Пляц Волі
Шрифт:
– Что дальше? — Рамнёў крыху зніякавеў. Рэзаўскі ж не супыняўся:
– Товарищи большевики! Я прошу вас выйти нз зала [15] .
Але бальшавікі-беларусы пратэстуюць…
– Арестовать вон того кудлатого! — загадвае Крывашэін, паказваючы на старшыю новага прэзідыума.
Распачынаецца атака на барыкаду. Чутны крыкі, грукат стулаў, лаянка. Рамнёў — паперадзе. Каго могуць — хапаюць і выпіхваюць за дзверы.
У складзе новага прэзідыума — жанчына. Яна б'е Крывашэіна па твары. Хтось штурхае Макара Краўцова на Крывашэіна — і той хістаецца, хапае Краўцова за руку:
15
На кангрэсе прысутнічала і некалькі дзесяткаў бальшавікоў. Пазней Аляксандр Чарвякоў нясмела зазначыў, што кангрэс паспяшаліся разганяць. Кіраўнік КП(б)Б Кнорын таксама прызнаваў, што кангрэс можна было раскалоць: адабраць самых «свядомых» і ўвесці ў бальшавіпкія органы ўлады.
– Проходите…
Пачынала днець. На вуліцы сабралася з дваццаць коннікаў. Стаялі два браневікі з кулямётамі.
Па Падгорнай вуліцы дэлегаты накіраваліся за арыштаванымі да Камерцыйнай школы — цяпер там месціўся штаб Савета народных камісараў.
Кастусь Езавітаў зірнуў на гадзіннік — было пяць раніцы [16] .
«Контррэвалюцыянеры» ішлі па вуліцы і спявалі рэвалюцыйныя песні…
Зямля пад лёдам
16
«Самым важным для нас было тое, - напіша пазней Кастусь Езавітаў, - што Першы Ўсебеларускі Кангрэс ясна і рашуча стануў на грунт стварэньня сваёй уласнай беларускай дзяржаўнасьці, што гэтую дзяржаўнасьць ён устанавіў на Беларусі ў форме народнай рэспублікі і што ўладу ў Краю ён перадаў сваёй краёвай уладзе, якую выдзяліў з свайго складу.
Рэзалюцыя гэтая была прынята Першым Усебеларускім Кангрэсам 17 сьнежня на вячэрнім пленарным сходзе Кангрэсу. Прынятая яна была аграмаднаю большасьцю дэлегатаў... З гэтага моманту Беларусь зноў сталася аб'яднанаю нацыянальнаю дзяржаваю, а беларускі народ зноў стаўся дзяржаўнаю нацыяй».
Яшчэ ўвечары была адліга, а ноччу падмарозіла, пасыпаў снег — і не сунімаўся й раніцай. Па сумётах шырокай Захараўскай ісці цяжка, а тут - і студзеньскі вецер ледзь не збіваў з ног, мёў белае пухавінне да бліжэйшага валка-сумёта, пераскокваў віхурай праз яго — і зноў заграбаў снежную пацяруху.
На ўзгорку побач з Юбілейным домам сыйшла з рэек конка. Людзі неахвотна выходзілі з вагона, хтось спрабаваў лаяцца.
– Далей не паедзем! Замёты. — Стары вазніца пачаў рассыпоньваць коней. — Рэек нават не відно…
Езавітаў пакрочыў шпарчэй. Тры разы абганялі рамізнікі на санях — вось каму ў такі час заробак!
У «Беларускую Хатку» ён прыйшоў першым.
– Калі ласка, пане Кастусь, да печкі, грэйцеся, — запрасіла старэйшая Сівіцкая.
– Баіцёся, што мая барада не растане? — Езавітаў усміхнуўся, ацёпаў з шапкі і каўняра снег, распрануўся, каля люстэрка прыгладзіў бараду: — А што, нашых «калядоўшчыкаў» яшчэ няма?
– І ня дзіва. Так мяце, што і ўблукаць можна…
Праз хвілін дзесяць з'явіліся Раман Скірмунт, Язэп Варонка, Рак-Міхайлоўскі. Апошнімі прыйшлі Аркадзь Смоліч і Ядвігін Ш.
– Вы, браткі, не думайце, што гэта я заспаў, - Ядвігін Ш. падштурхнуў Смоліча, усміхнуўся. — Я гэта во касалапу праз гурбы перацягваў…
У сталоўцы паставілі самавар, зачынілі дзверы — і ўраз усе пасур'ёзнелі. Паседжанне пачаў Скірмунт:
– Ну што ж, спадары, да справы. Перш-наперш, як і дамаўляліся, неабходна вызначыцца з усімі ранейшымі беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі…
– Так, сфармуляваць іх адносіны да Рады. — Варонка расклаў паперы — зрыхтаваўся пісаць.
– А што тут думаць? Усе датулешнія арганізацыі трэба лічыць улітымі ў Раду, — прапанова Ядвігіна Ш. Яе ахвотна падтрымалі.
– Асобна мусім гаварыць пра фінансы, якіх… — Варонка ўздыхнуў, адклаў асадку: — Першае паступленне, праўда, маем. Пазаўчора Бабруйская павятовая ўправа дала камітэту тры тысячы рублёў, паставіўшы варункам, што грошы гэтыя павінны пайсці на скліканне другога ўсебеларускага кангрэса… А яшчэ сябры з украінскага генеральнага сакратарыяту пагадзіліся зрабіць дваццацітысячную пазыку [17] .
– А як з Беларускай вайсковай радаю? — спытаў Езавітаў.
– Мэтазгодна было б надаць ёй асобны статус і акрэсліць яе непасрэдныя мэты. І акрэсліць найхутчэй…
17
Грошы былі перададзены з Кіева ў Менск праз аднаго дзяржаўнага «дзеяча» (сведчылі на Паўла Алексюка), але ў касу Выканкама не трапілі.
– А мэты тут відочныя — падрыхтоўка да здабыцця ўлады ў краі.
– Рак-Міхайлоўскі выглядаў хоць і стомленым, але рашучым.
– Толькі так! Самі ж пераканаліся, што сіле супрацьстаяць можна толькі сілай. Таму найперш, маеце рацыю, трэба пачаць фармаванне свайго войска, а дзеля гэтага сцягваць у Менск вайсковыя адзінкі, скамплектаваныя з беларусаў. — Варонка агледзеў прысутных і штось пачаў спешка запісваць.
Абудзіўся Смоліч, прыгладзіў, раскладваючы ў прабор, непадатлівыя валасы, паслабіў гальштук — і прапанаваў:
– Бальшавікі збіраюць Чырвоную армію. Не сакрэт, што агітатараў у іх — не раўняць з намі. І каб выйграць час, чаму б не павесці з імі перамовы пра стварэнне… Беларускай нацыянальнай чырвонай арміі? Скажам, са штабам Заходняй арміі, з тым жа галоўным «вайскаводцам» Крыленкам [18] .
– У нашым становішчы мы мусім распрацоўваць усё магчымае. — Рак-Міхайлоўскі задумаўся. — І хоць у поспех прапанаванага верыцца слаба, паспрабаваць трэба… Як і звязацца з прадстаўнікамі іншых вайсковых арганізацыяў: у Менску ж нелегальна дзейнічаюць Украінская вайсковая рада Заходняга фронту і Татарскі вайсковы камітэт. І яшчэ… Рада павінна мець у сваім падпарадкаванні мабільную адзінку — тут, у Менску. Па маіх звестках, можна дамагчыся пераводу ў горад 289-га рэзервовага пяхотнага палка, які на семдзесят працэнтаў складзены з беларусаў.
18
Перамовы распачаліся, але па загадзе Мяснікова былі перарваны.
– А касцяк, як і планавалі — збіраць у Бабруйску? — голас Езавітава загучаў басавіта.
– Так.
– І не забыць паведаміць пра гэта ў Кіеў Алексюку. Хай і той пастараецца, — нагадаў Ядвігін Ш., і ўсе разам пачалі складаць тэкст адозвы, у якой Рада Усебеларускага кангрэса абвяшчала сябе адзіным паўнапраўным носьбітам улады на Беларусі.
Напрыканцы Варонка з Езавітавым напісалі і тэлеграмы — каб адразу іх і разаслаць:
«Смоленск… через чиновника Поклазон к Вронскому.
Необходимо отдать распоряжение 2-3 военным начальникам, чтобы они в срочном порядке направили людей в Бобруйск, обсервационный пункт. Там нужна 1000 белорусов. Спешить. Результат ждём.»
«Гомель, воинскому начальнику.
Всех прибывших к вам белорусов направляйте в крепость Бобруйск обсервационный пункт».
«Киев. Белвойскрада, Алексюку.
В Бобруйск немедленно направьте две тысячи людей. Спешите…»
…- Ну што ж, сябры, пажадаем адзін аднаму, каб хутчэй вясна ў наш край прыходзіла — і стаў ён нарэшце адзінай Беларускай Хатай! — падагульніў Язэп Варонка.
Папіўшы гарбаты, пачалі разыходзіцца.
Час замарудзіўся. Выканаўчы камітэт Рады Першага ўсебеларускага кангрэса не меў неабходных фінансаў, праз гэта не ўсе яго сябры маглі нават затрымацца ў Менску. Пяць дзён Варонка працаваў адзін — без сну і адпачынку, — і набыў сабе першыя сівыя валасы…
Беларускую вайсковую раду бальшавікі чамусьці не зліквідавалі — яна працавала легальна ў доме № 2 на Паліцэйскай вуліцы, з вакна якога (на другім паверсе) ганарова звісаў бел-чырвона-белы сцяг. Легальнае існаванне Беларускай вайсковай рады давала магчымасць і вольнае працы Выканаўчага камітэта. Адной з фінансавых «выгодаў» вайсковай рады (акром памяшкання) было бясплатнае харчаванне ў адной з арганізацыяў Гарадскога саюза, пакуль яшчэ не зліквідаванага бальшавікамі. Гарадскія арганізацыі горада імкнуліся падтрымліваць адна адну — і пры Гарадскім саюзе сталавалася і частка Выканкама Рады Першага ўсебеларускага кангрэса…