Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

«У мамэнт самавызначэньня ўсіх народаў і змаганьня іх за сваю самастойнасьць і свабоду, Беларуская Рада Случчыны, выконваючы волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны Беларусі, заяўляе ўсяму сьвету аб асноўных дамаганьнях беларускага сялянства:

1. Беларусь павінна быць вольнай, незалежнай рэспублікай у яе этнаграфічных межах.

2. Абвяшчаючы аб гэтым і зьяўляючыся выразіцелькай волі народу, Слуцкая Рада дэкляруе цьвёрда стаяць за незалежнасьць роднае Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту з боку чужаземных захопнікаў.

3. У выпадку патрэбы, Слуцкая Рада будзе бараніцца нават сілаю аружжа, нягледзячы на лічбавую перавагу ворага.

Мы верым, што наша справа ёсьць справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе!»

У павеце ўжо не верылі ў магчымасць аднаўлення польскай улады. Страшнай падавалася случакам і ўлада савецкая… З усходу не толькі горкі дым бежанцы й дызерціры, што йшлі праз вёскі й мястэчкі, даносілі… Злосны восеньскі вецер і жар вялікага полымя нёс цераз прыціхлыя палеткі й лясы — і цень бяды ад попелу ягонага… Сялянства душылася ў харчразвёрстках, скрушныя звесткі даходзілі аб пагалоўнай мабілізацыі й расстрэлах «отказннков». І случакі пачыналі бараніцца стыхійна. А тут яшчэ Мацэля, начальнік народнай міліцыі, праінфармаваў Нацыянальны камітэт аб шматлікіх паўстаннях на Меншчыне супраць Саветаў — пад Барысавам, Лагойскам, Плешчаніцамі [11] .

11

 28 кастрычніка 1920 года на стол старшыні рэўкома ССРБ Чарвякова паклалі зводку Барысаўскага павятовага камісарыята:

«...настроение крестьян враждебно к советской власти... случались столкновения с крестьянами. Были случаи ареста целых деревень...»

Пра тое ж казаў і даклад у Ваенрэўком ССРБ і ад камісарыята Менскага павета (яго «падбальшавіцкай» часткі):

«...Население некоторых волостей, узнав о самоопределении Беларуси, не хочет признавать никакой власти, кроме несуществующего правительства «Незалежнай Беларусі», и относятся очень враждебно к организуемым волостным ревкомам, заявляя, что власть нужно выбирать, а не назначать из Москвы».

І мора народнага гневу разлілося нарэшце па ўсім краі — захлынула і вёскі, і горад…

* * *

Сустрэліся яны ў Беларускім доме. Ядвігін Ш. зайшоў напачатку ў рэдакцыю «Беларусі» — да Лёсіка, свайго зяця. Там жа і дачку за карэктураю заспеў. Ад нечаканасці Ванда пусціла слязу, а затым пачала дакараць бацьку:

–  Як жа так? На месяцы знік… Ні слыху, ні дыху! Усяго перадумалі. Час жа які! Схуднеў вунь, барада адна…

–  Ну-ну… Нічога. Не цяжэй, чымся вам тут… А ты што гэта, зяцю любы, дзеўкі маёй не шкадуеш? Вечар амаль, а на працы сядзіцё…

–  То ж вас чакалі! Нібыта й адчувалі… Ды й з газэтаю, па-праўдзе, дастаецца… Але з такое нагоды — канец і рабоце. Хадземце на пачостку!

А ў калідоры з Купалам сустрэліся і на вячэру да сябе павялі. Вячэра ж да ночы зацягнулася: было пра што пагаварыць даўнім знаёмцам-сябрам. Больш Ядвігін Ш. расказваў. Не знік на месяцы ён, а, як і ўсе, «Беларуссю займаўся». Пра Балаховіча доўга гаварыў.

–  На сёння я — сябра Беларускага Палітычнага Камітэта, якому Балаховіч перадаў уладу на вызваленых тэрыторыях… — Гэта, бадай, найбольш з усяго сказанага ім уразіла і здзівіла.

І тады Купала спытаў:

–  Ты, братка, адтуль бліжэй быў… Што там у Слуцку робіцца?

–  У Слуцку цяпер Беларусь адраджаецца! — і Ядвігін Ш. адклаў відэлец, так і не паеўшы за размовамі як след. — З'езд правялі. Пра далучэнне Случчыны да БНР абвясцілі. Войска сваё цяпер збіраюць. Во як! — Прыхінуўся бліжэй да стала і мовіў ужо цішэй: — Больш таго скажу вам… Даручана мне самому ў Слуцак наведацца. Думаецца, супраціў беларускі аб'ядноўваць трэба.

–  А ці ўдасца гэта? — Лёсік, бачна было, не падкупіўся на цесцяву апантанасць. — Ластоўскага з Балаховічам аніякая сіла й супраціў не звяжуць. Хоць урад першага яшчэ 27 кастрычніка звярнуўся да краінаў Балтыі з ідэяй Чарнаморска-Балтыйскага саюза і падкрэсліў пэўна, што не спыніць барацьбы за незалежнасць. А гэта ж, па-сутнасці, фактычна аб'яўленне вайны і Польшчы, і Савецкай Расіі!

–  Хто яго ведае… Але ж і паасобку дабра ня будзе, — Ядвігін Ш. прызадумаўся, відно, не чуў яшчэ пра ход Ластоўскага.

 А калі ты ў Слуцак збіраешся? — Купала штось надумаў: выдавалі вочы.

–  Заўтра.

–  Мяне з сабою возьмеш? — і падміргнуў Ядвігіну Ш., праз невялікую пярэрву, ловячы неўразуменне гаспадароў, дадаў: — Сяброў наведаць хочацца. Ды і ліст яны даслалі нядаўна ўзрушлівы…

А потым прыбег Янка Кастравіцкі, Каганцоў сын. Заходзіў да Купалы (Луцэвічы апекавалі хлопца, часта да сябе запрашалі), пачакаў з паўгадзіны, а тады Купаліха занепакоілася: дзе ж гэта поначы яе Янка знік? І тады Янка малодшы і напрасіўся Купалу пашукаць. Паўгорада аббегаў — і вось знайшоў такі.

Малодшаму Кастравіцкаму і Ядвігін Ш. узрадаваўся, не паверыў напачатку, што сын Каруся Каганца ўжо такім вялікі стаў.

–  Дажыў бы бацька — во б радасці яму было! — не ўтрымаўся, абняў Янку.

Правялі гасцей, а сон не браў. Першым Ядвігін Ш. азваўся:

–  Як думаеш, — гэта да Лёсіка, — сур'ёзна Купала ў Слуцак намерыўся?

–  Ён і дагэтуль часта случакоў згадваў. А што? — Лёсік пачаў адчуваць штось нядобрае.

–  Дурань біты я, вось што! Там жа вайна! У войска запісваюцца… Пад Капылём роту бальшавікоў паланілі. Ахвяры ёсць… А я ў тое пажарышча — Купалу вязі!..

–  А самі?!.

–  Я што… З мяне ўзяткі ўжо гладкі. А ён пісаць павінен, а не страляць. Пісаць!.. — Памаўчаў, а калі ўжо змора да падушкі хінуць пачала, сказаў — як адрэзаў: — Ён застанецца ў Менску!

Прачнуўся Ядвігін Ш. зранку, на вокнах яшчэ змрок лістападаўскі й не думаў ападаць. Разбудзіў Язэпа, збірацца стаў. Паднялася спешна і Ванда.

–  Знацца, так. Я раптам вырашыў ехаць у Вільню… Так скажаш Купалу. Сам жа на Случчыну паўсталую ягонай паездкі не дапусці! Са скуры выўюньвайся — а не дапусці. Калі не палякі дарогай затрымаюць, дык бальшавікі схопяць. І — не пра яго кажучы — як дызерціра якога стрэльнуць. Купалісе ў вуха ўвядзі пра ахвоту Янкаву. Прыпалохай. Хай і яна пільнуе… Хто ж у нас застанецца, калі Купалы ня будзе?!

Праз паўгадзіны развітваліся. Вандзе вырашылі пра Слуцак не расказваць.

–  А самі ж як праберацеся? — знайшоў момант, калі засталіся сам насам, запытаць Лёсік.

–  То ў мяне ж дакуманты і для адных, і для другіх ёсьцека! Добрыя дакуманты, хоць і робленыя… — Ядвігін Ш. абняў зяця, гарэзна ўсміхнуўся, крыху прыхаваўшы хваравітыя ацёкі пад вачыма, прайшоў да дачкі — і, моцна прыхінаючы да грудзей, пацалаваў…

«…Пра Ядвігіна Ш. — Антона Лявіцкага — напісана шмат. Аднак нават калі сабраць усе да каліва публікацыі — не вымалюецца постаць гэтага чалавека:

постаць пісьменьніка, які ад першых твораў па-польску ўзрос да пачынальніка беларускай прозы, да аўтара вядомых зборнікаў апавяданьняў «Бярозка» й «Васількі», аўтара першага беларускага рамана «Золата»;

постаць настаўніка беларускага руху, які сам вучыўся ў доме Дуніна-Марцінкевіча а затым дапамагаў парадамі Янку Купалу (Карпілаўка Ядвігіна Ш. была побач з Вязынкай), напісаў першую рэцэнзію на ягоную «Жалейку»; падчас рэвалюцыяў накіроўваў у сваю Карпілаўку беларускіх дзяцей-сірот; апекаваў і нас, колішніх слуцкіх гімназістаў;

постаць змагара, які — не скараючыся хваробам — ад барадзьбы словам перайшоў да збройнай барадзьбы;

постаць працаўніка беларускага друкаванага слова; быў сакратаром, загадчыкам літаратурнага адзьдзела «Нашай Нівы», тэхнічным рэдактарам «Сахі» Аляксандра Ўласава і Цёткавай «Лучынкі»;

постаць гаротніка, якому лёс ад часу студэнцтва дакляраваў адно цяжкасьці і супраціў (за ўдзел у хваляваньнях моладзі ў 1890 годзе Антона Лявіцкага, студэнта медыцынскага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, кінулі ў Бутыркі, і — як «злоснага» — у адзіночку); пасьля адсідкі й выключэньня з універсітэта прыехаў у Карпілаўку — праз некалькі дзён памёр бацька, згарэў бацькоўскі дом; жаніўся, аптэкарыў у Радашковічах, ачольваў радашковіцкую краму, напісаў драму — і «прагарэў» на крамніцтве, захварэў, а пастаноўку драмы — забаранілі; пасьля Слуцкага чыну й падзелу Беларусі — лекаваўся, падзарабляў літаратурным рэдактарствам у выданьнях Паўла Алексюка а ў 1922 годзе памёр — у тузе і нястачы…

Поделиться с друзьями: