Пляц Волі
Шрифт:
Але найбольш і знаёмы мне, і блізкі Ядвігін Ш. сваёй постацьцю шукальніка. Гэта ён першым з беларускіх творцаў задумаўся над гэтым неадчэпным «Чаму?». Чаму прыгнёт, чаму галыдзьба, чаму нацыянальны нігілізм-бяспамяцтва?.. І хварэў ён найперш гэтым запытаньнем, і яно яго, урэшце, і ўвяло ў магілу… А да таго — падштурхнула саракагадовага Ядвігіна Ш. да чорнай п'янкі (падчас працы ў «Нашай Ніве»), гэта яно павяло ў траўні 1910 года ў пяцьсоткіламэтровую вандроўку па Беларусі, а на схіле веку паклікала ў ваяры за незалежнасьць краіны і люду.
Як пісьменьнік алегарычны, прытчавы, Ядвігін Ш. ужо ў першай працы — перакладзе з рускай апавяданьня Гаршына «Сыгнал» (пераклад зрабіў у Бутырскай турме) — спрарочыў сабе лёс. Ён, як і герой «Сыгнала» Сямён (які афарбаваў сваёй крывёй хусьцінку і пабег насустрач пасажырскаму цягніку, каб папярэдзіць трагедыю-аварыю), сваёй крывёй намагаўся-высільваўся папярэдзіць трагедыю-скрушэньне беларускага народа, напрыканцы жыцьця стаў партызанам-ваяром, — каб Беларусь не рынулася пад аткос гісторыі…»
(З запісаў Алеся Ваяра).
8 лістапада войска Булак-Балаховіча рушыла ў наступ і прарвала абарону 16-й Чырвонай арміі. Ззаду ўжо быў Пінск, дзе ўдалося паланіць дзве з паловай тысячы чырвонаармейцаў і захапіць багатыя трафеі. У руках неўтаймоўнага генерала былі ўжо Мазыр і Калінкавічы, Рэчыца…
У Мазыры генерал-бацька абвясціў пра стварэнне Беларускай народнай арміі і склаў свой «урад БНР» на чале з Мечыславам Адамовічам. Ягоным намеснікам і міністрам замежных спраў назначаўся Павел Аляксюк. А дагэтуль, у Тураве, 7 лістапада, Булак-Балаховіч урачыста перадаў вызваленую ад бальшавікоў тэрыторыю Беларускаму Палітычнаму Камітэту, створанаму на пачатку кастрычніка ў Варшаве, камітэту, у склад якога ўваходзілі Аляксюк, Адамовіч, Міткевіч, Ядвігін Ш. ды іншыя. З прапановы гэтага ж камітэта Булак-Балаховіч абвясціў сябе начальнікам беларускай дзяржавы і выдаў некалькі «загадаў»: аб'явіў пра роспуск урадаў БНР (Ластоўскага ў Коўне, Луцкевіча ў Варшаве) і савецкага ў Менску. Атаман-бацька «падпісаў» незалежнасць Беларусі, а сябе прызначыў галоўнакамандуючым усімі беларускімі збройнымі сіламі. Да ягонага ўраду далучыліся Язэп Сянкевіч — міністрам фінансаў, гандлю й прамысловасці, палкоўнік Бяляеў — вайсковым міністрам, і Радаслаў Астроўскі, які стаў міністрам асветы.
Частка Балаховічавага войска накіравалася на Оўруч і Чарнобыль, асноўная ж група ўкліньвалася ў землі Беларусі. «Начальнік беларускай дзяржавы», насуперак Савінкаву, не падтрымаў «вызваленчы паход на Маскву» і склаў з сябе паўнамоцтвы вайскаводцы Рускай добраахвотніцкай арміі — перадаў іх свайму брату палкоўніку Язэпу Булак-Балаховічу (які неўзабаве стаў генералам). За тыдзень з добраахвотнікаў сфарміраваўся Сялянскі партызанскі аддзел…
Разам з заліхвацкай славаю атамана-генерала каціўся па краі й ліхі почут. Па мястэчках адно й казалі, што пра габрэйскія пагромы балахоўцаў. «Бацька» станавіўся звычайным бандытам?
Але ж чым тады растлумачыць існаванне ў войску Балаховіча цэлага «гэбрайскага швадрону» паручніка Цэйтліна? Ці тое, што ў Тураве «бацька» перадаў цывільную ўладу габрэйскай абшчыне? Ці не вешалі ўсіх блох на генерала? А мо й увагі ягонай на дзействы ўсіх падначаленых не хапала… [12]
Але ж сведчылі й іншае…
Невялічкая вёска на Мазырскім шляху. Зрабаваная, панішчаная — бо на вачах усіх, хто са стрэльбамі праходзіў. Бестурботная дзятва высыпала з двароў падзівіцца на калоны вайскоўцаў… Балаховіч паперадзе — і не можа не бачыць хлапечых апухлых з голаду жыватоў… Як і пякучых позіркаў мацярок — з-за платоў, шыбаў… Паклікаў да сябе дзеда, што сонна сядзеў на прызбе, саскочыў з каня.
12
Шмат аб чым могуць распавесці папкі з дакумэнтамі пра забітых балахоўцамі (матэрыялы знаходзяцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь). Важна высветліць таксама і абставіны іх збірання...
– Голад, кажаш, бацька… То трымайце падарунак мой атаманскі! — пайшоў да спешаных коннікаў, сустрэўся вачыма з Гаўрылевічам: — Нутка!.. — і кабылу ягоную за аброць тузануў… Падвёў да дзеда. — Жывога дам, то ні ў жызні на мяса не пусціце. Да вясны зберажэце, каб араць… То я сам, — і наган з кабуры павольна выцягнуў, рулю да кабылінага вуха прыставіў — і нечакана адступіў… Прама ў душу ягоную, падалося, прапякліся кабыліны вочы — глыбокія, разумныя. І тады Балаховіч абышоў кругом, крутнуў галавой: — Нічога сабе! Дзе гэта ты, Гаўрылевіч, лашыцу такую адхапіў?! — І прыстрэліць для вяскоўцаў загадаў ардынарцу іншага каняку.
А праз дзень кабылу ў Гаўрылевіча ўсё ж адабраў — сабе прыхаваў…
Няйначай на хутары быў хтось чужы. І меркавалі яны — Сцёпа Гаўрылевічаў і вольны бяззубы казак Шлындзікаў — так не толькі па заходзістым сабачым брэху: на вуліцу, бачылі, ніхто з хутаран не выкоўзваўся. Са старога дзікага вішанніку на мяжы агародаў яны яшчэ крыху паназіралі за панадворкам і, прыгінаючыся да ўзаранай і прамерзлай зямлі, подбежкам кінуліся да хлявоў.
Аддзел самазванага бацькі Хведашчэні, кіруючыся ў Слуцак, запыніўся ў кіламетрах пяці ад гэтага ляснога хутара. Іх жа, збройных залётнікаў, выправілі «разгледзець шлях». (Гаўрылевіч выкраў у Балаховіча свайго каня і ноччу збег. «На мой век бацькаў хопіць!» — думаў, калі праз тыдзень далучыўся да Хведашчэні). Перціся ў няблізкі свет, зразумела, не было ахвоты, ды вось насцярожыў хлапец — карову ў лагчынцы хаваў. Ён і сказаў, што па ваколіцы чырвонаармейцы з падводаю шастаюць, харч бяруць. Нічога не паробіш — мусілі праверыць хутар.
Так і ёсць! Войкала баба, хтось, як у бубен, лаяўся…
Прапаўзлі бліжэй — да плота, на якім чакаў зімы высушаны бульбоўнік. Каля варот — падвода, конь за вушульца прывязаны. Двое вайскоўцаў якісь мех на падводу ўскінулі — і зноў у двор.
– Заткни, баба, псину, а не то пристрелю! — а сабака яшчэ большы лямант усчаў.
– То ж, хлопчыкі, на пасеў… Што ж у зямлю кідаць будзем? — не чула яго старая. — Можа, яечак адных до?..
– Вось і стрэліся, сучары! — прашаптаў Сцёпа і як кіпенем Шлындзікаву ў вушы плюхнуў: — Твой цыбаты, каторы з вядром. Страляем разам…
Шлындзікаў даўкі камяк глынуў, на Сцёпу ўталопіўся:
– Ды ты… А фто, як іх тут не два?
– Па двое ездзяць! І да нас такія во госці заляталі… Цэлься, кажу! — і акуратна дула свайго карабіна між шчакецін прасунуў…
Два перуны ляснулі амаль уадначас. Гаўрылевічава ахвяра вухнула на змецены падворак. Пацэліў і Шлындзікаў — ягонага цыбатага, старшага групы асобнага пададзьдзела 27-й чырвонаармейскай дывізіі, прыціснула да парэпанай сцяны хлява, потым ногі паддаліся, і ён паволі пачаў апаўзаць, яшчэ імкнучыся прытрымацца за вінтоўку (вядро з яйкамі адразу выпусціў).
Нібы зарвала ўраз сабаку, абхапіла голаў баба й азірнулася, зляканая.
Яны толькі ўзняліся з-за плота, як невысокая постаць мітнулася паўз хату да каня, ірванула ляйчыну.
– Рукі ў гору, а то стрэлю! — бухнуў Гаўрылевіч («І трэ ж, Шлындзікаў меў рацыю…»)
Ляйчына аслабла.
– Ходзь сюды!
– Не страляйце толькі… У мяне вінтоўкі няма… — голас тонкі, як дзіцячы. За варотамі паказаўся і сапраўды амаль хлопец — невялікі, хударлявы, але ўсё ж у форме.
– Ваякі, - працадзіў Гаўрылевіч і плюнуў.
І тут зноў бухнуў стрэл. Гаўрылевіч і Шлындзікаў гохнуліся на жываты.
Хрып ірвануўся з грудзей цыбатага чырвонаармейца, ён памкнуўся прыўзняцца ды выпусціў вінтоўку, зноў прыціснуўся да сцяны.
– Трымай малога! — Гаўрылевіч пачэпаў ужо да цыбатага, адкінуў нагой ягоную вінтоўку — і тут адчуў, як штось цёплае прыліпала да шыі. Мацнуў даланёй: кроў.
– Падла! Шчаку рассёк… Гэта ж шнар на ўсё жыццё! — Што сталася са Сцёпам, Шлындзікаў зразумець не мог. Узлюціўся, раз'ятрыўся, аж плечы закалаціліся.