Пляц Волі
Шрифт:
– Едзем да суседзяў! — Рак-Міхайлоўскі быў непахісным.
Праз некалькі дзён ён з Цвікевічам былі ў Кіеве і гутарылі з сябрамі Генеральнага сакратарыта, які па-сяброўску ставіўся да беларускай Рады. Цэнтральная ўкраінская рада паспела выдаць чацвёрты Універсал, абвясціць Украіну незалежнай народнай рэспублікай, а Генеральны сакратарыят (украінскі ўрад) аб'явіў вайну бальшавікам — як прадстаўнікам маскоўскага імперыялізму.
На перамовы ў Бярэсце быў выпраўлены спадар Галубовіч. Пад выглядам кансультантаў украінскай дэлегацыі накіраваліся туды і Рак-Міхайлоўскі з Цвікевічам.
– У свой горад прарываемся, як бандыты, — уздыхалі дарогай.
Вуліцы ціхага Бярэсця былі закуты лёдам — шпацыраваць па слізгоце асмельваўся не кожны. Раніцай 10 лютага Рак-Міхайлоўскі сустрэўся з сакратаром нямецкага міністра замежных спраў Кюльманам. І зноў высветлілася, што беларуская дэлегацыя атрымаць мандат на перамовы не можа: яна накіравана не беларускім урадам, а Выканкамам Усебеларускага кангрэса.
– А ці мала якіх кангрэсаў і сходаў адбылося ў Расіі пасля рэвалюцыі… - Кюльман развёў рукамі.
– Па-першае, мы з вамі — на Беларусі, а не ў Расіі… - Рак-Міхайлоўскі нерваваўся, устаў і апёк міністравага сакратара рашучым позіркам. — Па-другое… Што б сказалі нямецкія пасланцы, калі б на падобных перамовах… — ён намагаўся хутчэй падбіраць словы чужой мовы, — скажам, між расейцамі і французамі… дзесьці ў Падздаме… яны не атрымалі мандата?
– Пан рызыкуе мяне моцна абразіць! — выкрыкнуў Кюльман, таксама ўсхапіўся з месца, затым, стрымаўшыся, сказаў ужо мякчэй: — Прашу прабачыць, больш часу не маю…
У Бярэсці Рак-Міхайлоўскі з Цвікевічам і даведаліся, што ў вялікай перамоўнай зале з састаўленымі ў два рады сталамі, акуратна закладзенымі паперай (побач з кожнай папкай — замежны пісьмовы прыбор), у адказ на прамову нямецкага генерала Гофмана Троцкі абнечаканіў усіх:
– Расійскі бок міру не падпіша, але і ваяваць далей не будзе!
Пасля гэтага мірныя перамовы перарваліся…
Вялікі люты
Немцы распачалі хуткаі наступ, за дзень займаючы па некалькі беларускіх гарадоў. Расійскі фронт разваліўся.
На той час, калі на сценах менскіх дамоў расклейваліся адозвы аб тым, што Савецкая ўлада застаецца ў горадзе, бальшавікі спешка складвалі свой набытак у машыны — адна за адной яны ад'язджалі да чыгуначнага вакзала.
Зрання 10 лютага ў «Беларускай Хатцы» сабраліся прадстаўнікі Выканаўчага камітэта і Беларускай вайсковай рады. Узбуджана ціснулі руку Езавітаву — яго «тройцы» ўдалося збегчы з турмы (у ахове трапілася некалькі беларусаў). Апанаса завялі на кватэру да Ядвігіна Ш., Захарка захварэў, - як раптам у «Хатку» забег узрушаны матрос Васіль Муха (ён з яшчэ пятнаццацю таварышамі з крэйсера «Петръ Первый» далучыліся да палка беларускага гарнізона).
– Камісары пакуюцца ў цягнік! — бухнуў, не прывітаўшыся.
Навіна — нечаканая. Езавітаў, Краўцоў і Мамонька адразу ж выправіліся ў адну з менскіх казармаў — пасля ўзбуджанай прамовы Мамонькі ўзбунтаваліся два бальшавіцкія батальёны. Камітэт той вайсковай часткі выслаў варту, каб арыштаваць «сабатажнікаў», але салдаты раззброілі варту і арыштавалі сам камітэт. Муха застаўся ў казарме беларускім «прадстаўніком».
Калі вярталіся да «Беларускай Хаткі», за спіною пачулася вуркатанне матора, а затым — глухі грукат. Азірнуліся: самаход з салдатамі імчаў па Захараўскай, па кабіне таўклі прыкладамі, крычалі… А з Захараўскага завулка нязграбна выпаўзаў насустрач другі самаход… Шкло кабін заледзянела… І раптам — скрып, стук… Самаходы сутыкнуліся, пад колы аднаго з іх (што вёз салдат) пацякла вада, раз'ядаючы лапік снегу… Усчалася лаянка. Большасць салдат, злосных і хмурых, пацягнуліся далей пешкі — да вакзала.
Тут-сюд па горадзе чуліся стрэлы. Пад вечар страляць пачалі часцей: здавалася, кожны жыхар горада намагаўся выпхнуцца за брамку і колькі разоў гохнуць угору са свайго самапала… На вуліцах завязваліся дробныя сутычкі.
Праз дзень у Менску быў сфармаваны асобны батальён, які падпарадкоўваўся Беларускай вайсковай радзе. 18 лютага частка батальёна акружыла Губернатарскі дом, які яшчэ дзень таму займаў Савет народных камісараў, частка накіравалася да гатэля «Еўропа», дзе месцілася штаб-кватэра галоўнага камісара «Заходняй вобласці» Ландэра.
– Узгадайце яму і пра разгон кангрэса! — Варонка моцна абняў Езавітава. — Ягоны ж быў загад…
… - Товарищ комиссар! Дальше оставаться небезопасно! — да Ландэра ўваліўся камендант выканкама Савета народных камісараў Пятроў, узмакрэлы, з пухлінамі пад вачыма. — Дом губернатора окружён…
– И куда?.. — Ландэр, здавалася, яшчэ не паспеў усвядоміць свайго становішча.
– Собирайте, что можно, и давайте за мной, на станцию.
Яны толькі-толькі паспелі чорным ходам выціснуцца з гатэля, як на прыступках галоўнага ўвахода з'явіліся жаўнеры, паперадзе якіх быў палкоўнік Езавітаў…
Калі камісарскі цягнік рыхтаваўся да адпраўкі, узбунтаваліся рабочыя-чыгуначнікі. Машыніст Домскі першым убег у дэпо і забасіў:
– Драпаюць, а хто ж нам за тры месяцы пенсію заплоціць?!
– І праўда…
– Не пушчаць іх!
Чыгуначнікі кінуліся да саставаў:
– Нікуды цягнік не кранецца!
– Давай галоўнага!
Ландэр выйсці на сустрэчу адмовіўся. Супакоіць рабочых паспрабаваў камісар унутраных спраў:
– Товарищи! Я, комиссар Резовской, призываю вас проявить революционную сознательность! Деньги вам будут выданы позже…
– Рэзаўской, ты нам цяпер давай, а то так урэжам!..
Салдатам нават загадалі выкаціць дзве пушкі. Адну нацэлілі на дэпо, другую — на рабочых, але тое яшчэ больш узлюціла…
Спрэчкі доўжыліся да ночы. Частка чыгуначнікаў разышлася, і тады трое салдат Ярашэвіча (каторы арыштоўваў Беларускую вайсковую раду) захапілі Домскага і яшчэ аднаго машыніста і, пагражаючы зброяй, змусілі вывесці цягнік з горада. Раззлаваныя машыністы знарок не зменшылі хуткасць на павароце — і састаў сыйшоў з рэек, некалькі вагонаў перакулілася. Домскі з таварышам паспелі саскочыць у ноч, у снег [19] …
19
І праз чатыры гады Карл Ландэр не забудзе тых падзей.
Хто ацалеў з «камісарскага цягніка», дабіраліся да Барысава пешкі. Ранкам 20 лютага з Беларускай вайсковай рады ў Воршу накіравалі тэлеграму — ротмістру беларускага эскадрона кавалерыі Якубеню: «Арыштаваць па дарозе народных камісараў, што ўцяклі з Менску».
Бальшавікі тэлеграму перахапілі — і арыштавалі самога ротмістра…
Менск на некалькі дзён стаў вольным. «Камісары» ад'язджалі далей — у Смаленск. Апошні баяздольны бальшавіцкі атрад быў разбіты пад Асіповічамі. Немцы захапілі Маладэчна — і ішлі на Менск з двух бакоў. З Бабруйска сунуліся часткі польскага корпуса. «Гонар» менскага савета — Першы рэвалюцыйны полк, сфармаваны ў кастрычніку 1917-га з «палітычных», арыштаваных пры Керанскім злачынцаў, удзельнічаў цяпер у аблозе Кіева. Праз колькі месяцаў салдаты гэтага палка ўварвуцца ў кіеўскі шпіталь, з якога, як падасца ім, нехта страляў, і выкінуць у вакно параненага ў сваім першым баі дзесь пад Горадняй Льва Багдановіча, які не захацеў зняць з сябе форму афіцэра царскай арміі…