Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

…Толькі ў 1941-м, падчас вайны, Езавітаў даведаецца, што жывым са знаёмцаў застаўся адзін Дубоўка: Ластоўскага, Лёсіка, Гарэцкага знішчылі. Ігнатоўскі застрэліўся, Чарвякову — «дапамаглі»… Жылка… Хворага, яго выслалі ва Уржум. Да яго прыехала жонка — Рыма Маневіч (малую дачку Беату пакінула ў сваіх родзічаў). Пражыла з Жылкам няпоўных тры тыдні — і перайшла да чэкіста… «Ухажора» перавялі на новае месца, і Рыма падалася следам, а па тэлефоне сказала Жылку, што парывае з ім назаўсёды. Марцовы муж неўзлюбіў малую Беату, і Рыма аддала яе ў дзіцячы дом… Гэта нявечыла ці не больш, чым няволя… У першы дзень вясны на трыццаць трэцім годзе жыцця, у шпіталі Жылка памёр…

Латвія ўсё ж — не БССР — жыла не па гругановых законах, а па дэмакратычных. Быў суд — з адвакатамі й абаронцамі, і Езавітава, як і пяць гадоў таму, апраўдалі. Калі ён мінаў турэмную браму, нечакана згадаліся словы Ластоўскага, калі той вырашыў застацца ў БССР, словы да яго, Езавітава: «Трэба ж некага на развод пакінуць», і выраз ягонага твару ўзгадаў — сур'ёзны, стомлены. І вырашыў тады не даць спакусіць сябе смяротнай стоме, не скарыцца ёй…

Ці ж ведаць яму ў той дзень, што наперадзе яго яшчэ чакалі новыя арышты — і ў 1934-м, і ў 1935-м?

Наогул, гады з 1925-га па 1934-ы былі для Езавітава і самымі плённымі, і самымі цяжкімі. Мяняліся месцы працы: на пачатку 30-х ён выкладаў методыку роднай мовы і гісторыі літаратуры на двухгадовых Дзяржаўных беларускіх настаўніцкіх курсах у Рызе, вучыў маляванню ў Першай рыжскай беларускай пачатковай школе. З году ў год папаўняў свой архіў. У збіральніцкіх клопатах меў шырокую перапіску. Калекцыянаваў этнаграфічныя замалёўкі — і пісаў беларускаму мастаку Язэпу Драздовічу ў Вільню, прапаноўваючы яму выдаць працы асобным альбомам. Цікавіўся музыкай — і пытаў у лісце Рыгора Шырму:

«Ці няма ў Вас мэлёдый для «Пінскае шляхты»? Я хачу перадрукаваць яе з нотамі. Ужо даўно трэба было б гэтую п'есу выдрукаваць з нотамі, але неяк ніхто за гэтую справу не ўзяўся».

Высілкамі Езавітава ў Рызе перыядычна ладзіліся беларускія выставы і вечарыны…

Ноч з 3 на 4 лютага 1931 года Ігнатоўскі не спаў. Здавалася, штось чорнае, даўкае паўзло на яго з халоднай вуліцы праз шыбы вокнаў, ападала са столяў… Знясілілі доўгія допыты ў АДПУ, пакаяльныя лісты, пастановы парткалегій, шальмаванні ў друку. Месяц таму яго звольнілі з пасады прэзідэнта Акадэміі навук. І — новыя позвы ў сакрэтны адзьдзел, начальнік якога — як і дзень таму — будзе вымагаць ягонага подпіса пад загадзя складзеным пратаколам допыта:

«…признаю, что с момента вступления в партию я вёл сознательную двойную политическую игру в интересах осуществления идеалов белорусской контрреволюционной интеллигенции…».

А за што пабралі хлопцаў — яго малодшых сяброў, пісьменнікаў, навукоўцаў? Амаль цалкам знішчылі літзгуртаванне «Узвышша»…

Ранак не прынёс адхлання. Ігнатоўскі прыйшоў на кухню, сомнамбульнымі вачыма працяў жонку:

–  Ведаеш, я хачу, каб ты… ня вельмі сумавала, калі са мною што-небудзь здарыцца…

–  Стрываем… Ці ж я буду горшая за іншых жонак? Куды вышлюць цябе — туды і я. Не ўпяршынь жа нам… Памятаеш царскую высылку?

Жонка штось яшчэ хацела сказаць, але Ігнатоўскі раптам усміхнуўся, пяшчотна абняў і пацалаваў яе. Штось няпэўна-лядзянае растала і ў ягоных зрэнках…

Паволі пакрочыў у свой кабінет, прычыніў дзверы, а праз некалькі хвілінаў гохнуў стрэл… Калі прыбегла жонка, ён ужо бяспамятна ляжаў у калюжцы крыві, але яшчэ дыхаў. Жонка выклікала па тэлефоне «хуткую дапамогу», але першым у кватэры з'явіўся агент ДПУ.

–  Я цябе не клікала! Прыбег цешыцца? Вон! — паспрабавала выпіхнуць «госця» за дзверы, ды заўважыла, што па сходах падымаліся да іх яшчэ двое. Яна асунулася на падлогу і, млеючы ад роспачы, выкрыкнула яшчэ раз:

–  Вы забілі майго мужа!

* * *

…У 1941 годзе сакрэтныя матэрыялы — «кніга» на 500 старонак машынапісу пад загалоўкам «Совершенно секретно. Обвинительное заключенне по делу Белорусского Национального Центра» — былі знойдзены ў сакрэтных сховішчах менскага ДПУ. У 1943 годзе па загадзе Радаслава Астроўскага іх перадалі з Менска ў Баранавічы нейкаму «др. Мінкевічу» [55] .

55

Як сведчыў Лявон Савенак, беларускі пісьменнік-эмігрант, які пісаў пад псеўданімамі Лявон Свэн і Лявон Крывічанін і быў сам арыштаваны па «Справе БНЦ», падчас ад'езда на Захад Мінкевіч пакінуў матэрыялы той справы ў Баранавічах - «у 30-і валізах, якія Мінкевіч вывез на Захад, не знайшлося месца для гэтае кніні».

Сустрэча ў міжсвецці

Вецер то злосна налятаў, нахіляючы-гойдаючы цыбатыя хвоі — і тады ўверсе гуло, стагнала, крахцела, то ападаў да долу, кружляў апалае лісце, біў узнятым каўняром бушлата па твары, — і Аляхновіч мусіў прытрымліваць каўнер рукамі (балазе хатуль з рэчамі нёс ззаду чырвонаармеец). Паперадзе — чэкіст у доўгім шынялі, з ромбамі на лацканах (вышэйшымі вайсковымі адзнакамі).

Яны набліжаліся да памежнай брамы — паміж Коласавым і Стоўбцамі, і Аляхновіч адчуваў, што з кожным крокам меншыўся на яго ўціск гэтага дзяржаўнага айсберга пад назовам СССР, што з кожным крокам ён — пасля амаль сямігадовай салавецкай катаргі, стомлены і надломлены — станавіўся мацнейшым.

Зірнуў наперад: над спіною ў шынялі з ромбікамі, над памежнай брамай — шчыт з чырвонымі літарамі: «Коммунизм сметёт все границы». А далей, ужо на «польскай» сцежцы, — чатыры постаці: высокі ў цывільным, два паліцыянты і той, каго сёння, 6 верасня 1933 года, польскі ўрад абменьваў на яго, Аляхновіча. Хто гэта будзе, ён ужо ведаў, але калі сустрэўся — зніякавеў і не змог першым пачаць гаворку. Нібыта на цэлае жыццё дабавілася ў ім… А вось гэты чалавек, з якім звязвалі ў мінулым гады сяброўства, скіроўваў — хоць і з лепшых памкненняў — у савецкі міраж-пекла сотні падобных яму, наіўных — і не ўсе з іх сёння жывыя…

–  Ну здароў, браце… — першым прывітаўся Тарашкевіч.

–  Здароў…

Яны падалі ядзін аднаму рукі.

Аляхновіч глядзеў на Тарашкевіча як згіпнатызаваны.

«Выгалены, у фільцовым капелюшы, стыльным паліто, вычышчаных ботах…»

 А ён — у пацёртым бушлаце, які застаўся яшчэ ад Салаўкоў, у брудных атопках…

–  Добра выглядаеш…

–  Ты таксама.

–  Дзякуй, але сумняюся… — і загаварыў пра тыя міражы ў сябе за спіной, ды яго спыніў старшыня польскай рэпатрыяцыйнай камісіі — ён з чэкістам падпісаў ужо акт абмену палоннымі і намерыўся развітвацца.

–  То бывай здароў…

–  Бывай…

І яны разышліся: адзін у Стоўбцы, каб адтуль дабрацца ў Вільню (і праз колькі месяцаў пачаць пісаць сваю спавядальную аповесць «У капцюрах ГПУ»), другі — у Менск, каб сустрэцца з таварышамі, аддацца працы ў роднай Беларусі (але так і не пабачыў ні Смоліча, ні Янкі Купалы, — праз колькі тыдняў яго вывезлі ў Маскву, каб там зрабіць сведкам арыштаў сваіх паплечнікаў па Грамадзе, а ў 1938-м забіць і самога)…

Лібаўскі кон

Поделиться с друзьями: