Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

–  Где остальное?

–  Што я, чалавеча, сказаць табе магу… Не маё ж яно. — А спакой старцаў злаваць ужо «чалавечу» пачынаў.

–  Чьё же?!

–  Богава.

–  Ха! У него этова добра хватат, — і абраз на стол кінуў, і ўраз штось няўлоўна-турботнае, здалося, палахлівае ў вачах старцавых адчуў. Зноў хітравата ўсміхнуўся, чмокнуў гучна — і раптам шкельца з газніцы зняў, кнот пабольшыў — і абраз драўляны да агеньчыка прыставіў: - А дощечка то суха-ая… — І ажно аблізнуўся ад знаходлівасці сваёй.

–  У шуфлядзе пазалота… Не чапай ікону!

–  Ну вот, а то упирается… Держи, — і абраз, пакрыты языкамі чорнай копаці, старцу ў рукі сунуў. Вярхоўскі толькі яго да грудзей прыхінуў, як стрэл ляснуў. Неўразумела на газніцу зірнуў, потым вочы скамянелі, і ён пачаў асоўвацца, імкнучыся адной рукою за сцяну, што нечакана хістацца стала, хапіцца, другую ж яшчэ мацней абраз да сябе прытуляў…

Абрамовіч ад сполаху зноў загарэўся, пот на ілбе ўраз высыпаў. Руку ўзняў, каб сцерці, ды незнарок шапку збіў, апечынамі даўнімі на лысіне бліснуў. Неяк зніякавела нагнуўся, падняў шапку і ўжо ёю пот выцерці захацеў — і сцепануўся ў сполаху: прама ў яго глядзелі глыбокія вочы старца, і ў паўзмроку, бачна было, штось гаварылі ягоныя вусны. Абрамовіч азірнуўся на людзей з наганамі — а тым і клопату не было да іх: похапна совалі ў вялікія кішэні пазалочаныя пласціны, соўгалі шуфлядамі… І тады ён прысеў перад старцам, схіліў галаву — што ж той шэпча ўжо занежывелымі вуснамі? Але шаптаў старац разборліва — словы з Бібліі: - Знаю дзеі твае, і жалобу, і галечу, — але ж ты багаты… Ня бойся нічога, што пераадолець наканавана… Будзь верным да скону, і дам табе вянок жыцця… — і змоўк.

Торапка забраўшы пазалоту, рабаўнікі высыпалі на вуліцу. І тут у Абрамовіча зноў рукі задрыжэлі: ягонага каня да сядла свайго гэты… у скуранцы… прывязваў за аброць…

–  То… эта… мне ітці можна? — і голас свой не пазнаў.

«Папрасіць каня каб аддалі, ці не чапаць лепей?» — пра сябе падумаў.

–  А?.. — як не пачуў чалавек у скуранцы.

–  То мне ітці можна?

–  Да-да, топай!

Абрамовіч паціху падаўся ўзад, а як толькі павярнуўся, за ім новы стрэл шлёпнуў… Як бы хто ў спіну піхнуў. Ногі падламаліся…

А потым тупат конскі пачуў, і падумаў яшчэ горка: «Як атрымалася гадка… Знойдуць раніцай — палічаць, што і я рабаваў касцёл. Згарэў бы ён з гэтым горадам…»

А далей штось уваччу ўспыхнула балюча — і ўсё.

* * *

Ад Слуцка да Семежава — з дваццаць пяць кіламетраў. Па дарозе ў аўтобусе разгаварыўся з хлопцам-суседам. Сам случак, з Грэзаку. Вучыцца на філфаку. Вершы піша!

–  А вы з эміграцыі? — зусім нечакана агаломшыў малады зямляк і цёзка.

–  Па чым пазнаў?

–  Ды гаворыце крыху не так… Інаогул загадкавыя некія…

І тады ён усміхнуўся, мякка паківаў галавою — і задумаўся. Узіраўся ў мільгатлівыя прысады, невядомыя ўжо вёскі, што выплывалі ў замутнёных вокнах аўтобуса, — а самому ўзбег на вочы сан'юкскі дом, садзік за ім, які трыццаць гадоў выпешчваў сваімі рукамі… Дзіўна ўсё ж зроблены чалавек. Вось і ён — кінуў-рынуў усё, збег перад апошняй хвіляю на радзімую зямлю, і вяртацца не думаў (білет наўмысна ў адзін толькі бок купляў), а аказалася — прыкіпеў усё ж і да кута далёкага… Не так, каб як вось да гэтае прыкутае першымі прымаразкамі зямлі, дзе і бацькі, і прадзеды, і таварышы, і каханая засталіся… Шкадоба нейкая тужлівая загаварыла ў ім.

«Збег, і нават не падзякаваў і дому, і саду, і ваколіцы, і небу за дзесяцігоддзі жыцця…»

Аціхлае Семежава.

Лісце на некаторых дрэвах трымалася яшчэ наўздзіў моцна. Ці не праз тое, што ўсё лета і частку восені лілі дажджы, а цяпло ўсталявалася толькі ў верасні? Гэта Алесь паспеў яму расказаць, а яшчэ і аб тым, што бульба на Случчыне ўжо трэці год вымакае…

Другая палова дня — змрочная, хмарная. Крыху марозна зноў стала. Мерзлі рукі, але пакідаць дыпламат у аўтобусе, каб займець мажлівасць схаваць рукі ў кішэні плашча, Алесь Хведаравіч не захацеў. У яго, як і ў дзеда калісь, усёчасна мерзлі рукі. Помніцца, і летам той па звычцы далоні да грубкі туліў — пагрэць хацеў. І злаваў нават на гэта. А бацька пра сэрца яму тады штось казаў… Вось і ён узгадаў колькі гадоў таму тыя бацькавы словы: як занепакоіла сэрца — і рукі сталі стыць… І пакутаваў, пісаць не мог. Ні прымочкі, ні масажы, ні лекі не дапамагалі.

А тут нечакана і снег зацерушыў. На ўзгорак за вёскай мільёны белых матылёў пачало садзіцца, на траву, яшчэ там-сям зеленаватую. І пакуль гуртам менчукі крыж за вёскаю ўсталёўвалі, пабялела ўсё навокал, і неба пасвятлела, павышэла. І здалося, што на ўзгорку хтось проста мяхі мучныя выбіў — вось пыл белы і асеў на зямлю… І на дрэвы як ваціны хтось накідаў. А лісце трымалася, — і змарожанае, і снегам мокрым абцяжаранае, — трымалася да апошняга — не раўнуючы, як успаміны ягоныя…

Іхняму ўсвачанаму на восень вяселлю заспяваць-загуляць не было суджана. На пачатку верасня захварэла на моцную жаўтуху Люда. У бальніцу да яе не пускалі, лісты да яе праз бацьку перадаваў. А якія былі лісты! Вось бы хоць адзін адшукаць — аскепак кахання іхняга, упаэчаных пачуццяў… А сясцёркі йнакш не называлі пры бацьку Люду, як «нявестачка ваша»…

Адлежвалася Люда доўга. Дачуўшыся аб арганізацыі Слуцкага палка, з сястрою (ужо як дома была) надумала сцяг вышыць. З якім гонарам Алесь з Лістападам перадавалі яго першаму камандзіру палка! Пасярод залацістага поля — чырвоны шчыт з белаю «Пагоняй», па краях сцяга — надпіс:

 «ПЕРШЫ СЛУЦКІ ПОЛК СТРАЛЬЦОЎ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ».

Пад гэты сцяг у Семежава і сабраўся Слуцкі полк. Узначаліў яго капітан Анцыповіч. Апошнія часткі пакідалі Слуцак 24 лістапада. І Стаўка, і Рада таксама прыехалі ў Семежава. За тры дні ў «Слуцкае войска» запісалася каля дзвюх тысячаў добраахвотнікаў, а люд усё збіраўся й збіраўся — хто верхам на сваім кані, хто на падводзе, хто — пешшу прыходзіў, каторыя стрэльбы мелі — дома іх не пакінулі… З хатулямі, па зімоваму апранутыя — у доўгіх кажухах, у цёплых паддзёўках. Пачалі фармаваць і кавалерыйскі атрад, і палкавы абоз.

Збірацца пад Семежавам збройныя часткі пачалі яшчэ з сярэдзіны кастрычніка. Першыя аддзелы сыходзіліся ў Грозаве, дзе мабілізацыю абвясціў прапаршчык Пётра Бабарэка (родам са Старыцы, што непадалёк ад Грозава). За тыдзень сабралася амаль пяцьсот чалавек. Раніцай 10 кастрычніка выйшлі па загадзе з Грозава. Па дарозе да іх далучыліся паўтары сотні стральцоў з Грэскае воласці, сабраных афіцэрам царскага войска Міколам Віткам з вёскі Праходы. Начавалі ў Цімкавічах. Разышліся па хатах, па сенавалах — балазе йшчэ не дужа холадна было. Жылка з стрыечным братам (іхняе Падлессе за дзесяць кіламетраў ад Грозава ляжала), забраўшы дзядзькаву-бацькаву стрэльбу — адну на дваіх — таксама на мабілізацыю збеглі. Падчас запісу пазнаёміліся з Юркам Харытончыкам — іхнім аднагодкам. Разам трымацца дамовіліся (а стрэльба адна на траіх стала). Разам і ў цімкавіцкай хаце спаць палеглі — у гаспадароў Раманоўскіх. Павячэралі, што было: бульбы з груздамі смажанымі, а як спаць клаліся, у пакой да іх гаспадароў хлопец зайшоў, Мікола. Пра падзеі распытваў, лоб свой высокі моршчыў. Нейкую тужлівую зайздрасць у ягоных вачах лавілі госці, напятую турботу… І паснулі разам на падлозе, на матрацах разасланых…

«Ну і пераплёў сваім вязьмом год той жыціны-жыцці людскія! — дзівіўся Алесь. — Цяжка ж, пэўна, бачыць было Міколу Раманоўскаму, як аднагодкі ягоныя з ягонай хаты ваяваць ішлі, шчымліва таго ранку выпраўляць было іх, — а самому дома заставацца. Пагаварыць жа ён, Мікола Раманоўскі — Кузьма Чорны — з Жылкам ужо толькі праз шэсць гадоў зможа — у Менску, і разам літаратурнае згуртаванне «Узвышша» апекаваць стануць… І Адам Бабарэка з імі будзе. А вось тады… Але ж ці разыходзіліся шляхі іхнія? Не. Не! І былы настаўнік, сакратар валаснога рэўкома ў Цімкавічах, а затым справавод Слуцкага вайсковага камісарыяту — Кузьма Чорны папярэджваў «ухіленцаў» ад мабілізацыі ў Чырвонае войска пра карныя аблавы! І гэта ж ён выратаваў два дзесяткі параненых пад Цімкавічамі слуцакоў, сярод іх — і бацьку Алесевага, начальніка брыгаднага шпіталя, які не пакінуў параненых!.. Чырвоная конніца нечакана з тылу наляцела, і шпіталь, што на ўскрайку Цімкавіч месціўся, адбіла ад асноўных палкавых сілаў. А Чорны-Раманоўскі параненых лесам на колішнія касавіцы перавёў. У стагах нязвезеных і перахаваліся, пакуль Цімкавічы зноў ад бальшавікоў не адбілі… А з Жылкам не пайшоў тады ў Семежава — ці не таму, што цяжкія ўзгадкі пад ногі кідаліся, дарогу засцілі? Бацькі ж ягоныя ў маёнтку Боркі (пад Грэскам) парабкавалі, і не ў каго-небудзь, а ў Вайніловіча, у Слуцкім доме якога і Нацыянальны Камітэт, і Рада месціліся… І на палякаў, да ўсяго, крыўда закіпала — гэта ж яны Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю закрылі, у якую з такімі высілкамі ён быў паступіў… А цяпер іх вінтоўку — як чуў — браць? І Чорны тады дарогаю Ігнатоўскага і Бабарэкі пайсці вырашыў.»

Поделиться с друзьями: