Пляц Волі
Шрифт:
Нечакана для Езавітава многія беларускія выданні Вільні, як згаварыўшыся, пачалі пісаць пра Радаслава Астроўскага. Найбольшай актыўнасцю вызначаўся «царкоўна-народны двутыднёвік, орган праваслаўных Беларусаў» «Беларуская Зарніца». Яго № 1 ад 1 верасня 1928 года інфармаваў:
«З 22 па 24 жніўня г.г. адбылася ў Варшаве другая сэсія Мітрапалітальнае Рады пры Главе Праваслаўнай Царквы ў Польшчы Мітрапаліце Дзіанісіі. Папярэдні склад Рады быў папоўнены працоўна-грамадзкімі дзеячамі… Ад беларускага грамадзянства былі запрошаны: сьвяшчэньнік А. Коўш і інспектар Віленскае беларускае гімназіі Р. Астроўскі».
Праз некалькі нумароў — новае:
«У памяшканьні Беларускай Гімназіі адбыўся агульны сход сябраў Беларускага Дабрадзейнага Таварыства… У рэвізійную камісію… абраны грам. Р. Астроўскі і інш.»;
«Загадам ураду скасавана Таварыства беларускай школы ў Вільні. Яно было канцэсіянерам Віленскай беларускай гімназіі. Р. Астроўскі стаў старшынёй бацькоўскага камітэту гімназіі»…
Арышты
Бяда не ходзіць адна…
Не перасталі апякаць чуткі пра арышты сяброў у Менску — як прыйшлі да самога… Ранішняя Рыга толькі-толькі апранулася ў новае снежнае футра, і ад чаравікаў двух паліцэйскіх у пакоі заставаліся мокрыя сляды.
– Пан Езавітаў? — спытаў малодшы па-латышску.
– Я…
– Маем санкцыю на ваш арышт.
І вось ужо тыдзень — у турме. Абвінавачванні тыя ж, што і ў 1925-м, з новага дадалося толькі «супрацоўніцтва з БССР у сепаратысцкіх мэтах». Якое супрацоўніцтва, якія мэты?!
Па-праўдзе, у гэтую адсідку як штось надламалася, надарвалася ў ім. Не хацелася ні змагацца, ні адстойваць сваю невіноўнасць, волю. Скарыла абыякавасць, апатыя, нават страшнейшае… Першы арышт вытрымаў як чарговае выпрабаванне. Чытаў, пісаў у турме. Як чыставыгаленым, пад гальштукам зайшоў у камеру, так — выгаленым і з гальштукам — з турмы і выйшаў… А зараз пачынаў шкадаваць, што і ўсё вострае, і гальштук, і папругу, і нат шнуркі ў турме адбіраюць… І разумеў, што здраджваў і сабе, і людзям, але адчуваў, што нервы аслабелі, што без нажа даразала безвыходнасць, — дык ці не паскорыць гэта?..
А ў галаве — галасы сяброў.
«І амаль усе за кратамі. Што за д'яблава наканаванасць?! Што за жыццё — як паміж молатам і накавальняй! Няўжо столькі граху на беларускім следзе, што столькі крыві яго аніяк ачысціць не можа?!»
…Першым з іхняй кагорты арыштавалі Аляхновіча — подла, як толькі магло ГПУ: запрасілі ў краіну (візу на ўезд у СССР у Варшаве сам Ульянаў выдаў), і грамадзянства савецкае прапанавалі, і на «брудэршафт» запрашалі — і праз паўтары месяцы звязенілі. «А каб тады і Аляхновічу, і Ластоўскаму паслухацца Баліцкага, нацкама асветы БССР — радзіў жа ім у прыватнай гутарцы не аддаваць сваіх замежных пашпартоў! Толькі ж куды беларусам падзецца на гэтым свеце?! Ні на чужбіне, ні на радзіме жыцця ім няма…» Аляхновіч — ужо грамадзянін СССР — атрымаў працу ў Віцебскім тэатры, радаваўся, што пачалі рыхтаваць пастаноўку ягонай п'есы — радаваўся ажно да 1 студзеня 1927 года, калі яго арыштавалі і даставілі ў Менск, а затым — у сакавіку — зачыталі абвінавачанне [53] і выслалі на дзесяць гадоў у Салаўкі, у муры колішняга манастыра, ператвораныя ў савецкі канцлагер…
53
Захаваўся яго тэкст:
«Абвінаваўчае заключэнне па справе № 4636 (амаль пяцітысячнае толькі на 1927 год! – А. П.) па абвінавачванні грамадзяніна Аляховіча Франца Карлавіча ў злачынстве, прадугледжаным арт. 61 КК.
Абвінавачваецца: <...> За ўдзел у арганізацыі, якая дзейнічала ў накірунку дапамогі міжнароднай буржуазіі, г.зн. у тым, што перайшоўшы ў лютым 1921 г. нелегальна Дзяржаўную граніцу з БССР на бок Польшчы, прыняў актыўны ўдзел у дзейнасці «Часовай Беларускай Рады» (як намеснік старшыні), створанай польскай палітычнай паліцыяй з мэтай барацьбы з беларускім рэвалюцыйным рухам у Польшчы, шляхам адпраўкі на тэрыторыю БССР узброеных атрадаў, дыверсантаў, шпіёнаў, правакатараў і выйшаўшы з Рады ў 1926 г. асабіста стварыў пры пасрэдніцтве той жа палітычнай паліцыі аналагічную арганізацыю «Беларуская Хатка», а затым у 1926 г. прыбыў у СССР для выканання тых жа мэтаў Рады <...>.
Рэчавых доказаў па справе няма.
Складзена 16 сакавіка 1927 г. г. Мінск».
Не дапамаглі і апякунства, і заступніцтва вядомых беларускіх дзеячоў Менска — Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Міхайлы Грамыкі, Янкі Купалы, Алеся Гурло, Аркадзя Смоліча, Язэпа Лёсіка, Уладзімера Жылкі, Аляксандра Піятуховіча й іншых… Не дапамаглі і спадзеўкі на амністыю ў «гонар» дзесятай гадавіны рэвалюцыі…
Ініцыятарам збору подпісаў у абарону Аляхновіча стаў Якуб Колас. Пра гэта, напрыклад, сведчыла Іна Рытар (пісьменніца беларускай эміграцыі Аляксандра Саковіч), швагерка пісьменніка і вучонага Міхайлы Грамыкі, узгадваючы, як да іх — жыла ў доме Грамыкаў — завіталі Якуб Колас, Язэп Лёсік і маці Аляхновіча:
«Я. Колас меў з сабою партфель. Выцягнуў з яго заяву ў абароне Ф. Аляхновіча. Папрасіў Міхасёвага (М. Грамыкі. — А. П.) подпісу».
Зрэшты, і подпіс пад лістом ад 25 кастрычніка 1927 года ў Цэнтральны выканаўчы камітэт Саветаў БССР з просьбай «даравання волі» Аляхновічу ў звязку з дзесяцігоддзем Кастрычніка (такую надзею «падкінуў» Аляксандр Чарвякоў, старшыня ЦВК) Якуб Колас падпісаў першым. Думаецца, Якуб Колас быў і аўтарам лістоў, якія Аляхновіч атрымліваў па дарозе ў Салаўкі — напачатку ў Ленінградскім «Исправдоме». Арыштант ліставаўся з маці, яна ведала адрас сына — і праз яе пра месца адрасата даведаўся і Якуб Колас. Лістоў было некалькі. Першыя адраджалі надзею:
«Дарагі тав. Аляхновіч! <…> Тав. Чарвякоў пытаўся, ці я магу за Вас паручыцца. Я адказаў, што так… Напішэце, як вы на гэта гледзіцё…»
«Дарагі тав. Аляхновіч! Надзея на амністыю ня зьдзейсьнілася. Сяньня пішу ў Маскву. Не паддавайся роспачы. Ці зварачацца яшчэ раз у Вашай справе да тав. Чарвякова, ня ведаю. Мы ў Вашай справе напісалі калектыўную заяву. Маю надзею, што ўсё скончыцца добра… Напішэце мне, можа чаго Вам трэба…»
Якуб Колас памятаў, як на святкаванні дваццатых угодкаў сваёй літаратурнай дзейнасці падчас «цёплага» банкета раіў Аляхновічу застацца ў БССР, — і не мог не паспрыяць, не падтрымаць таварыша па пяры, па веры, не мог не адчуваць ва ўсім, што здарылася, і сваёй — хоць і ўскоснай — віны… І лісты дасылаў акуратна (і адказы з этапу з падзякамі і просьбамі «і далей не пакладаць рук» ад Аляхновіча таксама атрымліваў):
«Паважаны тав. Аляхновіч! Вашая справа пакуль не скранулася з месца. Мне асабіста здаецца што вызваленьня трэба чакаць з Масквы. Сказалі мне ў Менску, што трэба чакаць пастановы Усерасейскае амністыйнай камісіі… Гэтак казаў мне старшыня ГПУ ў Менску. Апрача таго, я пісаў пра вас да Мянжынскага. Жадаю Вам здароўя і вытрываласьці. Да 10-годзьдзя БССР засталося ўжо менш як год».
Так, надзеі былі ўжо толькі на 1929 год, на дзесятыя ўгодкі абвяшчэння БССР…
І нарэшце — апошні ліст з Менска:
«Тав. Аляхновіч! <…> дагэтуль яшчэ нічога не ўдалося зрабіць, а калі зробіцца дык будзе паведамлена. Няхай тав. Аляхновіч пакіне мне гэтак часта пісаць…».
…Прынясуць у камеру абед — а Езавітаў нават голад перастаў адчуваць. Зноў — змрочнае апанавала.
«У красавіку 1927-га перабраўся ў Менск Ластоўскі — Аляхновіч дзесь ужо на этапе быў. Ластоўскага напачатку дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея прызначылі, і акадэмікам, і другім чалавекам у Акадэміі навук Беларусі зрабілі… А праз тры гады і звольнілі, і званняў пазбавілі! І выслалі на пяць гадоў у Саратаў…»
У закратаваным акне бліснуў запознены прамень (сонца заглядвала ў яго камеру толькі падвечар, калі хавалася за дахам суседняга турэмнага блоку). Але ён не заўважыў нават і промня — патанаў у абдоймах скрушных згадак.
«…І ўрэшце — гэтыя чуткі, што схапілі і Дубоўку, і сухотніка Жылку…»
Дубоўкаў верш «На ўшанаванне новага падзелу…» Езавітаў усё ж перадрукаваў — у першым нумары віленскай «Беларускай Культуры» за 1927 год — са сваім допісам:
«…гэты верш адбіваець праўдзівыя настроі і думкі беларускага народу, у нетрах якога накіпаець пратэст проціў камісарскіх гвалтаў…»
І гравюру пад вершам змясцілі адпаведную: заснежанае поле, наўздалеч — узгорак-курган з праваслаўным крыжам, а над усім — кружляюць чорныя груганы…
«Камісарскія гвалты абрынуліся і на самога Дубоўку-Крывічаніна [54] , і на Жылку (не захацеў ехаць у далёкую Амерыку, вярнуўся з Прагі на Беларусь — паміраць, бо ведаў пра сваю невылечную хваробу), і на Лёсіка, і на Гарэцкага, і на Ігнатоўскага, і на Чарвякова — і на сотні іншых беларускіх пісьменнікаў, на тысячы іншых беларусаў…»
54
Уладзімера Дубоўку арыштуюць у Маскве, у... Крамлі. Экземпляры яго верша былі надрукаваны на пішучай машынцы, якая адбівала надламаную літару «р». Усе машынкі са сваімі апазнавальнымі «асаблівасцямі» былі зарэгістраваны ў ДПУ. Вось і высветлілася, што машынка з тым надламаным «р» належала Пастаяннаму прадстаўніцтву БССР у Маскве, дзе Дубоўка працаваў перакладчыкам у беларускую мову нарматыўных і заканадаўчых актаў ЦВК і СНК СССР. Ордэр на ягоны арышт падпісаў намеснік старшыні АДПУ СССР Гірш Ягода:
«За написание и распространение антисоветского и антибольшевистского стхотворения «За все страны, за все народы...» <...> срочно арестовать гр. В. Н. Дубовко, проживающего по ул. Грузинская д. 13. 19.07.1930 г.».
Упаўнаважаны аператыўнага адзьдзела АДПУ Салаўеў з памагатымі ў той жа дзень прыйсці на кватэру, дзе з сямей жыў Дубоўка, не паспеў - і назаўтра раніцай арыштаваў паэта ў Крамлі.