Пляц Волі
Шрифт:
…- Дык што там у вас з літоўска-беларускай дзяржавай атрымалася? — перапыніў Станкевіча Ядвігін Ш.
– Тарыба, як толькі немцы пацвердзілі літоўскую незалежнасць, ад гэтае ідэі адмовілася…
Сумнае маўчанне пасля слоў Антона Луцкевіча перарваў Варонка:
– То ці не да лепшага? Калі былое супольнае Вялікае княства не вярнуць, то ці не час абвясціць пра народзіны свайго?
– Вось дзеля гэтага мы ў Менск і дабіраліся! — узбадзёрыўся Іван Луцкевіч. — Трэба збіраць Раду…
Пасля сустрэчы абодва Луцкевічы паехалі на гарадскія могілкі. У студзені ў Менску памерла маці — а змаглі даехаць у горад толькі зараз…
Ластоўскага Ядвігін Ш. запрасіў да сябе. З Езавітавым утрох вырашылі прайсціся пешкі.
– Хоць горад маладавясновы разгледжу, — узрадаваўся Ластоўскі.
– Я, Вацлаве, цябе даўно такім маўклівым не бачыў… - насцярожыўся Ядвігін Ш.
– Ды я болей слухаў. А дома з Луцкевічамі крыху быў паспрачаўся… Супраць я тога саюзу з Літвою адразу выступаў. Яны не ўзгадалі сёння… Як аказалася, за мною праўда была.
– Дык чаго ж ты там у Вільні дамагаўся? — Ядвігін Ш. спыніўся, агледзеў шапку прыдарожнага каштана (які, здавалася, так і меціў выпхнуцца на тракт), памацаў ажывелую пупаўку.
Ластоўскі таксама падышоў да каштана, пастукаў даланёю па вільготным камлі:
– А я вось як і ён — за незалежнасць…
– А калі й залежнасць, то ад сонца вясновага, а не ад сякеры дворніка… — усміхнуўся Езавітаў.
– Цябе, Кастусь, нібыта й не на вайскоўца вучылі, а на Сакрата! — усміхнуўся на тое і Ластоўскі.
– Ну, а што, пане Ядвігін, пачытаць мне дасі цікавага? — папрасіў, калі ўжо былі на кватэры, Ластоўскі.
– Бач, каб шчэ й цікавага… Ведаеш, нешта праз свае хваробы даўно нічога путнага не складваў. Ёсць, праўда, адна задума… Як аспакайнеюся, трэба будзе запісаць.
– То раскажы хоць, пра што там насачыняў?
– Ды й не насачыняў нават, а так, прыкмеціў… Як народу зусім няўсцерп жыць стала. І вось сабраўся аднаго разу люд, каб лягчэй пачувацца, вырашыў зжыць са свету ўсіх злодзеяў. Параіліся і пастанавілі разам выгадаваць волата, каб здалеў тых ворагаў. Выбралі нікому датуль незнаёмае дзіця і пачалі ўсім светам карміць і пяленгаваць. Расце дзіцё — а жыццё не лягчэе: усё больш і больш выкармак просіць, і мусяць не толькі сваё апошняе яму аддаваць, але і ў пазыкі палезці… Нарэшце вырас іхні волат-асілак — да неба! Узрадаваўся народ, сабраўся на сход — і загудзеў яму пра ўсе свае беды. Каціўся гэты стогн па зямлі, а ў гару не шыбаў — дзе б яго пачуў народны выбранец; а той, спаглядаючы з вышы ўніз, ня мог дагледзець потам і крывёю злітай зямлі, на каторай варушыліся яго маленькія кармільцы… [21]
21
Ядвігін Ш. паводле расказанага напіша апавяданне-прытчу «Заведзеная надзея» (першапублікацыя - у часопісе «Беларускае Жыцьцё» (1919, № 1, с.5).
– Ты гэта каго ў прытчу ўплёў? Ці не Леніна якога? — падзівіўся Ластоўскі.
– Чаму?.. Не яго аднаго.
– То не адкладвай, сядай — і запісвай. Рэч вартая!
Паседжанне пазачарговай Рады БНР пачалося ўвечары 24 сакавіка. Адкрыў яго старшыня Іван Серада (той самы, які не асмеліўся падацца з Рак-Міхайлоўскім і Цвікевічам на перамовы ў Бярэсце).
– Шаноўнае спадарства! — Серада напачатку нават хваляваўся. — Нашае паседжанне наведалі прадстаўнікі Віленскай беларускай рады…
Гасцей віталі апладысментамі. Серада й не ведаў, што адзін з віленскіх пасланцоў — Дамінік Сямашка — на гэтае паседжанне не прыйшоў: дазнаўся, што немцы коса глядзяць на Раду — і ўбаяўся за сваё «высокае» становішча начальніка віленскай пажарнай дружыны…
– А цяпер, — працягваў Серада, — першым з прамовай выступіць Язэп Варонка.
Варонка спешка ўзышоў да трыбуны і бадзёра агледзеў запоўненую залу:
– Сябры… Не вам мне казаць, якую ролю ў гісторыі краіны адыграла наша крывіцкая калыбка Вільня. Таму сёння шаноўныя віленчукі ні на хвілю не павінны пачувацца гасцямі… - ён зрабіў паўзу і пачаў больш гучна: — Беларусы! Сёння ў нас Пасха! Сёння зноў яднаюцца духоўна Вільня і Менск — душа і цела. Сёння ўваскрос беларус, уваскрашаецца нашая бацькаўшчына!
Езавітаў агледзеў правы край залы, дзе сядзелі прадстаўнікі земства, настроенага (як ведаў) супраць беларускай самастойнасці. «Малайчына, Язэп, — падумаў. — Трэба напачатку прыціснуць іх эмацыйна. Бач, нат не варухнуцца…»
Пасля Варонкі грунтоўны даклад пра дзейнасць беларускіх арганізацый Віленшчыны і Горадзеншчыны зрабіў Антон Луцкевіч, доўга і падрабязна адказваў на пытанні.
– Ёсць прапанова… — Варонка пачакаў, пакуль Луцкевіч сядзе на сваё месца, — …ушанаваць хвілінай маўчання памяць памерлай у Вільні адной з заснавальніц Беларускай сацыялістычнай грамады паэтэсы Алаізы Пашкевіч-Цёткі.
Калі радаўцы селі, ад фракцыі Беларускай сацыялістычнай грамады на абмеркаванне была вынесена прапанова абвясціць незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Правая частка залы неўразумела загудзела…
– Цішэй, спадары, цішэй! — апамятаваўся Серада. — З дакладам мае выступіць старшыня фракцыі Беларускай сацыялістычнай грамады Аркадзь Смоліч.
Смоліч засяродзіўся найперш на акрэсленні становішча Беларусі і тых прычынаў, што патрабавалі неадкладнага абвяшчэння незалежнасці краіны.
Барацьба на сесіі абвастрылася. Пасля перапынку спрэчкі па дакладзе доўжыліся ажно дзесяць гадзінаў. Выступіла дваццаць шэсць аратараў…
– Рада республики не может прокламировать незавнсимость Белоруссии, — выкрыкваў прадстаўнік земстваў і гарадоў Злобін, — потому что нарушит этим волю первого всебелорусского съезда, в одном нз пунктов резолюции которого говорилось ясно о неотторжимости Белоруссии от Российской Федеративной Демократической Республики!
– Гэта той Злобін, закінуты да нас прыфрантавым адзьдзелам Усерасійскага земскага саюза, які месяц таму, напрошваючыся ў выканаўчы камітэт, рассцілаўся з нейкім бясконцым дакладам пра палітыку Доўбар-Мусніцкага ў Бабруйску, напіраючы праз меру на тое, што ён, эсэр Злобін, заўзяты паланафіл, — шаптаў тым часам на вуха Ластоўскаму Езавітаў.
– Па-першае… — Варонка рашуча ахапіў краі-канты трыбуны (у перапынку да трыбуны прымацавалі чырвона-белую «Пагоню»). — Аніякае ж Расійскай Федэратыўнай Дэмакратычнай Рэспублікі зараз не існуе! Па-другое: у Бярэсці Расія, хоць і бальшавіцкая, спакойна аддала наш край немцам і гэтым першая «отторгла» Беларусь. І, нарэшце, можа вы, спадар Злобін, заклікаючы так няўхільна шанаваць ранейшыя законы, адкажаце нам, на падставе якога пункта расійскае канстытуцыі ў Расіі скінулі цара?!.
У зале нібыта ляснуў пярун. Стала зразумела, што шаля «дэбатных» вагаў схілілася на бок незалежнікаў.
У эмацыйнай прамове за незалежнасць Беларусі выказаўся і сябра Аб'яднанай габрэйскай сацыялістычнай партыі Мац, аднак, выслухаўшы пярэчанні сваіх таварышаў (Гутмана і Мар'ясіна), мусіў агаварыцца, што — як чалавек партыйна-дысцыплінаваны — будзе галасаваць супраць…
Перад самым галасаваннем два разы Злобін дамагаўся пяціхвілінных пярэрваў «для кансультацый», намагаючыся, пэўна, схіліць на свой бок некалькіх грамадоўцаў.
Нарэшце — адказная хвіліна. Галасаванне… і большасць выказваецца за незалежнасць Беларусі і прыняцце прапанаванай Беларускай сацыялістычнай грамадой рэзалюцыі (рэзалюцыя прадстаўнікоў земства прапаноўвала толькі скасаваць Берасцейскую дамову): «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчае Рэспубліку незалежнай, пра што выдае адпаведную Устаўную грамату».