Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Павіталіся, і Купала зноў спытаў:

–  Ну, як там за гэтымі сценамі, раскажы.

І тады Алесь (зноў дваццацігадовым) у акно з хаты зазірнуў: а там як снегам усё накрыта, бела, аж вачам балюча.

–  Прыехаў, вось…

–  Ды я і сам бачу… Няскладна ўсё ж атрымалася… — Купала таксама да акна падышоў. — Не дабраўся тады я да вас, не дабраўся… А як добра было б! Га?! Як лёс, разам прыехалі б вось… Як не — памянуў бы ў сваёй пушчы… — памаўчаў, уздыхнуў болесна: — Колькі ж і кветак, і папаратнікаў звялося… Што маўчыш, Алесю?

Думаў, што гэта да яго, Алеся, а тут другі да шчымлівасці знаёмы голас адказваць пачаў:

 Калі зацвісці паспелі — то ўжо не дарэмна. А без цвету — і такіх жа многа было і ёсць — кветкай не станеш…

І як ён гэта не заўважыў: у пакоі, акром іх, быў Гарун!

–  Дзядзька Алесь!.. Вы… Як грудзі вашы?

Усміхнуўся Гарун, галавой — сівой чамусь — пахітаў:

–  Эх, голубе-голубе…

–  А што стаімо? Сядайце. Ногі ж не казённыя, — Купала на ложак рукой паказаў (і яго не было ж напачатку) — рыхтык як некалі ў Балаховіча Алесь бачыў, - і ў Алеся раптам ногі так замлелі, так сесці захацелася: шчэ хвіля — і вобзем бразнецца. Крануўся да ложка, а падлога з-пад ног паехала, стомна гойднуўся, як паплыў куды, і толькі галасы — тыя ж — над сабой пачуў:

–  Хай пастаіць, малады ж…

–  Насядзіцца йшчэ, і праўда..

Вочы адплюшчыў — сцены гатэльныя, белыя. Вечарам на іх святло з-пад чырвона-жоўтай засні падала — ці не праз яе тыя няўцямныя кругі ўваччу?

За ноч сілаў дадалося. Апрануўся без клопатаў. Пагаліўся нават. Толькі цяпер тэлевізар убачыў. Уключыў. І застыў на месцы… Прывабная дыктарка спеўна па-беларуску гаварыла. Ён услухоўваўся ў гэты спеў — нечаканы, залеўны, не разумеючы - не ловячы нават сэнсу, — услухоўваўся як у музыку… І здалося, што ўсё жыццё ён тут, і не з'язджаў нікуды (напачатку, праўда, тэлепрыймач агледзеў, думаў, мо — як у Штатах — відэякасету глядзеў, - але апроч прамавугольнай тэлескрыні нічога не знайшоў). І каб не табло гадзінніка на экране — спазніўся б на аўтобус. Кал 8.30 высвецла сабраўся пайсці. Доўга плашч шукаў (звечара аказваецца у шафу здолеў павесіць). Тэлевізар не выключыў — пашкадаваў. Не рашыўся перапыніць шчабяткую дыктарку. Так і зашчоўкнуў налакіраваныя дзверы…

Цяпер на незнаёмую вуліцу Варвашэні, адкуль — дом № 9 — у 9.30 адправіцца «Ікарус» з дзяржнумарам 20 - 94 — на Слуцак (пра тое, што з Мінску ў гэты дзень усе, хто жадае, змогуць на ім дабрацца да Семежава і там адзначыць угодкі Слуцкага чыну, даведаўся з беларускіх газэт яшчэ «за акіянам»).

Таксі — старая «Волга» — укруга аб'ехала плошчу Незалежнасці і газанула па праспекце. «Да Беларускага дома», - падумаў. А тут шыльда на масіўным шэрым будынку здалёк мльгатнула «Беларускі дзяржаўны універсітэт».

«Пакутна ён зараджаўся — і Лёсік, і Краўцоў сведчылі…»

Яшчэ як ён, Алесь, у гімназіі быў (ці не ў красавіку 1918-га), Народны сакратарыят даручыў быў Карскаму і Доўнар-Запольскаму падрыхтаваць праект арганізацыі Краёвага універсітэта. (Хоць задоўга да гэтага, як сведчыла ў сваёй нататцы «Наша Ніва» ад 15 лютага 1908 года, у Менску «займаліся справаю аб адкрыцці унівэрсітэта ў нашым краі. Разбіраюць праект, каб склікаць камісію з прэдставіцелёў усіх нашых губэрній і згаварыцца, гдзе той унівэрсітэт выгадней завесьці».) У хуткім часе ледзь не чатыры дзесяткі навукоўцаў (у асноўным выхадцаў з Беларусі) далі згоду на заняцце прафесарскіх пасадаў. Летам — арганізацыйная нарада, і Лёсік, і Краўцоў, і, расказвалі, Аляксюк запрошаны былі. Абралі арганізацыйны камітэт (пад старшынствам Доўнар-Запольскага), і фінансавую секцыю — Іваноўскага, княгіню Радзівіл, Вайніловіча. За афармленне арэнды, за праект будынка ўзяліся… А на пачатку зімы ў Менск увайшлі бальшавікі. Пра ўніверсітэт Іваноўскі, Ігнатоўскі, Тарашкевіч і іншыя ўзгадалі — засталіся ў Менску пры Саветах. Стараннямі тагачаснага камісара асветы Чарвякова была прынята пастанова пра… пажаданасць утварэння ўніверсітэта ў Менску, стварылі арганізацыйную камісію на чале з Карскім. Але першы ўрад Савецкай Беларусі Жылуновіча-Гартнага разагналі. Вясной 1919-га арыштавалі і інтэрніравалі Тарашкевіча ды Іваноўскага, а Карскаму забаранілі чытаць лекцыі ў менскім педінстытуце — да высвятлення, як прыгадваў колісь Лёсік, ягонага палітычнага крэда… Пры паляках Іваноўскі як рэктар педінстытута зноў такі намагаўся адкрыць нацыянальны ўніверсітэт — на падмурку інстытута. А восенню 1919-га польскія ўлады ягоны будынак ператварылі ў вайсковы шпіталь, частку маёмасці разрабавалі жаўнеры…

А вясной 1920-га да Алеся ў Школьную Раду прыйшла, помніцца, запіска аб працы педінстытута ад самога рэктара.

«Лічучы сваім абавязкам інфармаваць Беларускую Школьную Раду… — пісаў Вацлаў Іваноўскі — дзіва, нават выразна праступіў ягоны почырк, дробны, раўнюткі. З правільным нахілам управа! — …аб тым, што робіцца… даводзім да ведама Рады… Арганізацыя інстытуту падобна да арганізацыі Віленскага ўніверсітэту… Інстытут складаецца:

1) Курсу прыгатаваўчага на каторым дапаўняюцца навукі ў межах сярэдняй школы;

2) Астатнія два курсы… у межах 2-х першых курсаў аналёгічных да факультэту Ўнівэрсітэту;

3) Спецыяльнага курса, гдзе будуць адбывацца спэцыяльныя навукі і пэдагагічная практыка… - і белыя плямы паплылі перад ягонымі вачыма, быццам слепнуў, а потым, як ад ветру, сплылі, і зноў праступілі раўнюткія радкі з почыркам Іваноўскага (бачаныя — ужо і забыў нават калі, а зараз вось як перасфатаграфаваныя зрокам… А свайго ж напісанага — нават забываў, дзе шукаць!) Ці не таму, падумалася, што нават з нейкай міфічна-ўлегендарненай цеплынёй прыпамінаў заўсёды гэтага чалавека, выдатнага дзеяча-працаўніка Беларушчыны (Ластоўскага з ім раўняў заўсёды — як брата). А як жа інакш, ён жа, Вацлаў Іваноўскі, і слова беларускае стагоддзя ХХ-га выдрукаваў першым — газэту «Свабода»… — Што датычыць сыстэматычных курсаў, то ў першую чаргу манімся закончыць з 4 курсам і выпусціць іх Беларусамі… Нажаль, усе яны з боку беларушчыны слабаваты, дзеля чаго трэба было б правесьці сэмінарыі беларускай мовы і беларусазнаўства. На жаль, прафэсар беларускай мовы Тарашкевіч дагэтуль затрыманы ў Варшаве з справамі Беларускіх Школ. Прафэсар Ігнатоўскі зьбіраецца выехаць у Саветчыну да сваёй сямьі…

Рэктар Інстытуту — В. Іваноўскі.»

А Ігнатоўскі праз два месяцы стане заснавальнікам Беларускай камуністычнай арганізацыі, увойдзе ў створаны 16 ліпеня 1920-га Часовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт Беларусі (ды ўдзел у ганебных Рыжскіх перамовах браць не стане). З утварэннем БССР — нарком земляробства, нарком асветы, прэзідэнт Акадэміі Навук… А тады, у 1920-м, выпраўляўся ў Саветчыну — на яго былі апошнія надзеі ў адраджэнні беларускага школьніцтва пад бальшавікамі.

Аўтобус, хоць і не выглядаў старым (нядаўна нават перафарбоўваўся), лапацеў так, што ён напачатку засумняваўся нават: ці даедзе жывым. Сціскала пад сэрцам, раптоўна млосна і горача рабілася, і тут яшчэ гэтыя здзіўленыя твары мінскіх пасажыраў… А галоўнае — у сабе, сабе ўнутраным разабрацца не мог. Скуль яны, гэтыя наплывы-ўспаміны, такія ўрэальненыя, відочныя, што аж здавалася: гэта ён, дзевятнаццацігадовы, прыехаў вось і хадзіў па даўно забытым горадзе?.. Бо зараслі былі моцна часы тыя ў памяці, і думалася, што ледзь не сном мінтрэжным праплылі над лёсам…. А тут аж ледзь не паморак набрындваў: глядзіш на вулку, а з-за вугла зусім не трамвай паўзе, а конка… Вось каб толькі не слабасць гэтая старэчая ды не здрадлівыя колікі пад сэрцам…

«Ікарус» нечакана рэзка крутнуў управа. Затармазіў і супыніўся. «ДАІ» — паспеў заўважыць вялікую шыльду на двухпавярховай будыніне.

–  Прабачце, а што гэта… «ДАІ»? — нясмела спытаў у суседа, доўгавалосага хлопца («Ці не студэнт?») у джынсавай куртцы. Той узняў бровы, здзіўлена, нават запытальна ўзорыўся наяго:

–  Пост, пост ДАІ… аўтаінспекцыі на выездзе з гораду…

Тым часам да дзвярэй «Ікаруса» падышлі два сяржанты з аўтаматамі. Вышэйшы, з сінімі ямінкамі на шчоках, густымі брывамі («Ці не веселуна-ўладальніка выдаюць?») ускочыў на прыступкі, марудна агледзеў пасажыраў, загаварыў з кіроўцам. Пра што — хіба пачуеш з прадапошняга сядзення (хоць і прапаноўвалі ветліва яму, загадкаваму незнаёмцу, перасесці наперад — адмовіўся, адно падзякаваў).

Поделиться с друзьями: