Пляц Волі
Шрифт:
19 лютага Выканаўчы камітэт Усебеларускага кангрэса выдаў загад пад № 1:
Выканаўчы камітэт Савета Ўсебеларускага кангрэса ўзяў уладу ў свае рукі.
Для наладжаньня парадку ў гор. Менску назначаны Камэндант с. Езавітаў.
Прапануецца салдатам, якія знаходзяцца ў гор. Менску, і ўсяму начальніцтву трымаць самы строгі парадак.
Усім арганізацыям, якія ўзялі на сябе ахову асобных частак гораду, зварачацца да Камэнданта: Пляц Волі, дом б. Губарнатара.
Гор. Менск-Беларускі.
Язэп Мамонька зачытаў загад з балкона былога Губернатарскага дома.
І беларускі камендант пачаў дзейнічаць. У 9.20 вечара быў заняты Дом губернатара, знята чужая варта, а на балконах і на Пляцы Волі выстаўлены кулямёты. Цэнтральная тэлефонная станцыя народнага камісарыята пераназвалася цэнтральнай тэлефоннай станцыяй Беларускай рады. У 9.25 Езавітаву паведамілі пра заняцце гатэля Еўропа, дзе знаходзіўся штаб Чырвонай арміі і штаб змагання з контррэвалюцыяй — ЧК. Захапілі вялікую колькасць вінтовак, кулямётаў і патронаў, а яшчэ праз некалькі хвілін падалі весткі пра захоп будынка «Губернатарскага прысуцтва» і вайсковага арсенала. На Пляц Волі прыехала першае аўто — з паведамленнем аб здабыцці гарадскога гаража. У 10 гадзін вечара камендатура Езавітава перабралася з прыватнага дому ў Дом губернатара. На Пляцы Волі да Выканаўчага камітэта перайшлі ўсе будынкі. У 10.15 па горадзе раз'ехаліся патрульныя аўтамабілі, з якіх гарадчукам паведамлялі аб пераходзе ўлады да Выканкама Рады Першага ўсебеларускага кангрэса.
А 11-ай вечара беларускай уладзе паспрабавалі супраціўляцца аддзелы польскага легіёна Доўбар-Мусніцкага, царскага генерала, якому Керанскі дазволіў фармаваць нацыянальнае польскае войска з палякаў-вайскоўцаў царскай арміі. Польшча была пад нямецкай акупацыяй, і генерал базаваў свае аддзелы на Беларусі… Да 2 гадзінаў ночы супроцьстаянне польскага легіёна было зліквідавана, а горад ачысцілі ад выпадковых частак, што спрабавалі на некаторых вуліцах наладзіць пагромы.
Ранкам у 4 гадзіны Менск супакоіўся. Езавітаў — узрушаны, не адчуваючы стомы, выйшаў на Пляц Волі, азірнуўся наўкол і на поўныя грудзі ўдыхнуў свежага марознага паветра. Вецер крануўся валасоў, і ён узняў галаву — над пляцам з балкона Губернатарскага (у былым) дома лёгка і свабодна крылялі два бел-чырвона-белыя сцягі…
Праз сем месяцаў у кастрычніцкім нумары часопіса «Варта» Езавітаў надрукуе свае ўспаміны, і ў тых абзацах застанецца і перажытае-адчучае вось зараз:
«Лёгкі перадсвітальны ветрык ласкава варушыў палотнішчы двух нашых нацыянальных сьцягоў, што разьвяваліся на бальконе дому губернатара. У сьветлым змроку, на велізарным палотнішчы аднаго зь іх, я прачытаў лёзунг, за якім ішлі ўсе нашыя жаўнеры: «Няхай жыве Вольная Беларусь!» На другім палотнішчы — маленькім і сьціплым, ледзь віднелася значна магутнае, сьмелае, гатовае на самаадрачэньне й самаахвярнасьць, — чым жылі й дзеля чаго ўсё прыносілі ў ахвяру сябры Беларускае Цэнтральнае Вайсковае Рады: «За родны Край, за Вольную Беларусь!».
На другі дзень Выканаўчы камітэт, адпрацаваўшы ўсю ноч, скончыў сваё паседжанне ў доме № 10 на Садовай вуліцы (на кватэры Гутмана) прыняццем першай Устаўной граматы да народаў Беларусі. Позна ўвечары ейны тэкст быў памножаны ў вядомай (па выданні беларускіх кніг) друкарні Грынблята, уладальнікамі якой быў калісьці Іёкель Дворжэц. Адначасна на Скобелеўскай на кватэры Аляксандра Уласава і Ядвігіна Ш. сабралася Вайсковая рада.
– Справа беларускага нацыянальнага войска павінна вырашацца сёння, — Езавітаў быў усхваляваным. — Асновай менскага гарнізону становіцца зборны батальён частак бальшавіцкага войска, які колькі дзён таму перайшоў на наш бок. Узрадавала і Беларуская вучнёўская грамада, гурток нашай моладзі, які, стыхійна ўзброіўшыся, на чале са знаёмым нам Апанасам Новікам папоўніў, так бы мовіць, беларускую гвардыю…
– Так, я й сёння, як сюды йшоў, бачыў іх, — сказаў Макар Краўцоў.
– Атачылі новую рэзідэнцыю Выканаўчага камітэта ў Губернатарскім доме… У некаторых нават па дзве вінтоўкі на плячах было… А тут — адкуль толькі ўзяўся! — самаход з польскімі жаўнерамі. Тармазнуў на пляцы, паўзіраліся на хлопцаў палякі — і далей пагазавалі. Што й казаць — верныя старажы!
– Яно то добра, ды… Ты б, Макар, паапекаваўся за імі. Не для вайны яны йшчэ як-ніяк… — затурбаваўся Ядвігін Ш.
Абмеркавалі бліжэйшыя планы, і Ядвігін Ш. усміхнуўся і кіўнуў Мамоньку:
– То ты, Язэп, раскажы ўсё ж нам, як партфель у Рэзаўскага адабраў!
Усміхнуўся і Мамонька:
– Губернатарскі дом камісары вызвалілі неўзаметку — і зніклі. Я з хлопцамі, значыцца, у кабінет камісара ўнутраных спраў… Шыльда яшчэ засталася… А там рэзрух, анікога. А на стале — партфель сімпатычны. Раскрылі — а там чыстыя блянкеты замежных пашпартоў, пратаколы, выпіскі. Ну не бегчы ж мне за гаспадаром, каб аддаць…
Тымі ж кароткімі днямі склаўся і беларускі ўрад. Выканаўчы камітэт, папоўнены кааптацыяй у яго склад сябраў Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і некаторымі прадстаўнікамі нацыянальных меншасцяў, стаў першым беларускім «міністэрыюмам» — кабінетам міністраў. Новы дзяржаўны орган вырашылі назваць Народным сакратарыятам. Ягоным старшынёй застаўся Язэп Варонка. «Міністэрыюм» склалі пятнаццаць «народных сакратароў», сярод іх — Аркадзь Смоліч (сакратар земляробства) і Кастусь Езавітаў (сакратар вайсковых спраў). Паведамленне ад Народнага сакратарыята аб пачатку выканання ім сваіх абавязкаў 21 лютага распаўсюдзілі тэлеграфам — з пазнакай «Усім, усім, усім».
У той жа дзень была аддрукавана першая пастанова Народнага сакратарыята Беларусі:
Находящиеся на территори Белоруссии казенныя имущества, учреждения, капиталы и ценности в нихъ находящиеся и составлящия народную собственность, объявляются достояниемъ народовъ Белоруссии и переходятъ въ ведение и распоряжение Народнаго Секретариата БЕЛОРУССИИ.
Временный Председатель… И. ВОРОНКО.
Управляющий Делами Л. ЗАЯЦЪ.
Тадышні будынак Губернатарскага дома на былым Верхнім рынку, на сённяшнім Пляцы Волі нагадваў, здаралася, кірмашовыя сутарэнні: невядома адкуль зносіліся сюды скрыні шакалады, цукар, шынялі, у вялікай колькасці вайсковыя дзягі, кулямёты. Перад прыступкамі стаялі нават два навюткія матацыклы…
– Хутка дом так закладуць, што й ня выйдзем, — засяродзіў старшынёву ўвагу на гэты гармідар Макар Краўцоў, а Варонка адно развёў рукамі:
– У расейскую рэвалюцыю Чхэідзэ ў Таўрыдскім палацы быў завалены яшчэ больш — туды нават акрываўленыя галовы рэзанай жывёлы звозілі, так што, выходзячы, ён і праз іх мусіў перадзыгаць…
Тут, у былым кабінеце губернатара (ён быў пазначаны дзесятым нумарам), а цяпер старшыні беларускага Народнага сакратарыята, узбуджаны памочнік гарадскога каменданта Васіль Муха адшукаў Езавітава і, не аддыхаўшыся, заспяшыў:
– У арсенале грабёж! Палякі цягаюць на вазы зброю…
– Дык там жа Гайдук! — не ўцяміў Езавітаў.
– Гайдук не пярэчыць…
– Давай хутчэй — у двары самаход!
– А можна з вамі? — не стрываў Макар Краўцоў.
– Хадзем…
Перад арсеналам — менскім складам зброі — і насамрэч стаяла некалькі падводаў, ужо амаль цалкам нагружаных вінтоўкамі і патроннымі скрынкамі.
– Хто старэйшы? — па-польску, саскокваючы з самахода, грозна выкрыкнуў Езавітаў. Жаўнер, што трымаў каня першай падводы, ураз абмяк і няпэўна кіўнуў на склад. Насустрач выбег Гайдук і «старэйшы».
– Я камендант горада палкоўнік Езавітаў. Уладай Народнага сакратарыята Беларусі загадваю перанесці зброю назад. Краўцоў, Муха, ахову — у арсенал!
З кузава самахода пасаскоквалі жаўнеры першага беларускага палка — чалавек з трыццаць. Са складовай вартай сабралася поўных два ўзводы. Перад такою сілай палякі мусілі скарыцца.