Пляц Волі
Шрифт:
З усяе моцы тыцнуў прыкладам па галаве беспачуццёваму чырвонаармейцу. І тут за вядро зачапіўся, на зямлю пабітыя яйкі пацяклі.
– А-а! Яец захацеў?! То зараз я цябе накармлю!!!
Далей усё як у сне было. Нож з халявы бота выхапіў — і да знежывельца… Штаны садраў і, мацюкаючыся, як нажоўкай рэзаць стаў, толькі локаць востры туд-сюд хадзіў…
Баба нема запішчала й у хату кінулася… Шлындзікаў рот раскрыў — а вымавіць не змог нічога, як уледзянеў язык…
– Вось, жарэце! — Гаўрылевіч выкуліў з вядра рэшту бітых яек, яшчэ раз тыцнуў нажом і адрэзанае ў вядро ўкінуў. Вядро на воз паставіў — і застыламу хлопцу: - Адвязі сваім камісарам! Скажы, што прадразвёрстку па яйках у гэтым хутары здалі!
Але хлопец не варушыўся нават, толькі сполашна ўзрывалася ніжняя губа.
– Вязі, кажу! А то й твае адрэжу… — Гаўрылевіч скінуў з вушульца лейцы, і калі хлопец-чырвонаармеец, не гледзячы на дарогу, здранцвела пасунуўся за канём, прыклаў далонь да параненай шчакі — кроў не сунімалася…
Слуцак прыціх зноў — не насцярожана ўжо, а чакаючы, чакаючы першага кроку Рады. Загадам № 1 стала забарона вывазу за межы Случчыны зерня і жывёлы, першай пастановай — абвяшчэнне пра нацыяналізацыю ўсіх лясоў краю (нагляд за імі ўскладаўся на валасныя Рады).
Рада Случчыны расколвалася на дзве часткі. Паўлюкевіч, Мацэля і Біруковіч настойвалі, спасылаючыся на недахоп грошай, зброі і амуніцыі, на прызнанні Балаховіча і запросінах яго ў Слуцак. Наскокі тыя, праўда, крыху прыціхлі пасля таго, як газэты паведамілі пра паразу-разгром у Крыме Врангеля.
Жаўрыд працягваў весці перамовы з палкоўнікам Ясінскім і не мог не адчуваць змены ў настроях палякаў — усё ж з'езд не апраўдаў іхніх спадзевак, бо выявіў не толькі антыбальшавіцкі, але і незалежніцкі характар. Некалькі разоў спрабаваў арганізаваць для Балаховіча конны полк Самусевіч. І сам генерал імкнуўся падпарадкаваць сабе маладую Слуцкую брыгаду і ўзначаліць рух слуцакоў — які цудоўны плацдарм для паходу на Менск адкрыўся б!
А 23 лістапада палякі і наогул пакінулі Слуцак, папярэдзіўшы Раду толькі за суткі перад гэтым. Горад застаўся сам-насам са сваім адчуваннем блізкай бяды…
Трэба было дбаць пра абарону. Група Паўлюкевіча - Самусевіча (апошні зноў пачаў фармаваць конны полк) схілялі да партызаншчыны, астатнія прапанавалі сабраць рэгулярныя войскі.
Праз колькі гадоў пазней, ужо на чужыне, Алесю добра разумелася, што адмовіўшыся ад польскай пратэктарацыі, не далучаючы да сваіх шэрагаў Балаховіча, іхні збройны чын непазбежна вёў да паразы. Гэтага не маглі не разумець яшчэ тады, у лістападзе, вопытныя вайскоўцы-камандзіры. На той час ужо не існавала антыбальшавіцкага фронту: Расію з Польшчай замірыла Рыжская дамова; Врангель быў разбіты, даходзілі чуткі пра хуткае інтэрнаванне Пярмыкіна, Пятлюры і Балаховіча… Але ці памысна было змераць розумам і гнеў, і намеры абуджанага слуцака-селяніна, і апантаныя парыванні колішняга гімназіста ці беларускага інтэлігента?! Паўстанне — адказам на гэта стала.
Нечакана ў горадзе з'явіўся авангард балахоўцаў, 17 вершнікаў. Па кварталах усчалася паніка: некаторыя чакалі пагромаў. Вандроўны атрад выправодзілі, даўшы «адкупнога» колькі тысячаў. А вечарам, як па дамове, па той жа вуліцы ўехаў атаман Хведашчэня са сваёю бандай. Сярод яе ваякаў — і Сцёпа Гаўрылевічаў (Доўга давялося пераконваць аднавяскоўца ў тым, што не «камандзір Менскага аддзела Народнай добраахвотніцкай арміі» ягоны новы «бацька», а бандыт з вузкай дарогі).
Праз два дні і Хведашчэню з горада вывелі (Гаўрылевіч, дачуўшыся, што арганізуюць сваё войска, застаўся дома). А банда Хведашчэнява ў Вызне пагром усчала, аднаго равіна ледзь не павесілі…
Вось тады Найвышэйшая Рада БНР і камандзіравала на дапамогу ў Слуцак штабс-капітана Беларускай Вайсковай Камісіі Антона Борыка. Напачатку ён сабраў 30 хлопцаў для вучобы ў Варшаўскай школе падхарунжых (для будучага беларускага войска), а потым выклікаў і некалькі афіцэраў Вайсковай Камісіі для ўзмацнення слуцкага руху.
(«Жывым бы Гарун быў — сустрэліся б з ім зараз у Слуцку… Пэўна ж, не мог бы ён ад сваёй Вайсковай Камісіі не прыехаць», — горка думалася тады Алесю).
І вось — з-за непадрыхтаванасці да абароны — усе вырашылі адыходзіць на захад краю, да Семежава, а на 25-ае лістапада абвясцілі добраахвотны запіс у Слуцкую брыгаду стральцоў.
Перад адыходам склалі (ён, Алесь, з Русаком) «дыпламатычную ноту» Савецкай Расіі, з подпісамі ўсіх сябраў Рады, перадалі яе расійскім прадстаўнікам пры 10-й польскай дывізіі. «Нота» вяшчала аб тым, што паўнапраўны з'езд Случчыны выбраў Раду, якой і даручыў усю ўладу ў горадзе. Рада выказвалася супраць агрэсіўных намераў Чырвонай арміі заняць Случчыну і звярталася да дэмакратыі ўсяго свету з рашучым пратэстам супраць падзелу незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі…
Мокрай восеньскай цемраддзю да слуцкага касцёла бернардынцаў няспешка пад'ехалі шэсць вершнікаў. Служба не вялася, галоўныя дзверы былі замкнуты, але ўсе спешыліся і, марудна азіраючыся па баках, пацёпалі да службовай бакоўкі.
– Эта… Ахраняць нужна бы… — нясмела абазваўся першы, з доўгімі рукамі, урослай у плечы галавой.
– Борзов, останься, — прабасіў чалавек у кароткай скуранцы, сціснутай дзягай, шчоўкнуў кабурою й выцягнуў наган. — Давай!
Даўгарукі ціха ўвайшоў на невысокі ганак і падрагаў у дзверы.
У бакоўцы ніхто не абазваўся. Той, хто ў скуранцы, паспрабаваў націснуць на дзверы, але тыя былі зашчапнуты знутры.
– А дед точно там?
– Там, а гдзе ж ешчо… Месец ужэ майстрачыт, і жывёт тут, — шэптам на шэпт адказаў даўгарукі і пастукаў мацней.
– Іду-іду! — пачулася ў бакоўцы. — Хто там?
– Ды гэта я, пан Вярхоўскі, справавод канцылярскі… Абрамовіч. Памятаеце такога? — і галава яго, накрытая змятай канфедэраткай, выцягнулася з тулава. — Пусцеце перахавацца… — і запнуўся, адчуўшы спіною дула нагана. — Бальшавікі ледзь не злавілі…
Дзверы прачыніліся, і тады за іх рубец хапіліся дзве шырокія далоні і моцна піхнулі… Трое ўскочылі ў бакоўку і скруцілі старца Вярхоўскага, — толькі нядоўгае шорханне — і зноў ціха.
– Ну а тебя особо приглашать? — незадаволена бухнуў хтось з-за дзвярэй. Гэта да яго, Абрамовіча, які застыў было на ганку. Ён уздыхнуў і праценяваў у крыху асветлены пакойчык, ціха прычыніўшы за сабою дзверы…
Лёс ашукаў Абрамовіча. Палякі з усім майном дружна выехалі з горада, нават і не ўзгадаўшы пра свайго пісарчука. Плявалі на ягоны след і абуджаныя случакі. А тут яшчэ ліха нанесла гэтых вось… Выведка чырвоных ці што? Хтось, пэўна, навёў на яго… Вось і рабі дабро людзям, пакрывай… «Контра!» — і ледзь не прыстрэлілі. Вось і давялося пра жоўтага д'ябла ўспомніць. «Так і так, — выўюньвацца стаў, - дзеля вас пры паляках… Каб супраціў улады Саветаў быў, то на Захад і збег бы. А то ж, бачыце, застаўся… А каб веры далі, справай дакажу. Рабоча-сялянскаму войску, ведаю, грошы патрэбны, каб, як вы тут казалі, контру розную біць, то я й падкажу, дзе на гэта крыху экспрапрыіраваць…» Сам жа яшчэ з месяц таму вычуў, што на касцёльныя слуцкія роспісы варшаўскія ксяндзы (вось бы і да іх дабрацца!) пазалочаных блях ахвяравалі. Паўтары кілаграмы! А майстраваць старац Вярхоўскі ўзяўся. Апошняя, казаў, як дасць Бог, праца.
Вось і прывёў цяпер да яго гасцей нечаканых…
– Дед, мы, как понимаешь, не на исповедь, — няўрымсцілася зайшлу ў скуранцы. — Ты нам отдаёшь золотишко варшавское, и мы прощаемся!
– І раптам натыркнуўся на спакойны погляд старца, зніякавеў нават, каб не маўчаць, да падначаленых буркнуў: — Что стали? Ищите!
Сам падышоў да стала, мякка асвечанага газніцай. Агледзеўся. Абраз невялікі ўзяў, па раме рукою правёў — а на ёй ценькая стужка з вычаканенымі сонцакветамі і бліснула ганарліва-жоўтым. Усміхнуўся здаволена, адарваў на адзін яшчэ толькі цвічок прымацаваную стужку — і да старца: