылучаюцца…
– А прапанова з Амерыкі?
– Дзе тая Амерыка! За сябе загадчыкам славянскага адзьдзела Амерыканскай бібліятэкі прапаную стаць Жылку.
– Дык што — мне аднаму вяртацца? — Езавітаву падалося, што з ім жартуюць.
– Трэба ж некага і на развод пакінуць! — Ластоўскі й не думаў жартаваць. — Толькі не дрэйфі, з БССР разам паедзем. Мне трэба яшчэ свае архівы перагледзець. Папрыхаваць тое-сёе. А там — назад паспрабую…